Галоўная > Мінэя - Студзень > 22 студзеня - Апостала Цімафея
22 студзеня - Апостала Цімафея2 ліпеня 2008. |
|
Вячэрня На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 1). Прасьветлены промнямі Духа, ты, сьвятаяўны Цімафей, сам быў ясным сьветачам, што ласкаю прасьвятліў усю зямлю, абышоўшы яе. Цяпер маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня. Багамудры Цімафею, ты, напіўшыся са струменя слодычы, пераймаючы Хрыста, багамудра напаіў разуменьнем Бога тых, якія гэтага шчыра жадалі. Адышоўшы да Яго з радасьцю, цяпер ты сузіраеш у супакоі славу сьветлую Тройцы. Багамудры Цімафею, умацаваны частымі недамаганьнямі, слабасьцямі цялеснымі, усе хістаньні ты лёгка перамог, розум свой, блаславёны, сілаю Хрыстоваю абгарадзіў і прапаведаваў нам голасна Боскае Евангельле супакою. Слава...: (Тон 8). Богам прадвызначаны, і мудрага Паўла вучань, ты навучыўся Боскага, пажыў добра, веру да крыві захаваў, і быў верным сьвятаначальнікам, Цімафею апостале. Пабіты кіямі і камянямі, Ты выкрыў ідальскую ману і атрымаў вянец мучаніка. Цяпер, блаславёны, маліся за нас, якія з вераю спраўляем памяць тваю. Цяпер...: Багародзічны (тон 8). Глянь на ўздыханьні скрушлівага сэрца майго, Боганявеста; прымі, Чыстая Дзева Марыя, рук маіх уздыманьне, і ў чалавекалюбстве Тваім не адкінь мяне, Беззаганная, каб мне славіць і ўзьвялічваць Цябе, якая ўзьвялічыла род наш. Або: Крыжабагародзічны (тон 8). Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як вялі Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, Яна пайшла за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала: "Куды сьпяшаешся, Сыне мой? Іду з Табою, Наймілейшы, бо не магу быць без Цябе, Ісусе мой міласэрны".
Вершапесьні актойха Слава...: (Тон 1). Прыйдзіце, людзі, усхвалім Цімафея, сьветач верных, што зазьзяў у Евангельлі; усклікнем яму: "Радуйся, парастак веры, духоўны сын боскага Паўла; радуйся, пачэсны знаўца дабрадзейнасьцяў, мудрыя вусны Слова. Радуйся, жалейка веры, і ўмацаваньне Царквы". Цяпер...: Багародзічны (тон 1). Майсей прароцкімі вачыма бачыў Цябе, Дзева ўсяхвальная, у вобразе незгаральнага куста, бо Боскі агонь не спаліў Твайго, Чыстая, улоньня. Дзеля гэтага просім Цябе, Маці Бога нашага, выпрасіць сьвету супакой і веліч зьмілаваньня. Або: Крыжабагародзічны (тон 1). Калі беззаганная Дзева ўбачыла Цябе, Збавіцелю, узьнесенага на крыжы, Яна з плачам усклікнула: "Гора мне, мілае Дзіця маё! Што здарылася і як гэта Ты, які трымаеш усё рукою Тваёю, быў прыбіты цялесна да дрэва?"
Адпушчальны трапар (Тон 4). Навучаны лагоднасьці, цьвярозы ва ўсім, апрануты ў правае сумленьне як належала сьвятару, ты, Цімафею апостале, піў невыказныя праўды з Выбранага Посуду, веру захаваў і годна прайшоў шлях жыцьця твайго. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых. Вярнуцца назад |