Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Прасьветлены промнямі Духа, ты, сьвятаяўны Цімафей, сам
быў ясным сьветачам, што ласкаю прасьвятліў усю зямлю, абышоўшы яе. Цяпер
маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня.
Багамудры Цімафею, ты, напіўшыся са струменя слодычы, пераймаючы Хрыста,
багамудра напаіў разуменьнем Бога тых, якія гэтага шчыра жадалі. Адышоўшы да Яго
з радасьцю, цяпер ты сузіраеш у супакоі славу сьветлую Тройцы.
Багамудры Цімафею, умацаваны частымі недамаганьнямі, слабасьцямі цялеснымі,
усе хістаньні ты лёгка перамог, розум свой, блаславёны, сілаю Хрыстоваю
абгарадзіў і прапаведаваў нам голасна Боскае Евангельле супакою.
Слава...:
(Тон 8). Богам прадвызначаны, і мудрага Паўла вучань, ты навучыўся
Боскага, пажыў добра, веру да крыві захаваў, і быў верным сьвятаначальнікам,
Цімафею апостале. Пабіты кіямі і камянямі, Ты выкрыў ідальскую ману і атрымаў
вянец мучаніка. Цяпер, блаславёны, маліся за нас, якія з вераю спраўляем памяць
тваю.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 8).
Глянь на ўздыханьні скрушлівага сэрца майго, Боганявеста; прымі, Чыстая Дзева
Марыя, рук маіх уздыманьне, і ў чалавекалюбстве Тваім не адкінь мяне,
Беззаганная, каб мне славіць і ўзьвялічваць Цябе, якая ўзьвялічыла род наш.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 8). Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як вялі
Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, Яна пайшла за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала:
"Куды сьпяшаешся, Сыне мой? Іду з Табою, Наймілейшы, бо не магу быць без Цябе,
Ісусе мой міласэрны".
Вершапесьні актойха
Слава...:
(Тон 1). Прыйдзіце, людзі, усхвалім Цімафея, сьветач верных, што
зазьзяў у Евангельлі; усклікнем яму: "Радуйся, парастак веры, духоўны сын
боскага Паўла; радуйся, пачэсны знаўца дабрадзейнасьцяў, мудрыя вусны Слова.
Радуйся, жалейка веры, і ўмацаваньне Царквы".
Цяпер...:
Багародзічны (тон 1).
Майсей прароцкімі вачыма бачыў Цябе, Дзева ўсяхвальная, у вобразе незгаральнага
куста, бо Боскі агонь не спаліў Твайго, Чыстая, улоньня. Дзеля гэтага просім
Цябе, Маці Бога нашага, выпрасіць сьвету супакой і веліч зьмілаваньня.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 1). Калі беззаганная Дзева ўбачыла Цябе,
Збавіцелю, узьнесенага на крыжы, Яна з плачам усклікнула: "Гора мне, мілае Дзіця
маё! Што здарылася і як гэта Ты, які трымаеш усё рукою Тваёю, быў прыбіты
цялесна да дрэва?"
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Навучаны лагоднасьці, цьвярозы ва ўсім, апрануты ў правае
сумленьне як належала сьвятару, ты, Цімафею апостале, піў невыказныя праўды з
Выбранага Посуду, веру захаваў і годна прайшоў шлях жыцьця твайго. Малі Хрыста
Бога за збаўленьне душ нашых. |