Галоўная > Мінэя - Студзень > 28 студзеня - Пачэснага Ахрэма Сірына

28 студзеня - Пачэснага Ахрэма Сірына


2 ліпеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 1). Углядючыся ў райскія даброты і насалодзіўшыся з пладоў нятленнага саду, ты, блаславёны, узрасьціў сьвету Боскае пазнаньне, прымаючы якое з любоўю, мы ўзрастаем духоўна.

Ты напісаў пра прыйсьце Судзьдзі, струменямі сьлёзаў навучаючы запаліць свечы душаў, клічучы голасна пра прыйсьце Жаніха, каб апрануцца ў сьветлую вопратку, сустрэць нам Жаніха Хрыста.

Ты абгарадзіў цела ўстрыманасьцю, рухі страсьцяў умярцьвіў, ойча, малітвамі і начнымі стаяньнямі. Таму сіла Духа пасялілася ў табе, і паказала цябе як сусьветны духоўны сьветач.

Слава...:

(Тон 6). Ты, Ахрэм вечнапамятны, ухіліўся разумна ад жыцьцёвых клопатаў, дзеля любові да супакою аддаліўся ў пустыню, і там дзейсна стараўся ўзьняцца да Бога. Зазьзяўшы сьветачам на ўвесь сьвет, ты крынічыў людзям словы жыцьця. Не пераставай малітвамі тваімі, ойча сьвяты, умацоўваць нас і ахоўваць ад ворагаў душы нашыя.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 6). Люты вораг, поўны зайздрасьці, усё змагаецца супраць статку Твайго, Усячыстая, каб прыдбаць сабе спажыву, але Ты, Багародзіца, выбаў нас ад такой бяды.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Чыстая Дзева і Маці Твая, Збавіцелю, бачыла, як беззаконныя людзі прыбілі Цябе да крыжа, душа Яе была параненая, як прадказаў некалі Сямён.


Вершапесьні актойха

Слава...:

(Тон 4). Па-прароцку абмываючы сьлязьмі ложак свой, і спосабам жыцьця творачы пакаяньне, ты паказаў нам страх суду справамі і на словах. Дзеля гэтага мы ўсе, сабраўшыся, шануем памяць тваю, цудадзейны Ахрэм вечнапамятны, і просім цябе: маліся Хрысту Богу за душы нашыя.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 4). Выбаў нас ад бедаў нашых, Маці Хрыста Бога, што нарадзіла Творцу ўсіх, каб нам клікаць: "Радуйся, адзіная заступніца душ нашых!"

Або:

Крыжабагародзічны (тон 4). Меч, як сказаў некалі Сямён, параніў сэрца Тваё, усесьвятая Уладарка, калі Ты ўбачыла як Той, хто невыказна нарадзіўся ад Цябе, быў асуджаны беззаконнымі людзьмі, узьнесены на крыж і прыбіты да яго, пакаштаваў воцату і жоўці і быў прабіты кап'ём у бок. Заплакаўшы па-матчынаму, Ты ўсклікнула: "Што гэта за новая тайніца, Дзіця любае маё?"


Адпушчальны трапар

(Тон 8). Струменямі сьлёз тваіх пустыню бясплодную ты ўрадліваю зрабіў і стогнамі душы плады высілкаў у сто разоў памножыў, і быў для ўсіх сьветачам, зьзяючы цудамі, Ахрэме, ойча наш. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.


Вярнуцца назад