Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Углядючыся ў райскія даброты і насалодзіўшыся з пладоў
нятленнага саду, ты, блаславёны, узрасьціў сьвету Боскае пазнаньне, прымаючы
якое з любоўю, мы ўзрастаем духоўна.
Ты напісаў пра прыйсьце Судзьдзі, струменямі сьлёзаў навучаючы запаліць свечы
душаў, клічучы голасна пра прыйсьце Жаніха, каб апрануцца ў сьветлую вопратку,
сустрэць нам Жаніха Хрыста.
Ты абгарадзіў цела ўстрыманасьцю, рухі страсьцяў умярцьвіў, ойча, малітвамі і
начнымі стаяньнямі. Таму сіла Духа пасялілася ў табе, і паказала цябе як
сусьветны духоўны сьветач.
Слава...:
(Тон 6). Ты, Ахрэм вечнапамятны, ухіліўся разумна ад жыцьцёвых
клопатаў, дзеля любові да супакою аддаліўся ў пустыню, і там дзейсна стараўся
ўзьняцца да Бога. Зазьзяўшы сьветачам на ўвесь сьвет, ты крынічыў людзям словы
жыцьця. Не пераставай малітвамі тваімі, ойча сьвяты, умацоўваць нас і ахоўваць
ад ворагаў душы нашыя.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 6).
Люты вораг, поўны зайздрасьці, усё змагаецца супраць статку Твайго, Усячыстая,
каб прыдбаць сабе спажыву, але Ты, Багародзіца, выбаў нас ад такой бяды.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Чыстая Дзева і Маці Твая,
Збавіцелю, бачыла, як беззаконныя людзі прыбілі Цябе да крыжа, душа Яе была
параненая, як прадказаў некалі Сямён.
Вершапесьні актойха
Слава...:
(Тон 4). Па-прароцку абмываючы сьлязьмі ложак свой, і спосабам
жыцьця творачы пакаяньне, ты паказаў нам страх суду справамі і на словах. Дзеля
гэтага мы ўсе, сабраўшыся, шануем памяць тваю, цудадзейны Ахрэм вечнапамятны, і
просім цябе: маліся Хрысту Богу за душы нашыя.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 4).
Выбаў нас ад бедаў нашых, Маці Хрыста Бога, што нарадзіла Творцу ўсіх, каб нам
клікаць: "Радуйся, адзіная заступніца душ нашых!"
Або:
Крыжабагародзічны (тон 4). Меч, як сказаў некалі Сямён, параніў
сэрца Тваё, усесьвятая Уладарка, калі Ты ўбачыла як Той, хто невыказна
нарадзіўся ад Цябе, быў асуджаны беззаконнымі людзьмі, узьнесены на крыж і
прыбіты да яго, пакаштаваў воцату і жоўці і быў прабіты кап'ём у бок. Заплакаўшы
па-матчынаму, Ты ўсклікнула: "Што гэта за новая тайніца, Дзіця любае маё?"
Адпушчальны трапар
(Тон 8). Струменямі сьлёз тваіх пустыню бясплодную ты ўрадліваю
зрабіў і стогнамі душы плады высілкаў у сто разоў памножыў, і быў для ўсіх
сьветачам, зьзяючы цудамі, Ахрэме, ойча наш. Малі Хрыста Бога збавіць душы
нашыя. |