Галоўная > Мінэя - Травень > 10 траўня - Сьвятога Апостала Сымона Зілота
10 траўня - Сьвятога Апостала Сымона Зілота11 чэрвеня 2010. |
|
Вячэрня
(Тон 4). Сымоне цудоўны, апосталаў пахвала, ты, быццам сьветлы прамень, абляцеў усе канцы зямлі, разьвейваючы змрок мнагабожжа збавенным тваім і сьветлым боскім прапаведаваньнем, і ўсіх прасьвятліў, навучыўшы славіць неразьдзельнае ў Тройцы адзінае Боства. Сымон апостал, абышоўшы ўсю зямлю, вынішчыў ідалапаклонства і прасьвятліў усіх праўдзівай набожнасьцю; запаліўшы для верных сьветлыя промні ласкі, усё прасьвятліў, навучыўшы славіць неразьдзельнае ў Тройцы адзінае Боства. Сымон апостал, сьветлы і цудоўны, паганаў настаўнік, сець боская, што выцягнула нас з гібельнай глыбіні высокім багаслоўем, сапраўдны прапаведнік, усіх прывёў сёньня да пазнаньня Хрыста, і пакінуў нам як багатае застольле свае настаўленьні. Слава...: (Тон 2). Ты, дастойны Сымоне, быў заслужана празваны рупліўцам, бо ты паказаў вялікую руплівасьць у справах Бога ўсемагутнага, Які напоўніў цябе сваімі цудамі. Цяпер, прабываючы на вышынях разам з нябеснымі сіламі, малі, богасузіральніча, Слова Хрыста Бога нашага, дараваць нам багацьце зьмілаваньня свайго. Цяпер...: сьвята
(Тон 1). Сымоне годны памяці, ты напіўся са струменя Боскай слодычы, і напаіў Божай мудрасьцю ўсіх, што жадалі яе. Як пераймальнік Хрыста, ты цяпер перайшоў да Яго і з ім прабываеш, абагаўлёны сьветлай славаю Тройцы і супакоем, якому няма межаў. Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Сымоне цудоўны, прапаведніку Хрыстовы і спаўжыхару анёлаў, сузіраючы Божую красу, зьяднаны з Боствам і абагаўлёны Ім, ты дасягнуў адзінага жаданага і блаславёнага канца. Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. Сымоне блаславёны, ты паказаўся верным хадайнікам людзей перад Богам. Маючы сьмеласьць у Яго, не пераставай і цяпер маліць Хрыста, каб Ён быў міласьцівы для нас, і дараваў душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Слава...: (Тон 6). Абляцеўшы ўвесь сьвет як арол, ты, Сымоне сьвяты, вучню Збавіцеля і апостале, спаліў спакусу ідальскую тваім палымяным навучаньнем, і народы з глыбіні няведаньня да пазнаньня Бога прывёў. Цяпер маліся Хрысту, каб Ён быў літасьцівы да нас у судны дзень. Цяпер...: сьвята
Трапар апостала (тон 3): Апостале сьвяты Сымоне, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў. Слава... цяпер...: сьвята Літургія
Кандак апостала (тон 2): Усхвалім сёньня ў песьнях боганатхнёнага Сымона, што насадзіў у душах верных мудрасьці вучэньне і цяпер стаіць перад пасадам славы, цешачыся разам з анёламі і безупынку молячыся за ўсіх нас.
Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Вярнуцца назад |