Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 10 траўня - Сьвятога Апостала Сымона Зілота


 

 

10 траўня - Сьвятога Апостала Сымона Зілота

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":
тры песьні сьвята; пасьля:

(Тон 4). Сымоне цудоўны, апосталаў пахвала, ты, быццам сьветлы прамень, абляцеў усе канцы зямлі, разьвейваючы змрок мнагабожжа збавенным тваім і сьветлым боскім прапаведаваньнем, і ўсіх прасьвятліў, навучыўшы славіць неразьдзельнае ў Тройцы адзінае Боства.

Сымон апостал, абышоўшы ўсю зямлю, вынішчыў ідалапаклонства і прасьвятліў усіх праўдзівай набожнасьцю; запаліўшы для верных сьветлыя промні ласкі, усё прасьвятліў, навучыўшы славіць неразьдзельнае ў Тройцы адзінае Боства.

Сымон апостал, сьветлы і цудоўны, паганаў настаўнік, сець боская, што выцягнула нас з гібельнай глыбіні высокім багаслоўем, сапраўдны прапаведнік, усіх прывёў сёньня да пазнаньня Хрыста, і пакінуў нам як багатае застольле свае настаўленьні.

Слава...:

(Тон 2). Ты, дастойны Сымоне, быў заслужана празваны рупліўцам, бо ты паказаў вялікую руплівасьць у справах Бога ўсемагутнага, Які напоўніў цябе сваімі цудамі. Цяпер, прабываючы на вышынях разам з нябеснымі сіламі, малі, богасузіральніча, Слова Хрыста Бога нашага, дараваць нам багацьце зьмілаваньня свайго.

Цяпер...: сьвята


Чытаньні
як ап. Яна Багаслова 8 траўня


Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна
(3:21-4:6)


Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна
(4:11-16)


Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна
( 4:20-5:5)


Вершапесьні

(Тон 1). Сымоне годны памяці, ты напіўся са струменя Боскай слодычы, і напаіў Божай мудрасьцю ўсіх, што жадалі яе. Як пераймальнік Хрыста, ты цяпер перайшоў да Яго і з ім прабываеш, абагаўлёны сьветлай славаю Тройцы і супакоем, якому няма межаў.

Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Сымоне цудоўны, прапаведніку Хрыстовы і спаўжыхару анёлаў, сузіраючы Божую красу, зьяднаны з Боствам і абагаўлёны Ім, ты дасягнуў адзінага жаданага і блаславёнага канца.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Сымоне блаславёны, ты паказаўся верным хадайнікам людзей перад Богам. Маючы сьмеласьць у Яго, не пераставай і цяпер маліць Хрыста, каб Ён быў міласьцівы для нас, і дараваў душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Слава...:

(Тон 6). Абляцеўшы ўвесь сьвет як арол, ты, Сымоне сьвяты, вучню Збавіцеля і апостале, спаліў спакусу ідальскую тваім палымяным навучаньнем, і народы з глыбіні няведаньня да пазнаньня Бога прывёў. Цяпер маліся Хрысту, каб Ён быў літасьцівы да нас у судны дзень.

Цяпер...: сьвята


Адпушчальныя трапары

Трапар апостала (тон 3): Апостале сьвяты Сымоне, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Слава... цяпер...: сьвята

Літургія


Трапар апостала
(тон 3): Апостале сьвяты Сымоне, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Кандак апостала (тон 2): Усхвалім сёньня ў песьнях боганатхнёнага Сымона, што насадзіў у душах верных мудрасьці вучэньне і цяпер стаіць перад пасадам славы, цешачыся разам з анёламі і безупынку молячыся за ўсіх нас.


Пракімен:
Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.


Апостал:
1 Кар 4:9-16


Алілуя:
Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.

Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.


Евангельле:
Мц 13:54-58


Прычасьнік
сьвята і наступны:
Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст