Галоўная > Мінэя - Жнівень > 5 жніўня - Перадсьвяцьце Перамяненьня і сьвятога мучаніка Яўсігнея
5 жніўня - Перадсьвяцьце Перамяненьня і сьвятога мучаніка Яўсігнея18 красавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ..." Перадсьвяцьця (тон 4). Узыдзем разам з Ісусам на сьвятую гару і пачуем там голас Бога жывога – Айца спрадвечнага, – які з сьветлай хмары сьведчыць праз Духа Сьвятога аб Адзінасутным Сыне. З прасьветленым розумам пабачым у сьвятле Сьвятло. У чаканьні радаснага сьвята ачысьцім сябе і прыгатуемся да ўзыходу да Божага жыльля, каб быць сьведкамі Ягонай велічы, якую бачылі выбраныя апосталы на Таборскай гары. Зьмяніўшыся на лепшае, і прыгатаваўшыся да заўтрашняе ўрачыстасьці – каб узысьці на гару Божую сьвятую і ўбачыць нязьменную славу Хрыста, больш яркую за сонца, – і прасьветленыя сьвятлом Тройцы, уславім спагадлівасьць Божую. Мучаніка (тон 2). Праліўшы кроў тваю, ты, слаўны мучанік, апрануўся ў пурпуру Божай ласкі і на галаву ўсклаў вянец нятленнага жыцьця і, ўзяўшы ў праваю руку, быццам скіпетр, пераможны крыж, з Хрыстом разам пануеш і прабываеш у радасьці. Ты, Яўсігнею, паказаўся непераможным змагаром: маючы за зброю пачэсны крыж, ты выйшаў на змаганьне супраць ворага, перамог яго і атрымаў вянец славы ад адзінага справядлівага Судзьдзі і вечнага Ўладара. У муках сваіх ты быў пераймальнікам пачэсных мукаў Госпада, слаўны пакутніку Яўсігнею, і, выйшаўшы пераможцам, перайшоў да неба, дзе, як ўдзельнік Боскага жыцьця, прабываеш у радасьці. Дзеля гэтага спраўляем тваю пачэсную памяць. Слава ... цяпер ...: (Тон 5). Прыйдзіце, узыдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога нашага, і ўбачым славу перамяненьня Яго, славу як Адзінароднага ад Айца; прымем сьвятло ад Сьвятла і з узьнёслым духам будзем славіць Тройцу адзінасутную навекі.
Вершапесьні (Тон 2). Прасьветленыя дабрадзейнасьцямі, узыдзем на сьвятую гару, каб бачыць Гасподняе перамяненьне. Верш. Міласэрнасьць і праўда сустрэліся, праведнасьць і супакой абняліся. Перад крыжам сваім, Хрыстос сёньня яўляе веліч Боскасьці выбраным вучням, зазьзяўшы, быццам сонца, на гары. Верш. Шчасьлівы народ, у якога доля такая; шчасьлівы народ, чый Госпад – Бог. Захацеўшы абнавіць прыроду Адамаву, Хрыстос узыходзіць сёньня на гару, каб у тайны спосаб паказаць Боскасьць сваю. Слава ... цяпер ...: (Тон 2). Хрысьце Божа, што на гары Табор перамяніўся ў сіле і паказаў вучням Тваім славу Боства Твайго, прасьвятлі нас сьвятлом Твайго разуменьня і накіруй на шлях запаветаў Тваіх, бо Ты адзіны добры і чалавекалюбец.
Адпушчальныя трапары Трапар мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Яўсігней, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя. Слава ... цяпер ...: Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Апярэдзіўшы перамяненьне Хрыстова, радасна адзначым, верныя, перадсьвяцьце яго і ўсклікнем: "Уладар узыходзіць на гару, каб зазьзяць красой боскасьці сваёй".
Літургія
Трапары Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Апярэдзіўшы перамяненьне Хрыстова, радасна адзначым, верныя, перадсьвяцьце яго і ўсклікнем: "Уладар узыходзіць на гару, каб зазьзяць красой боскасьці сваёй". Трапар мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Яўсігней, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя. Кандак перадсьвяцьця (тон 4). У Божым перамяненьні ўся людзкая прырода прасьвятляецца зьзяньнем боскасьці і радасна кліча: "Хрыстос перамяняецца, даючы збаўленьне ўсім". Вярнуцца назад |