Галоўная > Мінэя - Жнівень > 22 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня, сьв. мучаніка Агатоніка і сьв. мучаніка Люпа (з 23 жніўня)
22 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня, сьв. мучаніка Агатоніка і сьв. мучаніка Люпа (з 23 жніўня)18 красавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": Агатоніка (Тон 4). У жаданьні ўзнавіць першасную дабрыню і красу, што пераўзыходзіць розум, ты, Агатонік, пайшоў радасна на подзьвігі, якія чакалі цябе. У змаганьні з ворагам, ты мужна скінуў яго долу і, атрымаўшы сьветлы вянец перамогі, моліш цяпер Чалавекалюбца за тых, што славяць цябе. Упрыгожаны мудрасьцю, ты струменіў словы мудрасьці, навяртаў бяздумных, выкрываў лютасьць мучыцеля і суцішаў буру шматбожжа. Ты ўмацоўваў верных у Божай ласцы, за што пацярпеў, спалены жывым, і пераможна ўзышоў да нябеснага валадарства. Умыты крывёю мучэньняў тваіх, ты стаў перад Госпадам як духмяная ахвяра, чыстае цэлапаленьне, прыемны дар і дасканалае і беззаганнае асьвячэньне. Цяпер малітвамі тваімі захоўвай у супакоі поўню Царквы, пакутнік Агатонік. Люпа (Тон 8). Люп блаславёны растапіў лёд бязбожжа цеплынёю Боскага Духа. Забіты мячом, ён крынічыць аздараўленьні і асьвяжае душы расою дабрыні. Усхвалім яго, як нашага абранага малельніка і шчырага заступніка. Ты загадаў скінуць у глыбіню марскую паганскія сьвятыні і задзівіў нязбожных цудамі, якія ты, блаславёны, чыніў вераю. Стоячы супраць ворагаў як цьвёрды дыямант, ты, шматпакутны мучаніку, атрымаў хрост з вышыні і быў узьвялічаны самім Богам. Калі твае ворагі намагаліся забіць цябе, шматпакутны Люп, яны пазабівалі адзін аднаго, ранячы сябе стрэламі. У замяшаньні яны думалі, што ты ўжо мёртвы, і павесілі цябе на дрэве: але Госпад, за якога ты захацеў пацярпець, сьцярог цябе, субяседнік анёлаў і заступнік душаў нашых. Слава ... цяпер ...: (Тон 1). Выпадала сьведкам і слугам Слова бачыць апошнюю тайну – цялеснае ўсьпеньне Маці Яго, – і быць прысутнымі ня толькі пры ўзьнясеньні Збавіцеля, але і пры пераходзе на неба Тае, якая Яго нарадзіла. Дзеля гэтага, Божай воляю, яны сабраліся з усіх куткоў зямлі на Сыёне, каб правесьці Вышэйшую за хэрувімаў, калі яна ўзыходзіла на неба. Паклонімся Ёй разам з імі і мы, бо Яна моліцца за збаўленьне душаў нашых.
Вершапесьні (Тон 8). Слаўны цуд! Тая, што бяз мужа нарадзіла Бога ў целе і засталася Дзеваю, адыходзіць ад гэтага дачаснага жыцьця да вечнага. Вучні і апосталы Хрыстовыя зьбіраюцца на пахаваньне Яе. Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй. Разам з анёламі ўзьвялічым сённяшнюю сьветлую ўрачыстасьць – пачэснае перастаўленьне Маці Бога нашага, якая сваю сьвятую і сьветлую душу перадае ў рукі Сына свайго, каб быць з Ім удзельніцай жыцьця вечнага і маліцца няспынна за душы нашыя. Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім". Хадзіце, пасьпяшымся ў думках у Гетсіманію, у сьвяты дом, дзе ляжыць цела Маці Бога нашага. Разам з апосталамі і анёламі будзем славіць Яе, бо ў Ейным усьпеньні радасьць зазьзяла ўсім на зямлі і ў небе. Слава ...: (Тон 8). Імя тваё, мучанік Агатонік, азначае "скарбніца дабротаў". Подзьвігамі тваімі ты стаўся сьвятыняю Ўладара ўсіх. У мучэньнях тваіх ты перамог лютага і моцнага ворага, за што атрымаў пераможны вянец і цяпер жывеш разам з Богам. Не пераставай маліць Яго за тых, што шануюць цябе, хвала мучанікаў. Цяпер ...: (Тон 8). Ісус, Сын Твой, Багародзіца, явіў дзьве свае прыроды, калі памёр як чалавек і ўваскрос як Бог; і Табе, Маці Божая, дазволіў памерці згодна з законамі прыроды, каб няверныя не аспрэчылі дзеяньня Провіду. Ты, Нявеста нябесная, была ўзятая ад зямлі, быццам ад дому Твайго, і перайшла да небеснай краіны. Паветра асьвяцілася пераходам Тваім, як раней прасьвятлілася зямля Тваім сынараджэньнем. Апосталы ішлі перад Табою, і анёлы ўзьнялі Цябе. Пахаваўшы Тваё ўсячыстае цела і прасьпяваўшы надмагільныя песьні, яны ў страху сказалі: "Гэта справа рукі Ўсявышняга. Ён з Табою, і не пахісьнешся". Дык, усяхвальная Маці, не адыходзь ад нас, якія ўзносім вочы да Цябе, бо мы, людзі Твае і авечкі статку Твайго, імя Тваё клічам і просім, за Тваім заступніцтвам, збаўленьня і велічы зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары Мучанікаў (тон 4). Мучанікі Твае, Госпадзе, у цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага: маючы сілу Тваю, яны перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы нашы. Слава ... цяпер ...: Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя. Вярнуцца назад |