Галоўная > Тон 1 > Серада (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)

Серада (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)


10 чэрвеня 2010.
Вячэрня - Ютрань


АЎТОРАК УВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Прыбіты да крыжа як чалавек, Ты, Хрысьце Божа, абагавіў людзкую прыроду і начальніка зла ўмярцьвіў; вызваліўшы нас ад праклёну, што прыйшоў ад дрэва, у добрасардэчнасьці Тваёй Ты сам узяў на сябе праклён, і дараваў сьвету блаславеньне і веліч зьмілаваньня.

Вышэйшы за ўсё пачэснае, Ты, добры Ўладару, дазволіў сябе абясславіць, пацярпеўшы на дрэве ганебную сьмерць, а род людзкі атрымаў несьмяротнасьць і першаснае жыцьцё, калі Ты, Усемагутны, целам памёр.

Крыжу пачэсны, верных ачышчэньне, уладароў сіла, асьвяці ўсіх, што пакланяюцца табе і славяць Хрыста, які ў невыказнай добрасардэчнасьці сваёй усячыстыя рукі расьцягнуў на табе і сабраў у адно ўсе канцы зямлі.

Крыжабагародзічны. Калі Ты, Чыстая Маці, убачыла Сына Твайго і Ўладара, які на крыжы рукі расьцягнуў і быў прабіты кап'ём у бок, Ты з плачам усклікнула: "Гора мне! Як гэта церпіш Ты, Чалавекалюбча, які адымаеш цярпеньні ад людзей?"


Вершапесьні

Крыж, пастаўлены на чэрапавым месцы, несьмяротнасьць нам прарасьціў з крыніцы невычэрпнай – боку Збавіцеля.

Крыж пачэсны Збавіцеля – непарушная сьцяна для нас усіх, бо, спадзеючыся на яго, атрымліваем збаўленьне.

Добрая купля вашая, сьвятыя, бо, даўшы вашую кроў, вы сталіся спадкаемцамі нябесных дабротаў і, дачасна пацярпеўшы, атрымалі вечную радасьць. Сапраўды добрая вашая купля, бо, пакінуўшы тленнае, вы атрымалі ўзамен нятленнае і, цешачыся разам з анёламі, няспынна славіце Тройцу адзінасутную.

Крыжабагародзічны. Калі беззаганая Дзева ўбачыла Цябе, Збавіцелю, узьнесенага на крыжы, Яна з плачам усклікнула: "Гора мне, мілае Дзіця маё! Што здарылася, і як гэта Ты, які трымаеш усё рукою Тваёю, быў прыбіты цялесна да дрэва?"

Вячэрня - Ютрань


СЕРАДА РАНІЦАЙ


Сядальная песьня 1. Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, мучыцель згінуў і ўся сіла варожая была пераможаная, бо не Ягнё і не чалавек, але Ты сам, Госпадзе, збавіў нас. Слава Табе!

Верш. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Пакланяемся дрэву Крыжа Твайго, Чалавекалюбча, на якім ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты, і рай адчыніў, Збавіцелю, разбойніку, які з вераю прыйшоў да Цябе і даў страву, таму хто вызнаў цябе: "Успомні мяне, Госпадзе!" Прымі як яго і нас, якія клічам: "Зграшылі мы ўсе, але Ты ў міласэрнасьці Тваёй не пагардзі намі!"

Слава... цяпер...

Калі Авечка ўбачыла Цябе, Ягнё і доўгацярплівае Слова, укрыжавалі разам з разбойнікамі і прабілі кап'ём бок, яна ўсклікнула і заплакала па-матчынаму: "Што гэта за страшная і дзіўная таямніца, Ісусе мой? Як гэта Ты хаваешся ў магіле, неабдымны Божа. Не пакідай мяне, якая нарадзіла Цябе, Сыне мой салодкі.


Сядальная песьня 2. Сьпяшайся прыняць мяне ў Твае бацькоўскія абдымкі: я ў блудзе правёў маё жыцьцё, і цяпер гляджу на невычэрпнае багацьце Тваіх дабротаў, Спасе. Не пагардзі маім зьбяднелым сэрцам, бо да Цябе, Госпадзе, прачула ўсклікаю: Зграшыў я, Ойча, на неба і перад Табою, збаў мяне!

Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Некалі дабравернаму цару Канстантыну, дзеля ягонай веры, явіўся Крыж як непераможная зброя ў барацьбе з праціўнікамі. Перад ім дрыжаць варожыя сілы, бо ён – збаўленьне верных і пахвала Паўла.

Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.

Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, што за Цябе пацярпелі, будзь умолены, Госпадзе, і ўсе нашыя немачы ацалі, Чалавекалюбча, молімся.

Слава... цяпер...

"Новы цуд і страшная таямніца! – усклікнула Авечка і беззаганная Дзева, калі ўбачыла распасьцертага на Крыжы Госпада, які трымае ўсё ў руцэ сваёй, і які быў засуджаны на крыж незаконнымі судзьдзямі.


Вершапесьні

Няспынна славім у песьнях Цябе, як нашага Збавіцеля і Ўладара, што на крыжы быў прыбіты целам і дараваў нам жыцьцё.

Крыжом Тваім, Хрысьце, стаўся адзін статак анёлаў і людзей, і неба і зямля аднадушна цешыцца і ўсклікае: Госпадзе, слава Табе.

Вас, усяхвальныя мучанікі, ні сум, ні прыгнёт, ні голад, ні перасьлед, ні раны, ні лютасьць зьвяроў, ні меч, ні агонь ня змаглі адлучыць ад Бога. Хутчэй з любові да Яго, вы, быццам у чужых целах змагаліся, насуперак прыродзе, пагардзілі сьмерцю. Таму вы і атрымалі належную заплату за вашыя пакуты, і сталіся спадкаемцамі нябеснага валадарства, дзе няспынна моліцеся за душы нашыя.

Слава... цяпер...

Стоячы ля Крыжа Твайго, Слова Божае, Авечка і бязьвінная Маці Твая з плачам усклікала: "Як гэта Ты, Сыне Мой, паміраеш на Крыжы? Гора мне, Сьвятло маё салодкае! Дзе падзелася краса Твая, больш прыгожая за ўсіх людзей?"


Вярнуцца назад