Галоўная > Тон 1 > Чацьвер (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)
Чацьвер (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)10 чэрвеня 2010. |
СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Слаўныя апосталы, Богам пакліканыя вучні Хрыстовыя, настаўнікі сусьветныя, вы, знайшоўшы Госпада, пасрэдніка між Богам і людзьмі, да Яго прысталі і прапаведавалі Яго па ўсім сьвеце як дасканалага Бога і Чалавека. Мудрыя апосталы, Богам пакліканыя вучні Хрыстовыя, настаўнікі сусьветныя, малітвамі сваімі ўмацуйце мяне на слуханьне вашых боскіх навучаньняў і памажыце хадзіць заўсёды вузкай сьцежкаю, каб дайсьці да прасторнага райскага жыльля. Слаўлю Пятра першапасаднага, Паўла, Якуба, Андрэя і Піліпа, Сымона, Баўтрамея і Тамаша, а таксама Мацьвея і Яна, Марка і Луку, – пісцоў дабравешчаньня, – увесь Богам выбраны хор апосталаў, а з імі і семдзесят вучняў, сьведкаў і прапаведнікаў Слова. Багародзічны. Топячыся ў моры правінаў, прыбягаю да ціхага прыстанішча малітвы Тваёй, Багародзіца, і клічу: "Працягні слузе Твайму моцную руку Тваю, Усебеззаганная, і збаў мяне!" Вершапесьні Натхнёнае Сьвятым Духам апостальскае велічнае навучаньне паганыя ахвяры бесаў адмяніла прапаведаваньнем адзінага Госпада, выбавіла народы ад ідальскай спакусы і навучыла пакланяцца адзінасутнай Тройцы. Пятра і Паўла ўсяхвальных, Лукаша, Марка, Мацьвея, Яна, Андрэя, Тамаша, Баўтрамея, Сымона Кананіта, Якуба і Піліпа і ўсю грамаду вучняў належна ў песьнях уславім. Усяхвальныя мучанікі, вас зямля не змагла ўтрымаць, а неба, адчыніўшы райскія дзьверы, прыняла вас, і вы, увайшоўшы, спажываеце ў асалоду з дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Багародзічны. Багародзіца Дзева і Нявеста, што мужа ня знала, Ты ў апошні час нарадзіла Бога і пасьля родаў засталася чыстай Дзеваю; Ты – пасад і брама, і застольле тайнае, і сьветач прамяністы. ЧАЦЬВЕР РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Мудрыя лаўцы сусьветныя, што атрымалі міласьць ад Бога, маліцеся за нас, якія клічам цяпер: "Госпадзе, збаў людзей Тваіх і места Тваё, і дзеля малітваў Тваіх апосталаў вызвалі ад бедаў, што нас апанавалі, душы нашыя. Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх. Трубы Хрыстовыя богагалосныя, мудрых апосталаў, ушануем, верныя, песьнямі: Яны, быццам коні, што ўзбурылі мора бязбожжа, і ласкаю Духа вывелі, быццам з глыбіні, людзей да Боскага прыстанішча. Слава... цяпер... Абрадаваная Багародзіца, што неапальна зачала Боскі Агонь і нарадзіла бяз семя Крыніцу жыцьця – Госпада, – збаў тых, што ўзьвялічваюць Цябе.
Сядальная песьня 2. Сеткаю духоўнаю і трысьцінаю крыжоваю, рыбакі разьбілі красамоўства рытараў, прасьвятлілі народы, і навучылі славіць Цябе, сапраўднага Бога. Дзеля гэтага мы пяем песьню Табе, Які ўмацаваў іх: "Слава Айцу і Сыну, слава адзінасутнаму Духу, што праз апосталаў прасьвятліў сьвет!" Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах Ягоных расказвае небасхіл. Сьвятло, што ад Сьвятла перад вякамі зазьзяла, і ў часе на зямлі явілася і сьвет праз вас, блаславёныя, прасьвятліла. Дзеля гэтага, прасьветленыя вашымі боскімі навучаньнямі, шануем вашую сьвятую памяць, апосталы. Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля. Мучанікаў Хрыстовых молім усе з любоўю, прыйшоўшы да іх з вераю, бо яны моляцца за нашае збаўленьне, крынічаць ацаленьняў ласку, адганяюць нячыстыя сілы, ахоўнікі веры. Слава... цяпер... Боскія вучні і апосталы, Дзева, прапаведавалі ўсім у боскіх вучэньнях Тваё невыказнае сынараджэньне, Багародзіца чыстая, і навучылі дастойна пакланяцца Табе. Дык просім Цябе, разам з імі маліся за збаўленьне тых, што з вераю шануюць Цябе. Вершапесьні Апостальская мілагучная жалейка пад узьдзеяньнем Сьвятога Духа адмяніла мерзкія ахвярапрынашэньні бесаўскія пропаведзьдзю адзінага Госпада, выбавіла народы ад ідальскай спакусы і навучыла пакланяцца адзінасутнай Тройцы. Усхвалім аднадушна Пятра і Паўла, Луку, Мацьвея, Марка, Яна, Андрэя, Тамаша, Баўтрамея, Сымона Кананіта, Якуба і Піліпа, а з імі ўвесь хор вучняў. Весяліцеся ў Госпадзе, мучанікі, што добра змагаліся, супрацівіліся ўладаром і мучыцеляў перамаглі, не спалохаліся агня і мяча, ані дзікіх зьвяроў, што пажыралі вашыя целы. Разам з анёламі вы аддалі хвалу Хрысту і атрымалі вянцы перамогі з неба. Прасіце цяпер за супакой на сьвеце і зьмілаваньне душаў нашых. Слава... цяпер... З прарокамі ўсхвалім Дзеву, залаты посуд манны, незгаральны куст, стол і пасад, залаты сьветач з лампадаю, непарушную гару, ківот сьвятасьці і браму Божую. Вярнуцца назад |