Галоўная > Тон 1 > Субота (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)
Субота (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)10 чэрвеня 2010. |
ПЯТНІЦА ЎВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Сьвяточныя хоры мучанікаў струменямі крыві сваёй патапілі безьліч дэманаў, адмянілі саромныя ахвяры, зьнішчылі ідальскую спакусу і сёньня моляць Хрыста дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Сьветлыя пастыры мудрымі словамі і настаўленьнямі навучылі нас славіць Бога ў Тройцы адзінага, ня зьмешваючы і не разьдзяляючы Боскіх асобаў. Цяпер яны моляцца за супакой і зьмілаваньне душаў нашых. Хоры сьвятых посьнікаў усьпілі цялесныя пажаданьні, абуздалі прыродныя нахілы і паказаліся ў гэтым жыцьці роўнымі анёлам. Сёньня яны жывуць у радасьці ў нябесных сялібах і моляць Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Дагматык. Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог. Вершапесьні Слаўныя мучанікі, вас зямля не змагла ўтрымаць, а неба, адчыніўшы райскія дзьверы, прыняло вас, і вы, увайшоўшы туды, спажываеце ў асалоду з дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, Хрысьце, даруй супакой Твой усім нам і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры і міласэрны. Вашыя вызнаньні на судзе, сьвятыя, дэманаў запалохалі і вызвалілі людзей ад маны; калі вас забівалі, вы клікалі: "Няхай ахвяра душаў нашых будзе прыемнай Табе, чалавекалюбны Госпадзе, бо мы, палюбіўшы Цябе, ня дбаем пра жыцьцё дачаснае". Багародзічны. Сапраўды вышэй за розум тайна сынараджэньня Твайго, Нявеста Божая: усе прарокі прапаведавалі слаўнае і невыказнае зачацьце Тваё, Усяхвальная, і нараджэньне Сына Твайго, якім Ён збавіў сьвет. СУБОТА РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Пераможныя мучанікі апрануліся ў Цябе, Госпадзе: Ты быў іхняй пахвалою ў цярпеньнях, іхнім вянцом і ўзнагародаю. Цярпліва перанёсшы мучэньні, яны перамаглі беззаконных, і сілаю Боскаю з нябёсаў яны аднесьлі перамогу. Малітвамі іх і мяне вызвалі ад нябачнага ворага, Збавіцелю, і збаў мяне. Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля. Як добрыя воі, што аднадушна верылі, вы, сьвятыя, не збаяліся лютасьці мучыцеляў. Прыняўшы пачэсны Крыж, вы ахвоча прыйшлі да Хрыста і, завяршыўшы дарогу, атрымалі з нябёсаў перамогу. Слава Таму, хто даў вам, слава Таму, хто вянчаў вас, слава Таму, хто дае праз вас ацаленьні. Слава... цяпер... Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Творцу ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім.
Сядальная песьня 2. Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашы, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча. Верш. Сьвятым, што на зямлі Яго... Усе мы прыходзім з малітваю та мучанікаў Хрыстовых, бо яны, як абаронцы веры, моляцца за наша збаўленьне, адганяюць варожыя сілы, і крынічаць ласку ацаленьняў. Слава... цяпер... Адзіная магутная і ласкавая Апякунка людзкога роду, Багародзіца Дзева, разам з прарокамі, мучанікамі, сьвятаначальнікамі і посьнікамі малі няспынна Бога-Слова, якога ты звышпрыродна нарадзіла, за збаўленьне душаў нашых. Вершапесьні Прыйдзіце, усе людзі, ушануем гімнамі і духоўнымі песьнямі Хрыстовых пакутнікаў, сьветачы сусьветныя, і прапаведнікаў веры, жывую крыніцу, што точыць верным ацаленьні. Іхнімі малітвамі, Хрысьце Божа наш, дай супакой Твайму сьвету, і душам нашым веліч зьмілаваньня. Воі вялікага Ўладара супрацівіліся наказам мучыцеляў, адважна пайшлі на мучэньні, патапталі ўсе спакусы, і былі дастойна вянчаныя, а цяпер просяць Збавіцеля даць супакой для душаў нашых і веліч зьмілаваньня. Вас, усяхвальныя мучанікі, ні сум, ні прыгнёт, ні голад, ні перасьлед, ні раны, ні лютасьць зьвяроў, ні меч, ні агонь ня змаглі адлучыць ад Бога. Хутчэй з любові да Яго, вы, быццам у чужых целах змагаліся, насуперак прыродзе, пагардзілі сьмерцю. Таму вы і атрымалі належную заплату за вашыя пакуты, і сталіся спадкаемцамі нябеснага валадарства, дзе няспынна моліцеся за душы нашыя. Слава... цяпер... Радуйся, з-паміж нас сьвятая Багародзіца Дзева, чысты посуд сусьветны, сьветач нязгасны, умяшчальніца Незьмяшчальнага, Хорам незьнішчальны! Радуйся, бо з Цябе нарадзілася Божае Ягнё, што бярэ на сябе грахі ўсяго сьвету. Вярнуцца назад |