Галоўная > Мінэя - Жнівень > 29 жніўня - Адсячэньне галавы сьвятога Яна Хрысьціцеля

29 жніўня - Адсячэньне галавы сьвятога Яна Хрысьціцеля


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 6). Бессаромны Ірад у дзень свайго нараджэньня выканаў абяцаньне, дадзенае распуснай танцорцы, і адсек галаву Прадвесьніку. Прынесьлі яе, быццам страву, на талерцы для гасьцей на бяседзе. Агідная бяседа, поўная злачынцаў і забойцаў! Мы ж шануем Хрысьціцеля як найвялікшага сярод народжаных ад жанчыны і дастойна славім яго. (Двойчы)

Вучаніца шатана, як заплату за танец, папрасіла галаву тваю, Прадвесьнік. Якая ж гэта крывавая бяседа! Лепш было б табе, беззаконны Ірад, нашчадак маны, не даваць абяцаньня. Даўшы ж яго не на дабро, лепш было табе не датрымаць слова і атрымаць жыцьцё, як, датрымаўшы, адсекчы галаву Прадвесьніку. Мы ж шануем Хрысьціцеля як найвялікшага сярод народжаных ад жанчыны і дастойна славім яго. (Двойчы)

Не належала табе, Ірад, адурманены шатанскай пажадлівасьцю і шалам распусты, аддаць на сьмерць таго, хто дакараў цябе за чужалоства. Не належала табе дзеля клятвы, дадзенай падчас танцу, аддаваць ягоную пачэсную галаву беззаконнай жанчыне. Як ты асьмеліўся ўчыніць такое забойства? Чаму агонь не спаліў бессаромную танцорку, калі яна на талерцы прынесла гасьцям галаву? Мы ж шануем Хрысьціцеля як найвялікшага сярод народжаных ад жанчыны і дастойна славім яго.

Зноў шалее Ірадыяда і кідаецца! Які ж гэта агідны танец і крывавае сьвята! Ірад лютуе і забівае Хрысьціцеля. Малітвамі Твайго, Госпадзе, Прадвесьніка, дай супакой душам нашым.

Слава ...:

Першая песьня: Бессаромны Ірад ...

Цяпер ...:

Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Пацяшайце, пацяшайце людзей маіх – кажа Бог, – прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і абвяшчайце яму, што час службы ягонай скончыўся, што ўжо адпакутаваная няправеднасьць яго, бо ён прыняў падвойную кару ад рукі Гасподняй за ўсе грахі свае". Голас разьлягае ў пустыні: "Рыхтуйце дарогу Госпаду, выпрастоўвайце сьцежкі Богу нашаму!". Узыдзі на высокую гару, ты, што нясеш добрую вестку Сыёну. Уздымі голас свой ты, што прыносіш радасную вестку Ерусаліму. Уздымі голас, ня бойся, кажы: "Я – Бог ваш! Я пачую голас бедных Ізраіля, не пакіну іх. Пушчу рэкі з гораў, ручаі сярод поля; замяню пустыню на поплаў, а высахлую зямлю на крыніцы водныя". Узрадуйцеся, нябёсы на вышыні, ліце, хмары, справядлівасьць на зямлю. Хай зямля адкрыецца, хай збаўленьне дасьць плод свой, хай прарасьце справядлівасьць. Голасам вясельля абвяшчайце гэта, хай будзе чутны ён аж да канцоў зямлі. Расказвайце, як вызваліў Госпад слугу свайго Якуба. Не зазналі яны смагі, калі Ён іх вёў цераз пустыню: Ён загадаў вадзе біць крыніцай са скалы. Узрадуйся, няплодная, што ніколі не радзіла, усклікні радасна, ты, што не знала родавых боляў: бо больш дзяцей у пакінутай, як у той, што мае мужа. (40:1-3,9; 41:17-18; 45:8; 48:20-21; 54:1)


Чытаньне кнігі прарока Малахіі

Так кажа Госпад Усемагутны: "Вось Я пасылаю анёла майго перад абліччам тваім, каб падрыхтаваць шлях табе. І прыйдзе ў сьвятыню сваю Госпад, якога вы чакаеце; але хто зможа перажыць дзень Ягонага прыйсьця, хто ўстаіць, калі Ён зьявіцца? Бо Ён прыйдзе як агонь ў горне залатара, як луг шапавалаў. І прыйдзе да вас з судом і будзе хуткім сьведкам супраць чараўнікоў і чужаложцаў, і тых, якія крыва прысягаюць імем Маім; тых, што не даюць справядлівай заплаты найміту, уціскаюць удоваў і сіротаў; тых, што бяспраўна абыходзяцца з чужынцам і Мяне не баяцца – кажа Госпад Усемагутны. – Бо Я – Госпад Бог ваш, а вы, сыны Якуба, адхіліліся ад закону і не захавалі яго. Дзеля гэтага навярніцеся зноў да Мяне, і Я навярнуся да вас, – кажа Госпад Усемагутны. – І ўсе народы будуць называць вас шчасьлівымі, і зразумееце, што Я – Госпад; і ў той дзень, які Я рыхтую для тых, што любяць Мяне, убачыце розьніцу між праведнікам і нязбожным. Згадайце пра закон Майсея, слугі Майго, які ён даў вам у Харыве, пра ўсе загады і пастановы для Ізраіля. І вось Я пашлю вам Ільлю Тэсьбіцяніна перад тым, як прыйдзе вялікі і страшны дзень Гасподні. І ён наверне сэрца бацькі да сына, і сэрца сына да бацькі яго, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлі пракляцьцем". Так кажа Госпад Усемагутны, Бог Сьвяты Ізраіля. (3:1-2,5,7,12,17; 4:4-6)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнік, хоць і памрэ перадчасна, будзе ў супакоі. Памёршы праведнік асуджае жывых нязбожных людзей. Яны бачаць сьмерць праведнага і не разумеюць, што Госпад вырашыў аб ім. Бо Госпад кіне іх, зьнямелых, стрымгалоў і страсяне імі да асноваў, і яны зьнікнуць бяз сьледу, і памяць аб іх згіне. Са страхам прыйдуць здаць справу са сваіх грахоў, і іх уласная няправеднасьць абвінаваціць іх. Тады праведнік стане з вялікай сьмеласьцю перад тварам тых, што крыўдзілі яго і пагарджалі ягонымі ўчынкамі. Убачыўшы яго, яны ў страху зьбянтэжацца і здумеюцца з ягонага неспадзяванага збаўленьня. Раскаяўшыся, яны, з трывогаю ў душы, стогнучы, будуць казаць адзін аднаму: "Вось той, які быў для нас, дурных, прадметам насьмешак і пагарды. Мы ўважалі жыцьцё ягонае за шаленства, а ягоную сьмерць за ганьбу. Як жа гэта ён залічаны да сыноў Божых, і ўдзел яго са сьвятымі? Мы зьбіліся з праўдзівай дарогі, і сьвятло справядлівасьці не зазьзяла нам, і сонца для нас не ўзышло. Мы насыціліся на сьцежках беззаконьня і загубы, блудзілі па бездарожжы і ў пустыні, а дарогі Божай не пазналі". (4:7,16, 17,19,20;5:1-7)


Ліцьця

(Тон 1). Як назавем цябе, прарок: анёлам, апосталам, ці мучанікам? Назавем цябе анёлам, бо ты на зямлі жыў як адзін з іх; і апосталам, бо ты навучаў людзей; дый мучанікам, бо табе адсеклі галаву за Хрыста. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Памяць чынім адсячэньню галавы Прадвесьніка: тады кроў з яе лілася на талерку, а цяпер аздараўленьні цякуць з яе на ўвесь сьвет.

Сёньня маці задумала агіднае забойства: яна падбухторвае бессаромную дачку супраць найвялікшага сярод прарокаў. Калі люты Ірад учыніў сьвята ў дзень свайго нараджэньня, яна як заплату за танец папрасіла ў яго найпачэсную галаву Прадвесьніка. І ён, каб выканаць дадзеную бяздумна клятву, зрабіў гэта. Але тайнік прыйсьця Хрыстовага пасьля сьмерці не перастаў асуджаць ягонае беззаконнае жыцьцё, кажучы як і раней: "Не належыцца табе чужаложнічаць з жонкаю брата твайго Піліпа". О дзень нараджэньня прароказабойцы, о крывавае сьвята! Мы ж набожна адзначаем адсячэньне галавы Прадвесьніка і просім яго шчыра маліцца Тройцы, каб душам нашым быць вольнымі ад ганьбы пажадлівасьцяў і атрымаць збаўленьне.

(Тон 4). У дзень свайго нараджэньня Ірад учыніў сьвята. За намоваю жанчыны, з якою жыў у граху, ён адсек галаву Прадвесьніку, але ня змог адсекчы прарочага языка, які выкрываў ягонае распуснае жыцьцё. Праліў бязьвінную кроў, каб пакрыць свой грэх, але ня мог змусіць змоўкнуць голасу, які клікаў сьвет да пакаяньня. Ён цешыўся з забойства. Мы ж сьвяткуем з любоўю сьмерць Хрысьціцеля, бо ён апярэдзіў у пекле Жыцьцё, каб прапаведаваць тым, што сядзелі ў цемры і ценю сьмерці, сьвітаньне з вышыні – Хрыста Бога нашага, адзінага міласэрнага.

Прыйдзіце, верныя, усхвалім прарока, мучаніка і хрысьціцеля Збавіцелевага. Ён жыў у целе, быццам анёл, і асудзіў чужалоства Ірада. Як заплату за бессаромны танец яму адсеклі пачэсную галаву. І ён аб'явіў тым, што ў пекле, радасную вестку пра ўваскрасеньне з мёртвых, і цяпер моліцца няспынна Госпаду за збаўленьне душаў нашых.

Прыйдзіце, верныя, усхвалім прарока, мучаніка і Хрысьціцеля Збавіцелевага. Ён аддаліўся ў пустыню і там пасяліўся, кормячыся дзікім мёдам і саранчой. Ён асудзіў беззаконнага ўладара і цяпер суцяшае нас, маладушных, кажучы: "Пакайцеся, бо ўжо блізка валадарства нябеснае".

Слава ...:

(Тон 5). Каб ня слухаць дакораў тваіх за беззаконнае жыцьцё, Ірад задумаў ганебную справу: даць галаву тваю, Прадвесьнік, жанчыне. Абносячы яе на талерцы, ён ня думаў, што гэтым самым асуджае сябе. Ты ж, Хрысьціцель Хрыстовы, настаўнік чысьціні і пакаяньня, маліся, каб нам выбавіцца ад ганьбы пажадлівасьцяў.

Цяпер ...:

(Тон 5). Сьпявайце, людзі, слаўце ў песьнях Маці Бога нашага! Сёньня Яна аддае сваю ўсесьвятую душу ў найчыстыя рукі Таго, хто ад Яе бяз семя ўцелавіўся, і моліць Яго няспынна дараваць сьвету супакой і веліч зьмілаваньня.


Вершапесьні

(Тон 2). Прапаведніку пакаяньня, Яне Хрысьціцелю, ты асьвяціў зямлю, калі табе адсеклі галаву, бо ты прапаведаваў закон Божы людзям і асуджаў беззаконьне. Цяпер, стоячы ля пасаду Ўладара Хрыста, малі Яго за зьмілаваньне душаў нашых.

Верш. Праведнік, як пальма, зацьвіце; як кедр лібанскі, разрасьцецца.

За Закон Гасподні, табе, сьвяты Яне, адсеклі галаву, бо ты сьмела выкрываў беззаконьне лютага караля. Дзеля гэтага падзіўляюць цябе анельскія хоры і ўсе апосталы і мучанікі. Мы таксама, усяслаўны і блаславёны Прадвесьнік, спраўляем тваю памяць і славім Сьвятую Тройцу, якая праславіла цябе.

Верш. Праведнік узрадуецца ў Госпадзе і знойдзе прыпынак у Яго.

Ты – прарок ад прарока і найбольшы сярод прарокаў, пасьвячаны ад улоньня маці на служэньне Госпаду. Сёньня на загад беззаконнага караля адсякаюць табе галаву, але ты, як і раней, не пакідаеш дакараць бессаромную танцорку, якая хацела пакрыць грэх новым грахом. Таму мы ўсклікаем: "Хрысьціцелю Яне, ты, што маеш ласку ў Госпада, маліся за збаўленьне душаў нашых".

Слава ...:

(Тон 8). Прадвесьнік Збавіцеля, ты дакараў Ірада за беззаконнае жыцьцё, за што бессаромная жанчына намовіла яго адсекчы табе галаву. Дзеля гэтага ад усходу сонца да захаду слаўнае імя тваё. Ты, што маеш ласку ў Госпада, маліся за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер ...:

(Тон 8). Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слугаў Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душаў нашых.


Адпушчальныя трапары

Прадвесьніка (тон 2). Праведніка ўспамінаем з пахвалою: табе ж, Прадвесьнік, даволі сьведчаньня Гасподняга, што ты больш пачэсны за прарокаў, бо ўдастоіўся хрысьціць у вадзе Прадказанага. Ты і пацярпеў за праўду з радасьцю, і абвясьціў тым, што ў пекле, Бога, які аб'явіўся ў целе, узяў на сябе грахі сьвету і дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. (Двойчы).

Багародзічны. Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою: блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.


-----------
Калі няма Ліцьці:

Трапар Прадвесьніка: Праведніка ўспамінаем ...

Слава ... цяпер ...:

Багародзічны нядзельны (тон 2). Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

-----------

Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...":

Трапары:

Праведніка ўспамінаем ... (Двойчы)

Слава ... цяпер ...:

Вышэй за розум ... (гл. вышэй)


Сядальная песьня 1 (тон 5). Уславім, верныя, пасярэдніка між Законам і Ласкаю! Ён прапаведаваў нам пакаяньне і за тое, што сьмела і яўна дакараў Ірада, аддаў галаву сваю на адсячэньне. Сёньня ён прабывае разам з анёламі і моліцца Хрысту за нашае збаўленьне.

Слава ...: (Тон 4). Сёньня мы спраўляем тваю, прадвесьнік, сьветлую памяць і просім цябе маліцца няспынна Збаўцы і Госпаду, каб Ён даў нам усім адпушчэньне правінаў.

Цяпер ...: (Тон 4). Уславім, верныя, Багародзіцу. Яна – шчырая Заступніца тых, што ў патрэбе, нашая дапамога і навярненьне да Бога, і Ёю мы вызваліліся ад згубы.


Сядальная песьня 2 (тон 5). Ушануем у песьнях прарока, які явіўся з няплоднага ўлоньня і зазьзяў як ясны сьветач на ўвесь сьвет – Хрысьціцеля Хрыстовага і пераможнага мучаніка, Яна Прадвесьніка, які моліцца Госпаду, каб Ён зьмілаваўся над душамі нашымі.

Слава ...: (Тон 4). Сёньня яўляеца нам Хрысьціцель Збавіцеля і дае духоўнае пацяшэньне верным. Ён – краса пустыні і пячатка прарокаў, прадвесьнік Хрыстовы і праўдзівы сьведка Ягонага прыйсьця. Дык уславім яго духоўнымі песьнямі і ўсклікнем: "Прарок і прапаведнік праўды, маліся за збаўленьне нашае".

Цяпер ...: (Тон 4). Хоры анельскія дзіву даліся, убачыўшы тайну сынараджэньня Твайго, Беззаганная: як гэта Той, хто трымае ўсё загадам сваім, ляжыць у абдымках Тваіх, як чалавек. Вечны прымае пачатак, і малаком корміцца Той, хто корміць невыказнымі дабротамі ўсё жывое. Дзеля гэ


Узьвялічваньне пасьля паліелею: Узьвялічваем цябе, Хрысьціцелю Збавіцеля Яне, і ўспамінаем адсячэньне пачэснае галавы твае.

Верш 1. Вось я аддаліўся і асеў у пустыні.

Верш 2. Я распавёў пра тваю вернасьць і тваё збаўленьне.

Слава ... цяпер ...:

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Сядальная песьня (тон 8). Прадвесьнік, хрысьціцель і пасланец Збавіцеля нашага за тое, што дакараў Ірада за бясчынства з Ірадыядай, памірае, аддаўшы галаву сваю на адсячэньне, каб і тым, што былі ў апраметнай, прынесьці добрую вестку, што да іх прыйдзе Госпад і палоніць сьмерць. (Двойчы)

Слава ...: цяпер...: Слова Айца зышло на зямлю, і сьветлы анёл абвясьціў Багародзіцы: "Радуйся, Блаславёная, адзіная, што захавала чыстым вясельны хорам. Ты зачала Бога і Госпада, каб Ён мог збавіць ад спакусы род людзкі".


Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.


Пракімен (Пс 115). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.

Верш. Што дам Госпаду ўзамен за тое, што Ён даў мне?


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

У той час Ірад тэтрарх пачуў вестку пра Ісуса і сказаў слугам сваім: "Гэта Ян Хрысьціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму цуды творацца ім." Бо Ірад загадаў схапіць Яна і, зьвязанага, укінуць у вязьніцу праз Ірадыяду, жонку Піліпа, свайго брата. Бо Ян казаў яму: "Нельга табе мець яе." І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо лічылі яго за прарока. А калі быў Ірадаў дзень нараджэньня, дачка Ірадыяды танцавала перад гасьцямі і спадабалася Іраду. Таму ён з клятваю абяцаў даць ёй, чаго б яна ні папрасіла. А яна, навучаная сваёй маці, "Дай мне - кажа - тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля." Засмуціўся цар, але дзеля клятвы і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць ёй. І паслаў адсекчы галаву Яну ў вязьніцы. І прынесьлі ягоную галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне, а яна аднесла сваёй маці. Вучні ж ягоныя, прыйшлі, узялі цела і пахавалі. І, пайшоўшы, сказалі Ісусу. Пачуўшы, Ісус адплыў адтуль чаўном у пустыннае месца. (Мц 14:1-12)


Псалом 50. Пасьля:

Слава ...: Малітвамі прадвесьніка, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Цяпер ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Зьмілуйся нада мною, Божа ...:

(Тон 2). Прапаведніку пакаяньня, Яне Хрысьціцелю, ты асьвяціў зямлю, калі табе адсеклі галаву, бо ты прапаведаваў закон Божы людзям і асуджаў беззаконьне. Цяпер, стоячы ля пасаду Ўладара Хрыста, малі Яго за зьмілаваньне душаў нашых.


Канон (Тон 8)

Песьня 1

Ірмас. Перайшоўшы мора, быццам сушу, і пазьбегнуўшы ягіпскага зла, ізраільцянін усклікнуў: "Збавіцелю і Богу нашаму пяём!".

Прыпеў. Сьвяты прароча, прадвесьніку і хрысьціцелю Яне, малі Бога за нас.

Прарока, які нарадзіўся ад няплоднае, і боскага прадвесьніка Таго, хто ў дзявочым улоньні невыказна пасяліўся, усхвалім у песьнях.

Ты пераўзышоў прыродныя межы, захаваў законы праведнасьці, выкрыў беззаконны саюз і не збаяўся царскага гневу.

Узгадаваны законным малаком, плод саюзу законнага, ты запячатаў закон, калі супрацівіўся агіднаму распуснаму саюзу.

Слава ... цяпер ...: Хоры анёлаў і людзей няспынна славяць Цябе, Дзева Маці, бо Ты на руках Тваіх насіла як дзіцятка іхняга Тварца.

Катавасія. Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для пераходу Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.

Песьня 3

Ірмас. Госпадзе, Творца нябеснага кругу і Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.

Хадайнік старога і новага запаветаў, прадвесьнік евангельскіх прапаведаваньняў, ты выкрыў беззаконны саюз мучыцеля і за гэта з радасьцю прыняў сьмерць.

За намоваю беззаконнае маці, дзяўчына сказала адурманенаму віном Іраду: "Дай мне на талерцы галаву Яна, і я занясу яе маці маёй як жаданы падарунак".

Бессаромны мучыцель, не сьцярпеўшы дакораў баганоснага языка твайго, слаўны Прадвесьніку, дзяўчыне, шта дагадзіла яму танцамі, аддае пачэсную тваю і пакутную галаву.

Слава ... цяпер ...: Ты, Госпадзе, пасяліўся ў Дзеве цялесна і зьявіўся людзям, якім належала бачыць Цябе, а Яе явіў як існую Багародзіцу і памочніцу верных, адзіны Чалавекалюбча.

Катавасія. Кій Аарона быў вобразам тайны: зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.


Сядальная песьня (тон 8). Провідам Божым ты нарадзіўся ад няплоднае і разьвязаў путы бацькавага языка, паказаў усім Сонца, што прасьвятляе ўсё, і ў пустыні прапаведаваў людзям Творцу, Ягнё, што бярэ на сябе грахі сьвету. Дакарыўшы цара, ты, вечнапамятны Яне ўсяхвальны, прыняў адсячэньне галавы. Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў тым, што спраўляюць з любоўю сьвятую памяць тваю.

Слава ... цяпер ...: Усе людзі славяць Цябе як Дзеву і адзіную сярод жанчынаў, што бяз семя нарадзіла ў целе Бога. Агонь Боства пасяліўся ў Табе, і Ты карміла як дзіцятка Творцу і Госпада. Дзеля гэтага анёлы і людзі дастойна славяць чыстае сынараджэньне Тваё і разам клічуць: "Малі Хрыста Бога дараваць адпушчэньне грахоў тым, што пакланяюцца з вераю чыстаму сынараджэньню Твайму".

Песьня 4

Ірмас. Ты мая сіла, Госпадзе, ты мой Бог, ты мая радасьць. Не пакінуўшы ўлоньня Айца, ты наведаў нашае ўбоства. Дзеля гэтага разам з прарокам Авакумам усклікаю: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!".

Ня ў змозе стрываць сьмелых дакораў пабожнага, годны законнай кары, растлелы паганымі пажаданьнямі, Ірад, зьвязаўшы, укінуў у вязьніцу таго, хто яшчэ жывым быў нябачна залічаны да нябесных хораў.

Хворы ад душазгубнага п'янства і блуднай гарачкі, засьлеплены танцам дзяўчыны, Ірад стаўся забойцам прарока. Маці блуду зачала п'янства і нарадзіла лютае беззаконьне.

Боскі голас праўду сказаў пра цябе, што ты большы за ўсіх прарокаў, бо ты быў прарокам ужо ва ўлоньні маці, калі, кволы целам, ты пазнаў Бога-Слова, якога пасьля ахрысьціў цялесна.

Слава ... цяпер ...: Ты – пахвала верных, Дзева чыстая, Ты – заступніца, Ты – прытулак хрысьціянаў, сьцяна і прыстанішча. Ты прыносіш нашыя малітвы Сыну Твайму, Усебеззаганная, і збаўляеш ад бедаў тых, што з вераю і любоўю вызнаюць Цябе як чыстую Багародзіцу.

Катавасія. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе, разважаў над Тваімі дзеямі і ўславіў Боскасьць Тваю.

Песьня 5

Ірмас. Чаму, Незаходнае Сьвятло, адкінуў Ты мяне ад аблічча Твайго? Цемра варожая пакрыла мяне, няшчаснага. Але Ты навярні мяне і да сьвятла запаветаў Тваіх накіруй шлях мой, малюся.

За матчынымі намовамі крыважэрнай ільвіцы больш крываважэрная дачка, выпрасіла сабе як цану за распусны танец галаву прадвесьніка і прапаведніка, якога дзікія зьвяры ў пустыні шанавалі.

Нязьведаныя і невыказныя суды Твае, Чалавекалюбча! Паганая дзяўчына танцам дамаглася сьмерці таго, хто яшчэ ва ўлоньні маці напоўніўся Духам Сьвятым, а пасьля зазьзяў дабрадзейнасьцямі і чысьцінёю.

Той, хто быў злучаны грэшным любоўным саюзам, да п'янства ў дзень нараджэньня захацеў дадаць забойства прадвесьніка і напоўніць чашу грэшнай асалоды сьвятой крывёю прарока.

Слава ... цяпер ...: Маючы матчыную сьмеласьць у Сына Твайго, Усячыстая, не пагардзі роднымі Табе людзямі, молімся. Цябе адзіную мы, хрысьціяне, прыносім Уладару як наша ачышчэньне.

Катавасія. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету веліч зьмілаваньня.

Песьня 6

Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, бо шматлікія беззаконьні мае, і з глыбіні зла ўздымі мяне, малюся. Цябе клічу, пачуй мяне, Божа збаўленьня майго!

Тваім вучэньнем аб запаветах Закону ты, блаславёны, дакарыў і выкрыў беззаконьніка, бо ты ня быў хісткаю трысьцінаю пад подыхамі варожых вятроў.

Галава твая, пакрытая крывёю, была заплатаю блудніцы, і цяпер абвінавачвае Ірада ў грэшным саюзе.

Пустыня, дзе ты жыў, была для цябе царскім хорамам; апрануты ў вопратку з вярблюжых валасоў, быццам у пурпуру, ты апанаваў страсьці.

Слава ... цяпер ...: Малітвамі Тваімі, Багародзіца чыстая, дай нам выбавіцца ад лютых правінаў і дасягнуць Боскага зьзяньня Сына Божага, уцелаўлёнага ад Цябе, Усесьвятая.

Катавасія. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.


Кандак (тон 5). Слаўнае адсячэньне галавы Прадвесьніка ў провідзе Божым паслужыла на тое, каб ён мог і тым, што ў пекле, абвясьціць прыйсьце Збавіцеля. Хай плача несуцешна Ірадыяда, што выпрасіла беззаконнае забойства, бо больш за закон Божы і вечнае жыцьцё, яна палюбіла гэты век уяўны і пераходны.

Ікас. Дзень нараджэньня Ірада стаўся для ўсіх агідным відовішчам, калі да гасьцей, што ўзьлягалі з ім за сталом, была прынесеная, быццам страва, галава посьніка. Весялосьць перамянілася ў жах, і сьмех у горкі плач, калі ўвайшла дзяўчына і ўнесла на талерцы галаву Хрысьціцеля ўсім на паказ. Жах агарнуў царскіх гасьцей. Ніхто ня цешыўся, нават сам Ірад, аб якім сказана, што сум агарнуў яго. Дый ня быў гэта шчыры сум, але ўяўны і пераходны.

Песьня 7

Ірмас. Боскім зыходам агонь суняўся ў Бабілёне, і юнакі ў печы, быццам на зялёным лузе, весела скакалі і пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!".

Апанаваны блудным жаданьнем і п'яным шалам, беззаконны Ірад разразіўся гневам на непахісны стоўп устрыманасьці і непарушную крэпасьць дабрадзейнасьцяў, Хрысьціцеля Хрыстовага.

Не жахнулася, не засаромелася і не саслабла вучаніца д'ябла, калі, спакушаная намовамі маці сваёй, прынесла бессаромна на талерцы пачэсную галаву тваю, Прадвесьнік.

Ты зазьзяў як ліхтар, быў пасланы наперад, быццам анёл, як прарок ты прапаведаваў прыйсьце Ягняці Божага, і як мучанік ты памёр праз адсячэньне галавы, каб абвясьціць Хрыста тым, што ў апраметнай.

Слава ... цяпер ...: Вызваленыя сынараджэньнем Тваім ад даўняга асуджэньня, няспынна славім Цябе, Маці і Дзева, прычына нашага вызваленьня, разам з Сынам Тваім, які даў сябе як выкуп за нас.

Катавасія. Бязглузды загад злоснага мучыцеля, поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!".

Песьня 8

Ірмас. Люты мучыцель хальдэйскі распаліў у сем разоў печ для набожных юнакоў, але, убачыўшы, як яны былі збаўленыя Вышэйшаю сілай, усклікнуў Творцу і Збавіцелю: "Юнакі блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!".

Апярэдзіўшы Тваё нараджэньне і боскія мукі, прадвесьнік Ян цёсам мяча зыходзіць у апраметную, каб абвясьціць і там Тваё прыйсьце, усклікаючы: "Узьвялічвайце, мёртвыя, Жыцьцядаўца, сьляпыя – Сьветлападаўца, палонныя – Вызваліцеля Хрыста праз усе вякі!".

Нарадзіўшыся ад няплоднае, Ян апярэдзіў Таго, хто нарадзіўся ад Дзевы, і быў прадвесьнікам Творцы ўсіх, што аддаў сябе на ўкрыжаваньне. Калі яму адсеклі галаву, ён зышоў у пекла і тым, што там былі, усклікнуў: "Юнакі блаславіце; сьвятары слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!".

Калі табе, прадвесьнік, адсеклі галаву, душа твая, што кіравала целам, адышла ад яго. Боства ад цела Эмануэля ніколі не адыходзіла, і косьць Бога і Ўладара не скрышылася. Дзеля гэтага ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.

Слава ... цяпер ...: Маці Госпада і Дзева, душы маёй раны і гной малітвамі Тваімі ачысьці, і ўзьнімі мяне, заняпалага. Збаў мяне, заблуднага, Усячыстая, збаў мяне: Ты мая заступніца і хадайніца, адзіная блаславёная праз усе вякі.

Катавасія. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе вякі.

Песьня 9

Ірмас. Усё стварэньне задрыжэла ў страху, калі пачула пра невыказны Божы зыход. Вось Найвышэйшы прыняў цела, і ў Дзявочым улоньні стаўся чалавекам. Дзеля гэтага ўсячыстую Багародзіцу мы, верныя, узьвялічваем.

Сілы цемры на чале з д'яблам спалохаліся твайго, прарок, языка, калі ты прапаведаваў Хрыста. Праз паганую дзяўчыну яны змусілі Ірада адсекчы табе галаву. Але мы цябе як Хрысьціцеля ўзьвялічваем.

Прыніжанасьць пакорнай прыроды ўзвысілася, а ўзгорак сьмяротнае пыхі ўпакорыўся. Голас таго, хто клікаў, быў чутны ў пустынях сьвету і ў пякельных жытлах: "Адчыніце вароты, каб увайшоў Уладар усіх!".

Дрыжаць страсьці людзкія, у страху ўцякаюць дэманы, асьлепленыя дадзенай табе ад Бога ласкаю. Ад усіх спакусаў захавай статак твой, Прадвесьнік Гасподні, – тых, што цябе з вераю ўзьвялічваюць.

Слава ... цяпер ...: Рыхтуйся, пасьпявай і валодай, Сыне Божай Маці, і перамагай ізмаільскія сілы, што нападаюць на нас. Дай перамогу верным людзям Тваім малітвамі Тае, што нарадзіла Цябе, Слова Божае.

Катавасія. Багародзіца, Ты – таемны рай, бо Ты бяз высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.


Экзапастыляр: Найбольшага сярод прарокаў, пакліканага раней за апосталаў, прадвесьніка ласкі ўсхвалім у песьнях, бо ён за закон Гасподні даў сабе адсекчы галаву.

Слава ...: Паганы Ірад табе, сейбіту чысьціні і Хрысьціцелю Збаўцы, галаву адсек, але ня змусіў змоўкнуць язык твой, які дакараў яго.

Цяпер ...: Ты, што сынараджэньнем Тваім разбурыла сусьветны праклён, малітвамі Тваімі захавай бясьпечным статак Твой, які моліцца Табе, Усячыстая Дзева.


Пахвальныя псалмы

(Тон 8). Слаўны цуд! Сьвятую галаву, якую анёлы шануюць, агідная блудніца прынесла распуснай маці, якую Ян дакараў за беззаконнае жыцьцё. Нязьведаная веліч доўгацярплівасьці Тваёй, чалавекалюбны Хрысьце, дзеля якой збаў душы нашыя, адзіны Добрасардэчны. (Двойчы)

Скамянелае сэрца Ірада! Зьняважыўшы Бога пераступленьнем закону, ён аблудна крывадушнічае, кажучы, што павінен трымаць абяцаньне, і з уяўным смуткам да распусты дадае забойства. Невычэрпная Твая міласэрнасьць, чалавекалюбны Хрысьце, дзеля якой збаў душы нашыя, адзіны Добрасардэчны.

Дзіва над усё разуменьне! Пячатка прарокаў і зямны анёл стаецца заплатаю за агідны танец, а багаслоўскі голас Прадвесьніка апярэджвае Хрыста сярод тых, што былі ў апраметнай. Невыказны Твой провід, Уладару! Дзеля яго, Хрысьце, збаў душы нашыя, адзіны Добрасардэчны.

Слава ...:

Зноў Ірад бесіцца, зноў шалее. О лісьлівы і падступны танец, і бяседа бяздумная! Хрысьціцеля забіваюць, і Ірад трывожыцца. Малітвамі Прадвесьніка Твайго, Госпадзе, дай супакой душам нашым.

Цяпер ...:

Прымі, Уладарка, маленьні слугаў Тваіх, і вызваль нас ад усялякай патрэбы і суму.


Літургія


Трапары

Трапар Прадвесьніка (тон 2). Праведніка ўспамінаем з пахвалою: табе ж, Прадвесьнік, даволі сьведчаньня Гасподняга, што ты больш пачэсны за прарокаў, бо ўдастоіўся хрысьціць у вадзе Прадказанага. Ты і пацярпеў за праўду з радасьцю, і абвясьціў тым, што ў пекле, Бога, які аб'явіўся ў целе, узяў на сябе грахі сьвету і дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня.

Кандак Прадвесьніка (тон 5). Слаўнае адсячэньне галавы Прадвесьніка ў провідзе Божым паслужыла на тое, каб ён мог і тым, што ў пекле, абвясьціць прыйсьце Збавіцеля. Хай плача несуцешна Ірадыяда, што выпрасіла беззаконнае забойства, бо больш за закон Божы і вечнае жыцьцё, яна палюбіла гэты век уяўны і пераходны.


Пракімен (Пс 63:11,2). Праведнік узрадуецца ў Госпадзе і знойдзе прыпынак у Яго.

Верш. Госпадзе, пачуй голас малітвы маёй.


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

У тыя дні, калі Ян скончыў свой шлях, ён сказаў: "Я ня той, за каго мяне лічыце. Вось за мною ідзе Той, каму я ня варты разьвязаць рамень Ягонага абутку". Браты, сыны роду Абрагама і тыя сярод вас, што баяцца Бога! Вам было пасланае слова гэтага збаўленьня. Бо жыхары Ерусаліму і іхнія начальнікі не пазналі Яго і, асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, што чытаюцца кожную суботу. Хоць і не знайшлі ў Ім ніякай віны, годнай сьмерці, яны прасілі Пілата забіць Яго. А калі споўнілі ўсё, што аб Ім напісана, зьнялі з крыжа і паклалі ў магіле. Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, і Ён праз шмат дзён яўляўся тым, што прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і цяпер сьведчаць аб Ім перад народам. І мы вам абвяшчаем Добрую вестку, што абяцаньне, дадзенае айцом, Бог споўніў нам, дзецям іхнім, уваскрасіўшы Ісуса. (13:25-33а)


Алілуя (Пс 91:13,14). Праведнік як пальма зацьвіце, як кедр лібанскі разрасьцецца.

Верш. Пасаджаны ў доме Гасподнім, ён расьцьвіце на панадворку Бога нашага.


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Марка

У той час цар Ірад дачуўся пра Ісуса, бо Ягонае імя стала вядомым, і сказаў: "Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос, і дзеля гэтага дзеюцца цуды". Іншыя ж казалі: "Гэта Ільля", а іншыя: "Гэта прарок, ці адзін з прарокаў". Ірад жа, пачуўшы, сказаў: "Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых". Бо Ірад загадаў схапіць Яна і трымаў яго, зьвязанага, у вязьніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Піліпа, якую ён узяў сабе за жонку. Бо Ян казаў Іраду: "Нельга табе мець жонку брата свайго". Ірадыяда, поўная злосьці на яго, хацела забіць яго, але не магла. Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і сьвяты, і бараніў яго. Калі ён (Ірад) слухаў яго, ён адчуваў вялікую трывогу, тым ня менш слухаў яго з ахвотаю. І вось надышла зручная хвіліна, калі Ірад у дзень свайго нараджэньня справіў бяседу для сваіх дастойнікаў, вайсковых начальнікаў і знатных людзей Галілеі. Калі дачка Ірадыяды ўвайшла і танцавала, яна дагадзіла Іраду і ягоным застольнікам. Цар сказаў дзяўчаці: "Прасі ў мяне, што хочаш, і дам табе". І нават пакляўся: "Дам табе, што папросіш, нават палову майго царства". Яна выйшла і спытала ў маці: "Што мне прасіць?". А тая сказала: "Галаву Яна Хрысьціцеля". І адразу ўвайшла хутка да цара і папрасіла, кажучы: "Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля". І засмуціўся вельмі цар, але дзеля клятвы і гасьцей не захацеў адмовіць ёй. І адразу, паслаўшы ката, загадаў прынесьці ягоную галаву. Той, пайшоў і сьцяў яго ў вязьніцы. І прынёс галаву на талерцы і даў дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй маці. А вучні Яна, даведаўшыся аб гэтым, прыйшлі, забралі ягонае цела і паклалі ў магіле.

Тады апосталы сабраліся ў Ісуса і расказалі Яму ўсё што зрабілі і чаму навучалі. (6:14-30)


Прычасьнік (Пс 111:6-7). Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад