Галоўная > Першы тыдзень Посту > І нядзеля посту - Нядзеля Праваслаўя

І нядзеля посту - Нядзеля Праваслаўя


19 красавіка 2008.

ВЯЧЭРНЯ


На "Госпадзе, Цябе клічу..." шэсьць песьняў нядзельных адпаведнага тону, пасьля чатыры наступныя (Тон 6):

Прарокі, натхнёныя Духам, прадказалі аб Табе, што Ты, які ня маеш пачатку і які раней за заранку зазьзяў з бесьцялеснага ўлоньня Айца, меў стацца дзіцяткам, прыняць цела ад Дзевы, злучыцца з родам людзкім і зрабіцца бачным для тых, што на зямлі. Малітвамі іх, у Тваёй міласэрнасьці зрабі годнымі Твайго сьвятла нас, якія славім Тваё невыказнае і сьвятое ўваскрасеньне.

Богам натхнёныя прарокі прапаведавалі Цябе словам, ушанавалі ўчынкамі, і як узнагароду атрымалі вечнае жыцьцё. Яны рашуча адмовіліся пакланяцца стварэньню, а не Табе, Творцу і Госпаду ўсяго; адракліся ад сьвету дзеля Евангельля, і цярпеньньнямі сваімі прыпадобніліся да Цябе і пакутаў Тваіх, якія яны прадказалі. Малітвамі іх зрабі нас годнымі правесьці час посту беззаганна, адзіны Шматміласэрны.

Незьмяшчальны як Бог, у апошнія дні Ты ўмясьціўся ў целе і захацеў стацца чалавекам, прыняўшы ўсю ягоную прыроду. Дзеля гэтага мы прадстаўляем падабенства Тваё ў вонкавым вобразе і, пераймаючы звычаі боскіх апосталаў, аддаем пашану яму, атрымліваючы ласку аздараўленьняў і ўзмацняючыся ў любові Тваёй.

Быццам каштоўны скарб, Царква Хрыстовая шануе сьвятыя іконы Хрыста Збавіцеля, Божай Маці і ўсіх сьвятых. Сьвяткуючы іхняе ўзнаўленьне, яна прасьвятляецца і красуецца ласкаю і, адкіуўшы ўсе ілжывыя вучэньні, радасна славіць Чалавекалюбца Бога, які дзеля яе пацярпеў дабравольныя мукі.

Слава ...

(Тон 2): Ласка праўды зазьзяла нам: тайніца, раней цьмяна прадбачаная, сёньня яўна атрымала сваё спаўненьне. Вось Царква ўпрыгожылася, быццам каштоўнай вопраткай, вобразам уцелаўлёнага Хрыста, што быў некалі прадвешчаны Ківотам Запавету, і што мае ў сабе правую веру. Цьвёрда трымаючыся іконы Хрыста і аддаючы ёй пашану, мы не ўпадзем у спакусу. Хай будуць пасаромленыя ўсе тыя, што вераць інакш: нашая слава – вобраз Таго, хто прыняў цела: з пашаню цалуем яго, не абагаўляючы, і ўсклікнем разам з усімі вернымі: "Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой".

Цяпер ...

Дагматык належнага тону.


Вершапесьні нядзельныя належнага тону.

Слава ...

(Тон 2): Прыйшоўшы ад нязбожнасьці да праўдзівай веры і прасьвятліўшы сьвятлом пазнаньня розум, будзем пляскаць у далоні і голасна пяяць, аддаючы хвалу і падзяку Богу. Адкінем нязбожныя ілжывыя вучэньні і з належнай пашанай паклонімся вобразам Хрыста, Багародзіцы, і ўсіх сьвятых, што намалёваныя на сьценах, на дошках і на сьвятых посудах. Бо, як кажа Базыль, гонар, які аддаецца вобразу, пераходзіць на таго, каго ён прадстаўляе. Малітвамі Найчыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых, молім Цябе, Хрысьце Божа наш, дараваць нам багацьце Твайго зьмілаваньня.

Цяпер ...

(Тон 2): Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла без мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцтка на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашы.


Адпушчальныя трапары

Трапар нядзельны належнага тону

Слава ...

Трапар Нядзелі Праваслаўя (Тон 2): Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы дараваньня правінаў нашых, Хрысьце Божа, бо Ты захацеў дабравольна целам узысьці на крыж, каб вызваліць стварэньні Твае з варожай няволі. Дзеля гэтага мы з удзячнасьцю ўсклікаем Табе: Ты напоўніў радасьцю ўсё, Збавіцелю наш, прыйшоўшы збавіць сьвет.

Цяпер ...

Багародзічны (Тон 2): Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.


ЮТРАНЬ


На "Госпад – Бог..." трапары як у канцы вячэрні.

Ютрань нядзельная належнага тону. Пасьля Пс 50: "Пакаяньня дзьверы..."


КАНОН (Тон 4)

Канон нядзельны належнага тону і Нядзелі праваслаўя (дзевятая песьня): Ірмасы апошняга сьпяваюцца як катавасіі.

Песьня 1

Ірмас: Глыбіню Чырвонага мора Ізраіль некалі перайшоў, не замачыўшы ног; і, калі Майсей трымаў крыжападобна рукі, сілу Амалека ў пустыні перамог.

Песьня 3.

Ірмас: Весяліцца ў Табе, Хрысьце, царква Твая і ўсклікае: "Ты мая сіла, Госпадзе, і прыстанішча, і ўмацаваньне".


Сядальная песьня (Тон 1): Прадстаўляючы Твой вобраз на іконах, Хрысьце, мы адкрыта прапаведуем Тваё нараджэньне, Твае невыказныя цуды і дабравольную сьмерць на Крыжы. Такім чынам бесы ў страху ўцякаюць, а іхнія паплечнікі, што адкідаюць праўдзівую веру, пакрытыя сорамам, плачуць.

Слава ...: Вобразамі прарокаў, апосталаў, мучанікаў і ўсіх сьвятых красуецца нябесная Маці–Сыён, упрыгожаная славаю духоўнага Жаніха і Нявесты.

Цяпер ...: Ты, Усячыстая, явілася ахоўніцай і магутнай заступніцай усіх, што з любоўю шануюць Тваю сьвятую ікону, аднадушна вызнаюць Цябе існаю Божаю Маці і ў веры пакланяюцца Табе, і адганяеш ад іх усё ліхое, бо Ты можаш усё.

Песьня 4.

Ірмас: Убачыўшы Цябе, Сонца справядлівасьці, узьнесеным на крыжы, Царква, стаўшы з належнай пашанаю, усклікнула: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Песьня 5.

Ірмас: Ты, Госпадзе мой, – сьвятло, што прыйшло на сьвет; Ты – сьвятое сьвятло, якое навяртае з цемры няведаньня тых, што з вераю славяць у песьнях Цябе.

Песьня 6.

Ірмас: "Прынясу Табе, Госпадзе, ахвяру хвалы – Царква кліча, – ачысьціўшыся ад бесаўскае крыві крывёю, што пацякла з боку Твайго дзеля міласэрнасьці Тваёй".


Кандак (Тон 8): Незьмяшчальнае Айцоўскае Слова зьмясьцілася ў целе, узятым ад цябе, Багародзіца, і апаганены вобраз вярнула да ранейшага стану, злучыўшы яго з Боскай красой. Дзеля гэтага мы, вызнаем збаўленьне нашае словам і на справе, і прадстаўляем Яго на іконе.

Ікас. Некалі Богам натхнёныя прарокі, атрымаўшы аб'яўленьне, прадвясцілі вось гэтую таямніцу Божага провіду дзеля нас, якія жывем у канцы вякоў. Атрымаўшы Боскае разуменьне, мы вызнаем адзінага Госпада Бога ў трох асобах, пакланяемся Яму, і Яму адзінаму служым; апрануўшыся ў Хрыста, маем адзіную веру і адзіны хрост. Мы вызнаем Збаўленьне наша словам і на справе, і прадстаўляем Яго на іконе.

Песьня 7.

Ірмас: У печы хальдэйскай юнакі Абрагамавы, апаленыя любоўю набожнасьці, а ня полымем, клікалі: "Блаславёны Ты ў сьвятыні славы Тваёй, Госпадзе".

Песьня 8.

Ірмас: Распасьцёршы рукі, Даніла заткнуў пашчы львоў; рупліўцы набожнасьці, юнакі, сілу агню пагасілі. Падперазаўшыся дабрадзейнасьцю, яны клікалі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!"

Песьня 9.

Ірмас: Ад Цябе, Дзева, Гара нясечаная, адкалоўся Камень вуглавы, нерукасечны – Хрыстос, які злучыў у сабе дзьве прыроды. Дзеля гэтага, радуючыся, Цябе, Багародзіца, узьвялічваем.

Убачыўшы сьвятую Царкву, нанова ўпрыгожаную іконамі, пойдзем усе пабожна і засьпявайма Богу: "Узьвялічваем Цябе, Тройчы Сьвяты!"

Царква прыдбала вялікі гонар і славу Тваім, Уладару, Крыжом, пачэснымі іконамі і выявамі сьвятых, і з вясельлем і радасьцю ўзьвялічвае Цябе.

Прасьвятлі, Усядобры, Тваёю Боскаю славаю Царкву Тваю і людзей, атачы іх сіламі анельскамі, што адганяюць лютых ворагаў.

Слава ... цяпер ...: Прысуд на прамаці Эву быў адменены, калі Ты, Багародзіца чыстая, нарадзіла невыказна Ўладара ўсіх, чыё падабенства сёньня цалуем на іконах.


Экзапастыляр чарговы ўваскросны і наступныя:

Слава ...: Заграйце, запляскайце і радасна засьпявайце! Усклікніце: "Як цудоўныя і дзівосныя творы Твае, Хрысьце!" Хто зможа расказаць пра ўсе Твае магутныя ўчынкі, Спасе, які злучыў нас у аднадумстве і суладзьдзі ў адну Царкву.

Цяпер ...: Зброя варожая сёньня сталася бясьсільнай, і памяць пра яе з шумам счэзла: гледзячы на сьвятыню Тваю, Усячыстая, цудоўна ўпрыгожаную ласкаю пачэсных іконаў, поўнімся ўсе радасьцю.


Пахвальныя псалмы

Пяць уваскросных і наступныя:

(Тон 4): Сёньня, Чалавекалюбча, цешыцца Табою, сваім Творцам і Жаніхом, Царква, якую ты воляю сваёю зьбярог ад ідальскай маны і заручыў сабе сваёй пачэснаю Крывёю. Яна ўрачыста ўхваляе выстаўленьне сьвятых іконаў, радасна сьпявае і верна славіць Цябе.

Верш: Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Вобраз Твой у целе, Госпадзе, з любоўю цалуем і выяўляем вялікую тайніцу Твайго провіду: Ты явіўся нам ня ўяўна, як кажуць багаборцы, але сапраўды ў целе як чалавек. Таму іконы, якія паказваюць Цябе, памагаюць нам любіць Цябе і ўмацоўваюць жаданьне быць з Табою.

Верш: Узьвесялюся і ўзрадуюся ў Табе, і буду пяяць імю Твайму, Усявышні.

Сёньня настаў дзень поўны радасьці і весялосьці, бо краса праўдзівых догмаў зіхаціць і зьзяе. Царква Хрыстовая ўпрыгожваецца адноўленымі сьвятымі іконамі і сьветлымі вобразамі, і суладзьдзе верных, Богу прыемнае, зноў пануе.

Верш: Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

(Тон 6): Майсей у час посту атрымаў Закон і навярнуў людзей. Ільля пасьля посту неба зачыніў. Тры юнакі Абрагамавы пастом адолелі беззаконнага мучыцеля. Дай нам, Спасе, пастом асягнуць уваскрасеньне, каб нам запяяць: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

Слава ...: тое самае.

Цяпер ...: Найблаславёная Ты...


ЛІТУРГІЯ

Сьвятога Базыля Вялікага


Трапары:

Трапар нядзельны належнага тону.

Трапар нядзелі Праваслаўя (Тон 2): Усячыстаму вобразу ... (Гл. вышэй)

Слава ...

Кандак Нядзелі Праваслаўя (Тон 8): Незьмяшчальнае Айцоўскае Слова зьмясьцілася ў целе, узятым ад Цябе, Багародзіца, і апаганены вобраз вярнула да ранейшага стану, злучыўшы яго з Боскай красой. Дзеля гэтага мы, вызнаючы збаўленьне наша словам і на справе, прадстаўляем Яго на іконе.

Цяпер ...

Кандак Багародзіцы (Тон 8): Магутная Ўладарка Багародзіца, мы, верныя слугі Твае, выбаўленыя Табою ад бедаў, песьні ўдзячнасьці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усякіх напасьцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць Табе: "Радуйся, Дзева Маці!"


Пракімен (Дан. 3:26,27): Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца навекі.

Верш: Бо справядлівасьць Твая яўная ва ўсім, што Ты ўчыніў для нас.


Апостал: Гэб. 11:24–26, 32–40; 12:1–2


Алілуя (Пс. 98:6,7): Майсей і Аарон – сьвятары Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго.

Верш: Клікалі Госпада, і Ён пачуў іх.


Евангельле: Ян 1:43–51


Задастойнік: У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне – сабор анёлаў і род людзкі, – асьвячаны хораме і раю духоўны, пахвала дзеваў; ад Цябе Бог прыняў цела і стаўся дзіцяткам, Бог наш спрадвечны: улоньне Тваё Ён зрабіў пасадам сваім, і нутро Тваё ўчыніў больш прасторным за неба. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне: слава Табе.



Вярнуцца назад