ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу..." шэсьць песьняў нядзельных
адпаведнага тону, пасьля чатыры наступныя (Тон 6):
Прарокі, натхнёныя Духам, прадказалі аб Табе, што Ты, які ня
маеш пачатку і які раней за заранку зазьзяў з бесьцялеснага ўлоньня Айца, меў
стацца дзіцяткам, прыняць цела ад Дзевы, злучыцца з родам людзкім і зрабіцца
бачным для тых, што на зямлі. Малітвамі іх, у Тваёй міласэрнасьці зрабі годнымі
Твайго сьвятла нас, якія славім Тваё невыказнае і сьвятое ўваскрасеньне.
Богам натхнёныя прарокі прапаведавалі Цябе словам, ушанавалі
ўчынкамі, і як узнагароду атрымалі вечнае жыцьцё. Яны рашуча адмовіліся
пакланяцца стварэньню, а не Табе, Творцу і Госпаду ўсяго; адракліся ад сьвету
дзеля Евангельля, і цярпеньньнямі сваімі прыпадобніліся да Цябе і пакутаў Тваіх,
якія яны прадказалі. Малітвамі іх зрабі нас годнымі правесьці час посту
беззаганна, адзіны Шматміласэрны.
Незьмяшчальны як Бог, у апошнія дні Ты ўмясьціўся ў целе і
захацеў стацца чалавекам, прыняўшы ўсю ягоную прыроду. Дзеля гэтага мы
прадстаўляем падабенства Тваё ў вонкавым вобразе і, пераймаючы звычаі боскіх
апосталаў, аддаем пашану яму, атрымліваючы ласку аздараўленьняў і ўзмацняючыся ў
любові Тваёй.
Быццам каштоўны скарб, Царква Хрыстовая шануе сьвятыя іконы
Хрыста Збавіцеля, Божай Маці і ўсіх сьвятых. Сьвяткуючы іхняе ўзнаўленьне, яна
прасьвятляецца і красуецца ласкаю і, адкіуўшы ўсе ілжывыя вучэньні, радасна
славіць Чалавекалюбца Бога, які дзеля яе пацярпеў дабравольныя мукі.
Слава ...
(Тон 2): Ласка праўды зазьзяла нам: тайніца, раней
цьмяна прадбачаная, сёньня яўна атрымала сваё спаўненьне. Вось Царква
ўпрыгожылася, быццам каштоўнай вопраткай, вобразам уцелаўлёнага Хрыста, што быў
некалі прадвешчаны Ківотам Запавету, і што мае ў сабе правую веру. Цьвёрда
трымаючыся іконы Хрыста і аддаючы ёй пашану, мы не ўпадзем у спакусу. Хай будуць
пасаромленыя ўсе тыя, што вераць інакш: нашая слава – вобраз Таго, хто прыняў
цела: з пашаню цалуем яго, не абагаўляючы, і ўсклікнем разам з усімі вернымі:
"Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой".
Цяпер ...
Дагматык належнага тону.
Вершапесьні нядзельныя належнага тону.
Слава ...
(Тон 2): Прыйшоўшы ад нязбожнасьці да праўдзівай
веры і прасьвятліўшы сьвятлом пазнаньня розум, будзем пляскаць у далоні і
голасна пяяць, аддаючы хвалу і падзяку Богу. Адкінем нязбожныя ілжывыя вучэньні
і з належнай пашанай паклонімся вобразам Хрыста, Багародзіцы, і ўсіх сьвятых,
што намалёваныя на сьценах, на дошках і на сьвятых посудах. Бо, як кажа Базыль,
гонар, які аддаецца вобразу, пераходзіць на таго, каго ён прадстаўляе. Малітвамі
Найчыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых, молім Цябе, Хрысьце Божа наш, дараваць нам
багацьце Твайго зьмілаваньня.
Цяпер ...
(Тон 2): Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды!
Хто калі бачыў Маці, якая радзіла без мужа і на руках насіла Таго, хто трымае
ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцтка
на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца за тых,
што шануюць Цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашы.
Адпушчальныя трапары
Трапар нядзельны належнага тону
Слава ...
Трапар Нядзелі Праваслаўя (Тон 2): Усячыстаму
вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы дараваньня правінаў нашых, Хрысьце
Божа, бо Ты захацеў дабравольна целам узысьці на крыж, каб вызваліць стварэньні
Твае з варожай няволі. Дзеля гэтага мы з удзячнасьцю ўсклікаем Табе: Ты напоўніў
радасьцю ўсё, Збавіцелю наш, прыйшоўшы збавіць сьвет.
Цяпер ...
Багародзічны (Тон 2): Вышэй за розум усяслаўныя
тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна
сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.
|