Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » І нядзеля посту - Нядзеля Праваслаўя


 

 

І нядзеля посту - Нядзеля Праваслаўя

ЮТРАНЬ


На "Госпад – Бог..." трапары як у канцы вячэрні.

Ютрань нядзельная належнага тону. Пасьля Пс 50: "Пакаяньня дзьверы..."


КАНОН (Тон 4)

Канон нядзельны належнага тону і Нядзелі праваслаўя (дзевятая песьня): Ірмасы апошняга сьпяваюцца як катавасіі.

Песьня 1

Ірмас: Глыбіню Чырвонага мора Ізраіль некалі перайшоў, не замачыўшы ног; і, калі Майсей трымаў крыжападобна рукі, сілу Амалека ў пустыні перамог.

Песьня 3.

Ірмас: Весяліцца ў Табе, Хрысьце, царква Твая і ўсклікае: "Ты мая сіла, Госпадзе, і прыстанішча, і ўмацаваньне".


Сядальная песьня (Тон 1): Прадстаўляючы Твой вобраз на іконах, Хрысьце, мы адкрыта прапаведуем Тваё нараджэньне, Твае невыказныя цуды і дабравольную сьмерць на Крыжы. Такім чынам бесы ў страху ўцякаюць, а іхнія паплечнікі, што адкідаюць праўдзівую веру, пакрытыя сорамам, плачуць.

Слава ...: Вобразамі прарокаў, апосталаў, мучанікаў і ўсіх сьвятых красуецца нябесная Маці–Сыён, упрыгожаная славаю духоўнага Жаніха і Нявесты.

Цяпер ...: Ты, Усячыстая, явілася ахоўніцай і магутнай заступніцай усіх, што з любоўю шануюць Тваю сьвятую ікону, аднадушна вызнаюць Цябе існаю Божаю Маці і ў веры пакланяюцца Табе, і адганяеш ад іх усё ліхое, бо Ты можаш усё.

Песьня 4.

Ірмас: Убачыўшы Цябе, Сонца справядлівасьці, узьнесеным на крыжы, Царква, стаўшы з належнай пашанаю, усклікнула: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Песьня 5.

Ірмас: Ты, Госпадзе мой, – сьвятло, што прыйшло на сьвет; Ты – сьвятое сьвятло, якое навяртае з цемры няведаньня тых, што з вераю славяць у песьнях Цябе.

Песьня 6.

Ірмас: "Прынясу Табе, Госпадзе, ахвяру хвалы – Царква кліча, – ачысьціўшыся ад бесаўскае крыві крывёю, што пацякла з боку Твайго дзеля міласэрнасьці Тваёй".


Кандак (Тон 8): Незьмяшчальнае Айцоўскае Слова зьмясьцілася ў целе, узятым ад цябе, Багародзіца, і апаганены вобраз вярнула да ранейшага стану, злучыўшы яго з Боскай красой. Дзеля гэтага мы, вызнаем збаўленьне нашае словам і на справе, і прадстаўляем Яго на іконе.

Ікас. Некалі Богам натхнёныя прарокі, атрымаўшы аб'яўленьне, прадвясцілі вось гэтую таямніцу Божага провіду дзеля нас, якія жывем у канцы вякоў. Атрымаўшы Боскае разуменьне, мы вызнаем адзінага Госпада Бога ў трох асобах, пакланяемся Яму, і Яму адзінаму служым; апрануўшыся ў Хрыста, маем адзіную веру і адзіны хрост. Мы вызнаем Збаўленьне наша словам і на справе, і прадстаўляем Яго на іконе.

Песьня 7.

Ірмас: У печы хальдэйскай юнакі Абрагамавы, апаленыя любоўю набожнасьці, а ня полымем, клікалі: "Блаславёны Ты ў сьвятыні славы Тваёй, Госпадзе".

Песьня 8.

Ірмас: Распасьцёршы рукі, Даніла заткнуў пашчы львоў; рупліўцы набожнасьці, юнакі, сілу агню пагасілі. Падперазаўшыся дабрадзейнасьцю, яны клікалі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!"

Песьня 9.

Ірмас: Ад Цябе, Дзева, Гара нясечаная, адкалоўся Камень вуглавы, нерукасечны – Хрыстос, які злучыў у сабе дзьве прыроды. Дзеля гэтага, радуючыся, Цябе, Багародзіца, узьвялічваем.

Убачыўшы сьвятую Царкву, нанова ўпрыгожаную іконамі, пойдзем усе пабожна і засьпявайма Богу: "Узьвялічваем Цябе, Тройчы Сьвяты!"

Царква прыдбала вялікі гонар і славу Тваім, Уладару, Крыжом, пачэснымі іконамі і выявамі сьвятых, і з вясельлем і радасьцю ўзьвялічвае Цябе.

Прасьвятлі, Усядобры, Тваёю Боскаю славаю Царкву Тваю і людзей, атачы іх сіламі анельскамі, што адганяюць лютых ворагаў.

Слава ... цяпер ...: Прысуд на прамаці Эву быў адменены, калі Ты, Багародзіца чыстая, нарадзіла невыказна Ўладара ўсіх, чыё падабенства сёньня цалуем на іконах.


Экзапастыляр чарговы ўваскросны і наступныя:

Слава ...: Заграйце, запляскайце і радасна засьпявайце! Усклікніце: "Як цудоўныя і дзівосныя творы Твае, Хрысьце!" Хто зможа расказаць пра ўсе Твае магутныя ўчынкі, Спасе, які злучыў нас у аднадумстве і суладзьдзі ў адну Царкву.

Цяпер ...: Зброя варожая сёньня сталася бясьсільнай, і памяць пра яе з шумам счэзла: гледзячы на сьвятыню Тваю, Усячыстая, цудоўна ўпрыгожаную ласкаю пачэсных іконаў, поўнімся ўсе радасьцю.


Пахвальныя псалмы

Пяць уваскросных і наступныя:

(Тон 4): Сёньня, Чалавекалюбча, цешыцца Табою, сваім Творцам і Жаніхом, Царква, якую ты воляю сваёю зьбярог ад ідальскай маны і заручыў сабе сваёй пачэснаю Крывёю. Яна ўрачыста ўхваляе выстаўленьне сьвятых іконаў, радасна сьпявае і верна славіць Цябе.

Верш: Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Вобраз Твой у целе, Госпадзе, з любоўю цалуем і выяўляем вялікую тайніцу Твайго провіду: Ты явіўся нам ня ўяўна, як кажуць багаборцы, але сапраўды ў целе як чалавек. Таму іконы, якія паказваюць Цябе, памагаюць нам любіць Цябе і ўмацоўваюць жаданьне быць з Табою.

Верш: Узьвесялюся і ўзрадуюся ў Табе, і буду пяяць імю Твайму, Усявышні.

Сёньня настаў дзень поўны радасьці і весялосьці, бо краса праўдзівых догмаў зіхаціць і зьзяе. Царква Хрыстовая ўпрыгожваецца адноўленымі сьвятымі іконамі і сьветлымі вобразамі, і суладзьдзе верных, Богу прыемнае, зноў пануе.

Верш: Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

(Тон 6): Майсей у час посту атрымаў Закон і навярнуў людзей. Ільля пасьля посту неба зачыніў. Тры юнакі Абрагамавы пастом адолелі беззаконнага мучыцеля. Дай нам, Спасе, пастом асягнуць уваскрасеньне, каб нам запяяць: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

Слава ...: тое самае.

Цяпер ...: Найблаславёная Ты...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст