Галоўная > Біблійныя пераклады а.Аляксандра Надсана > Псалтыр Давіда (Пс. 77-150)

Псалтыр Давіда (Пс. 77-150)


27 лютага 2011.
<< Катызмы 1-10 (Пс. 1-76)
Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 11

Псалом 77

Навука Асафа

Слухайце, людзі мае, маёй навукі;* прыслухайцеся да словаў вуснаў маіх.

У прыповесьцях раскрыю вусны мае, * аб'яўлю таямніцы мінулых вякоў.

Што мы чулі і што ўведалі, * і што айцы нашыя расказалі нам,

Не схаваем перад іхнімі сынамі, * раскажам будучаму пакаленьню пра хвалу Госпада і магутнасьць Ягоную, * пра цуды, якія Ён учыніў.

Бо Ён даў запаветы Якубу, устанавіў у Ізраілю закон, * які загадаў нашым айцам перадаваць іхнім сыном,

Каб прышлае пакаленьне - сыны, што маюць нарадзіцца, * - ведала і ў свой час расказала дзецям сваім,

Што трэба ўскладаць надзею на Бога і не забываць дзеяў Божых, * але сьцерагчы Ягоныя запаветы.

Хай яны ня будуць як іхнія бацькі, - пакаленьнем упартым і непаслухмяным, * пакаленьнем бяз правага сэрца і духа, вернага Богу.

Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, * падаліся назад у дзень бітвы.

Яны не захавалі саюзу з Богам, * адмовіліся выконваць Ягоны Закон.

Яны забыліся на Ягоныя дзеі і цуды, * якія Ён явіў ім.

Перад вачыма іхніх айцоў* Ён рабіў цуды ў Ягіпскай зямлі, на полі Таніс.

Разьдзяліў мора, а іх правёў праз яго, * і воды паставіў сьцяною.

Удзень вёў іх хмараю, * а праз усю ноч - зьзяньнем агню.

Расьсек скалу ў пустэльні* і напаіў іх, нібы з вялікае бездані.

Вывеў струмені са скалы, * і вада пацякла ракою.

Але яны далей грашылі супраць Яго, * зьневажалі Найвышэйшага ў пустэльні.

Спакушалі Бога ў сэрцах сваіх, * жадалі прысмакаў сабе.

Гаварылі супраць Бога, казалі: * „Ці Бог можа прыгатаваць стол у пустэльні?

Вось Ён ударыў скалу, * і пацякла вада, паліліся струмені:

Ці Ён зможа таксама даць хлеб* або прыгатаваць мяса людзям сваім ?"

Госпад пачуў гэта і разгневаўся, * агонь загарэўся супраць Якуба, і гнеў узьняўся супраць Ізраіля,

За тое, што не паверылі Богу, * ня мелі даверу ў Ягоную дапамогу.

Ён загадаў хмарам з вышыняў* і адчыніў дзьверы неба,

І паслаў, быццам дождж, манну, каб яны елі - даў ім хлеб нябесны.

Чалавек еў хлеб анельскі: * паслаў ім харчу ўдосталь.

Ён узьняў у небе вецер з усходу, * віхор з поўдня навёў сілаю сваёю.

І паслаў ім, быццам пыл, мяса* - птушак крылатых, быццам пясок марскі.

І падалі яны сярод іхняга стану, * вакол іхніх намётаў.

І яны елі і насыцілся: * Ён даў ім тое, чаго яны жадалі.

Але яшчэ не наталілі яны свайго жаданьня, * яшчэ ежа была ў іхніх вуснах,

Як гнеў Божы разгарэўся супраць іх; * Ён загубіў іхніх дастойнікаў, і юнакоў Ізраілевых паваліў.

Але яны далей грашылі* і ня верылі Ягоным цудам.

Таму Ён зьвёў на нішто іхнія дні, * і гады іхнія раптоўна скараціў.

Калі Ён іх забіваў, яны шукалі Яго* і, навярнуўшыся, зноў зьвярталіся да Бога.

І прыгадалі сабе, што Бог - іхняя скала, * Бог усявышні - іхні Збавіцель.

Але ашуквалі Яго вуснамі сваімі, * і хлусілі Яму языком сваім.

Іхняе сэрца не было шчырае перад Ім, * і яны не захавалі вернасьці Ягонаму саюзу.

Але Ён, заўжды міласэрны, * адпускаў ім іхнія правіны, не губіў іх,

І часта таймаваў свой гнеў, * і не даваў ім адчуць усю сілу свайго абурэньня.

Ён памятаў, што яны - толькі цела, * подых, што выходзіць і не вяртаецца.

Колькі разоў яны рабілі Яму прыкрасьці ў пустэльні, * і засмучалі Яго ў бязлюднай краіне!

Зноў і зноў спакушалі Бога, * і зьневажалі Сьвятога Ізраіля.

Не памяталі яны Ягонай рукі, * ні дня, калі Ён вызваліў іх з няволі,

Калі рабіў знакі ў Ягіпце* і цуды на полі Таніс:

Іхнія рэкі і струмені ён перамяніў у кроў, * каб не маглі піць з іх.

Наслаў на іх мухаў, каб іх кусалі, * і жабаў ім на загубу.

Іхні ўраджай аддаў вусеням, * а плод іхняй працы - саранчы.

Вінаград іхні выбіў градам, * а смаўкоўніцы памарозіў.

Жывёлу іхнюю аддаў граду, * а статкі - маланкам.

Наслаў на іх полымя гневу свайго: абурэньне, пагрозу і напасьці* - навалу пасланцоў няшчасьця.

Даў волю гневу свайму, не захаваў іхніх душаў ад сьмерці, * жыцьцё іхняе аддаў пошасьці.

І забіў кожнага першароднага ў Ягіпце, * першыя плады ў намётах Хама.

А народ свой вывеў, быццам авечак, * быццам статак вёў іх па пустыні.

Вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, * а мора пакрыла іхніх ворагаў.

І прывёў іх да сьвятой зямлі сваёй, * да гары, якую набыла Ягоная правіца;

І выгнаў перад імі народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў ім у спадчыну, * а ў іхніх намётах даў жыць пакаленьням Ізраіля.

Але яны спакушалі і смуцілі Бога Найвышэйшага, * і не захоўвалі Ягоных запаветаў.

Адступалі і здраджвалі, як і іхнія айцы, * назад вярталіся, як падманлівы лук.

Яны выклікалі гнеў Ягоны сваімі курганамі, * і рэўнасьць сваімі ідаламі.

Бог пачуў і загарэўся гневам, * і моцна абурыўся на Ізраіля;

Пакінуў жытло ў Сілааме, * скінію, у якой жыў сярод людзей,

І аддаў у няволю Моц сваю, * Хвалу сваю ў рукі ворагаў.

Ён аддаў пад меч народ свой, * і разгневаўся на спадчыну сваю.

Юнакоў іхніх паглынуў агонь, * а дзяўчатам іхнім не сьпявалі вясельных песьняў.

Іхнія сьвятары гінулі ад мяча, * а ўдовы ня плакалі па іх.

Але Госпад прачнуўся, быццам ад сну, * быццам волат, зьняможаны віном.

І ўдарыў ззаду ворагаў сваіх, * пакрыў іх вечным сорамам.

Адкінуў намёт Язэпа, * і ня выбраў калена Эфраіма.

Але выбраў калена Юды, * гару Сыён, якую палюбіў.

І ўзьнёс сьвятыню сваю, як неба, * і як зямлю, умацаваў яе давеку.

 Выбраў слугу свайго Давіда, * узяў яго ад статкаў авечак;

Ад дойных авечак паклікаў яго, * каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, Ягоны набытак.

І ён пасьвіў іх у правасьці сэрца свайго* і вёў дасьведчанымі рукамі.

Слава... цяпер...

Псалом 78

Псалом Асафа

Госпадзе, пагане ўвайшлі ў Тваю спадчыну, апаганілі сьвятыню Тваю, * Ерусалім ператварылі ў руіны.

Целы слугаў Тваіх аддалі на спажыву птушкам нябесным, * зьвяром зямным - целы сьвятых Тваіх.

Пралілі кроў іхнюю, быццам ваду, вакол Ерусаліму, * і не было каму пахаваць іх.

Мы сталіся прадметам пагарды для нашых суседзяў, * пасьмешышчам і сорамам для тых, што вакол нас.

Як доўга, Госпадзе? Ці ж вечна будзеш гневацца? * Ці ж абурэньне Тваё будзе гарэць, як агонь?

Вылі гнеў Твой на людзей, якія не прызнаюць Цябе, * на дзяржавы, якія ня клічуць імя Твайго.

Яны пажэрлі Якуба, * спустошылі ягонае жытло.

Не прыгадай грахоў продкаў нашых са шкодаю для нас, * хай хутка прыйдзе да нас міласэрнасьць Твая, бо мы вельмі нешчасьлівыя.

Дапамажы нам, Божа нашага збаўленьня, дзеля хвалы імя Твайго, * вызваль нас і адпусьці грахі нашыя дзеля імя Твайго.

Чаму пагане павінны казаць: „Дзе іхні Бог?" * Хай станецца на нашых вачох яўнаю сярод паганаў* помста за пралітую кроў слугаў Тваіх.

Хай стогн вязьня дойдзе да Цябе, * магутнасьцю рукі Тваёй вызваль асуджаных на сьмерць.

І павярні ў сем разоў суседзям нашым у нутро іх зьнявагу, * якую яны Табе, Госпадзе, аказалі.

Мы ж, людзі Твае і авечкі статку Твайго, будзем славіць Цябе давеку* і праз пакаленьні абвяшчаць хвалу Тваю.

 

Псалом 79

Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Псалом Асафа

Пастыру Ізраіля, слухай! * Ты, што вядзеш, быццам статак авечак, род Язэпа, і што сядзіш на хэрувімах, зазьзяй!

Перад Яфрэмам, Бэніямінам і Манасіяю* абудзі моц Тваю і прыйдзі збавіць нас.

Аднаві нас, Божа, * пакажы нам зьзяньне аблічча Твайго, і мы збавімся.

Госпадзе Божа сілаў, як доўга будзеш гневацца, * нягледзячы на малітвы людзей Тваіх?

Ты накарміў нас хлебам плачу, * і напаіў шчодра сьлязьмі.

Ты зрабіў нас пасьмешышчам сярод суседзяў, * а нашыя ворагі зьдзекуюцца з нас.

Госпадзе, Божа сілаў, аднаві нас, * пакажы нам зьзяньне аблічча Твайго, і збавімся.

З Ягіпту Ты перанёс лазу вінаградную, * прагнаў народы, пасадзіў яе.

Ты расчысьціў для яе месца, * і яна запусьціла карані і напоўніла зямлю.

Горы пакрыліся ейным ценем, * а ейным вецьцем - кедры высокія.

Пусьціла галінкі свае аж да мора, * а парасткі свае - да ракі.

Чаму Ты разбурыў ейную агароджу, * і кожны, хто міма праходзіць, абрывае яе?

Вепр дзікі падкопвае яе, * і зьвер польны яе абгрызае.

Павярніся, Божа сілаў, зірні з неба, * глянь і наведай вінаграднік гэты;

Захавай тое, што пасадзіла правая рука Твая, * парасткі, якія Ты ўмацаваў для сябе.

Тыя, што спалілі яго агнём і высеклі, * хай згінуць ад пагрозы аблічча Твайго.

Хай рука Твая будзе над мужам Тваёй правіцы, * над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для сябе.

Мы ж не адступім ад Цябе: * захавай наша жыцьцё, і мы будзем клікаць імя Тваё.

Госпадзе, Божа сілаў, аднаві нас, * пакажы нам зьзяньне аблічча Твайго, і збавімся.

 

Псалом 80

Кіраўніку хору. На Гэфскіх прыладах. Псалом Асафа

Сьпявайце радасна Богу, дапаможцу нашаму; * усклікніце Богу Якубаваму.

Вазьміце псалтыр, зайграйце на бубнах, * гусьлях мілагучных і на гусьлях.

Трубіце ў трубу парою маладзіковаю, * у азначаны час, у дзень нашага сьвята;

Бо гэта закон для Ізраіля, * загад ад Бога Якубавага.

Ён устанавіў гэта на сьвядоцтва для Язэпа, * калі той выйшаў з зямлі Ягіпскай, калі пачуў мову, якое ня знаў.

Ён скінуў цяжкую ношу з ягоных плечаў, * рукі ягоныя вызваліліся ад кашоў:

„У прыгоне ты паклікаў Мяне, * і Я цябе вызваліў;

З грымотнай хмары Я адказваў табе, * ля водаў Мэрывы выпрабоўваў цябе.

Слухай, народзе мой, Я буду сьведчыць табе. * Каб толькі ты, Ізраілю, паслухаў Мяне!

Ня будзе ў цябе чужога бога, * чужому богу ня будзеш пакланяцца:

Я - Госпад, Бог твой, які вывеў цябе з Ягіпскай зямлі; * адтулі вусны твае, і Я іх напоўню".

„Але народ Мой ня слухаў Майго голасу, * Ізраіль ня быў Мне паслухмяны.

Таму я пакінуў іх на волю іхняга цьвёрдага сэрца: * хай чыняць згодна са сваімі намерамі.

Калі б толькі народ Мой хацеў паслухаць мяне, * калі б Ізраіль пайшоў маім шляхам!

Я б хутка ўпакорыў іхніх ворагаў* і павярнуў бы руку супраць тых, хто іх прыгнятае.

Тыя, што ненавідзяць Госпада, поўзалі б перад імі, * а яны жылі б шчасьліва давеку.

Я б іх карміў адборнай пшаніцаю* і насычаў бы мёдам са скалы".

Слава... цяпер...

Псалом 81

Псалом Асафа

Бог стаў на зборы багоў, * сярод іх чыніў суд.

„Дакуль будзеце судзіць несправядліва* і спрыяць бязбожным?

Заступайцеся за беднага і за сірату, * чыніце справядлівасьць пакорліваму і ўбогаму.

Вызваляйце прыгнечанага і бедака, * ратуйце іх з рук бязбожных!"

Ня ведаюць яны, не разумеюць, у цемры блукаюць; * хістаюцца ўсе асновы зямлі.

Я сказаў: „ Вы - багі, * і ўсе вы - сыны Найвышэйшага.

Але памрэце, як усе людзі, * і ўпадзеце, як кожны з князёў".

Устань, Божа, судзі зямлю, * бо Ты ўладар і дзедзіч усіх народаў.

Псалом 82

Песьня. Псалом Асафа

Божа, не маўчы! * Не адмоўчвайся, не заставайся спакойным, Божа!

Вось замітусіліся ворагі Твае, * і тыя, што Цябе ненавідзяць, узносяць галаву.

Супраць народу Твайго ўчынілі падступна змову, * і раяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.

Кажуць: „Пойдзем, зьнішчым іх, * каб сярод народаў не згадвалася імя Ізраіля".

Сапраўды, змовіліся аднадушна, * супраць Цябе склалі хаўрус

Пасяленьні Эдому разам з ізмаэлітамі, * маабіты і агаране,

Гэвалі, Аммон, і Амалек, * філістынцы і жыхары Тыру.

Нават асырыйцы далучыліся да іх, * падтрымалі плячом сваім сыноў Лота.

Зрабі ім тое, што Мадыяму і Сісару, * што Явіну каля патоку Кісон,

Якія згінулі ў Аэндоры, * сталіся гноем зямлі.

Зрабі з іхнімі князямі тое самае, што з Арывам і Зінам, * а з іхнімі правадырамі, што з Забэем і Сальмонам,

Якія казалі: * „Возьмем сабе краіну Божую".

Божа мой, зрабі іх падобнымі да саломы на ветры, * да пылу, які гоніць віхор.

Як агонь, што паліць лес, * і як полымя, што апальвае горы,

Так Ты гані іх бураю Тваёю, * і навальніцаю Тваёю ўчыні перапалох сярод іх.

Пакрый іхнія твары ганьбаю, * каб яны шукалі імя Твайго, Госпадзе.

Хай іхнім удзелам будзе вечны сорам і неспакой, * хай пакрыюцца ганьбаю і згінуць.

Хай пазнаюць Цябе* і ўведаюць, што Ты адзіны,

Чыё імя - Госпад, * Найвышэйшы над усёй зямлёю.

Псалом 83

Кіраўніку хору. на Гэфскіх прыладах (на тачылах). Псалом сыноў Карэевых

Якое мілае жытло Тваё, * Госпадзе сілаў!

Душа мая ўздыхае і тужыць па двары Гасподнім. * Сэрца маё і цела рвуцца радасна да Бога жывога.

Нават малая птушка знаходзіць жытло сабе, * і ластаўка гняздо сабе, дзе б палажыць птушанятаў сваіх,

Ля аўтароў Тваіх, * Уладару мой і Божа збаўленьня майго.

Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, Госпадзе: * вечна могуць яны славіць Цябе.

Шчасьлівыя тыя, што маюць Цябе дапаможцам, * калі зьбіраюцца ў сьвятую дарогу:

Ідучы далінаю плачу, яны адкрываюць ў ёй крыніцы; * і першы дождж пакрывае іх блаславеньнем.

Пойдуць наперад з сілаю, што ўсьцяж мацнее, * убачаць Бога багоў на Сыёне.

Госпадзе Божа сілаў, пачуй малітву маю; * будзь уважлівы да мяне, Божа Якуба!

Абаронца наш, Божа! * Глянь ласкава на аблічча памазаньніка Твайго.

Сапраўды лепшы адзін дзень на панадворку Тваім за тысячы. * Стаяў бы лепш ля парогу дому Бога майго, як у палацах грэшнікаў.

Бо Госпад Бог - сонца і шчыт; * Госпад дае ласку і славу;

Тых, што жывуць цнатліва, * Ён не пазбавіць дабротаў сваіх.

Госпаде Божа сілаў, * шчасьлівы чалавек, які спадзяецца на Цябе.

Псалом 84

Кіраўніку хору. Псалом сыноў Карэевых

Ты, Госпадзе, явіў ласку зямлі Тваёй, * вярнуў з палону Якуба.

Ты адпусьціў беззаконьні людзей Тваіх, * пакрыў усе грахі іх.

Ты стрымаў лютасьць Тваю, * суняў люты гнеў Твой.

Аднаві нас, Божа збаўленьня нашага, * стрымай абурэньне Тваё на нас.

Няўжо ж будзеш вечна гневацца на нас, * доўжыць гнеў твой з пакаленьня ў пакаленьне?

Няўжо ж зноў не ажывіш нас, * каб людзі Твае цешыліся ў Табе?

Яві нам, Госпадзе, міласэрнасьць Тваю* і дай нам Тваё збаўленьне.

Паслухаю, што кажа Госпад Бог; * Ён абвяшчае супакой людзям Сваім

І сьвятым Сваім, * і ўсім, што ў сэрцах сваіх навернуцца да Яго.

Блізкае збаўленьне Ягонае да тых, што баяцца Яго, * каб слава Ягоная пасялілася ў нашай зямлі.

Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, * справядлівасьць і супакой абдымуцца.

Праўда на зямлі зьявіцца* і справядлівасьць сыдзе з нябёсаў.

Бо Госпад пашле даброты* і зямля наша дасьць плод свой.

Справядлівасьць пойдзе перад Ім, * а сьледам за Ім пойдзе збаўленьне.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 12

Псалом 85

Малітва Давіда

Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё, і пачуй мяне, * бо я бедны і ўбогі.

Сьцеражы душу маю, бо я Табе адданы; * збаў слугу Твайго, які спадзяецца на Цябе.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, * бо Цябе клічу ўвесь дзень.

Узрадуй душу слугі Твайго, * бо да Цябе, Госпадзе, узношу сэрца маё.

Бо Ты, Госпадзе, добры і ласкавы, * і шматміласэрны да тых, што клічуць Цябе.

Пачуй, Божа, малітву маю, * будзь уважлівы да голасу просьбы маёй.

У дзень суму майго клічу Цябе, * і Ты пачуеш мяне.

Між багоў няма роўнага Табе, Госпадзе, * няма ўчынкаў падобных да Тваіх.

Усе народы, створаныя Табою, прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе, * і славу аддадуць імю Твайму.

Бо Ты вялікі і творыш цуды, * Ты - Бог адзіны.

Навучы мяне, Госпадзе, шляхом Тваім, * каб мне жыць згодна з Тваёй праўдаю,

І каб сэрца маё ўсцешылася* ў страху імя Твайго.

Буду хваліць Цябе, Госпадзе Божа мой, ад усяго сэрца майго* і буду славіць імя Тваё на ўсе вякі

Бо міласэрнасьць Твая да мяне вялікая: * Ты ўзьняў душу маю з бездані апраметнай.

Божа, гордыя паўсталі супраць мяне, * і бунтаўнікі шукаюць душы маёй, не маючы Цябе перад вачамі сваімі.

Але Ты, Госпадзе Божа, шчодры і дабратлівы, * даўгацярплівы, шматміласэрны і праведны.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною; * дай сілу Тваю слузе Твайму, і збаў сына слугі Тваёй.

Дай мне знак Тваёй спагадлівасьці, * каб ненавісьнікі мае ўбачылі і засаромеліся,

Бо Ты, Госпадзе, дапамог мне* і ўсьцешыў мяне.

 

Псалом 86

Сыноў Карэевых. Псалом. Песьня

Госпад любіць брамы Сыёну, што стаіць на гарах сьвятых, * больш за ўсе паселішчы Якубавы.

Слаўнае гаворыцца пра цябе, * места Божае!

Рааб і Бабілён сярод тых, што шануюць мяне. * А вось Філістыны і Тыр, і Куш - яны ўсе нарадзіліся тут.

А пра Сыён скажуць: "Усе да аднаго нарадзіліся ў ім, * і Найвышэйшы Госпад умацаваў яго".

Госпад напіша ў кнізе народаў: * „Яны нарадзіліся тут".

І, танцуючы, запяюць яны: * „У табе ўсе мае крыніцы".

 

Псалом 87

Песьня Псалом а сыноў Карэевых. Кіраў іку хору. На мэлёдыю Махалет. Навука Емана ізраільцяніна

Госпадзе, Божа збаўленьня майго, * я клічу ўдзень і ўночы жалюся перад Табою.

Няхай дойдзе да Цябе малітва мая: * нахілі вуха Тваё да просьбаў маіх.

Душа мая сытая горам, * жыцьцё маё наблізілася да бездані.

Мяне залічаюць да тых, што зыходзяць у магілу; * я стаўся чалавекам бездапаможным.

Ложа маё між памёрлых, што ляжаць у магілах, * аб якіх Ты больш ня памятаеш, якія выпалі з-пад апекі Тваёй.

Паклаў Ты мяне ў роў глыбокі, * у цемру і бездань.

Гнеў Твой ляжыць на мне, * і Твае хвалі прыгнятаюць мяне.

Ты аддаліў мяне ад прыяцеляў маіх, зрабіў мяне прыкрым для іх, * я зачынены ў сабе і ня бачу выхаду.

Вочы мае зьнемагліся ад суму; * Цябе, Госпадзе, штодня клічу, да Цябе ўздымаю рукі мае.

Хіба ж для памерлых чыніш цуды? * Ці ж мёртвыя ўстануць, каб славіць Цябе?

Ці ж аб міласэрнасьці Тваёй расказваюць у магілах, * аб вернасьці Тваёй - у бездані?

Хіба ж цуды Твае стануцца бачнымі ў цемры, * і ласка Твая - на зямлі забыцьця?

Вось чаму, Госпадзе, Цябе клічу, * і зранку малітва мая да Цябе ўзносіцца.

Чаму, Госпадзе, Ты адкінуў душу маю, * чаму хаваеш твар Твой ад мяне?

Бедны я, і змалку знаходжуся на парозе сьмерці; * я адчуў гнеў Твой і млею.

Нада мною прайшоў гнеў Твой, * пагрозы Твае згубілі мяне.

Атачаюць яны мяне няспынна, * быццам вада, усе разам мяне абступілі.

Ты аддаліў ад мяне сябра і прыяцеля, * толькі цемра - знаёмая мне.

Слава... цяпер...

Псалом 88

Павучальная песьня Ефама ізраільцяніна

Давеку буду славіць у песьнях міласьць Госпада, * вуснамі буду абвяшчаць вернасьць Тваю ва ўсіх пакаленьнях.

Бо Ты сказаў: „Ласка ўгрунтаваная давеку";* вернасьць сваю Ты ўмацаваў на нябёсах.

„Я заключыў саюз з выбраным Маім, * кляўся слузе майму Давіду:

На век захаваю патомства тваё, * пасад твой умацую ва ўсіх пакаленьнях".

Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, * і вернасьць Тваю - хоры сьвятых.

Хто на нябёсах роўны Госпаду? * Хто сярод сыноў Божых падобны да Госпада?

Страшны Бог на зборы сьвятых, * вялікі і грозны для ўсіх, што вакол Яго.

Госпадзе, Божа сілаў, хто роўны Табе? * Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая атачае Цябе.

Ты загадваеш гордаму мору, * і ўзбураныя хвалі яго суцішаеш.

Ты патаптаў Рагаба, быццам працятага; * магутным плячом Тваім ты разагнаў ворагаў Тваіх.

Тваё неба і Твая зямля; * Ты заснаваў сусьвет, і ўсё, што яго напаўняе.

Ты стварыў Поўнач і Поўдзень; * Гэрмон і Табар у імю Тваім цешацца.

Магутнае плячо Тваё, моцная рука Твая, * высока ўзьнесеная правіца Твая.

Справядлівасьць і закон - асновы пасаду Твайго; * ласка і вернасьць ідуць перад Табою.

Блаславёныя людзі, што ўмеюць радавацца; * яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе.

Імем Тваім заўжды цешацца, * і справядлівасьць Твая ўзвышае іх.

Ты - краса іхняе сілы. * Твая прыхільнасьць уздымае ўгору рог наш.

Наш шчыт - Госпад, * і Сьвяты Ізраіля - наш уладар.

Некалі Ты гаварыў сьвятым Тваім у аб'яўленьні: * „Я ўсклаў карону на мужнага, узьняў выбранца з народу;

Знайшоў Давіда, слугу Майго, * сьвятым алеем Маім памазаў яго.

Мая рука будзе заўсёды на ім, * і плячо маё будзе ўмацоўваць яго.

Вораг ня зможа нічога супраць яго, * і беззаконьнік ня будзе яго прыцясьняць.

Скрышу праціўнікаў ягоных перад ім, * паб'ю тых, што ненавідзяць яго.

Вернасьць і ласка Мая будуць з ім, * і Маім імем рог ягоны ўзнясецца высока.

Я працягну ягоную руку на мора, * правіцу ягоную - на рэкі.

Ён будзе клікаць мяне: * "Ты Айцец мой, Бог мой, скала збаўленьня майго".

А я пастаўлю яго першародным, * найвышэйшым сярод уладароў зямлі.

Захаваю для яго міласьць Маю давеку, * саюз Мой з ім будзе непахісны.

Вечным зраблю род ягоны, * а пасад ягоны - як дні неба.

Калі ж сыны ягоныя пакінуць Мой закон, * і ня будуць хадзіць згодна з Маімі запаветамі,

Калі парушаць пастановы Мае* і ня будуць слухацца загадаў Маіх,

Розгаю буду караць іхняе злачынства, * і ўдарамі - іхнюю правіну.

Але ласкі маёй не адыму, * і не адмяню вернасьці Маёй;

Не парушу саюзу Майго, * і не зьмяню таго, што выйшла з вуснаў Маіх.

Раз прысягнуў Я сьвятасьцю Маёю: * Давіду напэўна не схлушу!

Род ягоны будзе вечна трываць, * і пасад ягоны перада Мною як сонца.

Як месяц, - верны сьведка на небе, * - ён будзе стаяць давеку".

Але вось Ты пакінуў, пагрэбаваў, * разгневаўся на памазанца Твайго.

Ты пагардзіў саюзам слугі Твайго, * зьняславіў ягоную карону на зямлі.

Ты разваліў усе ягоныя муры, * ягоныя ўмацаваньні абярнуў у руіну.

Рабуюць яго ўсе, што праходзяць міма, * ён стаўся пасьмешышчам для суседзяў сваіх.

Ты ўзьнёс угору правіцу напасьнікаў, * усьцешыў усіх ягоных ворагаў.

Ты нават адвярнуў назад вастрыё мяча ягонага, * не падтрымаў яго ў бітве.

Ты зьнішчыў ягоны бляск* і скінуў пасад ягоны на зямлю.

Ты скараціў дні ягонай маладосьці, * пакрыў яго сорамам.

Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца? * Дакуль будзе гнеў Твой гарэць, як агонь?

Прыгадай, які кароткі мой век: * якімі нязначнымі стварыў Ты ўсіх людзей!

Хто той жывы, што ня ўбачыць сьмерці, * і ўратуе душу сваю з апраметнай?

Дзе, Госпадзе, Твае ранейшыя ласкі, * якія Ты ў вернасьці Тваёй абяцаў Давіду?

Памятай, Госпадзе, пра ганьбу слугаў Тваіх, * якую ў сэрцы сваім нашу ад усіх народаў;

Як зьневажаюць праціўнікі Твае, Госпадзе, * і зьнеслаўляюць сьляды памазанца Твайго.

Хай будзе блаславёны Госпад давеку! * Хай будзе так! Хай будзе так!

Слава... цяпер...

Псалом 89

Малітва Майсея, чалавека Божага

Госпадзе, Ты быў прытулкам маім* з роду ў род.

Перш чым паўсталі горы, перад тым, як былі створаныя зямля і сусьвет, * Ты, Божа, спрадвеку і на ўсе вякі ёсьць.

Ты вяртаеш чалавека ў пыл, * кажучы: „Вяртайцеся, сыны людзкія!"

Бо тысяча гадоў у вачох Тваіх быццам дзень учарашні, што прамінуў, * і як страж начны.

Іхнія гады прападаюць, быццам сон уранку; * быццам трава, што раніцай расьце і квітнее, а вечарам, скошаная, ссыхае.

Сапраўды, мы гінем ад гневу Твайго; * суворасьць Твая напаўняе нас трывогаю.

Ты паставіў правіны нашыя перад вачыма Тваімі* і нашыя патаемныя грахі - перад сьветласьцю аблічча Твайго.

І ўсе дні нашыя зьнікаюць у гневе Тваім; * гады нашыя мінаюць, быццам уздых.

Век жыцьця нашага - семдзесят год, * а калі ў сілах - дык да васьмідзесяці;

І большасьць іх - турботы і марнасьць: * яны хутка мінаюць, і мы адлятаем.

Хто ведае сілу гневу Твайго, і суворасьць Тваю* паводле меры належнага Табе страху?

Навучы нас лічыць дні нашыя, * каб нам прыдбаць мудрасьць сэрца.

Вярніся, Госпадзе! Як доўга яшчэ? * Прыхіліся да благаньняў слугаў Тваіх.

Напоўні нас зранку міласэрнасьцю Тваёю, * каб нам цешыцца і радавацца.

Будзем радавацца і цешыцца праз усе дні, * за тыя дні, калі Ты нас упакорыў; * за гады, калі мы дазналі бяды.

Хай аб'явіцца моц Твая на слугах Тваіх, * і на сынах Тваіх - хвала Твая.

І хай будзе дабрыня Госпада Бога нашага на нас: * дай посьпех працы рук нашых, * і творы рук нашых блаславі.

Псалом 90

Хвалебная песьня Давіда

Ты, што жывеш пад апекаю Усявышняга* і ў ценю Усемагутнага прабываеш,

Скажаш Госпаду: Ты - мой прытулак, * мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.

Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца* і ад гвалтоўнай загубы.

Ён пакрые цябе пёрамі сваімі* і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.

Не збаішся жахаў начных, * ні стралы, што ляціць удзень;

Ні страху, што крыецца поцемкам; * ні мору, што ў поўдзень пустошыць.

І хоць бы тысячы палі побач з табою, * і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй, * Цябе нішто не кране.

Ты толькі глянеш навокал, * і ўбачыш адплату грэшнікам.

Бо ты сказаў: Госпад - мая абарона, * і Усявышняга выбраў сваім прыстанкам.

Ніякая бяда не сустрэне цябе, * і пошасьць не наблізіцца да жытла твайго.

Ён загадае анёлам сваім, * каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў.

На руках сваіх панясуць цябе, * каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.

На аспіда і вужа наступіш* і патопчаш льва і зьмяю.

„Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго* і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; * буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.

Доўгім жыцьцём напоўню яго* і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 13

Псалом 91

Псалом песьні ў дзень суботні

Добра ёсьць славіць Госпада* і пець хвалу імю Твайму, Усявышні:

Абвяшчаць раніцай міласьць Тваю, * і вернасьць Тваю ўночы,

На дзесяціструннай гарфе і на леры, * і з песьнямі на гусьлях.

Бо Ты, Госпадзе, усьцешыў мяне ўчынкамі Тваімі, * і я радуюся ў творах рук Тваіх.

Якія вялікія творы Твае, Госпадзе! Задумы Твае глыбокія.

Чалавек неразумны ня ведае іх, * а невук іх не разумее.

Хоць грэшнікі, быццам зельле, буяюць, і квітнеюць усе злыдні, * яны ўсё роўна згінуць на вякі.

Ты ж, Госпадзе, * вечна на вышынях.

Бо вось ворагі Твае, Госпадзе, вось ворагі Твае гінуць, * рассыпаюцца ўсе, што робяць беззаконьне.

Ты ўзьняў мой рог, быццам рог буйвала, * і я памазаны Табою найчысьцейшым алеем.

Вока маё з пагардаю глянула на ворагаў маіх, * а вушы мае пачулі радасную вестку пра паразу злыдняў, што паўсталі супраць мяне.

Праведнік, як пальма, зацьвіце, * разрасьцецца, як кедр Лібану.

Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны на панадворках Бога нашага расьцьвітуць.

Яны і ў старасьці застануцца пладавітымі, * сакавітымі і сьвежымі,

Каб сьведчыць, што Госпад - скала мая, - справядлівы, * і няма ў Ім няправеднасьці.

 

Псалом 92

У дзень перадсуботні, калі была населеная зямля. Пахвальная песьня Давіда

Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу; * апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся. * Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Пасад Твой непахісны ад пачатку сьвету, * Ты ж вечна існуеш.

Узьнімаюць рэкі, Госпадзе, узьнімаюць рэкі голас свой; * узьнімаюць рэкі голас грамавы.

Госпад на вышынях мацнейшы за рокат вод вялікіх, * больш магутны за хвалі марскія.

Сьведчаньні Твае праўдзівыя, Госпадзе: * дому Твайму належыць сьвятасьць праз усе дні.

Псалом 93

Псалом Давіда ў чацьверты дзень тыдня

Божа помсты, Госпадзе! * Божа помсты, явіся!

Судзьдзя зямлі, устань, * адплаці гордым паводле іхніх заслугаў.

Дакуль бязбожнікі, Божа, * дакуль бязбожнікі будуць хваліцца?

Дакуль будуць выхваляцца нахабныя, * усе, што робяць беззаконьне?

Яны топчуць народ Твой, Госпадзе, * і прыгнятаюць набытак Твой;

Удаву і прыхадня забіваюць, * і сіротаў зводзяць са сьвету.

Кажуць: „Госпад ня бачыць, * Бог Якуба не заўважае".

Схамяніцеся, бязглуздыя людзі! * Калі паразумнееце, невукі?

Ці ж той, хто насадзіў вуха, ня чуе? * Хто вока стварыў - ня бачыць?

Той, хто навучае народ, ня будзе караць? * Той, хто вучыць людзей розуму?

Госпад ведае думкі людзей, * бачыць іхнюю марнасьць.

Шчасьлівы той, каго Ты, Госпадзе, навучаеш* і ўмацоўваеш у Тваім законе,

Каб даць яму супакой у ліхую гадзіну, * калі капаецца грэшніку яма.

Госпад не адкіне свайго народу* і не пакіне свайго набытку.

Бо суд павернецца да справядлівасьці, * і ўсе правыя сэрцам пойдуць за ёю.

Хто ўстане бараніць мяне ад злачынцаў, * хто заслоніць мяне ад нягоднікаў?

Калі б Госпад не прыйшоў мне на дапамогу, * дык яшчэ крыху, і душа мая была б у краіне маўчаньня.

Калі кажу: „Нага мая пахіснулася",* ласка Твая, Госпадзе, падтрымлівае мяне.

Калі сэрца маё поўнае турботаў, * суцяшэньне Тваё весяліць душу маю.

Ці ж можа быць у саюзе з Табою суд няправедны, * што чыніць гвалт пад выглядам закону?

Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка, * асуджаюць кроў нявінную.

Але Госпад - мая абарона; * мой Бог - скала майго збаўленьня.

Ён павярне на іх іхнюю няправеднасьць, * і іхняя ўласная злосьць загубіць іх. * Загубіць іх Госпад, Бог наш.

Слава... цяпер...

Псалом 94

Хвалебная песьня Давіда

Прыйдзіце, будзем радасна славіць Госпада, * будзем пяяць Богу, Збавіцелю нашаму.

Станем з удзячнасьцю перад абліччам Ягоным, * у песьнях уславім Яго.

Госпад - Бог вялікі* і Уладар магутны над усёй зямлёй.

У руках Ягоных усе канцы зямлі* і вышыні гор належаць Яму.

Ягонае мора - Ён стварыў яго, * і сушы рукі Ягоныя далі выгляд.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Яго, * падзем на калені перад Госпадам, Творцам нашым.

Бо Ён Бог наш, і мы - людзі паствы Ягонай, * авечкі ў Ягонай руцэ.

Цяпер як толькі пачуеце Ягоны голас, * „Не рабіце цьвёрдымі вашыя сэрцы,

Як у Мэрры, як у дзень спакушэньня ў пустэльні,

Дзе бацькі вашыя спакушалі Мяне, * выпрабоўвалі Мяне, хоць бачылі мае дзеяньні.

Сорак гадоў засмучала Мяне гэтае пакаленьне. * І Я сказаў: Гэтыя людзі блудзяць сэрцам, і дарогаў Маіх ня ведаюць.

Таму Я пакляўся ў гневе Маім: * яны ня ўвойдуць у месца спачынку Майго".

Псалом 95

Хвалебная песьня Давіда, калі будаваўся дом пасьля палону

Сьпявайце Госпаду новую песьню; * сьпявай Госпаду, уся зямля!

Сьпявайце Госпаду, бласлаўляйце імя Ягонае, * з дня на дзень абвяшчайце Ягонае збаўленьне.

Прагалошвайце сярод народаў Ягоную славу, * сярод усіх людзей - Ягоныя цуды!

Бо Госпад вялікі і годны хвалы, * слаўны і грозны над усімі багамі.

Бо ўсе багі паганаў - ідалы; * а Госпад нябёсы стварыў.

Веліч і краса перад абліччам Ягоным, * слава і сіла ў Ягонай сьвятыні.

Аддайце Госпаду, плямёны народаў, * аддайце Госпаду славу і пашану.

Аддайце Госпаду хвалу імя Ягонага, * прынясіце дары і ўваходзьце ў Ягоны двор.

Ушануйце Госпада ў сьвятыні. * Дрыжы перад абліччам Ягоным, уся зямля.

Скажыце народам: „Госпад пануе, таму сьвет стаіць моцна і не пахісьнецца. * Ён судзіць справядліва народы".

Хай радуецца неба, хай сьвяткуе зямля; * хай зашуміць мора і ўсё, што напаўняе яго.

Хай цешыцца поле і ўсё, што на ім, * хай дрэвы ў дуброве радасна сьпяваюць

Перад абліччам Госпада: * вось Ён ідзе, ідзе судзіць зямлю.

Ён будзе судзіць сусьвет справядліва, * а ўсе народы - згодна з праўдаю сваёю.

Псалом 96

Псалом Давіда, калі парадкавалі ягоную зямлю

Госпад пануе: хай радуецца зямля, * хай цешацца выспы шматлікія.

Хмара і цемра навакол Яго; * праўда і справядлівасьць - асновы Ягонага пасаду.

Агонь ідзе перад Ім* і паліць навокал усіх Ягоных ворагаў.

Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; * зямля бачыць і дрыжыць.

Горы, быццам воск, таюць перад Госпадам, * перад Госпадам усёй зямлі.

Неба абвяшчае Ягоную справядлівасьць, * і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Хай пакрыюцца сорамам усе, што служаць балванам, што хваляцца ідаламі. * Пакланіцеся Яму, усе багі.

Сыён, пачуўшы гэта, радуецца; * усе дочкі Юды цешацца дзеля судоў Тваіх, Госпадзе.

Бо Ты, Госпадзе, велічны па-над усёй зямлёю, * незраўнана вышэйшы за ўсіх багоў.

Ненавідзьце зло ўсе, што любіце Госпада! * Ён ахоўвае душы верных сваіх, з рук грэшнікаў вызваляе іх.

Сьвятло ўзыходзіць над праведнікам, * а над тым, хто з правым сэрцам - радасьць.

Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе, * і слаўце сьвятое імя Яго.

Слава... цяпер...

Псалом 97

Псалом Давіда

Сьпявайце Госпаду новую песьню, бо Ён цуды ўчыніў. * Правая рука Ягоная і Ягонае сьвятое плячо далі Яму перамогу.

Госпад паказаў збаўленьне сваё, * перад вачыма народаў Ён явіў сваю справядлівасьць.

Ён згадаў пра міласэрнасьць сваю і вернасьць да дому Ізраіля. * Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага.

Усклікніце Госпаду па ўсёй зямлі, * радуйцеся, і весяліцеся, і сьпявайце!

Слаўце Госпада на гусьлях, * на гусьлях і голасам сьпеўным;

Пад гукі трубаў і рогу* радасна сьвяткуйце перад Уладаром Госпадам!

Хай загудзе мора і ўсё, што напаўняе яго, * сусьвет і ўсе ягоныя жыхары. Хай плёскаюць рэкі,

І горы хай цешацца перад абліччам Госпада: * вось Ён ідзе, ідзе судзіць зямлю.

Ён будзе судзіць сусьвет справядліва, * і ўсе народы - па праўдзе.

Псалом 98

Псалом Давіда

Госпад пануе: хай дрыжаць людзі; * Ён сядзіць на хэрувімах: хай ускалыхнецца зямля.

Госпад вялікі ў Сыёне, * Ён узвышаецца над усімі народамі.

Хай славяць Тваё вялікае і страшнае імя: * яно сьвятое!

Пануе Усемагутны, які любіць справядлівасьць. * Ты ўстанавіў тое, што слушнае, суд і справядлівасьць учыніў у Якубе.

Узьвялічвайце Госпада Бога нашага* і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, * і Самуіл сярод тых, што клічуць Ягонае імя.

Яны Госпада гукалі, * і Той адгукнуўся ім.

У воблачным слупе прамаўляў да іх; * яны ж захоўвалі Ягоныя запаветы і пастановы, якія ім даў.

Госпадзе Божа наш, Ты іх выслухоўваў; * Ты быў для Іх Богам, які мілаваў, * хоць і караў за іхнія ліхія ўчынкі.

Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і прыпадзіце да Ягонай сьвятой гары: * бо Госпад Бог наш - сьвяты.

Псалом 99

Псалом Давіда

Усклікніце Госпаду па ўсёй зямлі!

Служыце Госпаду з радасьцю; * станьце вясёлыя перад Ягоным абліччам!

Ведайце, што Госпад - Бог: * Ён стварыў нас, і мы Яму належым.

Мы - людзі Ягоныя* і авечкі Ягонай паствы.

Уваходзьце ў брамы Ягоныя з песьнямі, на Ягоныя двары - з хвалою. * Слаўце Яго, блаславіце імя Ягонае!

Бо Бог добры: міласэрнасьць Ягоная вечная, * і вернасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне.

Псалом 100

Псалом Давіда

Дабрыню і закон буду славіць у песьнях: * Табе, Госпадзе, буду пяяць.

Буду разважаць аб шляхох беззаганных. * Калі ж прыйдзеш да мяне? * Буду хадзіць у нявіннасьці сэрца майго сярод дому майго.

Ня буду мець перад вачыма маімі рэчы нягоднай: * агідны мне той, хто чыніць справы злачынныя: * да мяне ён не прыстане.

Сэрца крывадушнае мне чужое: * не жадаю ведаць благое справы.

Змушу да маўчаньня таго, * хто патаемна абмаўляе бліжняга свайго;

Не сьцярплю таго, * хто мае гордыя вочы і пыхлівае сэрца.

Вочы мае глядзяць на верных гэтай зямлі, * каб жылі са мною.

Хто ідзе дарогай беззаганнай, * той мне служыць будзе.

Ня будзе жыць у доме маім той, хто паступае вераломна; * хто кажа няпраўду, не застанецца перад вачыма маімі.

Штодня судзіць буду ўсіх беззаконных зямлі, * каб вынішчыць з места Гасподняга ўсіх злачынцаў.

Слава... цяпер...

КАТЫЗМА 14

Псалом 101

Малітва ўбогага, які ў сваёй журбе моліцца Госпаду

Госпадзе, пачуй малітву маю, * хай крык мой дойдзе да Цябе.

Не адвярні твару Твайго ад мяне; * у дзень патрэбы пачуй мяне.

У дзень, калі буду клікаць Цябе, * выслухай мяне хутка.

Бо дні мае мінаюць, быццам дым; * косьці мае гараць, як у вагні.

Падобна скошанай траве высахла сэрца маё, * і я забываюся на тое, каб есьці хлеб мой.

Ад вялікага стогну косьці мае* прысохлі да скуры.

Я зрабіўся падобны да птушкі пустэльнай, * стаў, быццам сава на руінах.

Ня сьплю і стагну, * быццам самотная птушка на страсе.

Увесь дзень ворагі мае зьневажаюць мяне, * і тыя, што паўсталі супраць мяне, праклінаюць імем маім.

Вось я ем попел, быццам хлеб, * і напой мой мяшаю са сьлязьмі

З-за гневу і абурэньня Твайго, * бо, узьняўшы мяне, Ты кінуў мяне вобзем.

Дні мае, быццам цень, доўжацца, * і сам я, як трава, вяну.

Ты ж, Госпадзе, жывеш вечна* і памяць Твая з пакаленьня ў пакаленьне.

Устань і зьлітуйся з Сыёну, * бо ўжо час зьлітавацца з яго, бо насьпеў час;

Бо слугі Твае любяць каменьне ягонае, * і шкада ім ягоных руінаў.

І будуць баяцца ворагі імя Твайго, Госпадзе, * і ўсе ўладары - хвалы Тваёй.

Бо Госпад адбудуе Сыён* і зьявіцца ў славе сваёй.

Ён гляне прыхільна на малітвы пакорных* і не адкіне просьбы іх.

Хай гэта будзе напісана для наступных пакаленьняў, * і народ, што мае адрадзіцца, будзе хваліць Госпада.

Бо Ён глянуў з вышыні сьвятога месца Свайго, * з неба на зямлю глянуў,

Каб пачуць стогн тых, што ў путах, * вызваліць сыноў тых, што былі засуджаныя на сьмерць;

Каб абвясьціць імя Гасподняе* і славу Яго ў Ерусаліме,

Калі зьбяруцца разам народы і ўладарствы, * каб служыць Госпаду.

Сіла мая ўжо пакінула мяне: * скажы мне, колькі мне яшчэ засталося?

У палове дзён маіх не забяры мяне, * Ты, чые гады трываюць з пакаленьня ў пакаленьне.

Спачатку Ты, Госпадзе, стварыў зямлю, * і неба - твор рук Тваіх;

Яны прамінуць, а Ты застаешся; быццам вопратка, усё састарэе, * Ты згортваеш іх як адзеньне, і яны мяняюцца.

А Ты ўсё той самы, * і гадам Тваім няма канца.

Сыны слугаў Тваіх жыць будуць, * і насеньне іх узмоцніцца.

Псалом 102

Псалом Давіда

Блаславі, душа мая, Госпада, * і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго.

Блаславі, душа мая, Госпада, * і не забывай усіх дабрадзействаў Яго.

Ён адпускае ўсе правіны твае, * і аздараўляе ўсе немачы твае.

Ён вызваляе жыцьцё тваё ад згубы, * вянчае цябе ласкаю і міласэрнасьцю.

Ён напаўняе тваё жыцьцё дабром: * абнаўляецца, як арол, маладосьць твая.

Госпад чыніць справядлівасьць і суд* усім пакрыўджаным.

Ён паказаў Майсею шляхі свае, * сыном Ізраіля ўчынкі свае.

Шчодры Госпад і міласэрны, * доўгацярплівы і багаты на ласку.

Ня будзе вечна сварыцца Ён* і ня будзе гневацца давеку.

Не паводле грахоў нашых учыніў Ён нам* і не паводле правінаў нашых адплаціў Ён нам.

Бо як высока неба ад зямлі, * так вялікая міласэрнасьць Яго для тых, што баяцца Яго.

Як далёка ўсход ад захаду, * так аддаліў Ён ад нас нашыя злачынствы.

Як бацька літуецца з сыноў, * так літуецца Госпад з пабожных.

Ён ведае, з чаго мы створаныя, * Ён знае, што мы - пыл.

Дні чалавека падобныя да травы: * цьвіце ён, быццам кветка ў полі.

Але вось павее вецер - і няма больш яго, * і месца, дзе быў, яго не пазнае.

А міласэрнасьць Гасподняя вечная і на век вякоў для тых, што баяцца Яго;

І справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў тых, * што захоўваюць саюз Ягоны, * памятаюць запаветы Ягоныя і выконваюць іх.

Госпад на небе ўстанавіў пасад свой* і валадарства сваё над усім сусьветам.

Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, * слугі Яго, што спаўняеце загады Ягоныя.

Блаславіце Госпада, усе сілы Яго, * слугі, што спаўняеце волю Яго.

Блаславіце Госпада, усе творы Яго, * на кожным месцы Ягонага панаваньня.

Блаславі, душа мая, Госпада!

Слава... цяпер...

Псалом 103

Псалом Давіда

Блаславі, душа мая, Госпада:

Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў. * Ты апрануўся ў веліч і красу,

Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом. * Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,

Хорамы Твае над водамі паставіў. * Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе, ходзіш на крылах ветру.

Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі, * і слугамі Тваімі - полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: * не пахісьнецца павек вякоў.

Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе: * воды над гарамі сталі.

Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся, * ад грому голасу Твайго задрыжалі.

Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы, * якія Ты ім назначыў.

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці, * каб не пакрыць зноў зямлю.

Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі, * што плывуць у далінах між гораў.

З іх п'юць усе зьвяры польныя, * аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.

Каля іх птушкі нябесныя жывуць: * між скалаў чутны сьпеў іх.

З хорамаў Тваіх навадняеш горы: * зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы, зельле на пажытак чалавеку, * каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:

Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым; * хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.

Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку* - кедры лібанскія, што Ты іх насадзіў.

Там птушкі маюць гнёзды свае, * бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў, * шчыліны скалаў - сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; * сонца знае час захаду свайго.

Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч, * падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, * просячы ў Бога спажывы сабе.

Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца* і кладуцца ў логавах сваіх.

Выходзіць чалавек да справаў сваіх* і да работы сваёй да вечара.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе: * зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае: * у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там, * якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць ад Цябе, * каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім даеш, і яны падбіраюць, * расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.

Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца; * адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.

Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць, * і Ты абнаўляеш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку, * хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць, * дакранецца да гораў, і яны дымяцца.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, * буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая: * я радуюся ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі і няхай ня будзе больш нягоднікаў. * Блаславі, душа мая, Госпада.

Слава... цяпер...

Псалом 104

Алілуя!

Хваліце імя Гасподняе, клічце імя Яго, * абвяшчайце між народамі Ягоныя ўчынкі.

Сьпявайце Яму, сьпявайце песьні, * расказвайце пра ўсе Ягоныя цуды.

Хваліцеся Ягоным сьвятым імем: * хай цешыцца сэрца тых, хто шукае Госпада.

Шукайце Госпада і Ягоную сілу, * шукайце заўжды Ягонае аблічча.

Прыгадайце цуды, якія Ён зрабіў, * ягоныя знакі і суды вуснаў Ягоных,

Вы, насеньне Абрагама, слугі Ягоныя; * сыны Якуба, выбраныя Ягоныя.

Ён Госпад Бог наш, * па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

Ён вечна памятае пра саюз свой, * слова, што даў на тысячу пакаленьняў:

Саюз, які Ён заключыў з Абрагамам, * і сваю клятву, дадзеную Ісааку;

Трывалы закон, які Ён устанавіў для Якуба, * і вечны саюз для Ізраіля,

Кажучы: „Дам зямлю Ханаан* як частку вашай спадчыны".

Калі іх была толькі невялікая жменька, калі іх было вельмі мала, * і яны былі яшчэ прыхаднямі ў гэтай краіне,

Калі яны пераходзілі ад племя да племя, * ад аднаго каралеўства да іншага народу,

Ён не дапусьціў нікому крыўдзіць іх, * і за іх нагадваў каралям:

„Не чапайце маіх памазанцаў, * не рабеце крыўды маім прарокам!"

Навёў на зямлю голад, * зьнішчыў кожную сьцяблінку збожжа.

Паслаў перад імі чалавека: * Язэп быў прададзены ў няволю.

Закавалі ў кайданы ягоныя ногі, * павесілі на шыю жалезны ланцуг,

Аж пакуль ня споўнілася ягонае прароцтва* і слова Гасподняе не засьведчыла пра яго.

Кароль паслаў і вызваліў яго; * уладар народаў выпусьціў яго на волю.

Паставіў яго гаспадаром над сваім домам, * распарадчыкам над усёй сваёй маёмасьцю,

Каб паводле волі сваёй ён настаўляў вяльможаў, * і старэйшых навучаў мудрасьці.

Вось і ўвайшоў Ізраіль у Ягіпет, * Якуб пачаў жыць на зямлі Хама.

Ён памножыў свой народ вельмі, * зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.

Узбудзіў у сэрцах іхніх нянавісьць да Ягонага народу* і здраду супраць ягоных слугаў.

Тады паслаў слугу свайго Майсея* і Аарона, якога выбраў сабе.

І яны паказалі сярод іх Ягоныя знакі, * і цуды ў краіне Хама.

Паслаў цемру, і ўсё памеркла, але яны супрацівіліся Ягонаму слову.

Ператварыў на кроў іхнія воды, * і вымарыў іхнюю рыбу.

Ад жабаў у іхняй краіне закішэла, * былі яны нават у каралеўскіх хорамах. * Загадаў, і зьявіліся раі мухаў і аваднёў у іхняй краіне.

Замест дажджу паслаў ім град, * агонь зьнішчальны на іхнюю зямлю.

Пабіў іхні вінаград, смакоўніцы іхнія, * і дрэвы паламаў у іхняй краіне.

Сказаў, і наляцела саранча, * і безьліч вусеняў,

Што зьелі ўсю траву ў іхняй краіне, * плады на іхняй зямлі пажэрлі.

Ён выбіў усіх іхніх першародных, * пачаткі ўсёй іхняй сілы.

І вывеў іх (народ свой ) з золатам і срэбрам, * і не было слабога сярод іхніх плямёнаў.

Усьцешыўся Ягіпет, калі яны выйшлі, * бо агарнуў яго страх перад імі.

Ён распасьцёр хмару, быццам покрыва, * і агонь, каб сьвяціў уночы.

Прасілі, і перапёлак паслаў ім, * і накарміў іх хлебам з неба.

Раскалоў скалу, і паплыла вада, * і рака пацякла праз пустэльню.

Бо Ён згадаў сваё сьвятое слова, * якое даў Абрагаму, слузе свайму.

Ён вывеў з радасьцю народ свой, * і з вясельлем - выбраных сваіх.

Даў ім землі паганаў, * і яны завалодалі іхнім багацьцем,

Каб захоўваць Ягоныя прыказаньні, * і выконваць Ягоныя законы.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 15

Псалом 105

Алілуя!

Слаўце Госпада, бо Ён добры, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Хто зможа расказаць пра магутныя ўчынкі Госпада, * хто выкажа хвалу Ягоную?

Шчасьлівы той, хто захоўвае закон* і чыніць справядлівасьць увесь час.

Згадай, Госпадзе, пра нас у дабразычлівасьці да народу Твайго! * Прыйдзі нам з дапамогаю,

Каб мы маглі бачыць шчасьце Тваіх выбранцаў, * цешыцца радасьцю народу Твайго, хваліцца Тваёю спадчынаю.

Мы зграшылі разам з нашымі бацькамі, * правініліся, учынілі беззаконьне.

Бацькі нашыя ў Ягіпце не зважалі на цуды Твае, * не памяталі безьлічы Тваіх дабрадзействаў,

Але паўсталі супраць Усявышняга* ля Чырвонага мора.

Але Ён збавіў іх дзеля імя свайго, * каб явіць сілу сваю.

Ён загадаў Чырвонаму мору, і яно высахла, * і Ён перавёў іх па бездані, быццам па сушы.

Ён уратаваў іх з рукі ненавісьніка, * і вызваліў з рукі ворага;

А праціўнікаў іхніх пакрылі воды, * ніхто з іх не застаўся жывы.

Тады яны паверылі Ягоным словам, * і засьпявалі Яму песьню хвалы.

Але неўзабаве яны забыліся на Ягоныя дзеяньні, * і перасталі зважаць на Ягоную раду.

Загарэліся пажадлівасьцю ў пустэльні* і ўзяліся спакушаць Бога на бязлюдзьдзі.

Ён даў ім тое, што яны жадалі, * але наслаў на іх пошасьць.

І пазайздросьцілі яны Майсею ў стане* і Аарону, сьвятому Гасподняму.

І адкрылася зямля і праглынула Датана, * і пакрыла зграю Авірама.

Загарэўся агонь у іхняй зграі, * і полымя спаліла беззаконных.

Ля Харыву зрабілі цялё* і пакланяліся вылітаму балвану.

І памянялі сваю Славу* на падабенства вала, што есьць траву.

Забыліся на Бога, Збаўцу свайго, * які зрабіў вялікія цуды ў Ягіпце,

Дзівосныя рэчы на зямлі Хама, * і страшныя - ля Чырвонага мора.

І ўжо меўся вынішчыць іх, * калі б не Майсей, Ягоны выбранец, не стаў перад ім у расколіне,

Каб адвярнуць гнеў Ягоны, * каб Ён іх не загубіў.

І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, * не далі веры Ягонаму слову.

І наракалі ў сваіх намётах, * не зважалі на голас Гасподні.

Ён падняў руку на іх, пакляўся, што пакладзе іх мёртвымі ў пустэльні,

Патомства іх паразганяе між народамі, * а іх расьсее па ўсёй зямлі.

І прысталі яны да Ваалпегора, * і елі ад ахвяраў мёртвых.

Абурылі Яго сваімі ўчынкамі, * і напала пошасьць на іх.

Тады ўстаў Пінэас і ўчыніў расправу, * і пошасьць спынілася.

І гэта было залічана яму за заслугу* з роду ў род і давеку.

І разгневалі Яго над водамі Мэрывы, * і праз іх дазнаў гора Майсей.

Бо так яны абурылі дух ягоны, * што з вуснаў ягоных зьляцела неабачлівае слова.

Яны ня зьнішчылі народаў, * пра якіх казаў ім Госпад,

Але зьмяшаліся з паганамі* і навучыліся іхніх звычаяў.

Пачалі служыць іхнім ідалам, * што і сталіся для іх пасткаю.

Сыноў сваіх і дачок родных* прыносілі ў ахвяру дэманам.

Пралілі нявінную кроў, * кроў сыноў і дачок сваіх,

Якіх прыносілі ў ахвяру ідалам ханаанскім. * І апаганілася зямля ад крыві.

І заплямілі сябе сваімі ўчынкамі, * забрудзіліся блудам.

І загарэўся гнеў Гасподні на свой народ, * і Ён узьненавідзеў сваю спадчыну.

Ён аддаў іх у рукі паганам, * іхнія ненавісьнікі запанавалі над імі.

Ворагі іхнія зьдзекаваліся з іх, * пад іхняй рукою яны цярпелі прыгнёт.

Шмат разоў Ён вызваляў іх, * але яны зноў гнявілі Яго сваёй упартасьцю і падалі з прычыны правінаў сваіх.

Але Ён глянуў на іхняе гора, * калі пачуў, як яны клікалі Яго.

Прыгадаў запавет свой з імі* і пашкадаваў іх у вялікай сваёй міласэрнасьці.

І абудзіў Ён спагаду да іх* ува ўсіх тых, што трымалі іх у няволі.

Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, * зьбяры нас з-паміж народаў,

Каб нам праслаўляць сьвятое імя Тваё* і хваліцца славаю Тваёю.

Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, на вякі вечныя! * Хай увесь народ скажа: „Амін!".

Слава... цяпер...

Псалом 106

Алілуя!

Слаўце Госпада, бо Ён добры, * бо вечная міласэрнасьць Яго!

Хай скажуць так усе, вызваленыя Госпадам, * якіх Ён вызваліў з рукі праціўніка

І якіх сабраў з усіх краінаў* - з усходу і захаду, з поўначы і поўдня.

Яны блукалі па пустэльні, па безлюдзьдзі* і не знаходзілі месца, дзе б ім жыць.

Цярпелі голад і смагу, * і душа ў іх зьнемагала.

Тады ў горы сваім яны паклікалі Бога, * і Ён вызваліў іх ад іхніх бедаў.

І завёў простай дарогаю* да іхняга жытла.

Дык хай славяць Госпада за Ягоную дабрыню, * і за цуды, што явіў Ён сыном людзкім.

Ён напаіў сасьмяглую душу* і згаладалую напоўніў дабротамі.

Яны сядзелі ў цемры і ценю сьмерці, * скаваныя горам і закутыя жалезам.

Бо яны не скарыліся перад словам Божым, * не лічыліся з воляю Найвышэйшага.

Іхняе сэрца Ён скарыў бядою; * яны спатыкнуліся, і не было ім дапамогі.

Тады яны ў скрусе клікалі Госпада, * і Ён вызваліў іх ад іхніх бедаў.

Ён вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, * і разьбіў іхнія кайданы.

Хай славяць Госпада за Ягоную дабрыню, * і за цуды, што явіў Ён сыном людзкім.

Бо Ён разьбіў медныя брамы* і скрышыў жалезныя замкі.

Неразумныя, яны занядужалі з-за сваіх правінаў* і цярпелі за свае бясчынствы.

Усякая страва была агіднай для іхняй душы, * і яны наблізіліся да брамы сьмерці.

Тады яны ў скрусе паклікалі Госпада, * і Ён вызваліў іх ад іхніх бедаў.

Паслаў слова сваё, * каб іх вылечыць і ўратаваць ад загубы.

Хай славяць Госпада за Ягоную дабрыню, * і за цуды, што явіў Ён сыном людзкім.

Няхай прыносяць Яму ахвяры хвалы* і абвяшчаюць з радасьцю Ягоныя ўчынкі.

Тыя, што на караблях плаваюць па моры* і займаюцца гандлем на вялікіх водах,

Бачаць учынкі Гасподнія* і Ягоныя цуды ў марской глыбіні.

Вось Ён сказаў, і ўзьняўся буйны вецер* і падняў высока марскія хвалі.

Узьнесьліся яны пад самае неба, спусьціліся ў бездань, * і душа іхняя млела ад жаху.

Хістаюцца яны і бадзяюцца як п'яныя, * і ўся мудрасьць іхняя бездапаможная.

Тады яны ў скрусе клікалі Госпада, * і Ён вызваліў іх ад іхняй бяды.

Ён перамяніў буру ў лагодны ветрык, * і змоўклі марскія хвалі.

Яны цешацца, што ўсё сьціхла, * і Ён прыводзіць іх да жаданага прыстанку.

Хай славяць Госпада за Ягоную дабрыню, * і за цуды, што явіў Ён сыном людзкім.

Хай узьвялічваюць Яго на народных зборах* і на радзе старэйшых хай Яго праслаўляюць.

Ён ператварыў рэкі ў пустэльню, * а крыніцы водаў - у сушу,

Зямлю ўраджайную ў бясплодны стэп* з-за злосьці ейных жыхароў.

Ён перамяніў пустэльню ў возера, * а сухую зямлю - у край крыніцаў.

Там Ён пасяліў згаладалых, * каб заснавалі сабе жытло,

Каб засявалі нівы, садзілі вінаграднікі* і зьбіралі багаты ўраджай.

Ён блаславіў іх, і яны размножыліся; * даў ім таксама нямала жывёлы.

Пасьля іх паменшала, * і яны заняпалі ад гора і ўціску.

Але Той, хто князёў пакрывае ганьбаю* і пасылае іх блукаць па бездарожных пустках,

Узьняў гаротнага з бяды, * і род ягоны памножыў, быццам статак авечак.

Бачаць гэта праведныя і радуюцца, * і злосьць затуляе вусны свае.

Хто мудры, хай возьме гэта пад увагу* і добра зразумее ласкі Гасподнія.

Слава... цяпер...

Псалом 107

Песьня. Псалом Давіда

Бадзёрае сэрца маё, Божа, бадзёрае сэрца маё: * буду сьпяваць і граць Табе.

Прачніцеся, лера і гусьлі! * Я разбуджу сьвітаньне.

Буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод людзей; * буду пяяць Табе сярод народаў.

Бо любоў Твая дасягае да нябёсаў, * і праўда Твая - да хмараў.

Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, * і хай па ўсёй зямлі будзе хвала Твая!

Дапамажы нам правіцаю Тваёю і выслухай нас, * каб тыя, каго Ты любіш, выйшлі на свабоду.

Бог прамовіў у сьвятыні сваёй: * „Усьцешуся, разьдзялю Сіхэм, і даліну Сукот разьмеру.

Мой Галаад, Мая зямля Манасіі, * Эфраім - шалом галавы Маёй, Юда - скіпетар Мой.

Мааб - умывальная чаша Мая; * на Ідумэю бот свой пастаўлю, * над Філістыяй запаную".

Хто ўвядзе мяне ва ўмацаваны горад? * Хто давядзе мяне да Эдому?

Ці Ты, Божа, адкінуў нас* і ўжо не выходзіш, Божа, з нашымі войскамі?

Дапамажы нам супраць ворага; * бо людзкая падтрымка дарэмная.

З Богам явім сілу: * Ён патопча нашых ворагаў.

Псалом 108

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Божа, якога хвалю, * не маўчы!

Бо вось крывадушныя і нязбожныя раскрылі на мяне вусны свае, * гавораць са мною языком хлусьлівым.

Адусюль атачаюць мяне словамі нянавісьці, * нападаюць на мяне без прычыны.

За любоў маю яны абвінавачваюць мяне, * а я малюся.

Адплочваюць мне злом за дабро, * за любоў - нянавісьцю.

Пастаў супраць яго грэшніка, * і хай абвінаваўца стане па правай руцэ яго.

Калі будзе судзіцца, хай будзе прызнаны вінаватым, * і просьба ягоная хай будзе дарэмнаю.

Хай дні ягоныя будуць кароткія, * а ягоную годнасьць хай зойме іншы.

Хай сыны ягоныя будуць сіротамі, * а жонка - удавою.

Хай туляюцца дзеці ягоныя і жабруюць, * і хай будуць выгнаныя з раскіданых дамоў сваіх.

Хай ня будзе нікога, хто б спагадаў яму, * і каб ніхто не зьлітаваўся над дзецьмі ягонымі;

Хай нашчадкі ягоныя згінуць, * і хай зьнікне імя іх у другім пакаленьні;

Хай бясчынствы айцоў яго будуць прыгаданыя перад Госпадам, * і грэх маці яго хай не загладзіцца.

Хай стаяць яны заўсёды перад вачыма Госпада, * і хай памяць іх будзе выкараненая з зямлі,

За тое, што ён ня думаў, каб аказаць міласэрнасьць, * але перасьледаваў беднага і ўбогага, і скрушлівага сэрцам* і хацеў забіць яго.

Ён палюбіў праклён, дык хай той падзе на яго; * не жадаў блаславеньня, дык хай яно аддаліццца ад яго.

Хай праклён будзе яму вопраткаю, * і хай увойдзе ў ягонае нутро, быццам вада, * і, як алей, у косьці ягоныя.

Хай будзе ён яму вопраткай, у якую адзяецца, * і пасам, якім падпярэзваецца.

Такая заплата ад Госпада ворагам маім* і тым, што гавораць дрэннае супраць душы маёй.

Але Ты, Госпадзе, Госпадзе, заступіся за мяне дзеля імя Твайго; * збаў мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая.

Вызвалі мяне, бо я бедны і няшчасны, * і сэрца маё параненае.

Я зьнікаю, як цень, што схіляецца; * гоняць мяне, быццам саранчу.

Калені мае дрыжаць ад посту, * і схуднелае цела маё сохне.

Я стаў для іх прадметам насьмешак: * убачыўшы мяне, яны круцяць галовамі.

Дапамажы мне, Госпадзе Божа мой, * збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй,

Каб пазналі, што гэта Твая рука* і што Ты, Госпадзе, гэта ўчыніў.

Хай яны праклінаюць, а Ты блаславі; * хай пасаромеюцца тыя, што паўстаюць на мяне, а слуга Твой хай усьцешыцца.

Хай абвінаваўцы мае пакрыюцца ганьбаю, * хай пакрыюцца сорамам, быццам плашчом.

А я буду на ўвесь голас славіць Госпада, * у грамадзе буду хваліць Яго.

Бо ён стаіць па правай руцэ беднага, * каб збавіць яго ад тых, што хочуць улавіць ягоную душу.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)


КАТЫЗМА 16

Псалом 109

Псалом Давіда

Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правай руцэ маёй, * пакуль не пакладу ворагаў тваіх пад ногі табе.

Госпад пашле табе жазло сілы з Сыёну, * і будзеш панаваць над ворагамі тваімі.

Табе панаваць ад пачатку ў зьзяньні сьвятасьці. * Ва ўлоньні перад заранкай Я нарадзіў Цябе.

Кляўся Госпад і не раскаяўся: * Ты - сьвятар давеку паводле чыну Малхісадэка.

Госпад па правай руцэ Тваёй: * Ён разаб'е цароў у дзень гневу свайго.

Будзе судзіць народы; напоўніць (зямлю) трупамі, * скрышыць галовы многіх валадароў на зямлі.

З ручая будзе піць дарогаю, * таму ўздыме галаву.

Псалом 110

Алілуя!

Буду хваліць Цябе, Госпадзе, * на зборах праведных і ў людзкой грамадзе.

Вялікія дзеі Гасподнія, * годныя подзіву для ўсіх, што любяць іх.

Веліч і краса - творы Ягоныя, * і справядлівасьць Ягоная трывае давеку.

Ён учыніў цуды, годныя памяці; * Госпад - міласэрны і ласкавы.

Дае спажыву тым, што баяцца Яго; * будзе заўсёды памятаць пра свой саюз.

Ён паказаў людзям сваім моц учынкаў сваіх, * даўшы ім спадчыну народаў.

Творы рук Ягоных - праўда і справядлівасьць, * усе прыказаньні Ягоныя непарушныя,

Устаноўленыя на вякі вечныя, * заснаваныя на справядлівасьці і праўдзе.

Людзям сваім Ён паслаў збаўленьне, * на вякі саюз свой устанавіў. * Сьвятое і поўнае хвалы імя Ягонае.

Пачатак мудрасьці - страх Гасподні. * Усе, што аддаюць хвалу Яму, разумна робяць.* Хвала Ягоная трывае на вякі вечныя.

Псалом 111

Алілуя!

Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада* і суцяшэньне знаходзіць у запаветах Ягоных.

Нашчадкі яго будуць магутнымі на зямлі, * род праведнага будзе блаславёны.

Дастатак і багацьце ў доме ягоным, * справядлівасьць Ягоная трываць будзе давеку.

Для праведных ён зьзяе ў цемры, быццам сьветач, * - лагодны, міласэрны і справядлівы.

Добра таму, хто з літасьці пазычае, * і справядліва ўладковае свае справы.

Ён не пахісьнецца ніколі; * памяць праведніка жыць будзе вечна.

Благое весткі ён не збаіцца; * сэрца ягонае ў бясьпецы, бо давярае Богу.

Ягонае сэрца трывалае: * ня будзе баяцца, і ўбачыць упакораных ворагаў сваіх.

Раздае, дае ўбогім, шчодрасьць ягоная будзе заўжды трываць; * рог ягоны ўздымецца ў славе.

Грэшнік бачыць гэта і злуецца, * скрыгоча зубамі і мучыцца, * бо жаданьні грэшнікаў не збываюцца.

Слава... цяпер...

Псалом 112

Алілуя!

Хваліце, слугі Гасподнія, хваліце імя Госпада. * Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку.

Ад усходу сонца да захаду* хай будзе ўсхваленае імя Гасподняе.

Госпад узносіццца высока над усімі народамі, * вышэй за нябёсы слава Ягоная.

Хто падобны да Госпада, Бога нашага, * які сядзіць на пасадзе і глядзіць уніз на неба і зямлю?

Ён падымае з пылу беднага, * з балота ўзносіць убогага,

Каб пасадзіць яго з князьмі, * князьмі народу свайго;

Няплодную селіць у дом* шчасьліваю маці дзяцей.

Псалом 113

Алілуя!

Калі Ізраіль выходзіў з Ягіпту, * дом Якуба з-паміж людзей чужых,

Сьвятыняй ягонай сталася Юдэя, * Ізраіль - ягоным каралеўствам.

Мора ўбачыла і ўцякло, * Ярдан пацёк назад.

Горы скакалі, быццам бараны, * узгоркі - быццам ягняты.

Што з табой, мора, што ты ўцякло? * Чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

Чаму, горы, скачаце як бараны, * і ўзгоркі - быццам ягняты?

Затрымці, зямля, перад абліччам Госпада, * перад абліччам Бога Якубавага,

Які ператварае скалы ў сажалкі, * а крэмень - у крыніцы водныя.

Ня нам, Госпадзе, ня нам, але імю Твайму дай славу* дзеля міласэрнасьці Тваёй і вернасьці.

Чаму павінны гаварыць пагане: * „Дзе іхні Бог?"

Бог наш на небе (і на зямлі), * Ён чыніць усё, што хоча.

Іхнія ж ідалы- срэбра і золата, * творы рук людзкіх.

Вусны маюць, і не гавораць; * вочы маюць, і ня бачаць.

Вушы маюць, і ня чуюць; * нос маюць, і не адчуваюць паху.

Рукі маюць, але не датыкаюцца; ногі маюць, але ня ходзяць; * горлы іхнія не даюць голасу.

Падобныя да іх будуць тыя, што іх робяць, * і ўсе, што спадзяюцца на іх.

Дом Ізраіля хай спадзяецца на Госпада: * Ён іхні памочнік і абаронца.

Дом Аарона хай спадзяецца на Госпада: * Ён іхні памочнік і абаронца.

Усе, што баяцца Госпада, хай спадзяюцца на Госпада: * Ён іхні памочнік і абаронца.

Госпад згадае нас і блаславіць нас; * Ён блаславіць дом Ізраіля, блаславіць дом Аарона;

Блаславіць тых, што баяцца Госпада, * - малых і вялікіх.

Госпад памножыць вас* - вас і дзетак вашых.

Блаславіць вас Госпад, * які стварыў неба і зямлю.

Неба - неба Гасподняе, * а зямлю аддаў Ён сыном людзкім.

Не памёрлыя будуць хваліць Госпада, * і ня тыя, што зышлі ў магілу.

Мы ж бласлаўляем Госпада* цяпер і давеку.

Псалом 114

Алілуя!

Люблю Госпада, * бо Ён пачуў голас маленьня і просьбы маёй.

Ён схіліў слых свой да мяне: * таму буду клікаць Яго праз усе дні жыцьця майго.

Путы сьмерці аблуталі мяне, * боль сьмяротны агарнуў мяне, * сум і цярпеньні апанавалі мяне.

Тады я паклікаў імя Гасподняе: * „Госпадзе, збаў душу маю!"

Госпад праведны і ласкавы, * Бог наш міласэрны.

Госпад ахоўвае простых: * я быў у бядзе і Ён выбавіў мяне.

Вярніся, душа мая, да твайго супакою, * бо Госпад зрабіў дабро табе.

Ён захаваў душу маю ад сьмерці, * вочы ад сьлёзаў, і ногі ад падзеньня.

Буду хадзіць перад Госпадам у краіне жывых.

Псалом 115

Алілуя!

Я верыў непахісна, * нават калі казаў: „Я вельмі нешчасьлівы".

Устрывожаны, я сказаў: * „ Кожны чалавек - марнасьць".

Чым аддзячу Госпаду* за ўсе Ягоныя дабрадзействы ?

Чашу збаўленьня прыму, * буду клікаць імя Гасподняе.

Выканаю ўсе мае абяцаньні Госпаду, * што зрабіў я перад усім Ягоным народам.

Дарагая ў вачох Госпада* сьмерць сьвятых Яго.

Госпадзе! Я слуга Твой і сын служкі Тваёй. * Ты разарваў мае путы.

Прынясу Табе ахвяру хвалы* і паклічу імя Гасподняе.

Выканаю ўсе мае абяцаньні Госпаду, * што зрабіў я перад усім Ягоным народам,

На двары дому Гасподняга, * пасярод цябе, Ерусалім. Алілуя!

Псалом 116

Алілуя!

Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі* і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Псалом 117

Алілуя!

Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, * бо міласэрнасьць Ягоная вечная.

Хай кажа дом Ізраіля: * „Міласэрнасьць Ягоная вечная".

Хай кажа дом Аарона: * „Міласэрнасьць Ягоная вечная".

Хай скажуць усе, што баяцца Госпада: * „Міласэрнасьць Ягоная вечная".

У бядзе я клікаў Госпада, * і Госпад пачуў мяне і вывеў мяне на волю.

Госпад са мною, і я не баюся: * што можа ўчыніць мне чалавек?

Госпад са мною, Ён - мая дапамога: * убачу спалоханых ворагаў маіх.

Лепш спадзявацца на Госпада, * чым ускладаць надзею на чалавека.

Лепш спадзявацца на Госпада, * чым пакладацца на князёў.

Атачылі мяне народы, * і я імем Гасподнім супрацівіўся ім.

Абступілі мяне з усіх бакоў, * і я імем Гасподнім перамог іх.

Абступілі мяне, быццам пчолы мёд, і разгарэліся, як агонь у церні, * - і імем Гасподнім я іх перамог.

Ударылі мяне, піхнулі, каб я ўпаў, * але Госпад падтрымаў мяне.

Госпад - мая сіла і песьня, * Ён стаўся маім Збавіцелем.

Воклікі радасьці і збаўленьня ў дамох праведных: * правая рука Гасподняя паказала моц сваю.

Правая рука Гасподняя ўзьняла мяне, * правая рука Гасподняя явіла магутнасьць.

Не памру, але буду жыць* і абвяшчаць дзеі Гасподнія.

Цяжка пакараў мяне Госпад, * але на сьмерць не аддаў.

Адчыніце мне браму справядлівасьці, * каб мне ўвайсьці і аддаць падзяку Госпаду.

Вось брама Гасподняя, * праз якую ўвойдуць праведнікі.

Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, * што Ты пачуў мяне і стаўся маім Збавіцелем.

Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: * Ад Госпада гэта, і дзіўнае ў вачох нашых.

Вось дзень, што Госпад стварыў, * дзень радасьці і весялосьці для ўсіх нас.

Госпадзе, збаў, молім Цябе; * Госпадзе, пасьпяшы на ратунак, просім Цябе!

Блаславёны Той, * хто прыходзіць у імя Гасподняе!

Бласлаўляем вас з дому Гасподняга. * Госпад - Бог, і Ён зьявіўся нам.

Учыніце карагод з галінкамі* аж да рагоў ахвярніка.

Ты Бог мой, і я дзякую Табе: * Божа мой, Цябе буду ўзьвялічваць.

Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 17

Псалом 118

Алілуя!

ПЕРШАЕ СТАЯНЬНЕ

Шчасьлівыя тыя, чый шлях беззаганны, * што жывуць згодна з законам Гасподнім.

Шчасьлівыя тыя, што выконваюць Ягоныя загады* і ўсім сэрцам шукаюць Яго.

Яны ня чыняць беззаконьня, * і ходзяць па Ягоным шляху.

Ты загадаў нам пільна захоўваць запаветы Твае. * Хай шляхі мае захоўваюць устанаўленьні Твае.

Не пасаромеюся, * калі зважаць буду на ўсе загады Твае.

Буду славіць Цябе ў правасьці сэрца майго, * калі пазнаю прысуды справядлівыя Твае.

Буду захоўваць запаветы Твае: * не пакідай мяне ніколі.

Як захаваць юнаку чыстым шлях свой? * Спаўняючы слова Тваё.

Усім сэрцам маім шукаю Цябе: * ня дай мне адысьці ад Тваіх загадаў.

У сэрцы маім я захаваў слова Тваё, * каб мне не зграшыць перад Табою.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.

Вуснамі маімі я абвяшчаю ўсе прысуды вуснаў Тваіх. * Цешуся са шляху сьведчаньняў Тваіх, быццам з багацьця.

Буду разважаць над загадамі Тваімі, * і зважаць на сьцежкі Твае.

Буду цешыцца з запаветаў Тваіх, * словаў Тваіх не забуду.

Дай узнагароду слузе Твайму, * каб мне жыць і захоўваць слова Тваё.

Адкрый вочы мае, * каб мне бачыць цуды закону Твайго.

Я - прыхадзень на зямлі, * не хавай ад мяне загадаў Тваіх.

Душа мая разьбітая* і тужыць няспынна па загадах Тваіх.

Ты папракнуў гордых: * праклятыя тыя, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх.

Адвядзі ад мяне зьдзек і пагарду, * бо сьведчаньні Твае я захаваў.

Магутныя сядзяць і ладзяць змову супраць мяне, * а слуга Твой разважае над запаветамі Тваімі.

Твае сьведчаньні для мяне - асалода, * і дарадчыкі мае - запаветы Твае.

Душа мая схілілася да зямлі: * ажыві мяне словам Тваім.

Я абвясьціў Табе шляхі мае, і Ты выслухаў мяне: * навучы мяне ўстанаўленьняў Тваіх.

Дай мне зразумець шлях запаветаў Тваіх, * і буду разважаць пра цуды Твае.

Душа мая саслабла ад цяжару, * умацуй мяне словам Тваім.

Устрымай мяне ад шляху няправеднага* і дай мне ласкава закон Твой.

Я выбраў шлях праведнасьці* і трымаўся прысудаў Тваіх.

Я моцна трымаюся сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе, * дык ня дай мне зазнаць сораму.

Я пайду сьцяжынаю запаветаў Тваіх, * і Ты напоўніш сэрца маё.

Навучы мяне, Госпадзе, шляхоў законаў Тваіх, * і буду верна трымацца іх заўсёды.

Навучы мяне трымацца законаў Тваіх, * і ўсім сэрцам буду захоўваць іх.

Вядзі мяне сьцежкаю запаветаў Тваіх, * бо яны - суцяшэньне мне.

Скіруй сэрца маё* да загадаў Тваіх,  а не да хцівасьці.

Адвярні вочы мае ад марнасьці: * дай мне жыць згодна са шляхам Тваім.

Устанаві слова Тваё слузе Твайму, * які баіцца Цябе.

Адымі ад мяне зьнявагу, якой баюся, * бо прысуды Твае справядлівыя.

Я прагну запаветаў Тваіх, * дай мне жыць у Тваёй справядлівасьці.

Хай зыдзе на мяне міласьць Твая, Госпадзе, * і збаўленьне Тваё, згодна са словам Тваім.

Адкажу тым, што мяне дакараюць, * бо я ўсклаў надзею на слова Тваё.

Не забірай ад вуснаў маіх словаў праўды, * бо я спадзяюся на прысуды Твае.

Буду захоўваць закон Твой* заўсёды і на вякі вечныя.

Буду хадзіць шырокай дарогай, * бо шукаю запаветаў Тваіх.

Буду гаварыць пра Твае сьведчаньні перад уладарамі, і не пасаромеюся. * Буду цешыцца з загадаў Тваіх, якія я палюбіў.

Уздыму рукі мае да запаветаў Тваіх, якія я палюбіў, * і буду разважаць над Тваімі законамі.

Прыгадай слузе Твайму слова Тваё, * бо Ты даў мне надзею на яго.

Вось пацеха ў горы маім, * што Тваё слова мяне ажыўляе.

Гордыя зьневажаюць мяне, * але я ад закону Твайго не адхіліўся.

Я прыгадаў, Госпадзе, Твае адвечныя прысуды* і ўсьцешыўся.

Жах агарнуў мяне за грэшнікаў, * якія пакінулі запаветы Твае.

Твае запаветы сталіся як песьні для мяне* ў зямлі майго выгнаньня.

Я прыгадаў уночы імя Тваё, Госпадзе, * і захаваў закон Твой.

Гэта была мая ўзнагарода* за тое, што я запаветы Твае захаваў.

Я сказаў: доля мая - Ты, Госпадзе, * бо захоўваю закон Твой.

Ад усяго сэрца малюся перад абліччам Тваім: * зьмілуйся нада мною згодна са словам Тваім.

Я разважаў пра шляхі мае* і скіроўваў мае крокі да Тваіх сьведчаньняў.

Я быў гатовы* і не ўсумніўся захаваць Твае запаветы.

Сеці грэшных аблуталі мяне, * але я закону Твайго не забыў.

Апоўначы ўстану, каб славіць Цябе* за праведныя прысуды Твае.

Я сябра ўсіх, хто баіцца Цябе* і шануе запаветы Твае.

Зямля поўная міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе: * навучы мяне запаветам Тваім.

Ты ўчыніў дабро слузе Твайму, * Госпадзе, згодна са словам Тваім.

Навучы мяне добрага розуму і веданьня, * бо пакладаюся на Твае загады.

Я блудзіў, пакуль не скарыўся, * а цяпер захоўваю слова Тваё.

Добры Ты, Госпадзе: * у дабрыні Тваёй навучы мяне запаветаў Тваіх.

Намовы гордых памножыліся супраць мяне: * я ж усім сэрцам захоўваю запаветы Твае.

Сэрцы іх наліліся тлушчам: * я ж знаходжу суцяшэньне ў законах Тваіх.

Добра, што Ты скарыў мяне, * каб я мог спазнаць запаветы Твае.

Закон словаў Тваіх* лепшы за горы золата і срэбра.

Слава... цяпер...

ДРУГОЕ СТАЯНЬНЕ

Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: * дай мне розум, каб я мог навучыцца запаветаў Тваіх.

Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўсьцешацца, * бо я ўсклаў надзею на слова Тваё.

Ведаю, Госпадзе, што справядлівыя прысуды Твае, * і што Ты слушна ўпакорыў мяне.

Хай міласэрнасьць Твая будзе суцяшэньнем мне, слузе Твайму, * згодна са словам Тваім.

Хай Твая міласэрнасьць будзе са мною, і буду жыць, * бо Закон Твой - радасьць мая.

Хай пасаромеюцца гордыя, што няслушна паўсталі супраць мяне; * я ж буду разважаць аб запаветах Тваіх.

Хай да мяне прыйдуць тыя, * што баяцца Цябе і ведаюць загады Твае.

Хай сэрца маё дасканаліцца ў законах Тваіх, * каб мне ня быць пасаромленым.

У тузе па збаўленьні Тваім слабне душа мая: * спадзяюся на слова Тваё.

Вочы мае саслаблі ў пошуках дапамогі Тваёй: * калі ж суцешыш мяне?

Я ссох, як скураны мех ад дыму, * але на запаветы Твае не забыўся.

Колькі дзён засталося ў слугі Твайго? * Калі ж Ты ўчыніш суд над тымі, што перасьледуюць мяне?

Выкапалі яму для мяне гордыя, * што не жывуць згодна з запаветамі Тваімі.

Усе запаветы Твае праўдзівыя. * Несправядліва перасьледуюць мяне, * але Ты памажы мне.

Ледзь не зьмялі мяне са сьвету, * але я не пакінуў запаветаў Тваіх.

У міласэрнасьці Тваёй захавай мне жыцьцё, * і я буду захоўваць запаветы Твае.

Слова Тваё, Госпадзе, * вечнае і непарушнае, як нябёсы.

Праўда Твая з пакаленьня ў пакаленьне; * Ты заснаваў зямлю, і яна ўсьцяж стаіць.

Тваім загадам усё стаіць да сёньня, * бо ўсе рэчы служаць Табе.

Калі б Закон Твой ня быў мне суцяшэньнем, * я б загінуў у оры маім.

Давеку не забудуся на запаветы Твае, * бо імі Ты мяне ажыўляеш.

Я Твой: збаў мяне, * бо я шукаю запаветаў Тваіх.

Грэшнікі шукаюць, як мяне загубіць: * я ж імкнуся да законаў Тваіх.

Я бачыў мяжу кожнай дасканаласьці: * запаветы ж Твае ня ведаюць межаў.

Як люблю я закон Твой, Госпадзе! * Увесь дзень разважаю над ім.

Твае запаветы заўжды са мною: * яны робяць мяне мудрэйшым за ворагаў маіх.

Я разумнейшы за маіх настаўнікаў, * бо разважаю над Тваімі законамі.

Я разумею больш за старэйшых ад мяне, * бо захоўваю Твае запаветы.

Я стрымліваю ногі мае ад кожнага шляху благога, * каб захаваць словы Твае.

Не ўхіляюся ад прысудаў Тваіх, * бо Ты навучаеш мяне.

Якія салодкія для паднябеньня майго словы Твае, * для вуснаў маіх яны саладзейшыя за мёд.

Я стаў разумны праз запаветы Твае, * таму ненавісны мне кожны шлях няправедны.

Закон Твой - сьветач на шляху маім,  і сьвятло на маёй сьцежцы. * Я пакляўся захоўваць Твае справядлівыя суды.

Сумны я бязьмерна. * Ажыві мяне, Госпадзе, словам Тваім.

Прашу Цябе, Госпадзе, прымі ахвяру вуснаў маіх* і навучы мяне прысудам Тваім.

Жыцьцё маё заўсёды ў небясьпецы, * але я не забываюся на закон Твой.

Грэшнікі паставілі пастку на мяне, * але я не адхіліўся ад запаветаў Тваіх.

Сьведчаньні Твае - спадчына мая давеку: * яны - радасьць сэрца майго.

Я схіліў сэрца маё да выкананьня Тваіх загадаў. * Я ненавіджу крывадушнікаў і люблю Закон Твой.

Ты мой шчыт і абарона, * на слова Тваё спадзяюся.

Адыдзіце ад мяне, беззаконныя, * і я буду захоўваць загады Бога майго.

Будзь мне Заступнікам паводле слова Твайго, каб мне жыць; * ня дай, каб надзея мая была пасаромленая.

Падтрымай мяне, і я збаўлюся* і буду зважаць заўжды на загады Твае.

Ты зводзіш у нішто тых, што адступаюць ад загадаў Тваіх, * бо іхнія думкі хлусьлівыя.

Усе грэшнікі на зямлі для Цябе, быццам жужаль, * таму я люблю сьведчаньні Твае.

Дрыжыць цела маё ад страху перад Табою, * бо я баюся прысудаў Тваіх.

Я ўчыніў суд і справядлівасьць: * не аддай мяне тым, што крыўдзяць мяне.

Будзь парукаю слузе Твайму на дабро, * хай гордыя не прыгнятаюць мяне.

Вочы мае саслаблі ў чаканьні збаўленьня Твайго* і слова праўды Тваёй.

Учыні са слугой Тваім паводле ласкі Тваёй, * і навучы яго Тваіх загадаў.

Я слуга Твой, настаў мяне на розум, * каб мне пазнаць Твае сьведчаньні.

Ужо час Госпаду дзейнічаць, * бо яны парушылі закон Твой.

Дзеля гэтага я палюбіў загады Твае* больш за золата, золата шчырае.

Дзеля гэтага вызнаю ўсе загады Твае справядлівымі, * і няправедныя шляхі ненавіджу.

Годныя подзіву загады Твае: * таму душа мая захоўвае іх.

Тлумачэньне словаў Тваіх прасьвятляе* і навучае недасьведчаных.

Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, * бо прагну запаветаў Тваіх.

Слава... цяпер...

ТРЭЦЯЕ СТАЯНЬНЕ

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, * як звыкла робіш з тымі, хто любіць імя Тваё.

Накіруй мае крокі паводле словаў Тваіх: * хай не валодае мною беззаконьне.

Выбаў мяне ад намоваў людзкіх, * і я захаваю Твае запаветы.

Пакажы сьветласьць твару Твайго слузе Твайму* і навучы мяне Тваіх запаветаў.

Струмені сьлёз пацяклі з вачэй маіх, * бо я не захоўваў запаветаў Тваіх.

Праведны Ты, Госпадзе, * і справядлівы суд Твой.

Законы, што Ты паклаў, * - справядлівя і праўдзівыя.

Руплівасьць мяне паглынае, * бо ворагі мае забыліся на словы Твае.

Слова Тваё выпрабаванае, * і таму слуга Твой любіць яго.

Малы я і ўпакораны: * не забываюся на запаветы Твае.

Справядлівасьць Твая - справядлівасьць вечная, * і Закон Твой - праўда.

Нягоды і гора напалі на мяне: * Закон Твой - суцяшэньне маё.

Вечная справядлівасьць загадаў Тваіх: * дай мне разуменьне, і буду жыць.

Ад усяго сэрца клічу: Выслухай мяне, Госпадзе, * я буду захоўваць запаветы Твае.

Клічу Цябе: Збаў мяне, * і я захаваю запаветы Твае.

На досьвітку ўстаю і прашу дапамогі; * спадзяюся на слова Тваё.

Вочы мае ня знаюць сну ў начныя варты, * каб разважаць аб словах Тваіх.

Пачуй голас мой, Госпадзе, у міласэрнасьці Тваёй* і ажыві мяне загадам Тваім.

Ужо блізка беззаконьнікі, што перасьледуюць мяне; * далёкія яны ад закону Твайго.

Блізка Ты, Госпадзе, * і ўсе шляхі Твае - праўда.

Здаўна пазнаў з загадаў Тваіх, * што Ты іх устанавіў давеку.

Глянь на гора маё і збаў мяне, * бо я не забыўся на законы Твае.

Судзі справу маю і збаў мяне: * ажыві мяне словам Тваім.

Далёкае збаўленьне ад грэшнікаў, * што ня дбаюць пра Твае запаветы.

Шматлікія даброты Твае, Госпадзе: * дай мне жыцьцё згодна з прысудам Тваім.

Шмат тых, што шкодзяць мне і перасьледуюць мяне: * я ж ад запаветаў Тваіх не ўхіліўся.

Бачу адступнікаў і брыджуся імі, * бо яны словаў Тваіх не захоўваюць.

Глянь, як я палюбіў запаветы Твае, Госпадзе, * у міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне.

Пачатак словаў Тваіх - праўда, * і вечныя ўсе прысуды Тваёй справядлівасьці..

Князі перасьледуюць мяне без прычыны, * але сэрца маё ў подзіве ад словаў Тваіх.

Цешуся са словаў Тваіх* як той, хто знайшоў вялікую здабычу.

Несправядлівасьць ненавісная і агідная мне, * а закон Твой люблю я.

Сем разоў на дзень я хвалю Цябе* за Твае справядлівыя прысуды.

Супакой глыбокі тым, што любяць закон Твой* - не спатыкнуцца яны.

Спадзяюся на збаўленьне Тваё, Госпадзе, * і загады Твае выконваю.

Душа мая захоўвае запаветы Твае* і моцна любіць іх.

Я захоўваю Твае запаветы і сьведчаньні, * і ўсе шляхі мае перад Табою.

Няхай малітва мая дойдзе да Цябе, * дай мне разуменьне згодна са словам Тваім.

Хай просьба мая дойдзе да Цябе, Госпадзе, * выбаў мяне згодна са словам Тваім.

Хай вусны мае пяюць хвалу Тваю, * бо Ты навучаеш мяне Тваіх запаветаў.

Хай язык мой пяе славу словам Тваім, * бо ўсе загады Твае справядлівыя.

Хай рука Твая будзе са мною і дапамагае мне, * бо я выбраў запаветы Твае.

Прагну збаўленьня Твайго, Госпадзе; * закон Твой - суцяшэньне мне.

Хай жыве душа мая і хай хваліць Цябе, * і наказы Твае хай дапамогуць мне.

Блукаю, быццам заблудная авечка: * знайдзі слугу Твайго, бо я не забыўся на запаветы Твае.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 18

Псалом 119

Песьня узыходжаньняў

У бядзе клікаў я Госпада, * і Ён пачуў мяне.

Госпадзе, вызваль душу маю ад вуснаў ілжывых і ад языка здрадлівага. * Што дасьць або што прынясе табе ілжывы язык?

Вострыя стрэлы магутнага* і распаленае вугольле жаўтазелю.

Гора мне, што жыву як прыхадзень, * прабываю ў палатках Кідарскіх.

Задоўга жыла душа мая сярод тых, * што ненавідзяць мір:

Калі я гавару аб супакоі, * яны цягнуццца да вайны.

Псалом 120

Песьня ўзыходжаньняў

Уздымаю вочы мае да гораў: * адкуль прыйдзе дапамога мая?

Дапамога мая ад Госпада, * які стварыў неба і зямлю.

Ён ня дасьць пахіснуцца назе тваёй: * не задрэмле той, хто сьцеражэ цябе.

Ня дрэмле і ня сьпіць той,* хто ахоўвае Ізраіля.

Госпад твой абаронца з правага боку твайго: * Сонца не паразіць цябе ўдзень, ні месяц уночы.

Госпад захавае цябе ад усяго благога: * захавае Ён душу тваю.

Госпад будзе сьцерагчы твой выхад* і прыйсьце цяпер і на ўсе вякі.

Псалом 121

Песьня ўзыходжаньняў

Усьцешыўся я, калі мне сказалі: * Пойдзем да дому Гасподняга.

Ногі нашы стаяць у варотах тваіх, Ерусалім: * Ерусалім адбудаваны, горад суцэльны.

Туды ідуць пакаленьньні, пакаленьні Гасподнія, * паводле закону Ізраіля, каб славіць імя Гасподняе.

Там устаноўленыя пасады судовыя, * пасады дому Давідавага.

Прасіце супакою для Ерусаліму, * няхай жывуць у бясьпечнасьці ўсе тыя, што любяць яго.

Няхай будзе супакой у мурах тваіх, * бясьпечнасьць у харомах тваіх.

Дзеля братоў і прыяцеляў маіх буду казаць: „Мір табе".* З увагі на дом Госпада Бога нашага буду жадаць дабра табе.

Псалом 122

Песьня ўзыходжаньняў

Уздымаю вочы мае да Цябе, * што жывеш у небе.

Як вочы слуг узіраюцца на рукі гаспадароў сваіх, * і як вочы служкі на рукі гаспадыні сваёй,

Так вочы нашы ўзьнесеныя да Госпада Бога нашага, * пакуль Ён зьмілуецца над намі.

Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі, * бо мы перапоўненыя зьнявагай.

Душа наша асабліва поўная* насьмешак магутных і пагарды гордых.


Псалом 123

Песьня ўзыходжаньняў

Калі б ня Госпад быў па нашым баку* - хай прызнаецца Ізраіль, -

Калі б ня Госпад быў па нашым баку, * калі на нас паўставалі людзі, яны б жывымі праглынулі нас;

Калі б іхняя злосьць загарэлася на нас, * вада затапіла б нас;

Паток прайшоў бы над нашай душою, * бурлівыя воды пранясьліся б над намі.

Блаславёны Госпад, * які не аддаў нас на паству ў зубы іх.

Душа наша, быццам птушка, вырвалася з сеці лаўцоў: * сетка парвалася і мы выратаваліся.

Помач наша ў імя Госпада, * які стварыў неба і зямлю.

Слава... цяпер...

Псалом 124

Песьня ўзыходжаньняў

Тыя, што спадзяюцца на Госпада, падобныя да гары Сыён, * што не зварухнецца і будзе трываць давеку.

Горы вакол Ерусаліму, * і Госпад вакол народу свайго цяпер і давеку.

Бо Госпад ня дасьць жэзлу нязбожных панаваць над лёсам праведных, * каб праведнікі не працягвалі рук сваіх да беззаконьня.

Госпадзе, * чыні дабро людзям добрым і шчырага сэрца.

А тых, што зыходзяць на крывыя сьцежкі, * хай Госпад выганіць вон разам са злачынцамі.

 Мір Ізраілю!

Псалом 125

Песьня ўзыходжаньняў

Калі Госпад вяртаў палонных Сыёну, * мы былі быццам у сьне.

Тады вусны нашы былі поўныя сьмеху, * а язык - радасьці.

Тады пагане гаварылі між сабою: * „Як добра паступіў з імі Госпад".

Госпад паступіў цудоўна з намі: * і мы ўсьцешыліся.

Адмяні, Госпадзе, наш лёс, * як ручаі на паўдзённай зямлі.

Тыя, што сеюць са сьлязамі, * жаць будуць у радасьці.

Тыя, што, з плачам нясуць зерне сеяць, * вяртаюцца з радасьцю, несучы снапы свае.

Псалом 126

Песьня ўзыходжаньняў

Калі не Госпад збудуе дом, *  дарэмныя стараньні будаўнікоў.

І калі не Госпад сьцеражэ места, * дарэмна пільнуюць яго вартаўнікі.

Дарэмна ўстаеце да сьвітаньня* і позна ўночы кладзецеся вы, што спажываеце хлеб свой у цяжкай працы: * Госпад і ў сьне абдароўвае выбраных сваіх.

Вось дзеці - гэта дар Госпада, * а плод улоньня - узнагарода.

Як стрэлы ў руцэ ваяўніка, * так сыны маладыя.

Блаславёны той, хто напоўніў імі калчан свой: * не пасаромеецца, калі ў браме стануць да расправы з ворагам.

Псалом 127

Песьня ўзыходжаньняў

Блаславёныя ўсе, што баяцца Госпада, * і што ходзяць Ягонымі шляхамі.

Калі будзеш карміцца з працы рук тваіх, * дык будзеш шчасьлівы і добра табе будзе.

Жонка твая будзе быццам пладавіты куст вінаградны ў зацішшы дому твайго; *

сыны ж твае быццам аліўкавыя галіны вакол стала твайго.

Так будзе блаславёны той, * хто баіцца Госпада.

Няхай блаславіць цябе Госпад з Сыёну, * каб ты бачыў дабрабыт Ерусаліму праз усе дні жыцьця твайго;

Каб ты дачакаўся бачыць дзяцей сыноў тваіх. *

Мір Ізраілю.

Псалом 128

Песьня ўзыходжаньняў

Шмат прыгняталі мяне з маладосьці маёй* - хай прызнаецца Ізраіль, -

Вельмі прыгняталі мяне з маладосьці маёй, * але не здолелі перамагчы мяне.

На хрыбце маім аралі яны, доўгія барозны свае праганяючы. * Аднак справядлівы Госпад перасек вяроўкі нязбожных.

Няхай будуць пасаромленыя* і адступяцца ўсе, што ненавідзяць Сыён.

Няхай стануцца падобнымі да травы на страсе, * што засыхае перад тым, чым вырвуць яе:

Жнец не здолее напоўніць ёю жмені сваёй, * ані той, хто вяжа снапы - прыгаршчаў сваіх.

І тыя, што праходзяць міма, ня скажуць: „Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас. * Бласлаўляем вас у імя Гасподняе".

Слава... цяпер...

Псалом 129

Песьня ўзыходжаньняў

З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой.

Хай вушы Твае будуць уважлівыя* да голасу маленьня майго.

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе: * Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

Дзеля імя Твайго, спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. * Душа мая спадзяецца на Госпада.

Больш, чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён выбавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

Псалом 130

Песьня ўзыходжаньняў

Сэрца маё, Госпадзе, не ганарыцца, * і вочы мае не глядзяць пышліва.

Не ганюся за тым, * што для мяне збыт вялікае або недасяжнае.

Але я ўпакорыў і супакоіў душу маю, * быццам дзіця адлучанае ад маці.

Душа мая ва мне, быццам дзіцятка. *

Спадзявайся, Ізраілю, на Госпада цяпер і давеку.

Псалом 131

Песьня ўзыходжаньняў

Успомні, Госпадзе, Давіда* і ўсе ягоныя стараньні,

Як ён кляўся Госпаду, * даваў абяцаньне Сільнаму Якубаваму:

„Не ўвайду да пакояў дому майго, * і ня ўзыду на пасьцель ложа майго,

І ня дам сну вачом маім, * і спачынку павекам маім,

Пакуль не знайду месца для Госпада, * памешканьня для Сільнага Якубавага".

Вось мы чулі пра яго ў Эўфраце, * знайшлі яго на полі Яару;

Увойдзем у Ягонае жыльлё, * падзем ніц перад падножкам ног Ягоных.

Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, * Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй.

Хай сьвятары Твае апрануцца ў спрвядлівасьць, * і сьвятыя Твае хай узрадуюцца.

З увагі на Давіда, слугу Твайго, * не адвяртай твару ад памазанца Твайго.

Кляўся Госпад Давіду моцнай клятваю, і не адступіцца ад яе: * Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім.

Калі сыны твае захаваюць запавет Мой і прыказаньні, якіх Я іх навучу, * дык і іх сыны будуць сядзець на пасадзе тваім давеку.

Бо Госпад выбраў Сыён, * пажадаў мець яго сабе за сялібу:

„Вось месца Майго супачынку давеку, дзе буду жыць, * бо Я ўпадабаў яго;

Багацьці ягоныя шчодра пабласлаўлю, * бедных яго насычу хлебам;

Сьвятароў яго апрану ў збаўленьне, * і сьвятыя яго ў радасьці жыць будуць.

Там Я ўздыму рог Давіда, * сьветач пастаўлю памазанцу Майму;

Ворагаў ягоных пакрыю сорамам, * а над ім закрасуе сьвятасьць Мая".

Псалом 132

Песьня ўзыходжаньняў

Вось як добра, як міла, * калі браты жывуць разам !

быццам алей духмяны на галаве, * што сьцякае па барадзе, барадзе Аарона, * аж да краёў вопраткі яго;

Быццам раса Гэрмону, што спадае на гару Сыён, * - бо там Госпад дае сваё блаславеньне і жыцьцё давеку.

Псалом 133

Песьня ўзыходжаньняў

Блаславіце Госпада, усе слугі Гасподнія, * усе вы, што трываеце начамі ў сьвятыні Гасподняй:

Уздымайце рукі вашы да месца сьвятога* і блаславіце Госпада.

Няхай блаславіць вас з Сыёну Госпад, * які стварыў неба і зямлю.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)


КАТЫЗМА 19

Псалом 134

Алілуя!

Хваліце імя Гасподняе, * хваліце, слугі, Госпада.

Вы, што стаіце ў доме Гасподнім, * на двары дому Бога нашага.

Хваліце Госпада, бо Госпад добры; * бо соладка славіць імя Ягонае.

Бо Госпад выбраў сабе Якуба, * Ізраіля як уласнасьць сваю.

І я ўведаў, што Госпад вялікі, * што наш Госпад вышэйшы за ўсіх багоў.

Госпад у небе і на зямлі, * на моры і ў бездані творыць усё, што захоча.

Ён уздымае хмары ад канцоў зямлі, * маланкамі дождж выклікае, выводзіць вецер са сховішчаў сваіх.

Ён паразіў першынцоў ягіпецкіх, * ад чалавека да жывёлы.

Учыніў знакі і цуды ў табе, Ягіпет, * супраць фараона і ўсіх слугаў ягоных.

І паразіў многія народы, * і вынішчыў моцных цароў:

Сіхона, цара амарэйскага, і Ога, цара васанскага, * і ўсе царствы хананейскія.

І аддаў іхнюю зямлю ў валоданьне Ізраілю, * на ўласнасьць народу свайму.

Імя Тваё, Госпадзе, трывае праз усе вякі, * і памяць аб Табе з пакаленьня ў пакаленьне.

Бо Госпад сьцеражэ народ свой, * Ён літуецца са слугаў сваіх.

Ідалы паганаў - срэбра і золата, * творы рук людзкіх.

Маюць вусны, але не гавораць; * маюць вочы, але ня бачаць;

Вушы маюць, але ня чуюць, * і няма дыханьня ў вуснах іх.

Хай будуць падобнымі да іх тыя, што іх робяць, * і ўсе, што спадзяюцца на іх.

Дом Ізраіля, блаславі Госпада; * Дом Аарона, блаславі Госпада; * Дом Левія, блаславі Госпада.

Вы, што баіцеся Госпада, * блаславіце Госпада.

Блаславёны Госпад ад Сыёну, * Госпад, што жыве ў Ерусаліме.

 

Псалом 135

Алілуя!

Слаўце Госпада, бо Ён добры, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Слаўце Бога багоў, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Слаўце Уладара ўладароў, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён адзін творыць цуды вялікія, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён у мудрасьці нябёсы стварыў, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён умацаваў зямлю на водах, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён стварыў сьветачы вялікія, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Сонца, каб днём кіравала, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён пазабіваў першынцоў егіпцянаў, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

І вывеў Ізраіля з-пад улады іх, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Рукою моцнаю і плячом напяты, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён разьдзяліў Чырвонае мора, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён правёў Ізраіля пасярод яго, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

І скінуў фараона і войска яго ў Чырвонае мора, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён правёў народ свой праз пустэльню, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён паразіў вялікіх цароў, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён забіў цароў моцных, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Сіхона, цара амарэйскага, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

І Ога, цара васанскага, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

І аддаў зямлю іх у спадчыну, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

У спадчыну Ізраілю, слузе свайму, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

У нашым паніжэньні ўспомніў нас Госпад, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

І выбавіў нас ад ворагаў нашых, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Ён дае спажыву ўсякай жывой істоце, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Слаўце Бога нябеснага, * бо вечная міласэрнасьць Яго.

Псалом 136

Псалом Давіда. Ярэмы

На рэках бабілёнскіх мы сядзелі і плакалі, успамінаючы Сыён. * На вербах павесілі мы гусьлі свае.

Бо, тыя, што нас паланілі, жадалі песьняў ад нас* - весяліцца хацелі нашыя прыгнятальнікі: * „Засьпявайце нам нешта з песьняў Сыёнскіх".

Як можам сьпяваць песьню Гасподнюю на чужыне? * Калі забудуся на цябе, Ерусаліме, хай будзе забытая правая рука мая,

Хай язык мой прысохне да паднябеньня майго, калі забуду цябе, * калі не пастаўлю Ерусалім вышэй за ўсякую вясёласьць.

Прыпомні, Госпадзе, сыном Эдомскім пра дні Ерусаліму, * калі казалі яны: Разбурайце, разбурайце яго да асноваў.

Дачка Бабілёнская, спусташальніца! * Блаславёны той, хто адплаціць табе за зло, якое ты ўчыніла нам.

Блаславёны той, хто схопіць дзяцей тваіх* і разаб'е іх аб скалу.

Слава... цяпер...

Псалом 137

Псалом Давіда, Агея і Захара

Буду славіць Цябе, Госпадзе, ад усяго сэрца, * перад анёламі буду пяяць Табе, * бо Ты пачуў словы вуснаў маіх;

Пакланюся сьвятыні Тваёй* і буду славіць імя Тваё за дабрыню і вернасьць Тваю, * бо Ты над усім узьвялічыў слова Тваё.

Калі я клікаў Цябе, Ты выслухаў мяне; * Ты мяне падбадзёрыў і ўмацаваў душу маю.

Усе ўладары зямныя будуць славіць Цябе, * калі пачуюць словы вуснаў Тваіх;

Будуць пяяць і славіць шляхі Госпада, * бо сапраўды вялікая слава Гасподняя.

Хоць Бог высока, ён бачыць пакорнага,* а гордага пазнае здалёку.

Хоць я хаджу сярод напасьцяў, Ты мяне падтрымліваеш* і супраць злосьці ворагаў маіх працягваеш руку. * Правая рука Твая збаўляе мяне.

Госпад завершыць пачатае мною. * Дабрыня Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пакідай твору рук Тваіх.

Псалом 138

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Божа, Ты мяне выпрабаваў* і ведаеш мяне.

Ты ведаеш мяне, калі я сядаю і калі ўстаю. * Думкі мае разумееш здалёк.

Бачыш, калі я хаджу і калі адпачываю, * і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.

Яшчэ на языку маім не зьявілася слова, * а Ты, Госпадзе, ужо ўсё ведаеш.

Ты атуляеш мяне ззаду і спераду* і кладзеш на мяне руку сваю.

Дзівоснае Тваё ўсёведаньне! * Яно недасяжнае для мяне, не магу спасьцігнуць яго.

Куды мне ісьці ад Духа Твайго? * Дзе мне схавацца ад Твайго аблічча?

Калі ўзыду на неба, Ты там; * у апраметную зыду - і там Ты прысутны.

Калі вазьму крылы заранкі* і пасялюся на краі мора -

І там рука Твая будзе вадзіць мяне, * і правая рука Твая падтрымае мяне.

Калі скажу: „Хай пакрые мяне цемра, * і сьвятло вакол мяне станецца ноччу" -

То нават цемра для Цябе ня цёмная, * і ноч будзе сьветлая як дзень: і цемра - як сьвятло.

Ты стварыў нутро маё, * ва ўлоньні маці маёй саткаў мяне.

Слаўлю Цябе за тое, што я так дзівосна створаны. * Творы Твае годныя подзіву, і душа мая разумее гэта.

Мая істота не была схаваная ад Цябе, калі я яшчэ таемна прымаў выгляд, * калі я паўставаў ва ўлоньні маці.

Вочы Твае бачылі наперад мае ўчынкі* - усе яны былі запісаныя ў Тваёй кнізе;

Дні жыцьця майго ўсе былі пазначаныя, * калі яшчэ ніводнага з іх не было.

Якія недасяжныя для мяне, Госпадзе, Твае задумы! * Якое мноства іх!

Хацеў бы палічыць, але іх больш як пяску; * а калі б і дайшоў да канца, я ўсё яшчэ быў бы з Табою.

О, каб Ты, Божа, паразіў бязбожных, * і каб адступілі ад мяне крыважэрныя!

Яны здрадліва бунтуюцца супраць Цябе; * марнае думаюць ворагі Твае.

Ці ж мне не адчуваць агіды да тых, што ненавідзяць Цябе? * Не грэбаваць тымі, што паўстаюць супраць Цябе?

Глыбокая агіда мая да іх, * яны сталіся маімі ворагамі.

Выпрабуй мяне, Божа, пазнай сэрца маё; * выпрабуй мяне і пазнай шляхі мае.

Глянь, ці не іду я па няправедным шляху, * і накіруй мяне на шлях вечны.

Псалом 139

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Збаў мяне, Госпадзе, ад злога чалавека, * сьцеражы мяне ад гвалтаўніка;

Ад тых, што ў сэрцы хаваюць благія намеры, * кожны дзень учыняюць сваркі.

Яны востраць, як гадзюкі, свае языкі, * пад вуснамі іх атрута зьмяіная.

З рук грэшніка выбаў мяне, Госпадзе, * сьцеражы мяне ад гвалтаўнікоў, бо яны надумалі пахіснуць мяне.

Гордыя паставілі петлі, раскінулі сець на дарозе, * наставілі пасткі на мяне.

Я сказаў Госпаду: Ты - Бог мой; * пачуй, Госпадзе, голас малітвы маёй.

Госпадзе, Госпадзе, Ты магутная дапамога мая; * у дзень бойкі ты ахоўваеш галаву маю.

Ня споўні, Божа, жаданьня нязбожнага, * ня дай посьпеху ягоным намерам.

Хай злосьць, што выходзіць з іхніх вуснаў* пакрые тых, што акружаюць мяне.

Хай пойдзе на іх дождж з гарачых вугольляў, * хай паваліць іх так, каб яны ня ўсталі.

Чалавек з паганым языком не ўстаіць на зямлі: * гвалтаўніка хутка сустрэнуць няшчасьці.

Ведаю, што Госпад чыніць суд прыгнечанаму* і справядлівасьць убогаму.

Толькі справядлівыя будуць хваліць імя Тваё, * і праведныя будуць жыць перад абліччам Тваім.

Слава... цяпер...

Псалом 140

Псалом Давіда

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; * будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, *і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім, * і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благіх намераў, * каб мне не шукаць прычыны да ўчынкаў нягодных

З людзьмі, якія чыняць бясчынствы, * каб не пакаштаваць мне ласункаў іх.

Хай праведнік па-добраму дакарае і нагадвае мне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй. * Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца.

Уладары іх, расьсеяныя між скалаў, * Пачуюць, якія лагодныя словы мае.

Быццам узараная зямля, * так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * на Цябе спадзяюся: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя патрапяць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Навука Давіда, калі быў у пячоры і маліўся

Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму расказваю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш сьцежкі мае.

На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу, кажу: Ты - мая надзея, * мой удзел на зямлі жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо вялікае няшчсьце маё.

Вызваль мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.

Вызваль з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Псалом 142

Псалом Давіда, калі ягоны сын перасьледаваў яго

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, * у вернасьці Тваёй прыхілі вуха Тваё да маленьня майго, * выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

І не судзіся са слугой Тваім, * бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, * жыцьцё мае топча ў зямлю, * у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.

Дух мой млее ўва мне, * і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю пра усе дзеі Твае* і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: * душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутчэй, Госпадзе, * бо дух мой зьнемагае.

Не хавай твару Твайго ад мяне, * каб мне ня стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне адчуць ласку Тваю, * бо на Цябе спадзяюся.

Пакажы мне шлях, па якім мне ісьці, * бо да Цябе ўзношу душу маю.

Выбаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх* - бо на Цябе спадзяюся.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. * Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё, * у дабрыні Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх* і загубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.

Слава... цяпер...

Кат. 11 (Пс. 77-84) - Кат. 12 (Пс. 85-90) - Кат. 13 (Пс. 91-100) - Кат. 14 (Пс. 101-104) - Кат. 15 (Пс. 105-108) - Кат. 16 (Пс. 109-117) - Кат. 17 (Пс. 118) - Кат. 18 (Пс. 119-133) - Кат. 19 (Пс. 134-142) - Кат. 20 (Пс. 143-150)

КАТЫЗМА 20

Псалом 143

Псалом Давіда пра Галіята

Блаславёны Бог, скала мая, * што рыхтуе рукі мае да бою, а пальцы мае - да вайны.

Ён - мая міласьць і маё ўмацаваньне, * мой абаронца і збаўца;

Мой шчыт - і я на Яго спадзяюся. * Ён аддае народы пад маю ўладу.

Госпадзе, хто такі чалавек, што Ты рупішся пра яго; * кім ёсьць сын чалавечы, што Ты пра яго думаеш?

Чалавек падобны да подыху ветру, * дні ягоныя, быццам цень, што прамінае.

Госпадзе, нахілі нябёсы і зыйдзі! * Дакраніся да гораў, і яны задымяць.

Блісьні маланкаю і прагані іх (ворагаў); * пусьці стрэлы Твае, каб яны зьбянтэжыліся.

Працягні руку Тваю і збаў мяне, * выратуй мяне ад водаў вялікіх і ад рук чужынцаў,

Вусны якіх хлусьлівыя, * а правая рука якіх - рука вераломных.

Божа, я засьпяваю Табе новую песьню, * заграю на дзесяціструннай гарфе, -

Табе, які даеш уладаром перамогу* і ратуеш Давіда, слугу Твайго, ад злога мяча.

Збаў мяне і вызваль з рук чужынцаў, * вусны якіх хлусьлівыя, а правая рука якіх - рука вераломных.

Хай нашыя сыны будуць як парасткі, * што проста растуць у маладым веку;

Дочкі ж нашыя* - быццам аздобленыя разьбою стаўпы вуглавыя ў харомах.

Гумны нашыя хай будуць поўныя, * багатыя ўсякім збожжам;

Авечкі нашыя хай плодзяцца тысячамі* і цьмамі на палетках нашых.

Хай валы нашыя будуць кормныя; * і хай ня будзе ні гвалту, ні страты, ні стогнаў на вуліцах нашых.

Шчасьлівы народ, у каго доля такая. * Шчасьлівы народ, чый Госпад - Бог!

Псалом 144

Хвала Давіда

Буду ўслаўляць Цябе, Божа мой, Уладару мой, * буду бласлаўляць імя Тваё вечна і на век вякоў.

Кожны дзень буду бласлаўляць Цябе* і славіць імя Тваё вечна і на век вякоў.

Вялікі Госпад і годны хвалы, * і няма межаў велічы Яго.

Пакаленьні за пакаленьнямі будуць славіць творы Твае, * магутнасьць Тваю абвяшчаць;

Будуць аб'яўляць веліч славы Тваёй, * аб цудах Тваіх расказваць;

Казаць пра страшную моц ўчынкаў Тваіх, * ведамай рабіць веліч Тваю;

Успомняць бязьмежнасьць дабрыні Тваёй, * у справядлівасьці Тваёй узрадуюцца.

Госпад ласкавы і міласэрны, * даўгацярплівы і багаты на ласку.

Госпад добры і спагадлівы* да ўсіх стварэньняў сваіх.

Хай усе творы Твае, Госпадзе, славяць Цябе, * і сьвятыя Твае хай бласлаўляюць Цябе.

Хай расказваюць аб хвале валадарства Твайго* і абвяшчаюць магутнасьць Тваю,

Каб яўнай стала сынам людзкім веліч Твая* і хвала Твайго пышнага валадарства.

Валадарства Тваё - валадарства ўсіх вякоў, * і панаваньне Тваё трывае праз усе пакаленьні.

Госпад верны ва ўсіх словах сваіх* і сьвяты ва ўсіх творах сваіх.

Госпад падтрымлівае тых, што падаюць, * і падымае прыгнечаных.

Вочы ўсіх да Цябе зьвяртаюцца з надзеяю, * і Ты даеш ім страву ў свой час,

Адчыняеш руку Тваю* і ўсё жывое сыціш.

Госпад справядлівы на ўсіх шляхох сваіх* і сьвяты ва ўсіх учынках сваіх.

Госпад блізкі да тых, што клічуць Яго* - да ўсіх, што клічуць Яго шчыра.

Ён спаўняе жаданьні тых, што баяцца Яго, * чуе кліч і выбаўляе іх.

Госпад ахоўвае ўсіх, што любяць Яго, * а грэшных загубіць.

Хай вусны мае абвяшчаюць хвалу Гасподнюю, * і ўсё жывое хай бласлаўляе імя сьвятое Яго.

Слава... цяпер...

Псалом 145

 

Алілуя! Агея і Захара

Хвалі, душа мая, Госпада.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада, * буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Не спадзявайцеся на князёў, * ані на чалавека, у якога няма збаўленьня:

Дух пакідае яго, і ён вяртаецца ў зямлю, * і тут жа гінуць усе намеры яго.

Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба памочнікам, * хто ўскладае надзею на Госпада Бога свайго,

Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх: * Ён захоўвае вернасьць давеку;

Ён чыніць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. * Госпад вызваляе палонных.

Госпад раскрывае вочы сьляпым, Госпад падымае пахілых; * Госпад любіць праведнікаў.

Госпад ахоўвае прыхадняў, памагае сіраце і ўдаве, * а шлях бязбожных разбурае.

Госпад будзе панаваць давеку, * Бог твой, Сыёне, з пакаленьня ў пакаленьне.

Псалом 146

Алілуя! Агея і Захара

Хваліце Госпада, бо Ён добры; сьпявайце Богу нашаму, бо Ён салодкі. * Хвала належыць Яму.

Госпад будуе Ерусалім, * зьбірае выгнаньнікаў Ізраіля.

Ён ацаляе разбітых сэрцам, * лечыць іхнія раны.

Ён вызначае лік зорак, * заве кожную імем сваім.

Вялікі Госпад і вялікая сіла Ягоная, * і няма меры розуму Ягонаму.

Госпад узвышае пакорных, * а бязбожных прыніжае да зямлі.

Сьпявайце Госпаду песьню падзякі, * грайце на гусьлях Богу нашаму.

Ён пакрывае неба хмарамі* і пасылае дождж на зямлю.

Ён загадвае траве расьці ў горах, * і збожжу на ўжытак людзям.

Ён дае спажыву жывёле* і птушанятам воранаў, калі яны клічуць Яго.

Не сілаю каня любуецца Ён, * і ня хуткасьць ног людзкіх Яму даспадобы.

Яму даспадобы людзі багабойныя, * якія спадзяюцца на Ягоную дабрыню.

Псалом 147

Алілуя! Агея і Захара

Хвалі, Ерусаліме, Госпада; * сьпявай Богу твайму, Сыёне.

Ён умацоўвае засаўкі брамаў тваіх, * і бласлаўляе ў табе дзяцей тваіх.

Ён дае супакой межам тваім, * корміць цябе найлепшай пшаніцаю.

Пасылае слова сваё на зямлю, * - хутка ляціць Ягонае слова.

Сьцеле сьнег, быццам воўну, * і сыпле інеем як попелам.

Кідае град як кавалкі хлеба; * хто ўстаіць перад Ягоным марозам?

Пашле слова сваё, і ўсе пачынае таяць; * загадае дуць вятром, і воды зноў цякуць.

Ён абвясьціў слова сваё Якубу, * пастановы свае і суд - Ізраілю.

Ён не зрабіў гэтага ніякаму іншаму народу, * і яны ня ведаюць Ягоных судоў. Алілуя.

Слава... цяпер...

Псалом 148

Алілуя! Агея і Захара

Хваліце Госпада з нябёсаў, * хваліце Яго на вышынях.

Хваліце Яго, усе анёлы Яго, * хваліце Яго, усе сілы Яго.

Хваліце Яго, сонца і месяц, * хваліце Яго, зоркі і ўсе сьветачы.

Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў, * і воды, што над нябёсамі.

Хай усе хваляць імя Гасподняе: * бо Ён сказаў, і сталася; загадаў, і ўсё прыйшло да быцьця.

Устанавіў іх на ўсе часы: * даў ім закон, што не праміне.

Хваліце Госпада на зямлі, * зьмеі і ўсе глыбіні марскія,

Агонь, град, сьнег і імгла; * віхор з бураю, што спаўняе слова Ягонае;

Горы і ўсе ўзгоркі, * дрэвы пладаносныя і кедры;

Зьвяры і ўсе жывёлы, * паўзуны і птушкі крылатыя;

Уладары зямныя і ўсе народы, * начальнікі і ўсе судзьдзі на зямлі;

Юнакі і дзевы, старыя і дзеці* - хай усе славяць імя Гасподняе.

Бо імя Яго адзінага ўзьнёслае, * веліч Яго на зямлі і ў небе.

Ён надае моцы народу свайму. * Ён - хвала ўсіх сьвятых Ягоных, сыноў Ізраіля - людзей, блізкіх Яму.

Псалом 149

Алілуя!

Сьпявайце Госпаду песьню новую, * хвала Яго хай грыміць на зборах сьвятых.

Хай усьцешыцца Ізраіль у Творцы сваім, * і сыны Сыёну ўзрадуюцца ва Уладару сваім;

Хай хоры хвалу пяюць імю Ягонаму, * хай граюць Яму на бубнах і гусьлях.

Бо Госпад спагадае людзям сваім* і дае лагодным збаўленьне.

Хай цешацца сьвятыя ў славе, * і ўзрадуюцца на ложах сваіх.

Хай хвала Божая будзе на вуснах іх, * і мячы двусечныя ў руках іх,

Каб учыніць помсту паганам* і пакараньне людзям:

Закаваць іхніх цароў у ланцугі, * а рукі вяльможаў - у кайданы жалезныя.

Каб споўніць над імі прысуд, * напісаны на хвалу ўсім сьвятым Ягоным.

Псалом 150

Алілуя!

Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; * хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, * хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Хваліце Яго граньнем рогу, * хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, * хваліце яго на струнах і жалейках.

Хваліце яго на цымбалах мілагучных, * хваліце Яго на цымбалах галасістых. * Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Слава... цяпер...

Канец Псалтыра.

Богу нашаму слава!


Вярнуцца назад