Галоўная > Новы Запавет (Гадлеўскі) > Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна


10 сакавіка 2011.
Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

пераклад кс. Вінцэнта Гадлеўскага,
паводле: Чатыры Эвангеліі і Апостальскія Дзеі.
Вільня, 1939.
Алічбоўваньне: Вячаслаў Мартысюк
(група па алічбоўванні тэкстаў Святога Пісання,
каардынатар кс. Сяргей Сурыновіч)

АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. ЯНА
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна
А ў т а р. Аўтарам чацьвертай эванэліі ёсьць сьв. Ян апостал, сын Зэбэдэя і брат Якуба (старшага). Быў ён родам з Бэтсайды, што над возерам Генэзарэт у Галілеі. Яго бацька, Зэбэдэй, вёў рыбалоўства ў значным разьмеры з нанятымі слугамі, а матка (Саломэ) належала да ліку тых жанчын, што памагалі Езусу і яго вучням.

Сьв. Ян быў спачатку вучнем Яна Хрысьціцеля, потым пайшоў за Езусам і разам з сваім братам Якубам быў пакліканы на апостала. Езус назваў абодвых братоў "Боанэргэс" - снымі грому за іх гарачы, агністы характар (гл. Мк. 13, 7 і Лук. 9, 54). Ян, побач з Пятром і Якубам, належаў да бліжэйшых вучняў Езуса, да тых трох, якія былі пры ўскрашэньні дачкі Яіра, пры перамяненьні на гары Табар і пры ягоным мучэньні ў Садзе Аліўным. Сьв. Ян быў тым вучнем, каторага любіў Езус і катораму з крыжа аддаў пад апеку сваю матку.

Па ўшэсьці Хрыста ў неба сьв. Ян жыў праз нейкі час у Ерузаліме, а потым (каля 70 г. па Нар. Хрыста) перанёсься ў Эфэз, у Малой Азіі. Цэзар (Даміцыян) выслаў яго на востраў Патмос, дзе меў відзеньні аб будучых падзеях Касьцёла і апісаў гэта ў кнізе Аб'яваў (Апокаліпсе), потым вярнуўся ізноў у Эфэз, тут дажыў глыбокай старасьці, тут напісаў сваю эванэлію (каля 95 г. па Нар. Хр.) і свае тры пісьмы да ўсіх хрысьціянаў. Памёр каля 100 году по Нар. Хрыста.

Аб тым, што чацьвертую эванэлію напісаў Ян апостал, сьведчыць усё старадаўнае хрысьціянства.

М э т а. Напісаў сьв. Ян сваю эванэлію ў грэцкай мове для касьцёлаў у Малой Азіі, каб іх усьцерагчы ад гэратыцкай навукі, якая не прызнавала боства Хрыстуса. Сам Ян аб гэтай мэце так піша: "Гэтыя-ж (цуды) запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя яго" (Ян 20, 31). Дзеля гэтай мэты ўсё ў гэтай эванэліі ўложана так, каб выказаць боства Езуса Хрыста: глыбокі і магутны ўступ, у каторым сьв. Ян апісвае спрадвечнае паходжаньне Сына ад Бога Айца; пададзены цэлы рад моваў Езуса, у каторых ясна выказваецца яго Боскае пасланства з неба, яго прадвечнае існаваньне, роўнасьць з Богам Айцом. Апроч гэтага ў эванэліі падчырківаецца канечнасьць веры, што езус ёсьць Сынам Божым, каторы зыйшоў з неба і стаўся чалавекам. Хто мае гэтую веру, той мае ў сабе пачатак жыцьця вечнага, а хто ня мае, той ужо асуджаны, бо над ім гнеў Божы. Прыгэтым усе цуды (знакі), якія падае сьв. Ян, выказваюць боства Хрыста.

Сьв. Ян у сваёй эванэліі бадай што не падае тых фактаў з жыцьця Езуса і тых цудаў, якія ўжо былі апісаны ў папярэдніх эванэліях (апроч мукаў і сьмерці Хрыста), бо гэныя факты былі ўжо ведамы з тых трох эванэліяў.

Сьв. Ян апісвае дзейнасьць Езуса галоўным чынам у Юдэі і дзеля гэтага характар моваў і навукаў Хрыста мае ў сьв. Яна іншы характар, чым у папярэдніх эванэліяў: гэтыя навукі болей адарванага, тэлогічнага зьместу, яны болей датасаваны да вышэйшых рэлігійных паняцьцяў жыдоўскіх. І гэта зразумела: у Галілеі Езус прамаўляў да простага народу, а ў Юдэі (Ерузаліме) Езус прамаўляе да вучоных у Законе.

Першыя тры эванэліі хоць і рысуюць перад намі асобу Хрыста, як Бога, то шмат увагі яны зварочваюць на Хрыста-чалавека, а эванэлія сьв. Яна рысуе перад намі абраз Хрыста-Бога. Сьв. Ян кажа, што Езус Хрыстус - гэта Слова Божае, якое сталася целам і прабывала паміж намі. Дык усе эванэліі, разам узятыя, даюць нам поўны і суцэльны абраз Езуса Хрыста, Бога і чалавека.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ

ЕЗУСА ХРЫСТА ПАВОДЛЕ ЯНА

УСТУП

Езус Хрыстус ёсьць спрадвечным Сынам Бога Айца

1 РАЗЬДЗЕЛ.

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2 Яно было напачатку ў Бога. 3 Усё праз яго сталася, і без яго ня сталася нічога, што сталася. 4 У ім было жыцьцё, а жыцьцё было сьвятлом людзей; 5 а сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра яго не агарнула.

6 Быў пасланы Богам чалавек, катораму імя было Ян. 7 Ён прыйшоў на пасьведчаньне, каб даць пасьведчаньне аб сьвятле, каб усе верылі праз яго. 8 Ня быў ён сьвятлом, але каб пасьведчаньне даў аб сьвятле.

9 Было праўдзівае сьвятло, каторае асьвячае кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет. 10 На сьвеце быў і сьвет праз яго стаўся, але сьвет яго не пазнаў. 11 Прыйшоў да ўласнасьці, а свае яго не прынялі. 12 А каторыя-толькі прынялі яго, даў ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя яго, 13 каторыя ня з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся. 14 І Слова сталася целам і пабывала паміж намі - і мы бачылі славу ягону, славу як адзінароднага ад Айца - поўнае ласкі і праўды.

15 Ян дае пасьведчаньне аб ім і заклікае, кажучы: Гэта той быў, аб каторым я казаў: "Каторы па мне мае прыйсьці, ён перада мню стаўся, бо перш за мяне быў". 16 І з поўнаты яго мы ўсе ўзялі, і ласку за ласкай. 17 Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. 18 Бога ніхто ніколі ня бачыў; адзінародны Сын, каторы ёсьць у ўлоньні Айца, ён сам расказаў.

1 ЧАСЬЦЬ. ПУБЛІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ЕЗУСА ХРЫСТА,

ЯГОНЫ ЦУДЫ І НАВУКА

Ян Хрысьціцель дае пасьведчаньне Езусу Хрысту

19 А гэта ёсьць пасьведчаньне Яна, калі жыды з Ерузаліму паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб спытаць у яго: Хто ты ёсьць? 20 І заявіў, і не адрокся; і заявіў: Што я ня ёсьць Хрыстус. 21 І спыталіся ў яго: Дык што-ж? Ты ёсьць Гальяш? І сказаў: Я ня ёсьць. Ты ёсьць прарок? І адказаў: Не. 22 Дык сказалі яму, каб нам даць адказ тым, каторыя нас паслалі? Што кажаш аб сабе самым? 23 Ён сказаў: Я голас клічучага ў пустыні: "Прастуйце дарогі Пана", як сказаў Ізаій прарок (40, 3). 24 А тыя, што былі пасланы, былі з фарызэяў. 25 І пыталіся ў яго і казалі яму: Дык нашто ты хрысьціш, калі ты ня ёсьць Хрыстус, ані Гальяш, ані прарок? 26 Адказаў ім Ян, кажучы: Я хрышчу вадою, але пасярод вас стаў, каго вы ня знаеце. 27 Гэта той, каторы па мне мае прыйсьці, каторы перада мною стаўся, каторага я ня варт, каб разьвязаць рамень абутку ягонага. 28 Гэта дзеялася ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.

29 На другі дзень Ян убачыў Езуса, ідучага да яго і сказаў: Вось Баранак Божы, вось, каторы зносіць грэх сьвету. 30 Гэта той, аб каторым я казаў: За мною ідзе муж, каторы перада мною стаўся, бо перш за мяне быў. 31 І я ня знаю яго, але каб ён аб'явіўся ў Ізраілю, дзеля гэтага я прыйшоў, хрысьцячы вадою. 32 І даў пасьведчаньне Ян, кажучы: Што відаў Духа, каторы зыходзіў як галуб з неба і астаўся на ім. 33 І я ня знаў яго; але каторы паслаў мяне хрысьціць вадою, той сказаў мне: "На каго ўбачыш, што зыходзіць Дух і на ім астаецца, гэта той, каторы хрысьціць Духам сьвятым". 34 І я відзеў і даў пасьведчаньне, што ён ёсьць Сын Божы.

Першыя вучні Хрыстовы

35 На другі дзень ізноў стаяў Ян і два з вучняў ягоных. 36 І ўгледзеўшы Езуса ідучага, сказаў: вось Баранак Божы. 37 І пачулі яго кажучага два вучні і пайшлі за Езусам. 38 Езус-жа, абярнуўшыся і ўвідзеўшы іх ідучых за сабою, сказаў ім: Чаго шукаеце? Яны сказалі яму: Раббі (што пераложанае значыць: Вучыцель), дзе жывеш? 39 Сказаў ім: ідзеце і паглядзеце. Пайшлі і паглядзелі, дзе жыў і асталіся ў яго той дзень; было-ж каля дзесятай гадзіны.

40 А быў Андрэй, брат Сымона Пятра, адзін з двух, якія чулі ад Яна і пайшлі за ім. 41 гэты знайшоў найперш брата свайго Сымона і сказаў яму: Мы знайшлі Мэсыяша (што пераложанае значыць: Хрыстус). 42 І прывёў яго да Езуса. А спаглянуўшы на яго, езкс сказаў: Ты ёсьць Сымон, сын Ёны; ты будзеш названы Кефа (што значыць Пётр).

43 Назаўтры хацеў выйсьці ў Галілею. І знайшоў Філіпа, і сказаў яму Езус: Ідзі за мною. 44 А быў Філіп з Бэтсайды, гораду Андрэя і Пятра. 45 Знайшоў Філіп Натанаэля і сказаў яму: Мы знайшлі Езуса, аб каторым напісаў Майсей у законе і прарокі, сына Язэпа з Назарэту. 46 І сказаў яму Натанаэль: Ці можа быць што добрае з Назарэту? Сказаў яму Філіп: Ідзі і паглядзі. 47 Убачыў Езус ідучага да сябе Натанаэля і сказаў аб ім: Вось сапраўды Ізраэліт, у каторым няма хітрасьці. 48 Сказаў яму Натанаэль: Адкуль мяне знаеш? Адказаў Езус і сказаў яму: Перш чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад фігаю, я бачыў цябе. 49 Адказаў яму Натанаэль і сказаў: Раббі, ты ёсьць Сын Божы, ты ёсьць кароль ізраільскі! 50 Адказаў Езус і сказаў яму: Ты верыш затым, што я табе сказаў: "Я бачыў цябе пад фігай" - большае за гэта ўбачыш. 51 І сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам, убачыце неба адчыненае і анёлаў Божых усходзячых і зыходзячых на Сына чалавечага.

 

 

----------------------------------

Р. 1. "На пачатку" г. зн. на пачатку ўсіх часаў, перад усім стварэньнем, інакш кажучы, "ў спрадвечнасьці", бо Слова Божае было ў Бога спрадвеку. "Слова" (па-грэцку Логос, па-лац. Вэрбум) азначае другую Асобу Найсьв. Тройцы, Сына Божага. Значыць, замест "слова" можна былоб сказаць: "На пачатку быў Сын Божы" і г. д. З гэтых і далейшых слоў відаць, што Сын Божы быў Богам, а не стварэньнем.

3 Хоць стварэньне сьвету было творам усіх Асобаў Божых, то асабліўшым спосабам прыпісваецца Слову Божаму.

4 Бог ня толькі стварыў усё праз Слова, але праз яго даў людзям жыцьцё духовае, надпрыроднае, вечнае, а праз веру асьвяціў іх сьвятлом надпрыродным.

5 "Цемра" азначае тут людзей злосных і грэшных, якія ня хочуць прыняць сьвятла Божага. Але гэтыя людзі ня могуць яго пагасіць ("цемра яго не агарнула").

6 - 7 Гутарка тут аб Яне Хрысьціцелю, каторы даў пасьведчаньне аб Хрыстусе.

9 "Праўдзівае сьвятло" гэта значыць Сын Божы, Слова. Гэтае сьвятло асьвячае кожнага чалавека праз ласку і навуку Божую.

11 "Да ўласнасьці" г. зн. да жыдоўскага народу, які ў сьв. Пісаньні часта завецца спадчынай Божай.

12 "Даў ім м о ц" г. зн. права, магчымасць стацца сынамі Божымі праз ласку і веру, а не праз паходжаньне ад Абрагама, як цьвярдзілі жыды.

13 Прынятым Сынам Божым чалавек стаецца (родзіцца) праз ласку ўсьвячаючую, а не праз чалавечае зьмяшаньне крыві і плоці.

14 "Слова сталася Целам" г. зн. адвечна існуючы Сын Божы ў часе прыняў навуку людзкую (якая ў сьв. Пісаньні завецца "целам"), стаўся чалавекам і жыў паміж людзей. Значыць, Хрыстус меў у сабе дзьве натуры: боскую і людзкую, якія былі злучаны ў аднэй Асобе Слова.

15 Гутарка тут аб Яне Хрысьціцелю, які сьведчыў, што Хрыстус, як Бог, існаваў раней за яго, бо ёсьць спрадвечны; аднак-жа як чалавек Хрыстус нарадзіўся па Яне і па Яне выступіў на публічнае навучаньне.

16 Хрыстус дае кожнаму чалавеку "ласку за ласкай" г. зн. цэлы чарод ласкаў і дараў; корміць яго сваей ласкай так, як вінаградны ўшчэп корміць сваім сокам галінкі.

17 Стары Закон ня меў сам з сябе ўсьвячаючай ласкі; такую ласку прынёс Хрыстус у Нов. Законе.

18 Ніводзін чалавек ня можа вачамі свайго цела аглядаць Бога, затым што Бог ёсьць істота духовая і не падпадае пад людзкі зрок.

"У ўлоньні Айца" гэта зн. што Сын Божы ёсьць у дасканальнай лучнасьці з Богам Айцом; дзеля гэтай лучнасьці ён нам выказаў тайніцы Божыя.

19 Жыды думалі, што Ян ёсьць Мэсыяшам, прадказаным прарокамі і дзеля гэтага паслалі да яго спытацца, хто ён?

21 Кніжнікі былі пракананы, што перад прыходам Хрыста зьявіцца Гальяш або нейкі прарок, затым і пытаюцца ў Яна, ці ён ня ёсьць Гальяш, або той прадказаны прарок. Сьв. Ян Хрысьц. ня кажа, што ён не прарок, а толькі кажа, што ён ня той прадказаны прарок.

25 Што ў часы Мэсыяша будзе хрост вадою на адпушчэньне грахоў, аб гэтым прадказвалі прарокі (Эз. 36, 25; Захар 13, 1).

26 Аб хросьце Яна гл. Мт. 3, 6.

28 Бэтанія за Ярданам іншая ад Бэтаніі за Ерузалімам.

29 Сьв. Ян Хрысьц. паказаў Езуса народу ўжо пасьля хросту Езуса ў Ярдане і пасьля спакушаньня Езуса ад злога духа ў пустыні. Сьв. Ян называе яго Баранкам (баранчыкам) г. зн. ахвярай за грахі чалавецтва.

33 "Будзе хрысьціць Духам сьвятым" г. зн. моцай любові Божай, каторай крыніцай і давальнікам ёсьць Дух сьв. Гл. Мт. 3, 11.

37 Гэты быў Андрэй і брат ягоны Ян, пазьнейшы эванэліст.

39 Дзесятая гадзіна - гэта наша чацьвертая па паўдні.

45 Філіп думаў, так як і іншыя людзі, што Езус ёсьць сынам Язэпа. Натанаэль (або інакш Баўтрамей) быў родам з Каны Галілейскай, блізка Назарэту.

48 У гэтых славах Езус выявіў Натанаэлю сваю боскую ўсёведу, бо прыпомніў яму нейкае таёмнае здарэньне, якое было ведамае толькі Натанаэлю і Богу.

51 Сынам чалавечым Хрыстус часта называў сябе, паказваючы гэтым, што ён ёсьць Мэсыяш, бо гэтак называў Мэсыяша прарок Даніла (Дан. 7 - 13-14).

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Вясельле ў Кане Галілейскай

2 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А на трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і была там матка Езуса. 2 Быў-жа запрошаны Езус і вучні ягоны на вясельле. 3 Калі-ж не хваціла віна, сказала матка Езуса да яго: Віна ня маюць. 4 І сказаў ей Езус: Што мне і табе жанчына? Яшчэ ня прыйшла мая часіна. 5 Сказала матка ягона слугам: Што-толькі вам скажа, рабеце.

6 А было там шэсьць каменных стаўбуноў, пастаўленых дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючых кожны па два або тры вядры. 7 Сказаў ім Езус: Чарпайце цяпер і занясеце маршалку. І занясьлі. 9 А як пакаштаваў маршалак вады, што сталася віном, і ня ведаў, адкуль яно, а слугі, якія чарпалі ваду, ведалі, паклікаў маршалак маладога 10 і сказаў яму: Кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а калі нап'юцца, тады горшае, а ты добрае віно захаваў аж дагэтуль! 11 Гэты пачатак цудаў зрабіў Езус у Кане Галілейскай і аб'явіў сваю славу; і ўверылі ў яго вучні ягоны.

12 Пасьля гэтага прыйшоў у Капарнаум, ён і матка ягона, і браты яго, і вучні яго, і там аставаліся нямнога дзён.

Езус ідзе на Пасху ў Ерузалім

13 І была блізка жыдоўская Пасха, і ўвайшоў Езус у Ерузалім. 14 І знайшоў у сьвятыні прадаючых валы і авечкі і галубы, і сядзячых мяняльнікаў. 15 І зрабіўшы як-бы біч з вяровак, выгнаў з сьвятыні ўсіх, так-жа авец і валоў, а грошы мяняльнікаў разсыпаў і абярнуў сталы. 16 А тым, што прадавалі галубы, сказаў: Вынясьце гэтае адсюль, і не рабеце дому Айца майго домам гандлярства. 17 І ўспомнілі вучні ягоны, што ёсьць напісана: "Рупнасьць аб дом твой зьела мяне" (Пс. 68, 2). 18 Дык адказалі жыды і сказалі яму: Які знак пакажаш нам, што гэтае робіш? 19 Адказаў Езус і сказаў ім: Развалеце гэту сьвятыню, і я ў тры дні пастаўлю яе. 20 А жыды сказалі: Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, і ты ў тры дні яе паставіш? 21 А ён гаварыў аб сьвятыні цела свайго. 22 Дык калі ўстаў з умерлых, успомнілі вучні ягоны, што ён гэтае гаварыў, і паверылі Пісаньню і мове, якую сказаў Езус.

23 калі-ж ён быў у Ерузаліме на Пасху, на сьвяточны дзень, многія ўверылі ў імя яго, бачачы знакі яго, якія чыніў. 24 Сам-жа Езус не давяраў ім самога сябе, затым што ён знаў усіх, 25 і што ня трэба было яму, каб хто даваў пасьведчаньне аб чалавеку, бо ён ведаў, што было ў чалавеку.

 

 

----------------------------------

Р. 2 1 "На трэці дзень" пасьля прыходу Езуса ў Галілею. Гэта Кана завецца Галілейскай, бо была яшчэ другая Кана блізка гораду Тыру. Ад Назарэту да Каны Галілейскай - каля 6 клм.

4 Зварот "што мне і табе жанчына" меў у жыдоўскай мове рознае значаньне, залежна ад тону і абставін. Магло значыць: "Гэта цябе і мяне не абходзіць", а магло так-жа значыць: "Гэта мне пакінь". Відаць, што тут мела гэтае другое значэньне, бо Хрыстус далей як-бы пытаецца, ці-ж яшчэ не надыйшла яго часіна, каб чыніць цуды? Відаць, што гэтак і Марыя зразумела тыя словы і загадала слугам рабіць тое, што Езус скажа.

6 Стаўбуны - гэта высячаныя з каменя пасудзіны, у якіх стаяла вада дзеля жыдоўскіх рытуальных (абрадавых) абмываньняў. А як абмываньні рук рабілі перад ядою і пасьля яды, дык стаўбуны былі ўжо парожнія.

8 Маршалак - нешта падобнае, як у нас сват, які дбае, каб на вясельлі ўсё было ў парадку.

12 Аб братох Езуса гл. Мт. 12, 46.

14 Гл. Мт. 21, 12 і наст.

19 На той знак, што мае права выганяць гандляроў з сьвятыні, Езус абяцае жыдом адбудаваць сьвятыню свайго цела, г. зн. ускрэснуць.

24 Езус не давяраў жыдом, бо чытаў у іх сэрцах таёмныя думкі.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Гутарка з Мікодымам

3 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Быў-жа чалавек з фарызэязў, на імя Мікодым, старшы жыдоўскі. 2 Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў яму: Раббі, мы ведаем, што прыйшоў ад Бога вучыцелем, бо ніхто ня можа гэтых знакаў чыніць, якія ты чыніш, калі-б Бог ня быў з ім. 3 Адказаў Езус і сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца нанова, ня можа бачыць каралеўства Божага. 4 Сказаў да яго Мікодым: Як-жа можа чалавек нарадзіцца, будучы старым? Цм-ж можа другі раз увайсьці ў лона маткі сваей і адрадзіцца? 5 Адказаў Езус: Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца з вады і Духа сьвятога, ня можа ўвайсьці ў каралеўства Божае. 6 Што нарадзілася з цела, целам ёсьць; а што нарадзілася з духа, духам ёсьць.

7 Ня дзівіся, што я табе сказаў: "Трэба вам нардзіцца ізноў". 8 Вецер вее, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць або куды ідзе. Так ёсьць з кожным, хто нарадзіўся з Духа. 9 Адказаў Мікодым і сказаў яму: Як-жа гэтае можа быць? 10 Адказаў Езус і сказаў яму: Ты ёсьць вучыцелем у Ізраілю і гэтага ня ведаеш? 11 Сапраўды, сапраўды кажу табе, што мы тое, што ведаем, гаорым, і што мы відзелі, сьведчым, а вы сьведчаньня нашага ня прымаеце.

12 Калі я сказаў вам  аб зямным і ня верыце, як-жа будзеце верыць, калі вам буду гаварыць аб нябесным? 13 І ніхто ня ўзыйшоў у неба, адно каторы зыйшоў з неба, Сын чалавечы, каторы ёсьць у небе. 14 І як Майсей падняў вужа на пустыні, так трэба, каб быў падняты Сын чалавечы, 15 каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

16 Бо як Бог узьлюбіў сьвет, што даў Сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае. 17 Бо не паслаў Бог Сына свайго на сьвет, каб ён судзіў сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз яго. 18 Хто верыць у яго, той не бывае суджаны; а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо ня верыць у імя адзінароднага Сына Божага. 19 А гэтакі ёсьць суд: што Сьвятло прыйшло на сьвет, а людзі болей узлюбілі цемру, чым сьвятло, бо былі дрэнныя іх учынкі. 20 Бо кожны, хто дрэнна паступае, ненавідзіць сьвятла і ня ідзе да сьвятла, каб ня былі даказаны ягоныя ўчынкі. 21 А хто чыніць праўду, прыходзіць да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.

Апошняе пасьведчаньне Яна Хрысьціцеля аб Хрысьце

22 Пасьля гэтага прыйшоў Езус і вучні ягоны ў Юдэйскую зямлю і там прабываў з імі і хрысьціў. 23 Быў-жа і Ян хрысьцячы ў Эноне, каля Саліму, бо там было многа вады; і прыходзілі, і хрысьціліся. 24 Бо яшчэ Ян ня быў пасаджаны ў вязьніцу. 25 І паўстала спрэчка ў вучняў Яна з жыдамі аб ачышчэньні. 26 І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Раббі, той каторы быў з табою за Ярданам, катораму ты даў пасьведчаньне, вось ён хрысьціць і ўсе ідуць да яго. 27 Адказаў Ян і сказаў: Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба. 28 Вы самі для мяне сьведкі, што я сказаў: "Я ня ёсьць Хрыстус, але што я пасланы перад ім". 29 Хто мае заручаную, той жаніх; а прыяцель жаніха, што стаіць і слухае яго, радасьцяй радуецца з голасу жаніха. Дык гэтая радасьць мая споўнілася. 30 Яму трэба расьці, а мне малець.

31 Хто звыш прыходзіць, той над усімі. Хто з зямлі, той з зямлі ёсьць і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, той над усімі, 32 і што відзеў і чуў, тое сьведчыць, а пасьведчаньня яго ніхто ня прымае. 33 Хто прыняў яго пасьведчаньне, той сьцьвердзіў, што Бог ёсьць праўдзівы. 34 Бо каго паслаў Бог, той гаворыць словы Божыя, бо ня мераю дае Бог духа. 35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі яго. 36 Хто верыць у Сына, той мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць Сыну, ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы астаецца над ім.

 

 

----------------------------------

Р. 3 1 Мікодым быў сябрам Вялікай Жыдоўскай Рады або Сангэдрыну.

2 Мікодым прыйшоў уначы дзеля страху перад жыдамі.

5 Жыды былі пракананы, што толькі патомкі Абрагама ўвойдуць у валадарства Божае, а Езус кажа, што каб увайсьці ў валадарства Божае, трэба адрадзіцца на душы з вады і Духа сьв.

8 Дух сьв. надзяляе людзей сваей ласкай як хоча  і каго хоча. Гэтага дыханьня ласкі чалавек ня бачыць, так як ня бачыць веяньня ветру.

10 Адраджэньне на душы было прадвешчана ўжо ў Ст. Законе і Мікодым павінен быў аб гэтым ведаць.

13 Ніхто не аглядаў у небе тайніцаў Божых, апроч Сына Божага, для каторага адкрыты ўсе тайніцы. Сын Божы, хоць прабывае на зямлі як Сын чалавечы, аднак ён, як Бог, ёсьць і ў небе.

14 - 15 На жыдоў у пустыні за іх няверу Бог паслаў ядавітых вужоў. Калі Жыды пакаяліся, Бог загадаў Майсею адліць мядзянага вужа і памясьціць на высокім стаўпе. Укушаны чалавек, калі ўзглянуў на таго вужа, быў здаровы. Вуж гэты быў знакам і падабенствам Е. Хрыста, прыбітага да крыжа. Хто з верай глядзіць на ўкрыжаванага Хрыста і спаўняе яго загады, той будзе збаўлены.

16 Вера ў Сына Божага ёсьць пачаткам, асновай і коранем праведнасьці перад Богам.

17 Гэта значыць ц я п е р ня прыйшоў судзіць.

18 Благія людзі ўжо самі сябе асудзілі, бо ня вераць у Сына Божага.

19 Прычынай асуджэньня благіх людзей будзе тое, што паміма прыходу на сьвет Сьвятла (Хрыста), яны аднак за гэтым сьвятлом не пайшлі з сваей віны.

21 Добрыя людзі не патрабуюць крыцца з сваімі добрымі ўчынкамі.

22 Далей (Ян 4, 2) гаворыцца, што Езус ня сам хрысьціў, але вучні ягоны.

25 "Аб ачышчэньні" - тут трэба разумець не аб звычайным абрадавым ачышчэньні, але аб хросьце. Відаць, што жыды хрост вучняў Езуса ставілі вышэй за хрост Яна, затым вучні Яна і з жалем пайшлі да свайго вучыцеля.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус пакідае Юдэю і ідзе праз Самарыю

4 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Дык калі Езус пазнаў, што фарызэі пачулі, што езус болей вучняў здабывае, чым Ян, 2 (хоць Езус ня хрысьціў, але вучні ягоны) - 3 пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею.

4 А трэба было яму прайсьці праз Самарыю. 5 Дык прыйшоў у горад самаранскі, які завецца Сыхар, каля хутару, які даў Якуб сыну свайму Язэпу. 6 Была-ж там студня Якуба. Дык Езус, змучыўшыся з дарогі, сядзеў так над студняю. Было каля гадзіны шостае.

7 Прыйшла жанчына з Самарыі зачэрпуць вады. Сказаў ей Езус: Дай мне піць. 8 (Бо вучні ягоны былі пайшоўшы ў горад, каб купіць ежы). 9 Дык сказала яму тая самаранская жанчына: Як-жа ты, будучы жыдам, просіш у мяне піць, я-ж самаранская жанчына? Бо жыды ня маюць зносін з самаранамі. 10 Адказаў Езус і сказаў ей: Калі-б ты ведала дар Божы і хто ёсьць, што кажа табе: "Дай мне піць", ты можа прасіла-б ў яго і ён даў-бы табе жывое вады. 11 Сказала яму жанчына: Пане, нават ня маеш чым зачэрпнуць, ды студня глыбокая, дык адкуль маеш жывую ваду? 12 Ці-ж ты большы за нашага айца Якуба, каторы даў нам студню і сам з яе піў, і сыны ягоны, і жывёла ягона? 13 Адказаў Езус і сказаў ей: Кожны, хто п'е з гэтай вады, ізноў захоча піць; але хто-б піў з вады, якую я яму дам, не захоча піць навекі; 14 а вада, якую я яму дам, станецца ў ім крыніцаю вады, б'ючай на жыцьцё вечнае. 15 Сказала да яго жанчына: Пане, дай мне гэтай вады, каб мне не хацелася піць і не хадзіць сюды чарпаць.

16 Сказаў ей Езус: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыйдзі сюды. 17 Адказала жанчына і сказала: Я ня маю мужа. Сказаў ей Езус: Добра ты сказала, што "ня маю мужа"; 18 бо пяцёх мужоў ты мела, і каторга цяпер маеш, ня ёсьць твой муж. Гэта ты праўдзіва сказала. 19 Жанчына сказала яму: Пане, віджу, што ты прарок. 20 Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе трэба пакланяцца. 21 Сказаў ей Езус: Жанчына, вер мне, што прыходзіць часіна, калі ані на гэтай гарэ, ані ў Ерузаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. 22 Вы пакланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы знаем, чаму пакланяемся; бо збаўленьне з жыдоў. 23 Але прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе. Бо і Айцец такіх шукае, каторыя-б пакланяліся яму. 24 Духам ёсьць Бог, і тыя, каторыя пакланяюцца яму, трэба, каб пакланяліся ў духу і праўдзе. 25 Сказала яму жанчына: Ведаю, што прыйдзе Мэсыяш (каторы завецца Хрыстус), дык калі ён прыйдзе, абвесьціць нам усё. 26 Сказаў ей Езус: Гэта я, каторы гавару з табою.

27 І зараз прыйшлі вучні ягоны і дзівіліся, што гаварыў з жанчынай. Аднак ніводзен не сказаў: Чаго жадаеш або аб чым з ею гаворыш? 28 Дык жанчына пакінула сваё вядро і пайшла ў горад і казала гэным людзям: 29 Пайдзеце і паглядзеце чалавека, каторы сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла; ці ня ён ёсьць Хрыстус? 30 Дык выйшлі з гораду і пайшлі да яго.

31 Тымчасам вучні прасілі яго, кажучы: Раббі, еш. 32 Ён-жа сказаў ім: Я маю ежу, каб есьці, аб якой вы ня ведаеце. 33 Дык гаварылі вучні паміж сабою: Няўжо яму хто прынёс есьці? 34 Сказаў ім Езус: Ежай маей ёсьць, каб чыніць волю Таго, хто паслаў мяне і каб даканаць справы ягонай. 35 Ці-ж вы не гаворыце, што яшчэ чатыры месяцы і прыйдзе жніво? Вось я кажу вам: Падымеце вочы вашыя і пагляньце на ваколіцы, што ўжо белыя да жніва. 36 А хто жне, той бярэ плату і зьбірае плод на жыцьцё вечнае, каб і той, хто сее, разам цешыўся, і той, хто жне. 37 Бо ў гэтым ёсьць слова праўдзівае: што іншы сее, а хто іншы жне. 38 Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іх працы.

39 З таго-ж гораду многія з самаранаў уверылі ў яго дзеля слова жанчыны, якая давала пасьведчаньне: Што сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла. 40 Дык калі прыйшлі да яго самаране, прасілі яго, каб астаўся там. І аставаўся там праз два дні. 41 І яшчэ болей іх уверыла ў яго дзеля ягонай мовы. 42 А жанчыне казалі: што ўжо  ня дзеля тваей гутаркі мы верым, бо мы самі чулі і ведаем, што гэта ёсьць сапраўды Збаўца сьвету.

Езус варочаецца ў Галілею. Аздараўленьне князевага сына

43 Пасьля-ж двух дзён ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. 44 Бо сам Езус даў пасьведчаньне, што прарок у сваей бацькаўшчыне ня мае пашаны. 45 Дык калі прыйшоў у Галілею, прынялі яго галілеяне, пабачаўшы ўсё, што быў учыніў у Ерузаліме ў дзень сьвяточны, бо і яны былі прыйшоўшы на дзень сьвяточны.

46 Дык прыйшоў ізноў у Кану Галілейскую, дзе ваду зрабіў віном. І быў адзін князь, каторага сын хварэў у Капарнауме. 47 Ён, калі пачуў, што Езус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, пайшоў да яго і прасіў яго, каб прыйшоў і аздаравіў Сына ягонага, бо пачынаў уміраць. 48 Езус-жа сказаў да яго: Калі знакаў і цудаў ня ўбачыце, ня верыце. 49 Сказаў да яго князь: Пане, прыйдзі перш, чым памрэ сын мой. 50 Сказаў яму Езус: Ідзі, сын твой жыве. Паверыў чалавек мове, якую сказаў яму Езус і пайшоў. 51 Калі-ж ён ужо прыходзіў, перанялі яго слугі і паведамілі, кажучы, што сын ягоны жыве. 52 Дык пытаўся ў іх гадзіны, у якою яму палепшала? І сказалі яму: Што ўчоры ў гадзіне сёмай пакінула яго гарачка. 53 Дык пазнаў бацька, што была тая гадзіна, у каторай сказаў яму Езус: Сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.

54 Гэта ізноў другі знак учыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.

44 Жыды ў Юдэі не хацелі прыняць навукі Езуса. Магчыма так-жа, што Езус цяпер не зайшоў у свой горад (Назарэт), хоць дарога з Самарыі ў Галілею праходзіла каля гэтага гораду.

46 Гэта быў урадавец Гэрада Антыпы, валадара Галілеі.

54 Першым цудам у Галілеі было перамяненьне вады ў віно ў Кане Галілейскай.

 

 

----------------------------------

Р. 4 4 З Юдэі ў Галілею ісьці праз Самарыю было бліжэй.

9 Самаране прызнавалі толькі закон Майсея, а адкідалі прарокаў і розныя жыдоўскія рэлігійныя практыкі. Каб не хадзіць у Ерузалім, самаране збудавалі сабе сьвятыню на гарэ Гарызім, але жыды яе збурылі, чым выклікалі ў самаранаў яшчэ большую ненавісьць да сябе. Дзеля гэтай ненавісьці, жыды абміналі Самарыю і з самаранамі ня мелі ніякіх зносін. Затым і зьдзівілася самаранка, калі Езус папрасіў у яе піць.

10 У гутарцы з самаранкай Езус далей разьвівае важнасьць адраджэньня душы людзкое, аб чым ужо гаварыў з Мікодымам. Навука Хрыста і ласка Божая падобны да жывой, крынічнай вады: як крынічная вада адсьвяжае арганізм чалавечы і дае яму новыя сілы, так і навука Хрыста дае новую, Божую моц душы людзкой.

11 У Палестыне крынічную ваду, якая б'е з зямлі, называлі часта жывою вадою, адрозьніваючы яе ад дажджавой (стаячай) вады. Студня Якуба існуе і цяпер і мае 23 мэтры глыбіні.

12 Самаране, таксама як і жыды, уважалі сябе за патомкаў Якуба (Ізраіля) праз ягонага сына Язэпа. У сапраўднасьці былі яны народам мяшаным, паўсталым з астаткаў жыдоў і з насланых з Ассырыі паганаў.

17 Хрыстус загадывае самаранцы прывясьці мужа і адкрывае тайніцы яе душы.

20 Гара Гарызім была туж каля студні Якуба. Пазнаўшы ў Хрысьце прарока, самаранка хоча разьвязаць важнае жыцьцёвае пытаньне, дзе трэба пакланяцца Богу, у Ерузаліме, ці на гары Гарызім?

21 Хрыстус прадвяшчае паўсюдную чэсьць для Бога, ня прывязаную т о л ь к і  д а  а д н а г о месца, як гэта было ў жыдоў ці самаранаў. Разам з гэтым езус прадказвае скасаваньне як жыдоўскага так і самаранскага культу.

23 У Новым Законе будуць скасаваны ахвяры з зьвярат, а новая ахвяра ня будзе прывязана да аднаго месца. Праўдзівыя паклоньнікі будуць славіць Бога пад тхненьнем Духа сьв. і праўды Божай, якую абвясьціў Хрыстус. Але гэтае слаўленьне Бога ў духу і праўдзе не выключае зьверхняй, вонкавай формы службы Божай як абраду і сьвятыні, бо і Хрыстус ужываў вонкавых формаў пры малітве (падаў на калені, загадываў маліцца супольна, устанавіў сакрамэнты і імшу сьв.). Словы "ў духу і праўдзе" Хрыстус проціўставіць абрадам і ахвярам жыдоўскім.

27 Вучні зьдзівіліся ня толькі дзеля таго, што Хрыстус гаварыў з чужой для іх самаранкай, але і дзеля таго, што вучыцелі Закону (раббі) пагарджалі жанчынамі і нават не гаварылі з імі публічна, а аб нейкім навучаньні жанчын і гутаркі ня было.

34 Як для кожнага чалавека яда ёсьць канечная і мілая, так для Хрыста міла навучаць і навярнуць людзей да Бога.

35 Хрыстус паказвае тут на жніво сэрцаў людзкіх, якія не дасьпелі на прыняцьце яго навукі нават паміж самаранаў.

36 Той, хто сее (Хрыстус), хоць і ня мае пацехі ў часе сяўбы, адно труды, аднак будзе цешыцца ў часе жніва з вучнямі сваімі, каторыя потым жалі плады навукі ягонай нават у Самарыі (Ап. Дз. 8, 4 -25).

38 Хрыстус працаваў, навучаючы жыдоў, а апосталы будуць хрысьціць тых, якія навернуцца праз навуку Хрыста.

42 Цяпер самаране прызналі, што Езус ёсьць збаўца сьвету, але другім разам яны яго не прынялі (гл. Лк. 9, 51 і наст.).

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Аздараўленьне хворага пры саджалцы Бэтэсда

5 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пасьля гэтага быў сьвяточны дзень жыдоўскі і Езус пайшоў у Ерузалім. 2 Ёсьць-жа ў Ерузаліме авечая саджалка, якая завецца па-гэбрайску Бэтэсда, маючая пяць прысенкаў. 3 У усіх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, зсохлых, якія выглядалі парушэньня вады. 4 Бо анел Панскі зыходзіў час ад часу ў саджалку і варушылася вада; і хто першы ўходзіў у саджалку пасьля парушэньня вады, быў здаровы, на якую-б хваробу ён не хварэў. 5 Быў-жа там чалавек, які трыццаць восем гадоў быў у сваей хваробе. 6 Калі Езус убачыў яго ляжачага і пазнаў, што ён ужо многа часу хварэе, сказаў яму: Хочаш быць здаровым? 7 Адказаў яму хворы: Пане, я ня маю чалавека, каб ён, калі ўзварухнецца вада, апусьціў мяне ў саджалку; бо пакуль я дайду, іншы ўвойдзе перада мною. 8 Сказаў яму Езус: Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі. 9 І зараз-жа стаў здаровым той чалавек, і ўзяў ложа сваё, і хадзіў.

А ў той дзень была субота. 10 Дык жыды казалі таму, што быў аздароўлены: Гэта-ж субота, ня можна табе насіць твайго ложа. 11 Адказаў ім: Хто мяне здаровым зрабіў, той мне сказаў: "Вазьмі ложа тваё і хадзі". 12 Дык спыталіся ў яго: Хто гэта той чалавек, каторы табе сказаў: "Вазьмі ложа тваё і хадзі"? 13 Той-жа, што стаў здаровым, ня ведаў, хто гэты быў, бо Езус адхіліўся ад грамады, якая была на месцы. 14 Потым знайшоў яго Езус у сьвятыні і сказаў яму: Вось ты стаў здаровым; ужо не грашы, каб ня здарылася з табою што горшае. 15 Пайшоў той чалавек і абвесьціў жыдом, што гэта быў Езус, каторы зрабіў яго здаровым. 16 Дзеля гэтага жыды прасьледавалі Езуса, што гэтае рабіў у суботу. 17 Езус-жа адказаў ім: Айцец мой аж дагэтуль дзеіць і я дзею. 18 Дык дзеля гэтага жыды яшчэ болей шукалі забіць яго, што ня толькі ламаў суботу, але і Бога называў сваім Айцом, чынячы сябе роўным Богу.

Езус выказвае сваё боства

Дык адказаў Езус і сказаў ім: 19 Сапраўды, сапраўды кажу вам, ня можа Сын ад сябе нічога чыніць, акрамя таго, што ўбачыць Айца чынячага; бо што-колечы ён чыніць, тое і Сын таксама чыніць. 20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае яму ўсё, што сам чыніць; і большыя за гэтыя пакажа яму чыны, каб вы дзівіліся. 21 Бо як Айцец ускрашае ўмерлых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе. 22 Бо Айцец ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну, 23 каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца. Хто не паважае Сына, той не паважае Айца, каторы паслаў яго.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што хто слухае слова майго і верыць таму, каторы паслаў мяне, той мае жыцьцё вечнае і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця. 25 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі ўмерлыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць. 26 Бо як Айцец мае жыцьцё ў сабе самым, так даў і Сыну мець жыцьцё ў сабе самым; 27 і даў яму ўладу чыніць суд, бо ён ёсьць Сын чалавечы. 28 Ня дзівецеся з гэтага, бо прыходзіць часіна, у каторай усе, што ёсьць у магілах, пачуюць голас Сына Божага, 29 і выйдуць тыя, што добра чынілі, на ўскрашэньне жыцьця, а тыя, што дрэнна паступалі, на ўскрашэньне суду. 30 Не магу я сам ад сябе нічога чыніць. Як чую, так суджу, і суд мой ёсьць справядлівы, бо ня шукаю маей волі, але волі таго, хто паслаў мяне.

31 Калі я пасьведчаньне даю вам сам ад сабе, пасьведчаньне маё ня ёсьць праўдзівае. 32 Іншы ёсьць, хто дае пасьведчаньне аба мне, і я ведаю, што праўдзівае ёсьць пасьведчаньне, якое ён дае аба мне. 33 Вы пасылалі да Яна, і ён даў пасьведчаньне праўдзе. 34 Я-ж не ад чалавека бяру пасьведчаньне, але кажу гэтае, каб вы былі збаўлены.35 Ён быў сьветачам, што гарэў і сьвяціў, а вы хацелі да часу пацешыцца ў ягоным сьвятле.

36 Але я маю пасьведчаньне большае за Янава; бо чыны, якія даў мне Айцец, каб даканаць іх, самыя чыны, якія я чыню, яны даюць пасьведчаньне аба мне, што Айцец паслаў мяне. 37 А Айцец, каторы паслаў мяне, ён сам даў сьведчаньне аба мне. І вы ані голасу яго ніколі ня чулі, ані вобліку яго ня бачылі; 38 і ня маеце слова яго ў вас прабываючага, бо таму, каторага ён  паслаў, вы ня верыце. 39 Вы дасьледжваеце Пісаньні, бо думаеце ў іх мець жыцьцё вечнае, а гэта-ж яны даюць пасьведчаньне аба мне, 40 а вы ня хочаце прыйсьці да мяне, каб мець жыцьцё.

41 Славы ад людзей я не прымаю; 42 але я пазнаў вас, што міласьці Божай ня маеце ў сабе. 43 Я прыйшоў у імя Айца майго, а вы ня прымаеце мяне; калі другі прыйдзе ў імя сваё, вы таго прымеце. 44 Як-жа можаце верыць вы, каторыя прымаеце славу адзін ад другога, а славы, каторая ёсьць ад адзінага Бога, ня шукаеце? 45 Ня думайце, што я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсьць хто вас вінаваціць - Майсей, на каторага вы спадзеяцёся. 46 Бо калі-б вы верылі Майсею, пэўне-ж верылі і мне, бо аба мне ён пісаў. 47 Калі-ж вы ягоным пісаньням ня верыце, то як-жа паверыце маім славам?

 

 

----------------------------------

Р. 5 1 "Сьвяточны дзень" - гэта была Пасха.

2 У гэтай саджалцы купалі авечкі, празначаныя на ахвяру.

14 З гэтых слоў відаць, што тая доўгая хвароба была карай за грахі.

17 Бог дзеіць без перарыву, нават у дзень суботні, удзержываючы ўвесь сьвет у бытаваньні, ён-жа аздараўляе спосабам цудоўным і хворых. Разам з Айцом дзеіць і Сын, бо ён аднэй натуры з Айцом.

19 Сын Божы ня можа нічога чыніць без Айца (і Духа сьв.), таксама як Айцец (і Дух сьв.) ня могуць нічога чыніць бяз Сына, бо маюць адну супольную натуру, якая ёсьць жаралом іх дзеяньня.

22 Суд нявідомы над сьветам выконвае ўся сьв. Тройца, а суд відомы выконывае толькі Сын - як Бог і чалавек, вызначаны да гэтага сьв. Тройцай, як відомы судзьдзя ўсесьвету.

24 Хто верыць у Хрыста і жыве паводле ягоных прыказаньняў, той стане перад Хрыстом не як перад срогім судзьдзёю, але як перад міласьцівым Панам, каторы раздае нагароды.

25 Гутарка тут аб умерлых на душы праз сьмяротны грэх. Гэтыя ўмерлыя паўстануць да жыцьця пад дзеяньнем навукі і ласкі Божай. (У далейшых радкох (28 і 29) гутарка аб умерлых на целе).

27 "Сын чалавечы" значыць Мэсыяш.

30 Сам ад сябе Сын Божы нічога ня можа чыніць, але толькі разам з Айцом і Духам сьвятым.

32 Айцец нябесны даў пасьведчаньне праз голас з неба: "Гэта Сын мой мілы" і праз вусны Яна Хрысьціцеля.

33 Гл. Ян 1, 19 і наст.

35 Фарызэі выдалі сьв. Яна Хрысьц. у рукі Гэрада Антыпы, бо пачаў вытыкаць ім іхную крывадушнасьць і нягоднасьць.

43 Фальшывых прарокаў жыды ня раз прыймалі, а праўдзівых прасьледавалі.

45 Хрыстус будзе іх с у д з ь д з ё ю, а не абвініцелем.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус корміць 5000 грамаду пяцьма хлябамі і ходзіць па моры

6 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пасьля гэтага Езус адыйшоў на той бок Галілейскага мора, або Тыбэрыядзкага. 2 І ішло за ім вялікае мноства, бо відзелі знакі, якія чыніў над тымі, што хварэлі. 3 Дык узыйшоў Езус на гару і сядзеў там з сваімі вучнямі. 4 Была-ж блізка Пасха, дзень сьвяточны жыдоўскі.

5 Дык калі Езус падняў вочы і ўбачыў, што вялізарнае мноства ідзе да яго, сказаў да Філіпа: Адкуль мы купім хлеба, каб яны мелі есьці? 6 А гэта казаў, прабуючы яго, бо сам ведаў, што меў зрабіць. 7 Адказаў яму Філіп: За дзьвесьце дынараў ня хваціць ім хлеба, каб кожны атрымаў па троху. 8 Сказаў яму адзін з вучняў ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: 9 Ёсьць тут адзін хлапец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзьве рыбы, але што гэта на гэтулькіх? 10 І сказаў Езус: Загадайце людзям сесьці. Было-ж многа травы на месцы. Дык паселі мужчыны лікам каля пяці тысяч. 11 І ўзяў Езус хлябы і ўчыніўшы падзяку, раздаў сядзячым; таксама і з рыбаў, сколькі хацелі. 12 А калі наеліся, сказаў вучням сваім: Зьбярэце кавалкі, што асталіся, каб ня згінулі. 13 Дык сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкаў з пяцёх ячменных хлябоў, якія асталісяў тых, што елі.

14 Дык тыя людзі, убачыўшы цуд, які ўчыніў Езус, казалі: Што гэта ёсьць сапраўды прарок, каторы мае прыйсьці на сьвет. 15 Езус-жа пазнаўшы, што маюць прыйсьці, каб узяць яго і зрабіць яго каралём, аддаліўся ізноў сам адзін на гару.

16 Калі-ж настаў вечар, прыйшлі вучні ягоны да мора 17 і ўвайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капарнаум. І было ўжо сьцямнеўшы, а Езус да іх ня прыходзіў. 18 А мора, ад дуючага вялікага ветру, уздымалася. 19 Дык калі праплылі нешта дваццаць ці трыццаць стадыяў, убачылі Езуса ходзячага па моры і прбліжаючагася да лодкі - і спалохаліся. 20 Ён-жа сказаў ім: Гэта я, ня бойцеся. 21 Дык захацелі ўзяць яго ў лодку, і зараз лодка была пры зямлі, да каторай плылі.

Езус абяцае ўстанавіць Найсьвяцейшы Сакрамэнт

22 На другі дзень грамада, якая стаяла на тым баку мора, убачыла, што там ня было другой лодкі, толькі адна, і што Езус не ўвайшоўшы быў са сваімі вучнямі ў лодку, але вучні ягоны адны адплылі; 23 а другія лодкі надплылі з Тэбэрыяды, блізка месца, дзе елі хлеб за падзякай Панскай. 24 Дык калі ўбачыла грамада, што там ня было Езуса ані вучняў ягоных, увайшлі ў лодку і прыплылі ў Капарнаум, шукаючы Езуса.

25 І калі знайшлі яго на тым баку мора, сказалі яму: Вучыцель, калі ты сюды прыбыў? 26 Адказаў ім Езус і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, вы шукаеце мяне не затым што відзелі цуды, але затым што елі хлеб і наеліся. 27 Здабывайце ня ежу, каторая гіне, але каторая трывае на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын чалавечы, бо яго Айцец азначыў, Бог. 28 Дык сказалі яму: Што мы маем рабіць, каб чыніць справы Божыя? 29 Адказаў Езус і сказаў ім: Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго ён паслаў. 30 Дык сказалі яму: Які-ж ты знак чыніш, каб мы ўбачылі і верылі табе? Што ты дзеіш? 31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як ёсьць напісана: "Хлеб з неба даў есьці" (Пс. 77, 24). Дык сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец мой дае вам праўдзівы хлеб з неба. 33 Бо хлеб ёсьць Божы, каторы з неба зыходзіць і дае жыцьцё сьвету.

34 Дык сказалі яму: Пане, дай нам заўсёды гэтага хлеба.

35 А Езус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да мяне, той не захоча есьці, а хто верыць у мяне, не захоча піць ніколі. 36 Але я вам кажу, што вы і бачылі мяне і ня верыце. 37 Усё, што дае мне Айцец, да мяне прыйдзе, і таго, хто да мяне прыходзіць, ня выкіну проч; 38 бо я зыйшоў з неба ня дзеля таго, каб чыніць маю волю, але волю таго, каторы паслаў мяне, Айца, каб нічога ня згубіў з усяго таго, што ён мне даў, але каб ускрасіў тое ў апошні дзень. 40 Гэтая-ж ёсьць воля Айца майго, каторы паслаў мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у яго, меў жыцьцё вечнае і я яго ўскрашу ў апошні дзень.

41 Дык жыды наракалі на яго, што быў сказаўшы: "Я ёсьць жывы хлеб, што з неба зыйшоў" 42 і казалі: Ці-ж гэта ня Езус, сын Язэпа, каторага мы знаем бацьку і матку? Дык як-жа ён гаворыць: "Што я з неба зыйшоў"? 43 Дык адказаў Езус і сказаў ім: Не наракайце паміж сабою. 44 Ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі Айцец, каторы паслаў мяне, не пацягне яго, і я яго ўскрашу ў апошні дзень. 45 Ёсьць напісана ў прароках: "І будуць усе вучнямі Бога" (Із. 54, 13). Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да мяне. 46 Не затым што Айца хто-колечы відзеў, адно той, хто ад Бога ёсьць, той відзеў Айца. 47 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, мае жыцьцё вечнае. 48 Я ёсьць хлеб жыцьця. 49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі. 50 Гэты ёсьць хлеб, што з неба зыходзіць, каб той, хто спажываў-бы яго, не памёр.

51 Я ёсьць хлеб жывы, каторы з неба зыйшоў. 52 Калі-б хто еў гэты хлеб, будзе жыць на векі; а хлеб, каторы я дам, ёсьць цела маё за жыцьцё сьвету. 53 Дык спрачаліся жыды паміж сабою, кажучы: Як-жа ён можа даць сваё цела да яды? 54 І сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі-б вы ня елі цела Сына чалавечага і ня пілі крыві ягонай, ня будзеце мець жыцьця ў сабе. 55 Хто есьць цела маё і п'е кроў маю, ува мне прабывае, а я ў ім. 58 Як паслаў мяне жывы Айцец, і я жыву праз Айца, а хто мяне спажывае, і той будзе жыць праз мяне. 59 Гэты ёсьць хлеб, каторы з неба зыйшоў. Ня так як бацькі вашыя елі манну і паўміралі; хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на векі.

60 Гэтае гаварыў вучачы ў бажніцы, у Капарнаум.

61 Дык многія з вучняў ягоных чуючы казалі: Жорсткая гэта мова, і хто яе можа слухаць? 62 Езус-жа, ведаючы сам у сабе, што на гэта нараклі вучні ягоны, сказаў ім: Гэта вас горшыць? 63 А калі ўбачыце Сына чалавечага, узыходзячага туды, дзе быў раней? 64 Гэта дух, што ажыўляе; цела не памагае нічога. Словы, якія я вам сказаў, ёсьць дух і жыцьцё. 65 Але ёсьць неекаторыя з вас, што ня вераць. Бо Езус ад пачатку ведаў, каторыя былі няверуючыя, і хто яго меў выдаць. 66 І казаў: Дзеля таго я вам сказаў, што ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі-б яму ня было дадзена Айцом маім.

67 Ад гэтага часу многія з вучняў ягоных пайшлі назад і ўжо з ім не хадзілі. 68 Дык сказаў Езус да дванаццацёх: Ці і вы хочаце адыйсьці? 69 І адказаў яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты мае словы жыцьця вечнага; 70 і мы ўверылі і пазналі, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы. 71 Адказаў яму Езус: Ці-ж не дванаццацёх вас выбраў? А адзін з вас ёсьць д'ябал. 72 Казаў-жа аб Юдзе Сымонавым, Іскарыёце; бо гэты, будучы адным з дванаццацёх, меў яго выдаць.

 

 

----------------------------------

6 Р. 4 Гэта Пасха была ўжо трэцяй у публічным навучаньні Езуса.

7 Гл. Мк. 6, 37.

11 Гл. Мт. 14, 19.

15 Народ жыдоўскі быў пракананы, што Мэсыяш так-жа будзе зямным валадаром і адбудуе валадарства Давіда, а як зямны валадар накорміць жыдоў цудоўным спосабам, як Майсей у пустыні. Хрыстус аднак адыйшоў на гару, каб там памаліцца (Мк. 6, 46).

19 25 - 30 стадыяў - гэта каля 5 клм. Вучні спалохаліся, бо думалі, што гэта нейкая здань (Мт. 14, 26; Мк. 6, 49). 

25 Людзі ня ведалі, што Езус пайшоў па моры.

27 Бог Айцец азначыў свайго Сына як-бы пячацяй цудаў і ласкаў, якія праз яго дзеяліся і гэтым самым паказаў, што ён - Сын Ягоны.

30 - 31 Тут жыды кажуць так: "Мы паверылі Майсею і ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо Майсей свай пасланства ад Бога даказаў цудамі, а ты цьвярдзіш, што дасі нам хлеб на жыцьцё вечнае, болей абяцаеш, чым Майсей, дык ты павінен нейкім нязвычайным цудам сьцьвердзіць праўдзівасьць сваіх слоў".

36 Жыды бачылі, як Езус чыніў цуды, аднак-жа ня ўверылі.

37 Бог Айцец ласкай сваею сам прыводзіць праўдзівых вучняў да Езуса і такія вучні не адыйдуць ад яго.

42 Што Езус прыйшоў з неба, жыды ніяк не маглі зразумець. У іх пракананьні Езус - гэта сын Язэпа і Марыі.

44 Ніхто ня можа прыйсьці да Езуса, калі яго Бог не пацягне ласкай сваею.

52 Хрыстус выразна абяцае даць хлеб жыцьця вечнага, а гэтым хлебам ёсьць цела яго, выданае за жыцьцё сьвету.

54 Гэты загад Хрыстовы спажываць ягонае цела абавязвае ўсіх хрысьціян-каталікоў, дайшоўшых да розуму. Загад гэты выражаны ў чацьвертым прыказаньні касьцельным.

55 Той мае жыцьцё вечнае, хто годна прымае Цела і Кроў Хрыстову ў сьв. Эўхарыстыі, але хто нягодна прыймае, той есьць і п'е для сябе асуджэньне, бо не адрозьнівае Цела Пана ад звычайнай ежы, як аб гэтым кажа сьв. Павал (1 Кар. 11, 29).

61 Гэта ня былі апосталы, але іншыя вучні. Для іх навука аб Эўхарыстыі была жорсткая і незразумелая. Яны думалі, што Хрыстус гаворыць аб сваім целе, пакроеным на кусочкі.

63 Гэтымі славамі Хрыстус як-бы пытаецца: "Штож будзе, калі Сын чалавечы ўзыйдзе ў неба? Ці і тады будзеце думаць аб целе, пакроеным на кусочкі? Калі Сын чалавечы можа сваё цела ўзьняць да неба і праславіць, то ці ня можа даць яго людзям на спажыву"?

64 Цела бяз душы ня можа выканаць ніякай сьцісла-людзкой чыннасьці, бо чалавек складаецца з цела і душы; так і тут Хрыстус дасьць вучням сваё цела, ажыўленае духам і злучанае з боствам.

Словы, сказаныя Хрыстусам, маюць творчую, жыцьцёвую сілу.

67 Хоць многія з вучняў Хрыстовых адыйшлі ад яго, аднак Хрыстус не бярэ назад свайго абяцаньня аб устанаўленьні сьв. Эўхарыстыі.

71 Д'ябал тут азначае грэшніка, паводле слоў: "Хто чыніць грэх, з д'ябла ёсьць" (Ян 3, 8).

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус ідзе ў Ерузалім на сьвята Шатроў (Кучак)

7 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пасьля-ж гэтага хадзіў Езус па Галілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэю, таму што жыды шукалі яго забіць.

2 Быў-жа блізка сьвяточны дзень жыдоўскі Шатроў. 3 Дык браты ягоны сказалі да яго: Адыйдзі адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні твае бачылі чыны твае, якія ты чыніш. 4 Бо ніхто нічога ня чыніць у скрытнасьці, але сам хоча быць наяве. Калі ты гэтае чыніш, пакажы сябе самога сьвету. 5 Бо і браты ягоны ня верылі ў яго. 6 Дык сказаў ім Езус: час мой яшчэ ня прыйшоў, а ваш час заўсёды гатовы. 7 Ня можа сьвет ненавідзець вас, мяне-ж ён ненавідзіць, бо я пасьведчаньне даю аб ім, што чыны ягоны ёсьць благія. 8 Вы ідзеце на гэты дзень сьвяточны, бо час мой яшчэ ня выпаўніўся. 9 Сказаўшы гэтае, сам астаўся ў Галілеі.

10 Калі-ж пайшлі браты ягоны, тады і ён пайшоў на сьвяточны дзень, ня яўна, але якбыццам у скрытнасьці. 11 Дык жыды шукалі яго ў дзень сьвяточны і казалі: Дзе ён? 12 І было вялікае нараканьне на яго ў грамадзе, бо некаторыя казалі: Што ён добры, а другія казалі: Не, але ён зводзіць грамады. 13 Ніхто аднак яўна не гаварыў аб ім, дзеля страху перад жыдамі.

14 Калі-ж была ўжо палавіна сьвята, Езус увайшоў у сьвятыню і навучаў. 15 І дзівіліся жыды, кажучы: Як-жа ён знае Пісаньні, калі ён ня вучыўся? 16 Адказаў ім Езус і сказаў: Мая навука ня ёсьць маею, але таго, каторы паслаў мяне. 17 Калі хто захоча чыніць волю ягону, даведаецца аб навуцы, ці яна з Бога, ці я сам ад сябе гавару. 18 Хто гаворыць сам ад сябе, той уласнае славы шукае; а хто шукае славы таго, каторы паслаў яго, той праўдамоўны і няма ў ім несправядлівасьці.

19 Ці-ж вам Майсей ня даў закону? І ніхто з вас ня чыніць закону. 20 Нашто вы мяне шукаеце забіць? Адказала грамада і сказала: Ты д'ябэльства маеш! Хто цябе шукае забіць? 21 Адказаў Езус і сказаў ім: Я адзін чын учыніў, і вы ўсе дзівіцёся. 22 Дзеля таго Майсей даў вам абразаньне (не затым, што яно з Майсея, але з айцоў) і вы ў суботу абразаеце чалавека. 23 Калі чалавек атрымлівае абразаньне ў суботу, без таго каб быў нарушаны закон Майсея, вы на мяне гневаецеся, што я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу? 24 Ня судзеце паводле выгляду, але судзеце судом справядлівым.

25 Дык казалі некаторыя з Ерузалімцаў: Ці-ж гэта ня той, каторага шукаюць забіць? 26 А ён вось яўна гаворыць і нічога яму ня кажуць. Ці-ж сапраўды старшыя пазналі, што ён ёсьць Хрыстус? 27 Але яго мы знаем, адкуль ён: калі-ж Хрыстус прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль ён. 28 Дык Езус заклікаў у сьвятыні вучачы і кажучы: І мяне знаеце, і адкуль я ёсьць, знаеце; і ня прыйшоў я сам ад сябе, але ёсьць праўдзівы, каторы паслаў мяне, каторага вы ня знаеце. 29 Я знаю яго, бо я ад яго ёсьць, і ён паслаў мяне. 30 Дык хацелі яго ўзяць, і ніхто не палажыў на яго рукі, бо яшчэ ня прыйшла ягона гадзіна.

31 З грамады-ж многія ўверылі ў яго і казалі: Калі прыйдзе Хрыстус, то ці-ж учыніць болей знакаў за тыя, каторыя ён чыніць? 32 Пачулі фарызэі, што грамада аб ім гэтае гаворыць: і паслалі старшыя і фарызэі слугаў, каб яго ўзяць. 33 Дык сказаў ім Езус: Яшчэ мала часу я з вамі, і іду да таго, каторы паслаў мяне. 34 Будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце, і дзе я ёсьць, вы ня можаце прыйсьці. 35 Дык гаварылі жыды паміж сабою: Куды-ж ён мае ісьці, што мы яго ня знойдзем? Ці мае ісьці да разсяленьня паганскага і навучаць паганаў? 36 Што гэта за мова, якую ён сказаў: "Будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце, і дзе я ёсьць, вы ня можаце прыйсьці"?

37 У апошні-ж вялікі дзень сьвята Езус стаяў і заклікаў, кажучы: Калі хто хоча піць, няхай прыходзіць да мяне і п'е! 38 Хто верыць у мяне, як кажа Пісаньне, з нутра яго пацякуць рэкі жывое вады. 39 А гэта ён сказаў аб Духу, каторага мелі атрымаць веруючыя ў яго. Бо яшчэ ня быў даны Дух, бо Езус яшчэ ня быў услаўлены. 40 Дык калі з грамады пачулі гэтыя мовы ягоны, казалі: Ён ёсьць сапраўды прарок. 41 Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстус. Некаторыя-ж казалі: Ці-ж Хрыстус прыйдзе з Галілеі? 42 Ці-ж Пісаньне ня кажа: Што з патомства Давіда і з мястэчка Бэтлеем, дзе быў Давід, прыйдзе Хрыстус? 43 І так зрабілася спрэчка ў грамадзе дзеля яго. 44 Некаторыя-ж з іх хацелі яго ўзяць, але ніхто не палажыў на яго рукі.

45 Дык прыйшлі слугі да архісьвятараў і фарызэяў, а яны ім сказалі: чаму вы яго не прывялі? 46 адказалі ім слугі: Ніколі так чалавек не гаварыў, як гэты чалавек. 47 Дык адказалі ім фарызэі: Няўжо і вы зьведзеныя? 48 Ці хто з старшых або фарызэяў уверыў у яго? 49 Але гэтая грамада, што ня знае закону, праклятая яна.

50 Сказаў да іх Мікодым, той, каторы прыходзіў да яго ўначы, каторы быў адным з іх: 51 Ці-ж наш закон судзіць чалавека, калі перад тым не пачуе ад яго і не дазнае, што ён робіць? 52 Адказалі і сказалі яму: Ці і ты галілеянін? Перагледзь Пісаньні і пабач, што з Галілеі прарок не паўстае?

 

 

----------------------------------

7 Р. 1 Яшчэ час мукі ня прыйшоў, дзеля гэтага Езус высьцерагаецца ворагаў, якія хацелі яго забіць.

2 Сьвята Шатроў (Кучак) жыды абходзілі на памятку прабываньня ў пустыні пасьля выхаду з Эгіпту і апекі Божай над імі ў той час.

3 Гэта былі стрэчныя браты па матцы Езуса (Гл. Мт. 12, 46). Тут гутарка аб тых вучнях, што былі ў Юдэі і Ерузаліме.

5 "Браты" Езуса ня верылі ў яго, бо і яны думалі аб зямным і магутным валадарстве Мэсыяша, а гэтай магутнасьці і пышнасьці зямнога валадара яны ў Хрысьце ня бачылі.

6 "Часам сваім" (або "сваей часінай") Хрыстус называе часта сваю муку і сьмерць, праз якую ўзыйшоў да сваей хвалы. А "час" ягоных братоў быў заўсёды гатовы, бо яны ня патрабавалі баяцца мукаў і прасьледу з боку гэтага сьвету, бо мелі такія самыя зямныя паняцьці аб Мэсыяшу, як і сьвет.

8 Яўна Езус не пайшоў тады, але, як гэта відаць з 10 радка, пайшоў потым "якбыццам у скрытнасьці", неафіцыяльна.

11 Ворагі шукаюць Хрыста, хочучы яго ўзяць. Але Хрыстус, астаўшыся ў Галілеі на нейкі час, у першы дзень Шатроў яшчэ ня быў у Ерузаліме.

14 Значыць, прайшло ўжо ад пачатку сьвят якія 3 - 4 дні.

17 Значыць, трэба жыць добра, паводле прыказаньняў Божых, а тады чалавек можа лёгка праканацца, ці навука Езуса ёсьць Божая.

18 Хто прыносіць і пашырае сваю навуку, той шукае сваей карысьці і славы, а наадварот, хто шукае славы Божае (як Езус), той дае доказ, што Бог яго паслаў.

19 Хрыстус ганіць тут фарызэяў, якія ўмелі абыходзіць і пераіначваць права Майсея (Гл. Мт. 15, 3 - 9), пры гэтым прыпамінае ім 5 прыказаньне Закону: "Не забівай".

20 Народ нічога ня ведаў аб намеры старшых забіць Езуса.

21 Хрыстус прыпамінае тут аздараўленьне спаралізаванага пры саджалцы Бэтэзда (Ян 5, 2 - 18), якое адбылося ў суботу і выклікала вялікі гнеў у кніжнікаў і старшых жыдоўскіх. Хрыстус у далейшых славах бароніцца ад закідаў ламаньня суботы, паклікаючыся на факт абразаньня, якое жыды выконвалі і ў суботу.

27 Рабіны навучалі, што Мэсыяш зьявіцца раптам і ягонае паходжаньне будзе няведамае; дык народ, ведаючы, што Езус паходзіць з Назарэту, сумневаўся ў яго Божым пасланстве.

31 Просты народ, да якога памылковыя паняцьці рабінаў мала даходзілі, верыць у Хрыста, гледзячы на яго многія цуды.

32 Старшыя хацелі ўзяць Езуса без народу і чакалі зручнай часіны, дзеля гэтага Езус мог яшчэ праз нейкі час свабодна навучаць.

34 Езус, ведаючы аб загадзе старшых узяць яго, адказвае, што па яго сьмерці жыды будуць хацець Мэсыяша, але ён будзе ў Айца свайго ў небе, куды дайсьці яны ня змогуць, бо адкінулі Хрыста.

35 Тут жыды насьмяхаюцца з Хрыста, бо яны былі пракананы, што не Мэсыяш пойдзе да паганаў, але паганы прыйдуць да яго. Значыць, паводле жыдоў, калі Езус пойдзе да паганаў, дык ён не праўдзівы Мэсыяш!

37 Езус кажа, што ён ёсьць крыніцай жыцьця.

38 "З нутра" г. зн. з душы і сэрца чалавека. Хто верыць у Хрыста, той заспакоіць ня толькі свае жаданьні духовага шчасьця, але станецца яшчэ для іншых крыніцай ласкі, шчасьця і багаславенства.

39 Праз прыняцьце Духа Сьв. апосталы і вучні Хрыстовы сталіся для іншых рэкамі жывое вады г. зн. ласкаў Божых.

42 Аб тым, што езус паходзіў з роду Давіда, жыды ня ведалі.

52 Гэтыя словы жыдоў былі нязгодны з праўдай, бо ведаем, што прарок Ёна паходзіў з Галілеі.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус і чужаложная жанчына

8 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Езус-жа пайшоў на гару Аліўную. 2 І на сьвітаньні ізноў прыйшоў у сьвятыню і ўвесь народ прыйшоў да яго; а ён сеўшы вучыў іх.

3 А кніжнікі і фарызэі прывялі жанчыну, злоўленую на чужалостве, і паставілі яе пасярэдзіне, 4 і сказалі яму: Вучыцель, гэтая жанчына толькі-што злоўленая на чужалостве. 5 А ў законе Майсей загадаў нам гэтакіх каменаваць. Ты-ж што скажаш? 6 А гэтае яны гаварылі, прабуючы яго, каб магчы яго абвінаваціць. Езус-жа, нагнуўшыся нізка, пісаў пальцам па зямлі. 7 Калі-ж не пераставалі пытацца ў яго, выпраставаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. 8 І ізноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі. 9 Яны-ж, пачуўшы, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старшых; а астаўся адзін Езус і жанчына, стоячы пасярэдзіне. 10 І выпраставаўшыся Езус сказаў ей: жанчына, дзе тыя, што цябе вінавацілі? Ніхто цябе не асудзіў? 11 Яна сказала: Ніхто, Пане. Езус-жа сказаў: І я цябе не асуджу; ідзі і ўжо болей не грашы.

Езус - сьвятло сьвету і спрадвечны Сын Божы

12 Ізноў-жа гаварыў ім Езус, кажучы: Я ёсьць сьвятло сьвету, хто ідзе за мною, той ня ходзіць у цемры, але будзе мець сьветласьць жыцьця. 13 Дык сказалі яму фарызэі: Ты даеш пасьведчаньне сам аб сабе; пасьведчаньне тваё ня ёсьць праўдзівае. 14 Адказаў Езус і сказаў ім: Калі я і даю пасьведчаньне сам аб сабе, то праўдзівае маё пасьведчаньне, бо я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль я прыходжу, або куды іду. 15 Вы судзіце паводле цела, я нікога ня суджу. 16 А калі я суджу, то суд мой праўдзівы, бо я ёсьць не адзін, але я і Айцец, каторы паслаў мяне. 17 І ў законе вашым ёсьць напісана, што пасьведчаньне двух чалавек ёсьць праўдзівае. 18 Я ёсьць, што пасьведчаньне даю сам аб сабе, і дае пасьведчаньне аба мне Айцец, каторы паслаў мяне. 19 Дык казалі яму: Дзе твой Айцец? Адказаў ім Езус: Вы ня знаеце ані мяне, ані Айца майго; калі-б вы мяне зналі, то хіба-ж зналі-б і Айца майго. 20 Гэтыя словы гаварыў Езус каля скарбоны, вучачы ў сьвятыні. І ніхто ня ўзяў яго, бо яшчэ ня прыйшла яго часіна.

21 Дык сказаў ім ізноў Езус: Я іду, і будзеце шукаць мяне, і ў граху вашым памрэцё; куды я іду, вы ня можаце прыйсьці. 22 Дк казалі жыды: Ці-ж ён заб'е самога сябе, бо сказаў: "Куды я іду, вы ня можаце прыйсьці"? 23 І казаў ім: Вы ёсьць зьнізу, я з вышыні; вы ёсьць з гэтага сьвету, я ня з гэтага сьвету. 24 Дык я сказаў вам, што памрэцё у грахох вашых; бо калі ня ўверыце, што я ёсьць, памрэцё ў граху вашым. 25 Дык казалі яму: Хто ты ёсьць? Сказаў ім Езус: Пачатак, каторы і гавару вам. 26 Многа маю аб вас гаварыць і судзіць. Але той, каторы паслаў мяне, праўдамоўны ёсьць, і я, што пачуў ад яго, тое гавару на сьвеце. 27 І не зразумелі, што Айцом сваім называў Бога.

28 Дык сказаў ім Езус: Калі ўзьнімеце Сына чалавечага, тады пазнаеце, што я ёсьць, і я сам ад сябе нічога ня чыніў, але як навучыш мяне Айцец, тое гавару. 29 І той, каторы мяне паслаў, са мною ёсьць, і не аставіў мяне аднаго, бо я, што яму падабаецца, заўсёды чыніў. 30 Калі ён гэтае гаварыў, многія ўверылі ў яго.

31 Дык казаў Езус да тых жыдоў, каторыя ўверылі ў яго: Калі вы вытрываеце ў мове маей, сапраўды будзеце маімі вучнямі, 32 і пазнаеце праўду, а праўда вас зробіць вольнымі. 33 Адказалі яму: Мы патомтсва Абрагама і нікому ніколі ня служылі; як-жа ты кажаш: "Будзеце вольнымі"? 34 Адказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто чыніць грэх, ёсьць слугою грэху. 35 Слуга-ж не астаецца ў доме навекі, а сын астаецца навекі. 36 Дык калі вас Сын зробіць вольнымі, будзеце сапраўды вольнымі.

37 я ведаў, што вы сыны Абрагама; але вы шукаеце мяне забіць, бо мова мая ня прымаецца ў вас. 38 Я гавару, што відзеў у Айца майго, а вы робіце, што відзелі ў айца вашага. 39 Адказалі і сказалі яму: Айцец наш ёсьць Абрагам. Сказаў ім езус: калі вы сыны Абрагама, чынеце ўчынкі Абрагамавы. 40 Цяпер-жа вы шукаеце забіць мяне, чалавека, каторы сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам ня чыніў.

41 Вы чыніцё ўчынкі Айца вашага. Яны-ж сказалі яму: Мы з чужалоства не радзіліся; мы аднаго айца маем, Бога. 42 Дык сказаў ім Езус: Калі-б Бог быў вашым Айцом, вы любілі-б мяне. Бо я з Бога выйшаў і прыйшоў; бо я не ад сябе самога прыйшоў, але ён мяне паслаў. 43 Чаму вы не разумееце маей гутаркі? Бо вы ня можаце слухаць мовы маей.

44 Вы ёсьць з айца д'ябла і хочаце чыніць пажаданьні айца вашага. Ён чалавекалюбцам быў ад пачатку і не ўстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць ілжу, з уласнага гаворыць, бо ён лгун і айцец яе. 45 Калі-ж я кажу праўду, вы ня верыце мне. 46 Хто з дакажа ў-ва мне грэх? Калі я вам праўду кажу, чаму вы мне ня верыце? 47 Хто ёсьць з Бога, слухае слоў Божых. Дзеля таго вы ня слухаеце, што вы ня ёсьць з Бога.

48 Дык адказалі жыды і сказалі яму: Ці-ж мы ня добра кажам, што ты самаранін і д'ябла маеш? 49 Адказаў Езус: Я д'ябла ня маю, але паважаю Айца майго, а вы мяне зьневажаеце. 50 Але я ня шукаю сваей славы; ёсьць, хто шукае і судзіць. 51 Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі хто захавае мову маю, сьмерці ня ўбача навекі. 52 Дык сказалі жыды: Цяпер мы пазналі, што ты д'ябла маеш. Абрагам памёр і прарокі, а ты кажаш: "Калі хто захавае мову маю, не пакаштуе сьмерці навекі". 53 Няўжо ты большы за айца нашага Абарагма, каторы памёр? І прарокі паўміралі; кім ты сам сябе робіш?

54 адказаў езус: калі я сам сябе слаўлю, слава мая нішто. Ёсьць Айцец мой, каторы славіць мяне, аб каторым вы кажаце, што ён Бог ваш, 55 і вы ня пазналі яго. Але я яго знаю, і калі-б я сказаў, што яго ня знаю, буду падобным да вас лгуном. Але я знаю яго, і мову ягону захоўваю. 56 Абрагам, айцец ваш, рад быў, каб убачыць дзень мой; ён убачыў і ўсьцешыўся. 57 Дык сказалі да яго жыды: Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш і ты Абрагама бачыў? 58 Сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, перш чым Абрагам стаўся, я ёсьць. 59 Дык хвацілі каменьні, каб кідаць у яго, Езус-жа скрыўся і выйшаў з сьвятыні.

 

 

----------------------------------

Р. 8 6 Калі-б Езус сказаў: "пусьцеце яе" - то нарушыў-бы права Майсея, якое загадывала каменаваць чужаложніц; калі-б сказаў: "Закамянуйце" - то нарушыў-бы права рымскае, якое забараняла караць сьмерцяй бяз згоды прадстаўніка рымскай улады (Понцыя Пілата).

7 Паводле права, запрысягнутыя сьведкі, якія сьведчылі проціў асуджанага, павінны былі першыя кінуць каменьні ў яго.

9 Адказ Езуса папсуў усе планы старшых і яны першыя пачынаюць уцякаць, маючы, відаць, нячыстае сумленьне. Сваім адказам езус не нарушыў ані права Майсея, ані права рымскага.

11 Хрыстус не асуджае а с о б ы грэшніцы, якая, відаць, жалела за свой грэх, але загадывае ей болей не грашыць і асуджае яе г р э х. 

12 Езус ёсьць сьвятлом сьвету праз сваё боства, ласку і навуку. Жыды на сьвята Шатроў ладзілі асьвятляньне сьвятыні і паходы са сьветачамі. Езус сваю навуку аб сьвятле навязвае да гэтай цэрэмоніі.

13 Жыды, выступаючы проціў Езуса, паклікаюцца часта на праўную падставу Ст. Закону (Дт. 17, 6 і 19, 15), што толькі пасьведчаньне двух або трох сьведак заслугоўвае на веру, дык калі Езус адзін гаворыць (сьведчыць) сам аб сабе, ягоныя словы не заслугоўваюць на веру. Езус аднак ужо раней гаварыў, што аб ім сьведчыць Айцец нябесны і Ян Хрысьціцель (Ян 5, 33, 36).

14 Езус, як Сын Божы, каторы выйшаў ад Айца, заслугоўвае на веру.

15 "Паводле цела" г. зн. паводле вонкавага, зьверхняга выгляду. Хрыстус нікога ня судзіць паводле вонкавага выгляду дый ц е п е р ён ня прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць яго (Ян 3, 17).

16 "Калі-ж я суджу" г. зн. у вынятковых выпадках ужо ц я п е р.

18 Айцец дае пасьведчаньне так-жа пры помачы цудаў, якія чыніў Езус.

21 Тут Хрыстус кажа, што ідзе на муку, а потым да неба (гл. Ян 7, 34).

22 У гэтых славах выяўляецца ўся злосьць і ненавісьць жыдоў да Хрыста.

23 "Вы знізу" г. зн. вы з зямлі і разумееце пазямному і дзеля гэтага ня можаце ўзыйсьці да неба нават думкай.

24 Па славах: "што я ёсьць" трэба дадаць: Мэсыяш, Сын Божы.

25 "Пачатак" г. зн. спрадвеку існуючы Сын Божы, той, ад каторага ўсё паходзіць.

28 "Калі ўзьнімеце" на крыжы, тады пазнаеце, што я ёсьць Мэсыяш, Сын Божы.

30 Многія ўверылі ў яго, але толькі ч а с о в а.

32 Езус кажа, што "праўда зробіць вольнымі" ад грахоў, а жыды гэтыя словы датасавалі да няволі народна-палітычнай.

33 Гэта была няпраўда, бо жыды служылі іншым народам і былі пад ярмом эгіпцыянаў, ассырыйцаў, бабілонцаў, грэкаў і ў той час рымлян.

35 Нявольнік ня мае права да спадчыны, а сын мае.

38 Духовым айцом жыдоў ёсьць д'ябал, як гэта відаць ніжэй з радка 44.

44 Д'ябал ня вытрываў у праўдзе, але адпаў ад Бога і ёсьць Айцом усялякага грэху, няпраўды і ілжы, бо ўсё гэта ад яго паходзіць.

46 Даказаць у Хрысце грэх ніхто ня мог, нават, як пабачым далей, на судзе.

48 гэта былі словы поўныя злосьці і зьнявагі для Езуса.

50 Хрыстус ня шукае славы для сябе, ён гатоў цярпець і зьнявагі. Бог Айцец сам дбае аб славу свайго Сына і судзіць тых, што яго зьневажаюць.

51 "Сьмерці" духовае праз асуджэньне вечнае.

52 Жыды зразумелі аб сьмерці фізычнай.

56 Абрагам у адхланьні з аб'явы Божай убачыў дзень ("час") Мэсыяша і ўсьцешыўся і дык і вы павінны цешыцца.

57 Абрагам памёр блізу 2 тысячы гадоў перад Нар. Хрыста.

58 Трэба тут зьвярнуць уавагу на словы: "стаўся" і "ёсьць". Абрагам с т а ў с я, г. зн. меў пачатак, а Хрыстус заўсёды ё с ь ц ь, бо існаваньне ягонае заўсёды цяперашняе, вечнае, без пачатку і канца. Слоў "я ёсьць, каторы ёсьць" ужывае і Бог Айцец, калі зьяўляецца Майсею ў гаручым кусьце на пустыні (Экс. 3, 14).

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Аздараўленьне сьляпога ад нараджэньня

9 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня. 2 І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся? 3 Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя. 4 Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць. 5 Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету. 6 Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны 7 і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца "Пасланы"). Дык ёе пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.

8 Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той; 9 а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я. 10 Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы? 11 Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: "ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся". І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу. 12 І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.

13 Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў. 14 А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны. 15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу. 16 Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі. 17 Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.

18 Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець, 19 і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць? 20 Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся; 21 але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць. 22 Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы. 23 Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.

24 Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны. 25 Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу. 26 Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы? 27 Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі? 28 Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея. 29 Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён. 30 Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае. 31 А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае. 32 Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага. 33 Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць. 34 Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.

35 Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага? 36 адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго? 37 І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён. 38 Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.

39 І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі. 40 І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя? 41 Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: "што відзім". Грэх ваш астаецца.

 

 

----------------------------------

9 Р. 2 Пракананьні тагачасных жыдоў кожнае няшчасьце спатыкала чалавека за ягоны грахі або за грахі бацькоў.

4 Тут "дзень" Хрыстовага зямнога жыцьця, а "ноч" ягонай мукі і сьмерці.

12 У жыдоў за праступак вылучалі з бажніцы на 30-60 дзён - і гэта быў праклён малы (ніддуй), а калі гэта не памагала, дык на праступніка кідалі праклён вялікі (хэрэм) на цэлае жыцьцё.

24 "Дай славу Богу" значыць: Дзеля Бога скажы праўду. Але жыды тут-жа падсоўваюць думку, што Хрыстус ёсьць грэшнікам, значыць, нягодным чалавекам.

30 Калі адчыніў вочы, значыць, ён ад Бога.

36 Грэшных Бог не выслухоўвае, але ці заўсёды? Вось-жа выслухоўвае тады, калі чалавек грэшны моліцца за свой наварот, але калі Бог прадбачыць, што дадзеная ім ласка пацягне грэшнага да добрага жыцьця.

38 Добры Езус адняў ад яго ня толькі сьлепату цела, але і душы і абдарыў яго верай.

39 Хрыстус прыйшоў "на суд", г. зн. каб падаць людзям дзіўныя суджэньні і пастановы Божыя, якія выяўляюцца ў тым, што сьляпыя (няверныя і пагане) відзяць г. зн. становяцца веруючымі, а веруючыя (жыды) стаюцца сьляпымі і нявернымі.

41 Калі-б жыды ня ведалі нічога аб Хрысьце ("былі сьляпымі"), яны ня меліб граху, але калі яны мелі столькі прароцтваў і цудаў, не астаюцца без граху.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус - добры пастыр

10 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто не ўваходзіць праз дзьверы ў аўчарню авечак, але ўлазіць кудоюсь, той злодзей і разбойнік; 2 а хто ўваходзіць праз дзьверы, ёсьць пастырам авечак. 3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць ягонага голасу, і ён заве свае авечкі паіменна і выводзіць іх. 4 І выпушчаючы свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі ідуць за ім, бо знаюць голас ягоны. 5 За чужым ня ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо ня знаюць голасу чужых.

6 гэтую прыповесьць сказаў ім Езус. Яны-ж не зразумелі, што ім гаварыў. 7 Дык ізноў сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што я ёсьць дзьверы авечак. 8 Усе, сколькі іх прыходзіла, ёсьць зладзеі і разбойнікі; і ня слухалі іх авечкі. 9 Я ёсьць дзьверы. Калі хто праз мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе і выйдзе і знойдзе пашу.

10 Злодзей прыходзіць адно толькі, каб красьці, і забіваць, і губіць. Я прыйшоў, каб мелі жыцьцё і дастатней мелі. 11 Я ёсьць добры пастыр. Добры пастыр жыцьцё дае за авечкі свае. 12 А найміт і той, што ня ёсьць пастырам, каторага авечкі не свае, бачыць надыходзячага ваўка, і кідае авечкі і ўцякае, а воўк хватае і разганяе авечкі. 13 Найміт-жа ўцякае, бо ён найміт і ён ня рупіцца аб авечках. 14 Я ёсьць пастыр добры, і знаю мае, і мае мяне знаюць; 15 як знае мяне Айцец, і я знаю Айца. І я жыцьцё маё кладу за авечкі мае. 16 І іншыя авечкі маю, якія ня ёсьць з гэтай аўчарні; і тыя трэба мне прывесьці, і будуць слухаць голасу майго, і станецца адна аўчарня і адзін пастыр.

17 Дзеля таго любіць мяне Айцец, што я кладу жыцьцё маё, каб ізноў яго ўзяць. 18 Ніхто яго не адыймае ад мяне, але я сам ад сябе кладу яго. І маю ўладу палажыць яго, і маю ўладу ізноў ўзяць яго; гэты загад атрымаў я ад Айца майго.

19 Паўстаў ізноў спор паміж жыдамі дзеля гэтых моваў. 20 Многія-ж з іх казалі: Ён д'ябэльства мае і шалее, што вы слухаеце яго? 21 Другія казалі: Гэтыя словы ня ёсьць таго, хто мае д'ябэльства; ці-ж д'ябал можа адчыняць вочы сьляпых?

Езус выяўляе сваё боства і адыходзіць за Ярдан

22 І надыйшло пасьвячэньне сьвятыні ў Ерузаліме, і была зіма. 23 І хадзіў Езус у сьвятыні, у прысенку Саламона. 24 Дык абступілі яго жыды і казалі яму: Дакуль-жа будзеш мучыць душу нашу? Калі ты Хрыстус, скажы нам адкрыта. 25 Адказаў ім Езус: Я гавару вам, а вы ня верыце. Чыны, якія я чыню ў імя Айца майго, яны даюць пасьведчаньне аба мне; 26 але вы ня верыце, бо вы не з маіх авечак. 27 Маі авечкі слухаюць голасу майго, і я знаю іх, і яны ідуць за мною. 28 І я даю ім жыцьцё вечнае, і ня згінуць навекі, і ніхто іх ня вырве з рукі маей. 29 Тое, што даў мне Айцец мой, ёсьць большае за ўсё, і ніхто ня можа вырваць з рукі Айца майго. 30 Я і Айцец адно ёсьць.

31 Дык жыды хвацілі каменьні, каб закаменаваць яго. 32 Адказаў ім Езус: Многа добрых чынаў паказаў я вам з Айца майго, дзеля якога з гэтых чынаў вы мяне камянуеце? 33 Адказалі яму жыды: Ці-ж у вашым законе не напісана: "што я сказаў: вы ёсьць багі"? (Пс. 81, 60). 35 Калі тых назваў багамі, да каторых была скіравана мова Божая - а Пісаньне ня можа быць нарушана 36 то каторага Айцец пасьвяціў і паслаў на сьвет, вы кажаце: "Што ты блюзьніш", затым што я сказаў: Я ёсьць Сын Божы? 37 Калі я ня чыніў чынаў Айца майго, ня верце мне; 38 а калі чыніў, то калі-б мне вы не хацелі верыць, верце чынам, каб вы пазналі і верылі, што Айцец у мне ёсьць, а я ў Айцу.

39 Дык стараліся ўзяць яго, і выйшаў з рук іх.

40 І адыйшоў ізноў за Ярдан на тое месца, дзе перш Ян хрысьціў, і там астаўся. 41 І многія прыходзілі да яго, і казалі: Што Ян-то ня ўчыніў ніводнага знаку, 42 але ўсё, што Ян сказаў аб ім, была праўда. І многія ўверылі ў яго.

 

 

----------------------------------

Р. 10 3 У Палестыне і цяпер авечкам даюць "імёны", так як у нас большай жывёле.

4 У Палестыне і наагул на ўсходзе пастыр ідзе перад авечкамі, а не ззаду (як у нас). Авечкі тамака знаюць голас пастыра і бягуць за ім. Гэта сапраўды абраз добрага пастыра!

6 Значэньне гэтай прыповесьці такое: фарызэі, якія вылучылі з бажніцы таго аздароўленага сьляпога - гэта тыя зладзеі і разбойнікі, якія ўлезьлі ў аўчарню Божую, каб грабіць і нішчыць, а Хрыстус ёсьць тым добрым пастырам, за якім ідуць авечкі.

7 Хрыстус ёсьць дзьвярамі, праз якія ўваходзіцца да авец.

8 Усе фарызэі і кніжнікі былі гэтымі зладзеямі і разбойнікамі, якія сябе толькі шукалі і ня дбалі пра авечкі, а нават шкодзілі ім, удзержываючы іх ад валадарства Божага.

13 Хрыстус ёсьць добры пастыр, а фарызэі - гэта найміты, якія шукаюць толькі свайго дабра, а ня дбаюць ад народ (авечкі), а ваўкі - гэта тыя, што нападаюць на духовае дабро бліжніх (вера, абычайнасьць).

16 Гэтай аўчарняй быў сьпярша Ізраільскі народ, спасярод каторага Езус выбраў першыя авечкі да сваей стады; але апроч гэтай аўчарні ёсьць многа іншых народаў, якія трэба прывесьці да адзінай аўчарні Хрыстовай праз веру і ласку. Гэтай адзінай аўчарняй Хрыстовай ёсьць Касьцёл Каталіцкі.

Хрыстус у гэтых славах: " і станецца адна аўчарня і адзін пастыр" ня вучыць, што некалі, пры канцы сьвету, усе людзі навернуцца да яго, а толькі вучыць, што гэты праўдзівы ягоны Касьцёл (аўчарня) будзе а д з і н, паўсюдны і даступны для ўсіх народаў. Хрыстус на іншым месцы кажа, што пры канцы сьвету будуць вялікія прасьледы (Мт. 24, 21 - 22; Мк. 13, 19 - 20).

22 Жыды штогод у сьнежні абходзілі памяць пасьвячэньня н о в а й сьвятыні, збудаванай у 165 г. перад Нар. Хрыста. Абходзілі праз 8 дзён, як і сьвята Шатроў.

23 Сьвятыня, а лепш кажучы, яе дварышчы, былі акружаны будынінай на стаўпах (калюмнах), тая будыніна (калюмнада) дзялілася на часьці, званыя п р ы с е н к а м і.

25 Хрыстус ужо аб гэтым казаў (гл. Ян 5, 32 - 33; 7, 38).

29 Хрыстус кажа тут аб сваей натуры Божай, якую атрымаў ад Айца. Рэч гэтая ёсьць сапраўды большая за ўсё.

30 Бог Айцец і Сын Божы маюць адну натуру, хоць розьняцца асобамі. Гэта было выразнае выяўленьне Хрыстом свайго боства, гэтак зразумелі і жыды і затым хвацілі каменьні, каб закаменаваць яго.

34 Дзеля таго, што жыды хацелі закаменаваць Хрыста нібы за блюзьнерства ("што ты, будучы чалавекам, чыніш сябе самога Богам"). Хрыстус адказвае, што ён не падлягае гэтай кары, бо ў псальме (81, 6) Бог называе багамі судзьдзяў, каторым прадказвае кару за іх грахі.

36 Хрыстус тут кажа: калі судзьдзі завуцца ў сьв. Пісаньні багамі, затым што заступаюць Бога на судзьдзёўскім пасадзе, то тымболей ён можа назваць сябе Сынам Божым, бо "Айцец ёсьць у ім, а ён у Айцу".

39 Езус выйшаў з рук іх, бо яшчэ не надыйшла часіна ягонай сьмерці.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус за Ярданам. Хвароба і сьмерць Лазара

11 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Быў-жа адзін хворы Лазар з Бэтаніі, з мястэчка Марыі і ейнай сястры Марты. 2 (А Марыя была тая, што намасьціла Пана алейкам і выцерла ногі яго сваімі валасамі, каторы брат Лазар хварэў). 3 Дык паслалі сёстры ягоны да яго, кажучы: Пане, вось той, каго ты любіш, хварэе. 4 А Езус пачуўшы, сказаў ім: Хвароба гэта ня ёсьць на сьмерць, але на славу Божую, каб быў праслаўлены праз яе Сын Божы. 5 Езус-жа любіў Марту і ейную сястру Марыю і Лазара. 6 Дык калі пачуў, што хварэе, тады-то прабыў у тым-жа месцы два дні, 7 і пасьля гэтага сказаў вучням сваім: ідзём ізноў у Юдэю. 8 Сказалі яму вучні: Раббі, цяпер шукалі цябе жыды, каб закаменаваць, а ты ізноў туды ідзеш? 9 Адказаў Езус: Ці-ж не дванаццаць гадзін дня? Калі хто ходзіць удзень, ня ўдарыцца, бо відзіць сьвятло гэтага сьвету; 10 калі-ж ходзіць уначы, ударыцца, бо няма ў ім сьвятла.

11 Сказаў гэтае і потым прамовіў да іх: Лазар, наш прыяцель, сьпіць, але я іду, каб збудзіць яго зо сну. 12 Дык сказалі ягоны вучні: Пане, калі сьпіць, будзе здароў. 13 Казаў-жа Езус аб сьмерці ягонай, а яны думалі, што казаў аб спаньні сном. 14 Дык тады езус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр; 15 і я рад дзеля вас, затым што там ня быў, каб вы верылі. Але ідзём да яго. 16 І сказаў Тамаш, каторы завецца Дыдымус, да вучняў: Ідзём і мы, каб памерці з ім.

Ускрашэньне Лазара

17 Дык прыйшоў Езус і знайшоў яго ўжо чатыры дні ляжачым у гробе. 18 (Была-ж Бэтанія блізка Ерузаліму, адлегла каля пятнаццаці стадыяў). 19 А многія з жыдоў былі прыйшоўшы да Марты і Марыі, каб іх пацяшаць па іхным браце.

20 Дык Марта, як пачула, што ідзе Езус, пераняла яго, а Марыя сядзела дома. 21 І сказала Марта да Езуса: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой; 22 але і цяпер я ведаю, што чаго-толькі папросіш у Бога, дасьць табе Бог. 23 Сказаў ей Езус: Я ёсьць ўскрашэньне і жыцьцё: хто верыць у мяне, калі-б і памёр, жыць будзе; 26 а кожны, хто жыве і верыць у мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэтае? 27 Сказала яму: Так, Пане, я ўверыла, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога, каторы прыйшоў на гэты сьвет.

28 І сказаўшы гэтае пайшла і цішком паклікала сваю сястру Марыю, кажучы: Вучыцель ёсьць тут і кліча цябе. 29 Яна, як пачула, скоранька ўстала і прыйшла да яго. 30 Бо Езус яшчэ быў ня прыйшоўшы ў мястэчка, але быў яшчэ на тым месцы, дзе яго пераняла Марта. 31 Дык жыды, якія былі з ёю ў доме і пацешалі яе, калі ўбачылі Марыю, што яна скоранька ўстала і выйшла, пайшлі за ею, кажучы: што ідзе да гробу, каб там плакаць. 32 А Марыя, калі прыйшла, дзе быў Езус, убачыўшы яго, упала да ног ягоных і сказала яму: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой. 33 Езус-жа, як убачыў яе плачучую і жыдоў, якія прыйшлі з ёю, плачучых, раззлаваўся ў душы і парушыўся сам у сабе, 34 і сказаў: Дзе вы яго палажылі? Сказалі яму: Пане, пайдзі і паглядзі. 35 І заплакаў Езус. 36 А жыды сказалі: Вось як любіў яго! 37 Некаторыя-ж з іх сказалі: Ці ня мог-бы ён, што адчыніў вочы сьлепанароджанага, зрабіць, каб не памёр гэты?

38 А Езус, раззлаваўшыся ізноў сам у сабе, прыйшоў да магілы; была-ж пячэра і быў на ей паложаны камень. 39 Сказаў Езус: Адыймеце камень. Сказала яму Марта, сястра таго, што быў памёршы: Пане, ужо чуць ад яго, бо яму чацьверты дзень. 40 Сказаў ей Езус: Ці-ж я табе не казаў, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? 41 Дык аднялі камень. А Езус, узьняўшы ўгару вочы, сказаў: Ойча, дзякую табе, што ты пачуў мяне. 42 Я-ж ведаю, што ты заўсёды выслухоўваеш мяне, але я сказаў дзеля народу, каторы навакол стаіць, каб верылі, што ты мяне паслаў. 43 Сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі з гробу! 44 І зараз выйшаў, каторы быў памёршы, зьвязаны па руках і нагах палотнамі, а твар ягоны быў абвязаны хустаю. Сказаў ім Езус: Разьвяжэце яго і пусьцеце ісьці.

45 Дык многія з жыдоў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты і ўбачыўшы, што ўчыніў Езус, уверылі ў яго. 46 Некаторыя-ж з іх пайшлі да фарызэяў і сказалі ім, што ўчыніў Езус.

Сангэдрын пастанаўляе забіць Езуса

47 Дык сабралі архісьвятары і фарызэі Раду і казалі: што нам рабіць, бо гэты чалавек многа знакаў чыніць. 48 Калі яго пакінем так, усе ўвераць у яго; і прыйдуць рымляне і забяруць наша месца і народ. 49 А адзін з іх, на імя Каіфаш, будучы архісьвятарам таго году, сказаў ім: Вы нічога ня ведаеце 50 і не разумееце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ і каб увесь народ ня згінуў. 51 Гэтае-ж ён не сказаў сам ад сабе, але будучы архісьвятарам таго году, прарочыў, што Езус мае памерці за народ; 52 і ня толькі за народ, але каб сыноў Божых, якія былі параскіданыя, сабраць у вадно. 53 Дык ад гэтага дня надумаліся забіць яго.

54 Дык Езус ужо не хадзіў яўна паміж жыдоў, але пайшоў у край блізка пустыні, у горад, які завецца Эфрэм, і там прабываў з сваімі вучнямі.

55 Была-ж блізка жыдоўская Пасха. І прыйшлі многія з краю ў Ерузалім перад Пасхай, каб пасьвяціць сябе самых. 56 Дык шукалі Езуса і гаварылі паміж сабою, стоючы ў сьвятыні: што вы думаеце, што ён ня прыйшоў на сьвяточны дзень?

57 А архісьвятары і фарызэі выдалі загад, калі-б хто даведаўся, дзе ён ёсьць, каб даў знаць - каб узяць яго.

48 Сябры Сангэдрыну баяцца тут, каб народ не абвясьціў Хрыстуса сваім валадаром, з чаго скарысталіб рымляне і накінуліб народу яшчэ большую няволю. Але гэта баязьнь Сангэдрыну была крывадушная, бо Езус ня імкнуўся да стварэньня зямное дзяржавы, урэшце фарызэі самі ненавідзелі рымлян і хацелі скінуць іх ярмо.

49 Каіфаш быў архісьвятарам праз 17 гадоў (ад 18 да 36 па Нар. Хр.) і як архісьвятар, кіраваў нарадамі Сангэдрыну. Належаў ён да сэкты садукеяў. Слоў "таго году" ня трэба разумець, што Каіфаш толькі ў тым годзе быў архісьвятарам, але т а г о  г о д у, калі Езус быў замучаны.

55 "Каб пасьвяціць сябе самых" г. зн. каб рытуальна ачысьціцца, бо толькі такім "чыстым", неапаганеным жыдом можна было браць учасьце ў сьвяткаваньні Пасхі. А як некаторыя ачышчэньні вымагалі даўжэйшага часу, дык некаторыя жыды прыходзілі ў Ерузалім за тыдзень або і болей наперад.

 

 

----------------------------------

Р. 11 2 Гл. Лк. 10, 39.

9 - 10 Гэтымі славамі Хрыстус дае пазнаць сваім вучням, што для яго яшчэ сьвеціць д з е н ь жыцьця і н о ч сьмерці яшчэ не надыйшла, затым можа, не ўдарыўшыся аб жыдоўскую злосьць, ісьці ў Юдэю.

15 На просьбу сёстраў трэба было-б Лазара аздаравіць, а тады цуд ня быў-бы такі нязвычайны і відавочны для ўсіх.

18 15 стадыяў - гэта каля 3 клм.

24 Жыды верылі ў ускрасеньне ўмерлых (Гіёб 19, 25; Эз. 37; Дн. 12, 2).

26 Хто верыць у Хрыста і паводле гэтай веры жыве, той не спазнае вечнае сьмерці ў пекле. Гэтай веры жадае Хрыстус ад Марты.

35 Плакаў Езус, паводле эванэліяў, два разы: над Ерузалімам і над гробам свайго прыяцеля Лазара.

38 Пячэра гэтая, дзе быў гроб Лазара, існуе па сяньняшні дзень каля Бэтаніі (цяпер "эль'Азарійэ").

42 З гэтых слоў відаць, што Езус хацеў, каб гэты цуд быў доказам ягонага боскага пасланства.

44 У жыдоў хавалі бяз труны, а толькі ўкручвалі нябожчыка ў палотны і абвязвалі шырокімі тасьмамі.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Намашчэньне Езуса ў Бэтаніі

12 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Дык Езус на шэсьць дзён перад Пасхай прыйшоў у Бэтанію, дзе быў памёршы Лазар, каторага ўскрасіў Езус. 2 І там нагатовілі яму вячэру і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з сядзячых з ім за сталом. 3 Марыя-ж узяла фунт дарагога шпіканардовага алейку і намасьціла ногі Езуса, і выцерла ногі яго сваімі валасамі; і напоўнўся дом пахам алейку.

4 Дык сказаў адзін з вучняў ягоных, Юдаш Іскарыёт, каторы меў яго выдаць: 5 чаму гэтага алейку не прадалі за трыста дынараў і не далі ўбогім? 6 Ён-жа сказаў гэта не затым, што яму рупіла аб убогіх, але што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што кідалі. 7 Езус-жа сказаў: Астаў яе, каб яна захавала гэтае на дзень маіх паховін. 8 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, а мяне не заўсёды маеце.

9 Дык даведалася вялікая грамада з жыдоў, што ён там ёсьць, і прыйшлі, ня толькі дзеля Езуса, але каб пабачыць Лазара, каторага ён ускрасіў з умерлых. 10 І надумаліся старшыя духоўныя, каб і Лазара забіць, 11 бо многія з жыдоў дзеля яго адыходзілі і верылі ў Езуса.

Трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалім

12 На заўтры-ж вялікая грамада, якая была прыйшоўшы на сьвяточны дзень, пачуўшы, што Езус прыйшоў у Ерузалім, 13 набралі пальмовых галінак і выйшлі насустрач яму і крычалі: Госанна, багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана, кароль Ізраіля! 14 І знайшоў Езус осьліка, і сеў на яго, як ёсьць напісана: 15 "Ня бойся, дачка Сыёнская! Вось кароль твой едзе, седзячы на жэрабяці асьліцы".

16 Вучні ягоны сьпярша не разумелі гэтага, але калі Езус быў праслаўлены, тады успомнілі яны, што гэта было напісана аб ім і што яны гэта зрабілі яму. 17 А грамада, якая была з ім, калі ён выклікаў Лазара з гробу і ўскрасіў яго з умерлых, давала пасьведчаньне; 18 затым і выйшла яму насустрэч грамада, што ён учыніў гэты знак. 19 Дык фарызэі гаварылі паміж сабою: Бачыце, што мы нічога не парадзім. Вось увесь сьвет пайшоў за ім.

Пагане хочуць убачыць Езуса. Голас з неба. Недавер жыдоў

20 Былі-ж некаторыя пагане з тых, што былі прыйшоўшы, каб аддаць паклон у дзень сьвяточны. 21 Дык яны падыйшлі да Філіпа, каторы быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Прыйшла часіна, каб праслаўлены Сын чалавечы. 24 Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, яно само астанецца; а калі замрэ, прыносіць вялікі плод. 25 Хто любіць сваё жыцьцё, загубіць яго, а хто ненавідзіць жыцьцё сывё на гэтым сьвеце, той беражэ яго на жыцьцё вечнае. 26 Калі хто мне служыць, няхай ідзе за мною і дзе я ёсьць, там і слуга мой будзе; калі хто мне будзе служыць, таго ўшануе Айцец мой.

27 Цяпер душа мая ўстрывожана, і што мне сказаць? Ойчы, збаў мяне ад гэтай часіны! Але дзеля гэтага я прыйшоў на гэтую часіну. 28 Ойча, праслаў імя тваё! І прыйшоў з неба голас: І праславіў, і яшчэ праславіў. 29 Дык грамада, якая стаяла і чула, казала, што загрымела; другія казалі: Анел гаварыў да яго. 30 Адказаў Езус і сказаў: Ня дзеля мяне прыйшоў гэты голас, але дзеля вас. 31 Цяпер ёсьць суд сьвету; цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты проч. 32 А я, калі буду падняты ад зямлі, усё пацягну да сябе. 33 Гэтае-ж ён казаў, паказваючы, якою сьмерцяй меў памерці.

34 Адказала яму грамада: Мы чулі з закону, што Хрыстус трывае навекі, якжа-ж ты кажаш: "Трэба, каб быў падняты Сын чалавечы?" Хто гэты Сын чалавечы? 35 І сказаў езус: яшчэ на кароткі час ёсьць сьвятло паміж вамі. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб вас цемра не агарнула; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе. 36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб вы былі сынамі сьвятла.

Гэтае сказаў Езус і адыйшоў і скрыўся ад іх.

37 Хоць-жа гэтулькі ўчыніў перад імі знакаў, яны ня верылі ў яго; 38 каб споўнілася воля Ізаія, прарока (53, 1), якую ён сказаў: "Пане, хто паверыў чутаму ад нас і рука Пана, каму яна аб'яўлена? 39 Дзеля таго не маглі верыць, што яшчэ сказаў Ізаій (6, 9 - 10): 40 "Асьляпіў вочы іх і зрабіў цьвёрдым сэрца іх, каб ня відзелі вачыма і не разумелі сэрцам, і навярнуліся, і я аздаравіў-бы іх". 41 Гэтае сказаў Ізаій, калі відзеў славу яго і гаварыў аб ім. 42 Аднак-жа і з старшых многія ўверылі ў яго, але дзеля фарызэяў не прызнаваліся, каб ня быць выкінутымі з бажніцы. 43 Бо ўзьлюбілі славу людзкую болей, чым славу Божую.

44 Езус-жа заклікаў і казаў: Хто верыць у мяне, ён ня ў мяне верыць, але ў таго, каторы паслаў мяне, 45 і хто мяне бачыць, бачыць таго, каторы паслаў мяне. 46 Я, сьвятло, прыйшоў на сьвет, каб кожны, хто верыць у мяне, не прабываў у цемры. 47 І калі-б хто прабываў у цемры. 47 І калі-б хто пачуў словы мае і не бярог, я ня суджу яго; бо я ня прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет. 48 Хто пагарджае мною і ня прыймае слоў маіх, хто-б яго судзіў: мова, якую я гаварыў, яна будзе судзіць яго ў апошні дзень. 49 Бо я не з самога сябе гаварыў, але Айцец, каторы паслаў мяне, ён мне даў загад, што я маю казаць і што гаварыць. 50 І я ведаю, што загад ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што я гавару, гавару так, як сказаў мне Айцец.

 

 

----------------------------------

Р. 12 2 Нагатовілі вячэру ў доме Сымона Пракажанага (Мт. 26, 6).

6 Юдаш насіў ахвяры, якія людзі давалі для Езуса і ягоных вучняў. З гэтых ахвяр Юдаш браў для сябе.

13 Гл. Мт. 21, 9.

20 Паганамі называліся ў сьв. Пісаньні такжа людзі, якія не паходзілі з Ізраільскага народу, але прынялі Майсеевы Закон - або цалком (прозэліты), або часткова. Такія людзі прыходзілі ў Ерузалім, каб разам з жыдамі сьвяткаваць Пасху і іншыя сьвята.

24 Адно зерне, кінутае ў ральлю, прыносіць многа зярнят, таксама і Езус праз сьмерць сваю прынёс для ўсіх вялікі плод збаўленьня.

25 Гл. Мт. 10, 39.

35 Хрыстус называе тут сябе сьвятлом і кажа, што ўжо коратка будзе паміж людзьмі. Цемра азначае тут крывадушнасьць людзкую і грэх.

36 Ведаючы аб намерах старшых, каб узяць яго, Езус нанач выходзіць з Ерузаліму і начуе або ў Бэтаніі, або на Аліўнай гарэ, бо часіна мукі ягонай яшчэ ня прыйшла.

47 Першы раз прыйшоўшы на гэты сьвет, Хрыстус ня судзіў сьвету, але збавіў яго. На суд прыйдзе другі раз, пры канцы сьвету.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

ІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ ЕЗУСА ХРЫСТА НА

ЗЯМЛІ, ЯГОНЫ МУКІ, СЬМЕРЦЬ І ЎСКРАСЕНЬНЕ

Апошняя вячера. Абмыцьцё ног апосталам. Выяўленьне здрадніка

13 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Перад сьвяточным днём Пасхі, Езус, ведаючы, што прыйшла яго часіна, каб перайсьці з гэтага сьвету да Айца, узьлюбіўшы сваіх, якія былі на сьвеце, да канца іх узьлюбіў. 2 І павячэраўшы, калі ўжо д'ябал улажыў у сэрца Юдаша Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць яго, 3 ён, ведаючы, што ўсё аддаў яму Айцец у рукі, і што ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, 4 устаў ад вячэры, зьняў сваю вопратку, і ўзяўшы ручнік, падперазаўся. 5 Потым наліў вады ў місу і пачаў мыць ногі вучняў і выціраць ручніком, якім быў падперазаўшыся.

6 Дык прыйшоў да Сымона Пятра. І сказаў яму Пётр: Пане, ты мне ногі мыеш? 7 Адказаў Езус і сказаў яму: Што я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаесься потым. 8 Сказаў яму Пётр: Ня будзеш мыць мне ног навекі. Адказаў яму Езус: Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часьці са мною. 9 Сказаў яму Сымон Пётр: ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву. 10 Сказаў яму Езус: Хто абмыты, той не патрабуе, адно толькі каб ногі абмыць, але ён увесь чысты. І вы чыстыя, але ня ўсе. 11 Бо ён ведаў, хто гэта быў, хто яго меў выдаць; дзеля таго сказаў: Вы ня ўсе чыстыя.

12 Дык пасьля таго, як абмыў ногі іх і ўзлажыў сваю вопратку, ён, сеўшы ізноў за стол, сказаў: Ведаеце, што я вам зрабіў? 13 Вы мяне завецё: "Вучыцель" і "Пане", і добра кажаце, бо я ёсьць. 14 Дык калі я, Пан і Вучыцель, абмыю ногі вашыя, і вы павінны адзін другоа абмываць ногі. 15 Бо я даў вам прыклад, каб, як я вам зрабіў, так і вы рабілі. 16 Сапраўды, сапраўды кажу вам, слуга ня ёсьць большы за пана свайго, ані пасланец ня ёсьць большы за таго, хто паслаў яго. 17 Калі гэта ведаеце, багаслаўлены будзеце, калі гэтае будзеце рабіць.

18 Не аб усіх вас кажу. Я ведаю, каго я выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: "Хто есьць са мною хлеб, падыме проціў мяне пяту сваю" (Пс. 40, 10). 19 Кажу вам цяпер, перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі, што я ёсьць. 20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто прыймае, калі-б я паслаў каго, мяне прыймае; а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.

21 Сказаўшы гэтае, Езус устрывожыўся духам і пасьведчыў і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць мяне. 22 Дык спаглянулі вучні адзін на другога, няпэўныя, аб кім гаворыць. 23 А быў адзін з ягоных вучняў, каторага любіў езус, абапёршыся на ўлоньні Езуса. 24 Дык гэтаму кіўнуў Сымон Пётр і сказаў яму: Хто гэта, аб каторым ён гаворыць? 25 І той, абапёршыся на грудзях Езуса, сказаў яму: Пане, хто гэта? 26 Адказаў Езус: Гэта той, каму я падам памочаны хлеб. І памачыўшы хлеб, даў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. 27 І пасьля куска ўвайшоў у яго д'ябал. І сказаў яму Езус: што робіш, рабі хутчэй. 28 А гэтага ніхто з сядзячых не зразумеў, да каго сказаў яму. 29 Бо некаторыя думалі дзеля таго, што Юда меў скарбонку, што Езус сказаў яму: Купі таго, чаго нам патрэба на дзень сьвяточны; або, каб даў нешта ўбогім. 30 Дык ён, узяўшы кусок, зараз-жа выйшаў. А была ноч.

31 калі-ж ён выйшаў, сказаў Езус: Цяпер праслаўлены ёсьць Сын чалавечы і Бог ёсьць праслаўлены ў ім. 32 Калі Бог ёсьць праслаўлены ў ім, то і Бог праславіць яго ў сабе самым, і зараз-жа праславіць яго.

33 Сыночкі, яшчэ крыху я ёсьць з вамі; будзеце шукаць мяне, і як я сказаў жыдом: "Куды я іду, вы ня можаце прыйсьці", і вам цяпер кажу.

34 Прыказаньне новае даю вам, каб вы любілі адзін другога; так як я вас узлюбіў, каб і вы любілі адзін другога. 35 Па гэтым пазнаюць усе, што вы мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога.

36 Сказаў яму Сымон Пётр: Пане, куды ты ідзеш? Адказаў Езус: Куды я іду, ты цяпер ня можаш ісьці за мною, але пойдзеш потым. 37 Сказаў яму Пётр: чаму не магу ісьці за табою цяпер? Я жыцьцё сваё палажу за цябе. 38 Адказаў яму Езус: Ты жыцьцё сваё за мяне паложыш? Сапраўды кажу табе, не запяе певень, як ты трэйчы адрачэсься ад мяне.

 

 

----------------------------------

Р. 13 1 "Да канца ўзьлюбіў" г. зн. да канца свайго зямнога жыцьця і да апошніх граніц сваей любові.

8 "Ня будзеш мець часьці са мною" г. зн. ня будзеш учасьнікам маей ласкі і майго валадарства, ня будзеш належаць да мяне.

10 Перад пасхальнай вячэрай учасьнікі вячэры мыліся, дык апосталы былі чыстыя і ім трэба было толькі ногі памыць, бо прыйшлі босымі. Хрыстус гэтаму абраду прыдае духовае значэньне: апосталы мелі ласку ўсьвячаючую ўсе (былі чыстымі), апроч Юдаша, каторы праз здраду Бога-чалавека гэту ласку страціў.

14 Абмыцьцём ног Езус навучыў нас пакоры і заахвоціў да ўслугі бліжнім.

19 Гэта значыць, каб паверылі, "што я ёсьць" Мэсыяш.

23 Гэта быў Ян апостал, аўтар гэтай эванэліі.

26 Паданьне хлеба, памочанага ў якой страве, было знакам ласкі і прыхільнасьці. Аднак Юдаш і гэту ласку адкідае.

30 З гэтых слоў сьв. Яна выглядае, што Юдаш ня быў пры ўстанаўленьні сьв. Эўхарыстыі і камуніі не прыняў.

31 Мука была для Е. Хрыста дарогай да праслаўленьня, а праз Хрыста і для Бога самога.

34 Прыказаньне любові было і ў Ст. Законе (Лев. 19, 18), але яно аднасілася толькі для прыяцеляў і блізкіх па веры і народнасьці, а Хрыстус загадывае любіць усіх, нават ворагаў. Гэта ўжо было н о в а е прыказаньне. Гэтая любоў да ў с і х людзей павінна быць у кожнага сапраўднага хрысьціяніна, кожнага вучня Хрыста.

36 Хрыстус тут прадказвае Пятру ў агульных рысах мучаніцкую сьмерць.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Разьвітаньне Езуса з апосталамі

1) Езус пацяшае апосталаў

14 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Няхай ня трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў мяне верце. 2 У доме Айца майго памяшканьняў многа. Калі-б інакш, то я сказаў-бы вам, бо іду прыгатовіць вам месца. 3 А калі адыйду і прыгатую вам месца, ізноў прыйду і вазьму вас да сябе, каб, дзе я, там і вы былі.

4 І куды я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце. 5 Сказаў яму Тамаш: Пане, мы ня ведаем, куды ты ідзеш, і як-жа можам ведаць дарогу? 6 Сказаў яму Езус: Я ёсьць дарога і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі праз мяне. 7 Калі б вы мяне пазналі, паўнейж пазналі-б і Айца майго; і ад гэтага часу вы пазнаеце яго і вы бачылі яго.

8 Сказаў яму Філіп: Пане, пакажы нам Айца і хваціць нам. 9 Сказаў яму Езус: Гэтулькі часу я з вамі і вы не пазналі мяне? Філіпе, хто бачыць мяне, той бачыць і Айца. Як-жа ты кажаш: "Пакажы нам Айца"? 10 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец у-ва мне ёсьць? Словы, якія я вам гавару, не ад самога сябе гавару, але Айцец, каторы у-ва мне прабывае, ён чыніць чыны. 11 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец ёсьць у-ва мне? Прынамся дзеля самых чынаў верце.

12 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, чыны, якія я чыніў, і ён будзе чыніць, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо я іду да Айца. 13 І чаго-колечы будзеце прасіць Айца ў імя маё, тое ўчыню, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне. 14 Калі чаго будзеце прасіць мяне ў імя маё, тое ўчыню.

15 Калі вы мяне любіце, захоўвайце мае прыказаньні; 16 а я буду прасіць Айца, і ён дасьць вам іншага Пацяшыцеля, каб прабываў з вамі навекі - 17 Духа праўды, каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня відзіць яго і ня знае яго. Але вы пазнаеце яго, бо ён з вамі будзе прабываць і ў вас будзе.

18 Не пакіну вас сіратамі, прыйду да вас. 19 Яшчэ крыху і сьвет ужо ня ўбачыць мяне; а вы мяне будзеце бачыць, бо я жыву і вы будзеце жыць. 20 У той дзень вы пазнаеце, што я ёсьць у Айцу маім, а вы ў мне, і я ў вас. 21 Хто мае маё прыказаньне і захоўвае яго, гэта той, хто любіць мяне. А хто мяне любіць, будзе ўзлюблены Айцом маім, і я буду любіць яго і аб'ялю яму самога сябе. 22 Сказаў яму Юда, ня той Іскарыёт: Пане, што сталася, што ты маеш аб'явіцца нам, а ня сьвету? 23 Адказаў Езус і сказаў яму: Калі хто любіць мяне, будзе захоўваць мову маю, і Айцец мой узлюбіць яго, і прыйдзем да яго і зробім у яго памешканьне. 24 Хто ня любіць мяне, не захоўвае моваў маіх. А мова, якую вы чулі, ня ёсьць мая, але таго, хто паслаў мяне, Айца.

25 Гэтае я вам сказаў, прабываючы ў вас. 26 Пацяшыцель-жа, Дух сьвяты, каторага пашле Айцец у імя маё, ён вас навучыць усяго і прыпомніць вам усё, што-колечы я вам сказаў.

27 Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам; ня так як сьвет дае, я вам даю. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. 28 Вы чулі, што я вам сказаў: "Адыходжу і прыходжу да вас". Калі-б вы любілі мяне, пэўне цешыліся-б, што іду да Айца, бо Айцец большы за мяне. 29 І цяпер я сказаў вам перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі. 30 Ужо нямнога буду з вамі гаварыць, бо ідзе князь гэтага сьвету, а ў мне ён нічога ня мае, 31 але каб сьвет пазнаў, што я люблю Айца і як мне даў загад Айцец, так чыніў. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

 

 

----------------------------------

Р. 14 4 Дарогай да хвалы нябеснай была для Хрыста мука, а дарогай для вучняў - прыклад ягоны.

6 Хрыстус ёсьць д а р о г а й да Айца нябеснага праз навуку, ласку і спосабы збаўленьня (сакрамэнты); Хрыстус ёсьць п р а ў д а й, бо ён Бог праўдзівы, жарало ўсякай праўды; Хрыстус ёсьць ж ы ц ь ц ё м, бо дае людзям жыцьцё прыроднае і надпрыроднае.

7 Вучні, знаючы Сына, знаюць і аглядаюць Айца, бо Айцец ёсьць у Сыне, а Сын у Айцы.

10 Сын Божы і Айцец (і Дух сьв.) становяць адно ў сваей натуры, але розьняцца паміж сабою асобамі. Дзеля супольнасьці натуры Божай усе тры асобы прабываюць узаемна ў сабе.

12 Вучні Хрыстуса будуць чыніць вонкава яшчэ большыя цуды, чым дагэтуль сам Хрыстус, а гэта моцай, дадзенай ім Хрыстом.

16 - 17 Пацяшыцель - гэта Дух сьв. Ён, як Д у х, будзе прабываць н я в і д о м а з вучнямі Хрыста; ён, як Д у х  п р а ў д ы, усьцеражэ вучняў ад усякіх памылак у справе веры.

20 "У той дзень" - гэта зн. пасьля ўскрасеньня Хрыста і Зыходу Духа сьв.

22 Гэта быў Юда Тадэуш, брат Якуба Меншага.

23 Душа міласьніка Божага ёсьць сялібай усяя Тройцы сьв.: Айца і Сына і Духа сьв.

27 "Супакой" азначае тут паўнату ўсялякага духовага дабра і ласкаў Божых, а так-жа спакойнасьць душы ва ўсякіх жыцьцёвых праціўнасьцях і спакушэньнях.

28 Бог Айцец ёсьць большы за Хрыста, як чалавека - і аб гэтай натуры чалавечай Хрыстус гаворыць, калі кажа, што адыйдзе да Айца.

30 "Князь гэтага сьвету" - гэта д'ябал, які надыходзіць, паміж іншым, і ў асобе Юдаша Іскарыёта, душу каторага апанаваў.

"У мне ён нічога ня мае" - г. зн. д'ябал ня мае ніякага права да Хрыста. Д'ябал мае, з дапушчэньня Божага, права толькі да людзей грэшных.

31 Хрыстус заклікае апосталаў прыгатавацца да выхаду з вячэрніка, але вядзе з імі яшчэ доўгую гутарку, як гэта звычайна бывае пры раставаньні з дарагімі асобамі.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

2) Езус навучае апосталаў

15 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Я ёсьць праўдзівы вінаградны ўшчэп, а Айцец мой земляроб. 2 Усякую галінку, якая не прыносіць у мне плоду, ён адсячэ яе; усякую, якая прыносіць плод, ён ачысьціць яе, каб больш прынясла плоду. 3 Вы ўжо чыстыя дзеля мовы, якую я гаварыў вам. 4 Прабывайце ў мне, а я ў вас. Як галінка ня можа прынесьці плоду сама з сябе, калі ня будзе прабываць у вінаградным ушчэпе, так і вы, калі ня будзеце прабываць у мне.

5 Я ёсьць вінаградны ўшчэп, а вы галінкі. Хто прабывае ў мне, а я ў ім, той прыносіць многа плоду, бо без мяне нічога ня можаце чыніць. 6 Калі-б хто не прабываў у мне, будзе выкінуты проч як галінка; і зсохне, і падбяруць яе, і кінуць у вагонь, і згарыць. 7 Калі будзеце прабываць у мне і словы мае будуць у вас прабываць, чаго-колечы захочаце, папросіце, і станецца вам. 8 У гэтым ёсьць праслаўлены Айцец мой, каб вы прыносілі найболей плоду і сталіся маімі вучнямі.

9 Як мяне ўзлюбіў Айцец, і я вас узлюбіў. Прабывайце ў любові маей. 10 Калі будзеце захоўваць мае прыказаньні, будзеце прабываць у маей любові; так як і я захаваў прыказаньні Айца майго і прабываю ў яго любові. 11 гэтае я вам сказаў, каб радасьць мая была ў вас і радасьць вашая была поўная.

12 Гэтае ёсьць маё прыказаньне, каб вы любілі адзін другога, так як я вас узлюбіў. 13 Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто кладзе жыцьцё сваё за прыяцеляў сваіх. 14 Вы ёсьць мае прыяцелі, калі будзеце чыніць тое, што я вам загадываю. 15 Я ўжо ня буду называць вас слугамі, бо слуга ня ведае, што чыніць пан ягоны; а я назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што-колечы чуў ад Айца майго, абвясьціў вам. 16 Ня вы мяне выбралі, але я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыняслі плод, і каб плод ваш прабываў; каб, чаго-колечы вы папросіце Айца ў імя маё, даў вам. 17 гэта загадываю вам, каб вы любілі адзін другога.

18 Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што мяне перш за вас меў у ненавісьці. 19 Калі-б вы былі з сьвету, сьвет любіў-бы, што было ягонае; а як вы ня ёсьць з сьвету, але я вас выбраў з сьвету, дзеля гэтага сьвет вас ненавідзіць. 20 Помніце мову маю, якую я вам сказаў: "Слуга ня ёсьць большы за пана свайго". Калі мяне прасьледавалі, і вас будуць прасьледаваць; калі захавалі маю мову, і вашу будуць захоўваць. 21 Але ўсё гэтае яны будуць рабіць вам дзеля імені майго, бо ня знаюць таго, хто паслаў мяне. 22 Калі-б я ня прыйшоў і не гаварыў ім, яны ня мелі-б граху; але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго гарху. 23 Хто мяне ненавідзіць, той і Айца майго ненавідзіць. 24 Калі-б я ў іх ня ўчыніў чынаў, якіх ніхто іншы ня ўчыніў, яны ня мелі-б граху; але цяпер і бачылі і зьненавідзелі і мяне і Айца майго. 25 Але каб споўнілася мова, якая ёсьць напісана ў законе іх: што яны мелі ў ненавісьці мяне бяз прычыны (Пс. 68, 5).

26 Калі-ж прыйдзе Пацяшыцель, каторага я пашлю вам ад Айца, Духа праўды, каторы ад Айца паходзіць, ён будзе даваць пасьведчаньне аба мне. 27 І вы будзеце даваць пасьведчаньне, бо вы са мною ёсьць ад пачатку.

 

 

----------------------------------

Р. 15 1 У гэтай прамове Хрыста можна адрозьніць тры часткі: 1) патрэба цясьнейшай лучнасьці з Хрыстом (р. 1 - 8); 2) гэта лучнасьць навязваецца праз любоў (р. 9 - 17); 3) сьвет будзе прасьледаваць вучняў Хрыста (р. 18 і наст.).

Як земляроб кладзе свае стараньні каля расьлін, так Бог каля людзей.

2 Хто ня прыносіць пладоў (добрых чынаў), ад таго за кару Бог аднімае ласку ўсьвячэньня і лучнасьць з Хрыстом; а хто карыстае з ласкаў учынковых, таго Бог ачышчае ад дробных праступкаў, каб прынёс яшчэ большы плод сьвятасьці.

4 Тут і ў далейшых радкох ідзе гутарка аб прабываньні Хрыста ў душы чалавека праз ласку і любоў.

Як вінаградны ўшчэп дае жыцьцё, сок і плоднасьць усім галінкам, так і Хрыстус дае гэтакую моц сваім вучням і насьлядоўнікам.

5 Без супрацоўніцтва Божага чалавек нічога ня можа зрабіць ані ў прыродным парадку жыцьця, ані ў надпрыродным. Уся яго праца і дзейнасьць залежыць ад супрацоўніцтва з ім Бога.

12 Прыказаньне любові ёсьць зьместам усіх іншых прыказаньняў.

26 Дух сьв. паходзіць ад Айца як ад супольнага пачатку (жарала) сьв. Тройцы, але паходзіць ён так-жа і ад Сына, бо Сын пасылае яго ад Айца (Ян 15, 26), а Айцец пасылае яго ў імя Сына (Ян 14, 26).

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

16 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Гэтае я вам сказаў, каб вы ня горшыліся. 2 Вылучаць вас з бажніцаў; але прыходзіць часіна, што кожны, хто вас забівае, будзе думаць, што ён прыслужыўся Богу. 3 І гэтае будуць рабіць вам, затым што не пазналі Айца ані мяне. 4 Але гэтае я вам сказаў, каб, калі прыйдзе іх часіна, вы ўспомнілі, што я вам сказаў. 5 А гэтага спачатку я вам не гаварыў, бо быў з вамі.

3) Езус узмацняе апосталаў

А цяпер іду да таго, каторы паслаў мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў мяне: "Куды ідзеш"? 6 Але затым, што я вам гэтае сказаў, смутак напоўніў сэрца вашае. 7 Але я вам праўду кажу: Карысна для вас, каб я адыйшоў. Бо калі не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж адыйду, пашлю яго да вас. 8 А калі ён прыйдзе, дакажа сьвету грэх і справядлівасьць і суд. 9 Грэх-то, бо ня ўверылі ў мяне; 10 а справядлівасьць, бо я іду да Айца і ўжо ня ўбачыце мяне; 11 суд-жа, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.

12 Яшчэ многа маю вам гаварыць, але цяпер ня можаце зьнесьці. 13 Калі-ж прыйдзе ён, Дух праўды, навучыць вас усякае праўды; бо ня будзе гаварыць сам ад сябе, але будзе гаварыць што-колечы пачуе, і што мае прыйсьці, абвесьціць вам. 14 Ён праславіць мяне, бо з майго возьме і вам абвесьціць. 15 Усё, што-колечы мае Айцец, маё ёсьць; дзеля гэтага я сказаў, што ў майго возьме і вам абвесьціць.

16 Крыху і ўжо ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што я іду да Айца. 17 Дык гаварылі з вучняў ягоных адзін да другога: Што гэта такое, што ён нам кажа: "крыху і ня ўбачыце мяне" і "што я іду да Айца"? 18 І гаварылі: Што гэта такое, што кажа: "Крыху"? Ня ведаем, што гаворыць.

19 А Езус пазнаў, што хацелі ў яго пытацца і сказаў ім: "Крыху, і ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне". 20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць вы, а сьвет будзе цешыцца; вы-ж будзеце смуціцца, але смутак ваш у радасьць зьменіцца. 21 Жанчына, калі родзіць, смутак мае, што прыйшла яе часіна; але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць уцісьненьня дзеля радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся. 22 Так і вы цяпер-то смутак маеце, але я ізноў убачу вас, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто ад вас не адыме. 23 І ў той дзень ня будзеце ў мяне нічога пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі чаго будзеце прасіць Айца ў імя маё, дасьць вам. 24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя маё. Прасеце і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.

25 Гэтае я вам гаварыў у прыповесьцях. Надыходзіць часіна, калі ўжо ня ў прыповесьцях буду гаварыць вам, але яўна аб Айцу абвешчу вам. 26 У той дзень будзеце прасіць у імя маё, і не кажу вам, што я буду прасіць Айца за вас, 27 бо сам Айцец любіць вас, затым што вы ўзлюбілі мяне і ўверылі, што я ад Бога выйшаў. 28 Выйшаў я ад Айца і прыйшоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і іду да Айца.

29 Сказалі яму вучні ягоны: Вось цяпер яўна гаворыш і ня кажаш ніякай прыповесьці. 30 Цяпер мы знаем, што ты ведаеш усё і ня трэба табе, каб хто пытаўся ў цябе; дзеля гэтага верым, што ты ад Бога выйшаў. 31 Адказаў ім Езус: Вы цяпер верыце? 32 Вось надыходзіць часіна, і ўжо надыйшла, каб вы разсеяліся кожны да свайго, а мяне самога пакінулі; а я не адзін, бо са мною ёсьць Айцец. 33 Гэта я вам сказаў, каб вы мелі супакой у мне. На сьвеце будзеце мець уцісьненьне, але будзьце адважны, я перамог сьвет.

 

 

----------------------------------

Р. 16 5 У далейшых радкох Езус гаворыць: 1) што адыход ягоны ёсьць патрэбны, каб Дух сьв. мог разьвіць сваю дзейнасьць (р. 5 - 15); 2) гэты адыход Хрыста будзе кароткі (р. 16 - 24); 3) апосталы будуць уцьверджаны ў веры, што Хрыстус паходзіць ад Айца (р. 25 - 33).

8 - 11 Дух сьв. дакажа сьвету, што па сьвету ёсьць г р э х (бо ня ўверылі ў Хрыста); па старане Хрыста ёсьць с п р а в я д л і в а с ь ц ь (справядлівы Хрыстус адыходзіць да Айца ў неба); што с у д спадзе на д'ябла і яго прыхільнікаў (князь гэтага сьвету ўжо асуджаны).

13 Дух сьв. гаворыць тое, што пачуе ад Айца і Сына, ад каторых паходзіць, а гэта затым што натура Божая ёсьць адна і супольная ўсім тром асобам.

14 "З  м а й г о возьме" гэтымі славамі Хрыстус яшчэ раз адкрывае, што Дух сьв. паходзіць і  а д  С ы н а (гл. Ян 14, 26). Паходжаньне Духа сьв. ад Айца Езус аб'яўляе вышэй (Ян 15, 26).

15 Усё тое, што Айцец мае, гэта значыць, уся натура Божая, ёсьць уласнасьцяй так-жа Сына, а з таго, што ёсьць уласнасьцяй Сына, бярэ Дух сьв. Гэта яшчэ адзін доказ, што Дух сьв. паходзіць і ад Сына.

16 - 18 Хрыстус гаворыць тут аб сваей сьмерці ("крыху і ня ўбачыце мяне") і аб сваім ускрасеньні і ўшэсьці ("і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што іду да Айца").

20 Сьвет будзе весяліцца з прычыны сьмерці Езуса, а вучні ўцешацца пасьля ўскрасеньня Езуса. Слова "сьвет" азначае тут усё тое, што працівіцца Богу і жадае адвясьці людзей ад Бога.

23 "Ня будзеце нічога пытацца" ў справах, зьвязаных з "крыху".

31 - 32 Хрыстус ведае, што незадоўга іх вера акажацца слабою. 

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

4) Архісьвятарская малітва Хрыстуса

17 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Гэтае гаварыў Езус, і падняўшы вочы ў неба, сказаў: Ойча, прыйшла часіна, праслаў Сын твайго, каб Сын твой праславіў цябе; 2 як ты даў яму ўладу над усякім целам, каб ён усім, каго ты даў яму даў жыцьцё вечнае. 3 А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі цябе, аднаго Бога праўдзівага, і каторага ты паслаў, Езуса Хрыста. 4 Я ўславіў цябе на зямлі, даканаў справу, якую ты мне даручыў зрабіць. 5 А цяпер услаў мяне ты, Ойча, у самога сябе славаю, якую я меў у цябе перш, чым сьвет быў.

6 Я абвясьціў імя тваё людзям, каторых ты мне даў са сьвету. Яны былі твае, і ты мне даў іх, і яны захавалі мову тваю. 7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што ты мне даў, ад цябе ёсьць. 8 Бо словы, каторыя ты мне даў, я даў ім, і яны прынялі і пазналі сапраўды, што я ад цябе выйшаў, і ўверылі, што ты мяне паслаў. 9 Я за іх прашу; не за сьвет прашу, але за тых, каторых ты мне даў, бо яны твае; 10 і ўсё маё - тваё ёсьць, а тваё - маё ёсьць, і я ўслаўлены ў іх. 11 І я ўжо не на сьвеце, а я да цябе іду.

Ойча сьвяты, захавай у імя тваё тых, каторых ты мне даў, каб яны былі адно, як і мы. 12 Калі я быў з імі, я захоўваў іх у імя тваё; тых што ты мне даў, я зьбярог і ніхто з іх ня згінуў, адно сын згіненьня, каб споўнілася Пісаньне. 13 Цяпер-жа да цябе іду, а гавару гэтае на сьвеце, каб яны мелі радасьць сваю споўненую ў сабе самых. 14 Я ім даў мову тваю, і сьвет меў іх у ненавісьці, бо яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету. 15 Не прашу, каб ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад злога. 16 Яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету. 17 Пасьвяці іх у праўдзе; мова твая ёсьць праўда. 18 Так як ты мяне паслаў на сьвет, і я іх паслаў на сьвет. 19 І за іх я пасьвячаю самога сябе, каб і яны былі пасьвячоны ў праўдзе.

20 А ня толькі за іх я прашу, але і за тых, каторыя праз іх слова ўвераць у мяне; 21 каб усе былі адно, так як ты, Ойча, у мне, а я ў табе, каб і яны ў нас адно былі, каб уверыў сьвет, што ты мяне паслаў. 22 А я даў ім славу, каторую ты мне даў, каб яны былі адно, так як і мы ёсьць адно; 23 я ў іх, а ты ў мне, каб яны былі дасканальнымі ў еднасьці, і каб пазнаў сьвет, што ты мяне паслаў і ўзлюбіў іх, так як і мяне ўзлюбіў.

24 Ойча, хачу, каб дзе я ёсьць, былі са мною і тыя, каторых ты мне даў, каб яны відзелі славу маю, якую ты мне даў, бо ты ўзлюбіў мяне перад заснаваньнем сьвету. 25 Ойча справядлівы, сьвет цябе не пазнаў, а я пазнаў цябе, і гэтыя пазналі, што ты мяне паслаў. 26 І я абвясьціў ім імя тваё, і абвясьціў, каб любоў, якою ты ўзлюбіў мяне, у іх была, а я ў іх.

 

 

----------------------------------

Р. 17 У гэтай сваей архісьвятарскай малітве Хрыстус, Бог і чалавек, зварочваецца ў глыбокіх і простых славах да Айца нябеснага і просіць: 1) для сябе, як чалавека, тае славы, якую мае Бог (1 - 5); 2) для апосталаў - усьвячэньня і еднасьці ў праўдзе і навуцы Хрыстовай (6 - 19); 3) для ўсіх хрысьціян - злучнасьці паміж сабою і з Богам (20 - 23). Кончыць малітву зваротам да Айца, каб даў усім выбраным жыцьцё вечнае.

1 "Прыйшла часіна" мукі, якою Езус мае праславіць імя Божае на зямлі.

2 "Над усякім целам" г. зн. над усім чалавецтвам.

5 Хрыстус просіць тут Айца свайго, каб ягону натуру людзкую падняў да ўчасьніцтва ў хвале, якую ён, ён Сын Божы, меў у Айца спрадвеку.

11 У гэтых славах Хрыстус просіць еднасьці для хрысьціян, дык усе добрыя хрысьціяне павінны імкнуцца да гэтай еднасьці.

12 "Сын згіненьня" - гэта Юдаш.

15 Бо на сьвеце вучні патрэбныя дзеля пашырэньня эванэліі і валадарства Божага.

21 Праз веру, надзею і любоў людзі лучацца моцнай сувязяй паміж сабою і Богам.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус у садзе Аліўным

18 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Сказаўшы гэтае, Езус выйшаў са сваімі вучнямі за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у каторы ўвайшоў сам і вучні яго. 2 Ведаў-жа і Юдаш, каторы выдаваў яго, месца, бо там часта Езус зьбіраўся са сваімі вучнямі. 3 Дык Юдаш, узяўшы роту і слуг ад архісьвятараў і фарызэяў, прыйшоў туды з латарнямі і сьветачамі і аружжам. 4 Езус-жа, ведаючы ўсё, што мела на яго прыйсьці, выйшаў і сказаў ім: Каго шукаеце? 5 Адказалі яму: Езуса Назарэнскага. Сказаў ім Езус: Гэта я. Стаяў-жа з імі і Юдаш, каторы яго выдаваў. 6 Дык калі сказаў ім: "Гэта я", яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. 7 Дык спытаўся ў іх ізноў: Каго шукаеце? Яны-ж сказалі: Езуса Назарэнскага. 8 Адказаў Езус: Я сказаў вам, што гэта я; дык калі мяне шукаеце, пазвольце гэтым адыйсьці. 9 Каб споўнілася мова, якую сказаў: што тых, каторых ты мне даў, не загубіў з іх ніводнага.

10 Дык Сымон Пётр, маючы меч, выняў яго і ўдарыў слугу архісьвятара і адсек яму правае вуха. А імя слугі было Мальхус. 11 І сказаў Езус Пятру: Улажы меч твой у похву. Ці-ж я ня буду піць тае чары, якую даў мне Айцец?

Езус прад Аннашам. Адрачэньне Пятра

12 Дык рота і ротны і слугі жыдоўскія ўзялі Езуса і зьвязалі яго. 13 І прывялі яго перш да Аннаша, бо ён быў цесьцем Каіфаша, які быў архісьвятарам таго году. 14 А гэта быў Каіфаш, каторы даў быў раду жыдом: Што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.

15 А ішоў за Езусам Сымон Пётр і другі вучань. Той-жа вучань быў знаёмы для архісьвятара і ён увайшоў з Езусам у дварышча архісьвятара; 16 а Пётр стаяў ля дзьвярэй, вонкі. Дык выйшаў другі вучань, каторы быў знаёмы для архісьвятара, і сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра. 17 Дык сказала Пятру прыдзьверная слуга: Ці і ты ня з вучняў гэтага чалавека? Ён сказаў: Я не. 18 А стаялі нявольнікі і слугі каля вуглёў, бо быў холад, і грэліся; быў-жа з імі і Пётр, каторы стаяў і грэўся.

19 Дык архісьвятар спытаўся ў Езуса аб ягоных вучнях і аб ягонай навуцы. 20 Адказаў яму Езус: Я яўна гаварыў сьвету, я заўсёды навучаў у бажніцы і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе жыды, і ў скрытнасьці не гаварыў нічога. 21 Што мяне пытаеш? Спытайся ў тых, каторыя чулі, што я ім гаварыў. 22 Калі-ж ён сказаў гэтае, адзін з слугаў, які там стаяў, даў Езусу на шчацэ, кажучы: Ты гэтак адказваеш архісьвятару? 23 Адказаў яму Езус: Калі я блага сказаў, дай пасьведчаньне аб благім, а калі добра, то нашто мяне б'еш? 24 І паслаў яго Аннаш зьвязанага да Каіфаша, архісьвятара.

25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: Ці і ты ня з ягоных вучняў? Ён адрокся і сказаў: Я не. 26 Сказаў яму адзін з слугаў архісьвятара, сваяк таго, якому Пётр адсек вуха: Ці-ж я ня бачыў цябе ў садзе з ім? 27 Дык ізноў адрокся Пётр. І зараз-жа запяяў певень.

Езус прад Пілатам

28 Дык прывялі Езуса ад Каіфаша ў прэторыю. Была-ж раніца. І самі яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, але каб маглі есьці Пасху. 29 Дык Пілат выйшаў да іх вонкі і сказаў: Якое абвінавачаньне прыносіце на гэтага чалавека? 30 Яны адказалі і сказалі яму: Калі-б ён ня быў злачынца, мы ня выдалі-б яго табе. 31 Дык сказаў ім Пілат: Вазьмеце яго вы і паводле вашага закону асудзеце яго. А жыды сказалі яму: Нам ня можна нікога забіваць. 32 Каб споўнілася мова Езуса, якую ён сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй меў памерці.

33 Дык Пілат увайшоў ізноў у прэторыю і паклікаў Езуса і сказаў яму: Ты кароль жыдоўскі? 34 Адказаў Езус: Ты гэтае гаворыш ад самога сябе, ці другія табе сказалі аба мне? 35 Адказаў Пілат: Ці я жыд? Твой народ і архісьвятары выдалі цябе мне; што ты зрабіў? 36 Адказаў Езус: Каралеўства маё ня ёсьць з гэтага сьвету. Калі-б каралеўства маё было з гэтага сьвету, то слугі мае пэўне-ж біліся-б, каб я ня быў выданы жыдом. Цяпер-жа каралеўства маё ня ёсьць адгэтуль. 37 І сказаў яму Пілат: Дык ты кароль? Адказаў Езус: Ты кажаш, што я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб даў пасьведчаньне праўдзе. Кожны, хто ёсьць з праўды, слухае голасу майго. 38 Сказаў яму Пілат: Што гэта праўда?

І сказаўшы гэтае, выйшаў ізноў да жыдоў і сказаў ім: Я не знаходжу ў ім ніякае віны. 39 Ёсьць-жа ў вас звычай, каб я аднаго пушчаў вам на Пасху: дык хочаце, пушчу вам караля жыдоўскага? 40 Але закрычалі ізноў усе, кажучы: Не яго, але Бараббу. А Барабба быў разбойнік.

 

 

----------------------------------

Р. 18 3 Гл. Мт. 26, 47.

6 Езус гэтым цудам паказаў, што дабравольна ідзе на мукі, бо мог-бы адыйсьці ад іх.

8 "Пазвольце гэтым" г. зн. апосталам адыйсьці. Магчыма, што старшыя жыдоўскія мелі намер і вучняў узяць.

13 Аннаш быў архісьвятарам од 6 да 15 г. па Нар. Хр., а Каіфаш ад 18 да 36 па Нар. Хр. Каіфаш быў архісьвятарам т а г о  г о д у, у каторым замучылі Хрыста.

16 Гэты вучань, паводле многіх, быў сам Ян эванэлісты.

19 Гэта быў Аннаш. Ён хоць цяпер і ня быў архісьвятарам, але насіў архісьвятарскі тытул і меў вялікія ўплывы ў Сангэдрыне. Допыты робіць ён умела, бо пытаецца, сколькі Хрыстус мае вучняў (ці вялікая арганізацыя) і чаго навучае.

21 Падсудны ня мае абавязку сябе вінаваціць, а адклікацца да сьведак на судзе кожнаму можна.

22 Слуга ня меў права біць Езуса бяз прысуду.

23 "Дай пасьведчаньне аб благім" г. зн. дакажы, што я блага адказаў.

28 Прэторыя - палац, дзе жылі намесьнікі (пракуратары) цэзара ў Ерузаліме. Суды ў рымлян пачыналіся даволі рана, а тады якраз Пілат меў яшчэ іншыя судовыя справы. Калі прывялі Езуса, было каля 6 гадз. нараніцы (у пятніцу).

Дамы, дзе жылі пагане, жыды ўважалі за рытуальна нячыстыя і дзеля таго жыд, калі ўвайшоў у дом паганіна, быў "нячыстым" праз цэлы дзень. А Пасху есьці маглі толькі рытуальна чыстыя.

29 Пілат гэтым дае зразумець жыдом, што без працэсу ня хоча выдаць на Езуса прысуду сьмерці.

31 Значыць, пакарайце яго так, як дазваляюць вашыя законы. Сангэдрын меў права выдаваць прысуды сьмерці, але пацьверджаньне гэтага прысуду і выкананьне залежала ад рымскіх уладаў.

32 Закон Майсея (Лев. 24, 14) загадываў за блюзьнерства к а м е н а в а ц ь, а не крыжаваць, але Езус быў прадказаўшы, што жыды выдадуць яго на ўкрыжаваньне.

33 Усе абвінавачаньні проціў Езуса можна было зьмясьціць у гэтым адным, што Хрыстус хоча быць каралём жыдоўскім, дык Пілат прыступае да гэтага галоўнага пункту.

35 Пілат укосна сьцьвярджае тут, што пытаньне, ці Хрыстус ёсьць кароль жыдоўскі, паходзіць ад прадстаўнікоў Сангэдрыну.

36 Адказ Хрыста мае вялікае значэньне. Ён сьцьвярджае, што валадарства ягонае ёсьць валадарствам нябесным, бо закладчыкам яго ёсьць Сын Божы, які зыйшоў з неба і што ягона валадарства будуецца на іншых асновах, чым зямныя валадарствы.

37 "Ты кажаш" гл. Мт. 26, 64.

38 Пілат, ня хочучы дахадзіць зьместу праўды Божай, а можа ўсумніўшыся наагул аб існаваньні праўды, прарывае допыты, думаючы, што мае прад сабою нейкага няшкоднага філозафа-мысьліцеля і пастанаўляе ў душы звольніць Хрыста.

39 Гл. Мт. 27, 15.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

19 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Дык тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў. 2 А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву і апранулі яго ў чырвонае адзеньне. 3 І падыходзілі да яго і казалі: Будзь прывітаны, кароль жыдоўскі! І давалі яму па шчоках.

4 Дык Пілат ізноў выйшаў вонкі і сказаў ім: Вось я выводжу яго вам вонкі, каб вы пазналі, што я не знаходжу ў ім ніякае віны. 5 І выйшаў Езус, несучы цярновы вянок і чырвоную вопратку. І сказаў ім: Во чалавек! 6 Дык калі ўбачылі яго архісьвятары і слугі, крычалі, кажучы: Укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Вазьмеце вы яго і ўкрыжуйце, бо я ў ім не знаходжу віны. 7 Адказалі яму жыды: Мы маем закон, а паводле закону ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым.

8 Калі-ж Пілат пачуў гэтую мову, яшчэ болей збаяўся. 9 І ўвайшоў ізноў у прэторыю і сказаў да Езуса: Адкуль ты? Але Езус ня даў яму адказу. 10 Дык сказаў яму Пілат: Са мною не гаворыш? Ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць цябе і маю ўладу пусьціць цябе? 11 Адказаў Езус: Ня меў-бы ты нада мною ніякае ўлады, калі-б табе ня было дадзена згары. Дзеля гэтага той, хто мяне выдаў табе, мае большы грэх.

12 І ад таго часу стараўся Пілат пусьціць яго. Але жыды крычалі, кажучы: Калі гэтага пусьціш, ты ня друг цэзару, бо кожны, хто сябе робіць каралём, супраціўляецца цэзару. 13 А Пілат, пачуўшы гэтыя мовы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое завецца Літостротос, а па-жыдоўску Габбата. 14 Быў-жа дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна як-бы шостая. І сказаў жыдом: Вось ваш кароль! 15 Але яны крычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Караля вашага ўкрыжую? Адказалі архісьвятары: Мы ня маем караля, апроч цэзара. 16 Дык тады выдаў ім яго, каб быў укрыжаваны.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста

І ўзялі Езуса і вывелі. 17 А нясучы крыж для сябе, выйшаў на тое месца, якое завецца Трупнога Чэрапу, а па-жыдоўску Голгота, 18 дзе яго ўкрыжавалі; а з ім другіх двух з аднаго боку і з другога, а Езус пасярэдзіне. 19 Напісаў-жа Пілат і надпіс і памясьціў на крыжы. А было напісана: Езус Назарэнскі, кароль жыдоўскі. 20 Дык гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Езус, было блізка гораду. Было-ж напісана па-жыдоўску, па-грэцку і па-лацінску. 21 Дык жыдоўскія архісьвятары казалі Пілату: Ня пішы: "Кароль жыдоўскі", але што ён казаў: "Я ёсьць кароль жыдоўскі". 22 Адказаў Пілат: што я напісаў, то напісаў.

23 А жаўнеры, укрыжаваўшы яго, узялі ягонае адзеньне і зрабілі чатыры часьці, і сукню. А сукня была нязшываная, ад верху ўся тканая. 24 Дык сказалі адзін да другога: Ня рэжма яе, але кіньма аб яе лёс, чыя будзе. Каб споўнілася пісаньне, якое кажа: "Падзялілі між сабою адзеньне маё, а аб сукню маю кінулі лёс" (Пс. 22, 19). Дык жаўнеры гэтае і зрабілі.

Апошнія словы, сьмерць і пахаваньне Езуса

25 Стаялі-ж каля крыжа Езусава матка ягона, і сястра маткі ягонай, Марыя Клеофава, і Марыя Магдалена. 26 Дык калі-ж убачыў Езус матку і вучня стаячага, каторага любіў, сказаў сваей матцы: Жанчына, вось сын твой. 27 Потым сказаў вучню: Вось матка твая. І ад тае часіны ўзяў яе вучань да сябе.

28 Пасьля Езус, ведаючы, што ўсё даканалася, каб даканалася Пісаньне, сказаў: Смагну. 29 Была-ж пастанаўленая пасудзіна, поўная воцту. І яны губку, поўную воцту, узьдзеўшы на трысьціну, падалі да ягоных вуснаў. 30 Дык калі Езус прыняў воцат, сказаў: Даканалася. І схіліўшы галаву, выдаў дух.

31 Дык жыды, затым што быў дзень Прыгатаваньня, каб не асталіся целы на крыжы ў суботу, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб паламаць ім галені і зьняць. 32 Дык прыйшлі жаўнеры, і першаму паламалі галені, і другому, што быў з ім укрыжаваны. 33 Але прыйшоўшы да Езуса, як убачылі яго ўжо памёршага, не ламалі яму галеняў, 34 але адзін з жаўнераў адчыніў ягоны бок пікаю, і зараз-жа выйшла кроў і вада.

35 А той, хто відзеў, даў пасьведчаньне, і праўдзівае ёсьць ягонае пасьведчаньне; і ён ведае, што праўду кажа, каб і вы верылі. 36 Бо гэтае сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Касьці яго не паломіце" (Вых. 12, 46). І ізноў другое Пісаньне кажа: "Убачаць, каго прабілі" (Захар. 12, 10).

38 Пасьля-ж гэтага прасіў Пілата Язэп з Арыматэі - таму што ён быў вучнем Езуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі - каб зьняць цела Езуса. І Пілат пазволіў. Дык прыйшоў і зьняў цела Езуса. 39 Прыйшоў і Мікодым, які прыходзіў да Езуса  перш уначы, нясучы мешаніну мірры і алоэсу каля ста фунтаў. 40 І ўзялі цела Езуса і абвязалі яго палотнамі разам з пахнідламі, так як ёсьць звычай у жыдоў хаваць.

41 А на месцы, дзе ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны. 42 Дык там, дзеля Прыгатаваньня жыдоўскага, таму што гроб быў блізка, палажылі Езуса.

26 Вучань, каторага любіў Езус - гэта быў Ян апостал, аўтар гэтай эванэліі. Яму ў апеку аддаў Езус сваю матку.

27 "Вось матка твая" - значыць: паважай яе, любі і апякуйся, як роднай маткай. У асобе сьв. Яна Езус аддаў сваю матку ўсяму хрысьціянству, бо ўсе хрысьціяне - гэта дзеці Божыя (Ян 1, 12 - 13) і браты Хрыстовы (Ян 20, 17) а затым матка Хрыста ёсьць і іх маткай.

28 Смага была вялікай мукай укрыжаванага. Хрыстус тут смагне ня толькі на целе, але і на душы.

30 "Даканалася" ўсё, што было напісана прарокамі і што датычыла збаўленьня роду людзкога.

31 Дзеля таго што надыходзіла Пасха, якая прыпадала ў тым годзе якраз у суботу (затым "быў вялікі той дзень суботы"), жыды хацелі прысьпяшыць сьмерць укрыжаваным, каб у часе Пасхі асуджаныя ня мучыліся на крыжох, і каб магчы зьняць з крыжоў іх целы яшчэ перад захадам сонца, пакуль ня зойдуць сьвята і пахаваць. Закон (Дэут. 21, 23) загадываў хаваць асуджанага ў дзень яго сьмерці.

Ламаньне галеняў (часьці ног ад костак да кален) было асобнай рымскай карай, якою каралі злачынцаў. Асуджаным на гэтую кару даўбешкай ламалі галені.

32 Укрыжаваныя разбойнікі яшчэ жылі.

34 "Выйшла кроў і вада" на знак сьмерці Езуса.

35 "А той, хто відзеў" - гэта быў Ян апостал.

38 Язэп з Арыматэі баяўся, каб яго ня вылучылі з бажніцы.

39 Жыды пры паховінах дастойных асоб часьць пахнідлаў клалі пры целе нябошчыка, а часьць разсыпалі ў гробе або палілі.

40 Умерлага абмывалі і ўкручвалі ў чыстае палатно, галаву абвязвалі хустаю, рукі і ногі зьвязвалі шырокімі тасьмамі, палатно аблівалі пахнучым алейкам, а паміж палатном і целам клалі пахнідлы. Гэта ўсё рабілі дзеля таго, каб цела ўсьцерагчы ад гніцьця. Целы паважаных асоб намашчалі яшчэ пахнучымі алейкамі. Надыходзячая ноч і шабат не пазволілі зрабіць намашчэньня цела Езуса, дык набожныя жанчыны пастанавілі гэта зрабіць у нядзелю рана. Але Езус ужо ўскрос.

 

 

----------------------------------

Р. 19 1 Гл. Мт. 27, 26 і наст.

4 Пілат выйшаў вонкі, гэта зн. прад Прэторыю, дзе на пляцы былі сабраўшыся жыдоўскія грамады.

5 Выгляд зьбічаванага Хрыста зрабіў нават на прывыклым да розных караў Пілаце вялікае ўражаньне. Дык славамі: "Во чалавек" Пілат хацеў сказаць: Глядзеце, як страшна выглядае гэты чалавек!

7 - 8 Прадстаўнікі Сангэдрыну паклікаюцца і на рэлігійныя матывы, што на забабоннага Пілата дзеіць яшчэ болей.

9 Езус маўчаў, бо ўжо ў першых допытах (Ян 18, 36 - 37) даў Пілату высьненьні аб сваей асобе і характары свайго валадарства.

11 "Згары" г. зн. з неба. Не ад цэзара, але ад Бога Айца, які дапусьціў, што Пілат можа зрабіць з Хрыстом, што хоча. Большы грэх мае Каіфаш і старшыя жыдоўскія, якія не прынялі Божага пасла - Мэсыяша і выдалі на сьмерць.

12 Словы, што Пілат, калі выпусьціць Езуса, ня ёсьць другам цэзару, зрабілі на Пілата вялікае ўражаньне. Ён зразумеў, што жыды могуць данесьці цэзару, што ён патурае розным бунтаўнікам і гэтым здраджае цэзара.

14 "Літостротос" - месца перад Прэторыяй, вылажанае мармурам і дарагім каменьнем - мозаікай. (Пажыдоўску "Габбата" значыць "узвышэньне"); там адбываліся суды і выносіліся судовыя прыгаворы.

15 Славамі: "мы ня маем караля, апроч цэзара" прадстаўнікі жыдоўскага народу адракліся ад свайго Мэсыяша і прызналі ўладу рымскага цэзара. 

18 Аб укрыжаваньні гл. Мт. 27, 32 і наст.

21 Жыды адчулі дакор і паніжэньне для сябе ў гэтым надпісе і жадаюць зьмены яго.

23 - 24 "Сукня" - гэта часьць адзежы, якая была на самым целе, або туніка (як у нас сарочка, толькі доўгая, ад шыі аж да костак).

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус зьяўляецца пасьля свайго ўскрасеньня

20 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Першага-ж дня тыдня Марыя Магдалена прыйшла рана, калі яшчэ была цемра, да гробу і ўбачыла камень адвалены ад гробу. 2 Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Узялі Пана з гробу і ня ведаем, дзе яго палажылі. 3 Дык выйшаў Пётр і той другі вучань і прыйшлі да гробу. 4 Беглі-ж яны абодва разам, і той другі вучань дабег скарэй за Пятра і першы прыйшоў да гробу. 5 І нахіліўшыся, убачыў ляжачыя палотны, аднак не ўвайшоў. 6 Дык прыйшоў Сымон Пётр, ідучы за ім, і ўвайшоў у гроб, і ўбачыў ляжачыя палотны, 7 і хусту, якая была на галаве яго, ляжачую не з палотнамі, але аддзельна скручаную ў вадно месца. 8 Дык тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў, і ўверыў. 9 Бо яны яшчэ ня зналі Пісаньня, што трэба было, каб ён устаў з умерлых.

11 А Марыя стаяла ля гробу вонкі, плачучы. Калі-ж плакала, яна нахілілася і заглянула ў гроб; 12 і ўбачыла двух анелаў у белым, сядзячых, аднаго ўгаловах, а другога ўнагах, дзе было паложана цела Езуса. 13 Яны ей сказалі: Жанчына, чаго плачаш? Сказала ім: Бо ўзялі майго Пана і ня ведаю, дзе яго палажылі. 14 Сказаўшы гэтае, яна абярнулася назад і ўбачыла Езуса стаячага, і ня ведала, што гэта Езус. 15 Сказаў ей Езус: Жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала яму: Пане, калі ты яго ўзяў, скажы мне, дзе яго палажыў і я яго вазьму. 16 Сказаў ей Езус: Марыя! Яна, абярнуўшыся, сказала яму: Раббоні! што значыць: Вучыцель. 17 Сказаў ей Езус: Не датыкайся да мяне, бо я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца майго, але ідзі да братоў маіх і скажы ім: "Узыходжу да Айца майго і Айца вашага, Бога майго і Бога вашага". 18 Прыйшла Марыя Магдалена, абвяшчаючы вучням: Што я бачыла Пана і гэтае мне сказаў.

19 Дык калі быў вечар у той дзень, першы тыдня, і дзьверы былі замкнёныя, дзе былі сабраўшыся вучні дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам! 20 І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок. Дык узрадаваліся вучні, увідзеўшы Пана. 21 І сказаў ім ізноў: Супакой вам! Як мяне паслаў Айцец, і я вас пасылаю. 22 Сказаўшы гэтае, дыхнуў на іх і сказаў ім: Вазьмеце Духа сьвятога, 23 каторых адпусьціце грахі, ёсьць ім адпушчаны, а каторых затрымаеце, ёсьць затрыманы.

24 А Тамаш, адзін з дванаццацёх, каторы завецца Дыдымус, ня быў з імі, калі прыходзіў Езус. 25 Дык другія вучні сказалі яму: Мы відзелі Пана. Ён-жа сказаў ім: Калі я ня ўбачу  ў руках ягоных прабоіны ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў месца цьвікоў, і не ўлажу рукі маей у бок ягоны, ня ўверу.

26 А восем дзён пасьля былі ізноў вучні ягоны ў доме і Тамаш з імі. Прыйшоў Езус пры замкнёных дзьвярох і стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой вам! 27 Потым сказаў Тамашу: улажы палец твой сюды і паглядзі рукі мае, і падыймі руку тваю і ўлажы ў бок мой, і ня будзь няверным, але верным. 28 Адказаў Тамаш і сказаў яму: Пан мой і Бог мой! 29 Сказаў яму Езус: Затым што ты мяне ўбачыў, Тамашу, ты ўверыў: багаслаўленыя, каторыя ня ўбачылі і ўверылі.

30 Многа-ж і іншых знакаў учыніў Езус на вачох сваіх вучняў, якія не запісаны ў гэтай кнізе. 31 Гэтыя-ж запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя ягонае.

 

 

----------------------------------

Р. 20 1 "Першага дня тыдня" г. зн. у нядзелю.

4 Сьв. Ян Апостал, як маладзейшы і сільнейшы, хутчэй за Пятра дабег, але можа з страху, а можа дзеля пашаны перад Пятром, не адважыўся першы ўвайсьці ў гроб.

7 Гэтыя палотны ляжачыя і хустка, скручаная і паложаная ў адно месца сьведчаць, што цела Езуса ня ўкралі, як гэта жыды навучалі казаць стражаў, але Езус сапраўды ўскрос. Зладзеі па сабе парадкаў ня робяць.

9 Вучні, бягучы да гробу, яшчэ не разумелі, што Езус павінен ускрэснуць. Калі Ян апостал уверыў (гл. радок 8), то Пётр яшчэ хістаўся (гл. Лук. 24, 12).

11 "Нахілілася", бо ўваход у гроб быў звычайна нізкі і каб заглянуць у гроб, трэба было нахіліцца.

17 Гэта ня знача, што Езус забараніў зусім ей датыкацца да сябе, а толькі загадаў, каб яна не задзержывала яго тут на зямлі, бо ён мае яшчэ ўзыйсьці ў неба.

19 "У той дзень, першы тыдня" г. зн. у той дзень, калі Езус ускрос (у нядзелю).

23 Ужо першага дня свайго ўскросу Езус дае апосталам і іх наступнікам уладу адпушчэньня грахоў, чым устанаўляе вялікае жарало ласкаў і супакою для грэшнага чалавецтва. Бяз гэтай улады Касьцёл ня мог-бы належна спаўняць свайго заданьня, бо пасьля грэху ня было-б магчымасьці зьяднаньня грэшніка з Богам.

Адпушчэньне грахоў адбываецца ў сакрамэнце пакуты праз вонкавы акт гэтай улады, які мы называем разграшэньнем, і праз нутраны, які завём уліцьцём у душу чалавека ўсьвячаючай ласкі г. зн. надпрыроднай любові Бога.

Каб пазнаць, ці грахі можна адпусьціць і ці чалавек варт разграшэньня, сьвятар мусіць ведаць грахі, а згэтуль выплывае патрэба споведзі.

24 Дыдымус - тое самае, што панашаму Блізьнюк.

27 Усёведаючы Хрыстус, прамаўляючы да Тамаша, ужывае такіх самых слоў, якіх ужываў Тамаш, выказваючы сваю няверу.

29 Хрыстус багаславіць тых, што ня бачылі Хрыста, а ўверылі, бо тыя, што ня бачылі Хрыста, а вераць, маюць большую заслугу перад Богам.

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус зьяўляецца апосталам над возерам Гэнэзарэт

21 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пасьля ізноў зьявіўся Езус вучням каля Тыбэрыядзкага мора. А зьявіўся так: 2 Былі разам Сымон Пётр і Тамаш, каторы завецца Дыдымус, і Натанаэль, каторы быў з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і другія два з ягоных вучняў. 3 Сказаў ім Сымон Пётр: Іду лавіць рыбу. Сказалі яму: Ідзём і мы з табою. І выйшлі, і селі ў лодку, і ў тую ноч не злавілі нічога. 4 Калі-ж настала раніца, стаў Езус на беразе: аднак вучні не пазналі, што гэта Езус. 5 Дык Езус сказаў ім: Дзеці, ці маеце што есьці? Адказалі яму: Не. 6 Сказаў ім: Закіньце сець на правы бок лодкі і знойдзеце. Дык закінулі, і ўжо не маглі яе цягнуць дзеля мноства рыбы. 7 Дык сказаў вучань, каторага любіў Езус, Пятру: гэта Пан. Сымон Пётр, як пачуў, што гэта Пан, апаясаўся сукняй, бо быў голы, і кінуўся ў мора. 8 Другія-ж вучні прыплылі ў лодцы (бо недалёка былі ад зямлі, але так на дзьвесьце локцяў), цягнучы сець рыбы.

9 А як выйшлі на зямлю, убачылі разложаныя вуглі і рыбу на іх паложаную, і хлеб. 10 Сказаў ім Езус: Прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі. 11 Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на зямлю сець, поўную вялікіх рыбаў, што пяцьдзесят тры. І хоць гэтулькі было, сець не парвалася. 12 Сказаў ім Езус: Ідзеце, абедайце. І ніхто з сядзячых пры ядзе не адважыўся спытацца ў яго: Хто ты? - ведаючы, што гэта Пан. 13 І падыйшоў Езус, і ўзяў хлеб, і даваў ім, таксама і рыбы. 14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Езус сваім вучням, пасьля таго як устаў з умерлых.

15 Калі-ж паабедалі, сказаў Езус Сымону Пятру: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне болей, чым гэтыя? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведаеш, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае. 16 Сказаў яму ізноў: Сымоне Янаў, ці ты любіш мяне? Сказаў яму: Так, Пане, ты ведае, што я цябе люблю. Сказаў яму: Пасі баранкі мае. 17 Сказаў яму трэці раз: Сымон Пётр, ці ты любіш мяне? Засмуціўся Пётр, што сказаў яму трэці раз: "Ці ты любіш мяне"? і сказаў яму: Пане, ты ўсё ведаеш, ты ведаеш, што я люблю цябе. Сказаў яму: Пасі авечкі мае.

18 Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі ты быў маладзейшы, ты падпяразваўся і хадзіў, куды хацеў. Але калі пастарэеш, выцягнеш рукі твае і другі цябе падпяража і павядзе, куды ты ня хочаш. 19 Гэтае-ж сказаў, азначаючы, якою сьмерцяй ён меў уславіць Бога. І сказаўшы гэтае, сказаў яму: Ідзі за мною.

20 Пётр, абярнуўшыся, убачыў таго вучня, каторага любіў Езус, ідучага за ім, каторы на вячэры і абапёрся на грудзях ягоных і сказаў: "Пане, хто гэта, што цябе выдасьць"? 21 Дык яго калі ўбачыў Пётр, сказаў Езусу: Пане, а ён хто? 22 Сказаў яму Езус: Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, табе што да гэтага? Ты ідзі за мною. 23 Дык разыйшлася гэтая мова між братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус: "Не памрэ", але "Калі-б я хацеў, каб ён так астаўся, пакуль я прыйду, што табе да гэтага"?

Заканчэньне эванэліі

24 Гэта ёсьць той вучань, каторы дае пасьведчаньне аб гэтым і гэтае напісаў, і мы ведаем, што пасьведчаньне ягонае ёсьць праўдзівае. 25 Ёсьць-жа і многа другога, што ўчыніў Езус, што калі-б апісываць паасобку, думаю, што і сам сьвет ня мог-бы зьмясьціць тых кніг, якія трэба было-б напісаць.

24 Увесь касьцёл у Эфэзе, дзе жыў сьв. Ян, ведаў, што гэтае ўсё апісаў Ян апостал і што напісанае ёсьць шчырая праўда.

25 Гэта значыць, што трэба было-б  в е л ь м і  м н о г а напісаць кніг, каб падрабязна апісаць усё, што чыніў Езус.

 

 

----------------------------------

Р. 21 1 Тыбэрыядзкая мора - гэта возера Гэнэзарэт.

2 Натанаэль - інакш Баўтрамей.

3 Некаторыя апосталы перад пакліканьнем іх да апостальства займаліся рыбалоўствам.

7 Сьв. Ян, улюбёны вучань Хрыста, дзеля нявіннасьці і чыстаты свайго сэрца, найскарэй пазнае свайго Вучыцеля.

9 Хрыстус у сваей дабраце прыгатовіў для іх снеданьне.

15 З прычыны патройнага адрачэньня Пятра Хрыстус трэйчы жадае ад яго выражэньня любові, бо найвышэйшы ўрад пастыраваньня вымагае яшчэ большай любові.

17 Славамі: "Пасі баранкі мае", "пасі авечкі мае" Хрыстус дае Пятру пастырскую ўладу над  у с і м  к а с ь ц ё л а м: і над старшымі (апосталамі, біскупамі - сьвятарамі) і над вернымі.

18 "Хадзіў, куды хацеў" - значыць, быў вольны ў сваім жыцьці. У гэтым радку Хрыстус прадказвае Пятру мучаніцкую сьмерць на крыжы.

19 З слоў "ідзі за мною" і далейшых відаць, што Езус пры гэтых славах быў устаў і пайшоў наперад, клічучы Пятра, каб ішоў за ім.

21 Пётр, пачуўшы аб сабе, пытаецца, што з Янам будзе?

22 - 23 Вучні зразумелі словы "пакуль я прыйду" у тым сэнсе, што Ян не памрэ і будзе жыць да другога прыходу Езуса. Але ўжо ў другім радку сам сьв. Ян пярэчыць гэтакаму разуменьню. З усяго відаць, што Езус прадказаў Яну ня мучаніцкую сьмерць, а натуральную.


Вярнуцца назад