пераклад кс. Вінцэнта Гадлеўскага, паводле: Чатыры Эвангеліі і Апостальскія Дзеі. Вільня, 1939. Алічбоўваньне: Вячаслаў Мартысюк (група па алічбоўванні тэкстаў Святога Пісання, каардынатар кс. Сяргей Сурыновіч)
АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. ЯНА
А ў т а р. Аўтарам чацьвертай эванэліі ёсьць сьв. Ян апостал, сын Зэбэдэя і брат Якуба (старшага). Быў ён родам з Бэтсайды, што над возерам Генэзарэт у Галілеі. Яго бацька, Зэбэдэй, вёў рыбалоўства ў значным разьмеры з нанятымі слугамі, а матка (Саломэ) належала да ліку тых жанчын, што памагалі Езусу і яго вучням.
Сьв. Ян быў спачатку вучнем Яна Хрысьціцеля, потым пайшоў за Езусам і разам з сваім братам Якубам быў пакліканы на апостала. Езус назваў абодвых братоў "Боанэргэс" - снымі грому за іх гарачы, агністы характар (гл. Мк. 13, 7 і Лук. 9, 54). Ян, побач з Пятром і Якубам, належаў да бліжэйшых вучняў Езуса, да тых трох, якія былі пры ўскрашэньні дачкі Яіра, пры перамяненьні на гары Табар і пры ягоным мучэньні ў Садзе Аліўным. Сьв. Ян быў тым вучнем, каторага любіў Езус і катораму з крыжа аддаў пад апеку сваю матку.
Па ўшэсьці Хрыста ў неба сьв. Ян жыў праз нейкі час у Ерузаліме, а потым (каля 70 г. па Нар. Хрыста) перанёсься ў Эфэз, у Малой Азіі. Цэзар (Даміцыян) выслаў яго на востраў Патмос, дзе меў відзеньні аб будучых падзеях Касьцёла і апісаў гэта ў кнізе Аб'яваў (Апокаліпсе), потым вярнуўся ізноў у Эфэз, тут дажыў глыбокай старасьці, тут напісаў сваю эванэлію (каля 95 г. па Нар. Хр.) і свае тры пісьмы да ўсіх хрысьціянаў. Памёр каля 100 году по Нар. Хрыста.
Аб тым, што чацьвертую эванэлію напісаў Ян апостал, сьведчыць усё старадаўнае хрысьціянства.
М э т а. Напісаў сьв. Ян сваю эванэлію ў грэцкай мове для касьцёлаў у Малой Азіі, каб іх усьцерагчы ад гэратыцкай навукі, якая не прызнавала боства Хрыстуса. Сам Ян аб гэтай мэце так піша: "Гэтыя-ж (цуды) запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя яго" (Ян 20, 31). Дзеля гэтай мэты ўсё ў гэтай эванэліі ўложана так, каб выказаць боства Езуса Хрыста: глыбокі і магутны ўступ, у каторым сьв. Ян апісвае спрадвечнае паходжаньне Сына ад Бога Айца; пададзены цэлы рад моваў Езуса, у каторых ясна выказваецца яго Боскае пасланства з неба, яго прадвечнае існаваньне, роўнасьць з Богам Айцом. Апроч гэтага ў эванэліі падчырківаецца канечнасьць веры, што езус ёсьць Сынам Божым, каторы зыйшоў з неба і стаўся чалавекам. Хто мае гэтую веру, той мае ў сабе пачатак жыцьця вечнага, а хто ня мае, той ужо асуджаны, бо над ім гнеў Божы. Прыгэтым усе цуды (знакі), якія падае сьв. Ян, выказваюць боства Хрыста.
Сьв. Ян у сваёй эванэліі бадай што не падае тых фактаў з жыцьця Езуса і тых цудаў, якія ўжо былі апісаны ў папярэдніх эванэліях (апроч мукаў і сьмерці Хрыста), бо гэныя факты былі ўжо ведамы з тых трох эванэліяў.
Сьв. Ян апісвае дзейнасьць Езуса галоўным чынам у Юдэі і дзеля гэтага характар моваў і навукаў Хрыста мае ў сьв. Яна іншы характар, чым у папярэдніх эванэліяў: гэтыя навукі болей адарванага, тэлогічнага зьместу, яны болей датасаваны да вышэйшых рэлігійных паняцьцяў жыдоўскіх. І гэта зразумела: у Галілеі Езус прамаўляў да простага народу, а ў Юдэі (Ерузаліме) Езус прамаўляе да вучоных у Законе.
Першыя тры эванэліі хоць і рысуюць перад намі асобу Хрыста, як Бога, то шмат увагі яны зварочваюць на Хрыста-чалавека, а эванэлія сьв. Яна рысуе перад намі абраз Хрыста-Бога. Сьв. Ян кажа, што Езус Хрыстус - гэта Слова Божае, якое сталася целам і прабывала паміж намі. Дык усе эванэліі, разам узятыя, даюць нам поўны і суцэльны абраз Езуса Хрыста, Бога і чалавека.
|