Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Разьвітаньне Езуса з апосталамі
1) Езус пацяшае апосталаў
14 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Няхай ня трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў мяне верце. 2 У доме Айца майго памяшканьняў многа. Калі-б інакш, то я сказаў-бы вам, бо іду прыгатовіць вам месца. 3 А калі адыйду і прыгатую вам месца, ізноў прыйду і вазьму вас да сябе, каб, дзе я, там і вы былі.
4 І куды я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце. 5 Сказаў яму Тамаш: Пане, мы ня ведаем, куды ты ідзеш, і як-жа можам ведаць дарогу? 6 Сказаў яму Езус: Я ёсьць дарога і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі праз мяне. 7 Калі б вы мяне пазналі, паўнейж пазналі-б і Айца майго; і ад гэтага часу вы пазнаеце яго і вы бачылі яго.
8 Сказаў яму Філіп: Пане, пакажы нам Айца і хваціць нам. 9 Сказаў яму Езус: Гэтулькі часу я з вамі і вы не пазналі мяне? Філіпе, хто бачыць мяне, той бачыць і Айца. Як-жа ты кажаш: "Пакажы нам Айца"? 10 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец у-ва мне ёсьць? Словы, якія я вам гавару, не ад самога сябе гавару, але Айцец, каторы у-ва мне прабывае, ён чыніць чыны. 11 Ці ня верыце, што я ў Айцу, а Айцец ёсьць у-ва мне? Прынамся дзеля самых чынаў верце.
12 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, чыны, якія я чыніў, і ён будзе чыніць, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо я іду да Айца. 13 І чаго-колечы будзеце прасіць Айца ў імя маё, тое ўчыню, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне. 14 Калі чаго будзеце прасіць мяне ў імя маё, тое ўчыню.
15 Калі вы мяне любіце, захоўвайце мае прыказаньні; 16 а я буду прасіць Айца, і ён дасьць вам іншага Пацяшыцеля, каб прабываў з вамі навекі - 17 Духа праўды, каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня відзіць яго і ня знае яго. Але вы пазнаеце яго, бо ён з вамі будзе прабываць і ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіратамі, прыйду да вас. 19 Яшчэ крыху і сьвет ужо ня ўбачыць мяне; а вы мяне будзеце бачыць, бо я жыву і вы будзеце жыць. 20 У той дзень вы пазнаеце, што я ёсьць у Айцу маім, а вы ў мне, і я ў вас. 21 Хто мае маё прыказаньне і захоўвае яго, гэта той, хто любіць мяне. А хто мяне любіць, будзе ўзлюблены Айцом маім, і я буду любіць яго і аб'ялю яму самога сябе. 22 Сказаў яму Юда, ня той Іскарыёт: Пане, што сталася, што ты маеш аб'явіцца нам, а ня сьвету? 23 Адказаў Езус і сказаў яму: Калі хто любіць мяне, будзе захоўваць мову маю, і Айцец мой узлюбіць яго, і прыйдзем да яго і зробім у яго памешканьне. 24 Хто ня любіць мяне, не захоўвае моваў маіх. А мова, якую вы чулі, ня ёсьць мая, але таго, хто паслаў мяне, Айца.
25 Гэтае я вам сказаў, прабываючы ў вас. 26 Пацяшыцель-жа, Дух сьвяты, каторага пашле Айцец у імя маё, ён вас навучыць усяго і прыпомніць вам усё, што-колечы я вам сказаў.
27 Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам; ня так як сьвет дае, я вам даю. Няхай ня трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. 28 Вы чулі, што я вам сказаў: "Адыходжу і прыходжу да вас". Калі-б вы любілі мяне, пэўне цешыліся-б, што іду да Айца, бо Айцец большы за мяне. 29 І цяпер я сказаў вам перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі. 30 Ужо нямнога буду з вамі гаварыць, бо ідзе князь гэтага сьвету, а ў мне ён нічога ня мае, 31 але каб сьвет пазнаў, што я люблю Айца і як мне даў загад Айцец, так чыніў. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
----------------------------------
Р. 14 4 Дарогай да хвалы нябеснай была для Хрыста мука, а дарогай для вучняў - прыклад ягоны.
6 Хрыстус ёсьць д а р о г а й да Айца нябеснага праз навуку, ласку і спосабы збаўленьня (сакрамэнты); Хрыстус ёсьць п р а ў д а й, бо ён Бог праўдзівы, жарало ўсякай праўды; Хрыстус ёсьць ж ы ц ь ц ё м, бо дае людзям жыцьцё прыроднае і надпрыроднае.
7 Вучні, знаючы Сына, знаюць і аглядаюць Айца, бо Айцец ёсьць у Сыне, а Сын у Айцы.
10 Сын Божы і Айцец (і Дух сьв.) становяць адно ў сваей натуры, але розьняцца паміж сабою асобамі. Дзеля супольнасьці натуры Божай усе тры асобы прабываюць узаемна ў сабе.
12 Вучні Хрыстуса будуць чыніць вонкава яшчэ большыя цуды, чым дагэтуль сам Хрыстус, а гэта моцай, дадзенай ім Хрыстом.
16 - 17 Пацяшыцель - гэта Дух сьв. Ён, як Д у х, будзе прабываць н я в і д о м а з вучнямі Хрыста; ён, як Д у х п р а ў д ы, усьцеражэ вучняў ад усякіх памылак у справе веры.
20 "У той дзень" - гэта зн. пасьля ўскрасеньня Хрыста і Зыходу Духа сьв.
22 Гэта быў Юда Тадэуш, брат Якуба Меншага.
23 Душа міласьніка Божага ёсьць сялібай усяя Тройцы сьв.: Айца і Сына і Духа сьв.
27 "Супакой" азначае тут паўнату ўсялякага духовага дабра і ласкаў Божых, а так-жа спакойнасьць душы ва ўсякіх жыцьцёвых праціўнасьцях і спакушэньнях.
28 Бог Айцец ёсьць большы за Хрыста, як чалавека - і аб гэтай натуры чалавечай Хрыстус гаворыць, калі кажа, што адыйдзе да Айца.
30 "Князь гэтага сьвету" - гэта д'ябал, які надыходзіць, паміж іншым, і ў асобе Юдаша Іскарыёта, душу каторага апанаваў.
"У мне ён нічога ня мае" - г. зн. д'ябал ня мае ніякага права да Хрыста. Д'ябал мае, з дапушчэньня Божага, права толькі да людзей грэшных.
31 Хрыстус заклікае апосталаў прыгатавацца да выхаду з вячэрніка, але вядзе з імі яшчэ доўгую гутарку, як гэта звычайна бывае пры раставаньні з дарагімі асобамі.
|