Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
4) Архісьвятарская малітва Хрыстуса
17 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Гэтае гаварыў Езус, і падняўшы вочы ў неба, сказаў: Ойча, прыйшла часіна, праслаў Сын твайго, каб Сын твой праславіў цябе; 2 як ты даў яму ўладу над усякім целам, каб ён усім, каго ты даў яму даў жыцьцё вечнае. 3 А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі цябе, аднаго Бога праўдзівага, і каторага ты паслаў, Езуса Хрыста. 4 Я ўславіў цябе на зямлі, даканаў справу, якую ты мне даручыў зрабіць. 5 А цяпер услаў мяне ты, Ойча, у самога сябе славаю, якую я меў у цябе перш, чым сьвет быў.
6 Я абвясьціў імя тваё людзям, каторых ты мне даў са сьвету. Яны былі твае, і ты мне даў іх, і яны захавалі мову тваю. 7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што ты мне даў, ад цябе ёсьць. 8 Бо словы, каторыя ты мне даў, я даў ім, і яны прынялі і пазналі сапраўды, што я ад цябе выйшаў, і ўверылі, што ты мяне паслаў. 9 Я за іх прашу; не за сьвет прашу, але за тых, каторых ты мне даў, бо яны твае; 10 і ўсё маё - тваё ёсьць, а тваё - маё ёсьць, і я ўслаўлены ў іх. 11 І я ўжо не на сьвеце, а я да цябе іду.
Ойча сьвяты, захавай у імя тваё тых, каторых ты мне даў, каб яны былі адно, як і мы. 12 Калі я быў з імі, я захоўваў іх у імя тваё; тых што ты мне даў, я зьбярог і ніхто з іх ня згінуў, адно сын згіненьня, каб споўнілася Пісаньне. 13 Цяпер-жа да цябе іду, а гавару гэтае на сьвеце, каб яны мелі радасьць сваю споўненую ў сабе самых. 14 Я ім даў мову тваю, і сьвет меў іх у ненавісьці, бо яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету. 15 Не прашу, каб ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад злога. 16 Яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету. 17 Пасьвяці іх у праўдзе; мова твая ёсьць праўда. 18 Так як ты мяне паслаў на сьвет, і я іх паслаў на сьвет. 19 І за іх я пасьвячаю самога сябе, каб і яны былі пасьвячоны ў праўдзе.
20 А ня толькі за іх я прашу, але і за тых, каторыя праз іх слова ўвераць у мяне; 21 каб усе былі адно, так як ты, Ойча, у мне, а я ў табе, каб і яны ў нас адно былі, каб уверыў сьвет, што ты мяне паслаў. 22 А я даў ім славу, каторую ты мне даў, каб яны былі адно, так як і мы ёсьць адно; 23 я ў іх, а ты ў мне, каб яны былі дасканальнымі ў еднасьці, і каб пазнаў сьвет, што ты мяне паслаў і ўзлюбіў іх, так як і мяне ўзлюбіў.
24 Ойча, хачу, каб дзе я ёсьць, былі са мною і тыя, каторых ты мне даў, каб яны відзелі славу маю, якую ты мне даў, бо ты ўзлюбіў мяне перад заснаваньнем сьвету. 25 Ойча справядлівы, сьвет цябе не пазнаў, а я пазнаў цябе, і гэтыя пазналі, што ты мяне паслаў. 26 І я абвясьціў ім імя тваё, і абвясьціў, каб любоў, якою ты ўзлюбіў мяне, у іх была, а я ў іх.
----------------------------------
Р. 17 У гэтай сваей архісьвятарскай малітве Хрыстус, Бог і чалавек, зварочваецца ў глыбокіх і простых славах да Айца нябеснага і просіць: 1) для сябе, як чалавека, тае славы, якую мае Бог (1 - 5); 2) для апосталаў - усьвячэньня і еднасьці ў праўдзе і навуцы Хрыстовай (6 - 19); 3) для ўсіх хрысьціян - злучнасьці паміж сабою і з Богам (20 - 23). Кончыць малітву зваротам да Айца, каб даў усім выбраным жыцьцё вечнае.
1 "Прыйшла часіна" мукі, якою Езус мае праславіць імя Божае на зямлі.
2 "Над усякім целам" г. зн. над усім чалавецтвам.
5 Хрыстус просіць тут Айца свайго, каб ягону натуру людзкую падняў да ўчасьніцтва ў хвале, якую ён, ён Сын Божы, меў у Айца спрадвеку.
11 У гэтых славах Хрыстус просіць еднасьці для хрысьціян, дык усе добрыя хрысьціяне павінны імкнуцца да гэтай еднасьці.
12 "Сын згіненьня" - гэта Юдаш.
15 Бо на сьвеце вучні патрэбныя дзеля пашырэньня эванэліі і валадарства Божага.
21 Праз веру, надзею і любоў людзі лучацца моцнай сувязяй паміж сабою і Богам.
|