Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Езус за Ярданам. Хвароба і сьмерць Лазара
11 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Быў-жа адзін хворы Лазар з Бэтаніі, з мястэчка Марыі і ейнай сястры Марты. 2 (А Марыя была тая, што намасьціла Пана алейкам і выцерла ногі яго сваімі валасамі, каторы брат Лазар хварэў). 3 Дык паслалі сёстры ягоны да яго, кажучы: Пане, вось той, каго ты любіш, хварэе. 4 А Езус пачуўшы, сказаў ім: Хвароба гэта ня ёсьць на сьмерць, але на славу Божую, каб быў праслаўлены праз яе Сын Божы. 5 Езус-жа любіў Марту і ейную сястру Марыю і Лазара. 6 Дык калі пачуў, што хварэе, тады-то прабыў у тым-жа месцы два дні, 7 і пасьля гэтага сказаў вучням сваім: ідзём ізноў у Юдэю. 8 Сказалі яму вучні: Раббі, цяпер шукалі цябе жыды, каб закаменаваць, а ты ізноў туды ідзеш? 9 Адказаў Езус: Ці-ж не дванаццаць гадзін дня? Калі хто ходзіць удзень, ня ўдарыцца, бо відзіць сьвятло гэтага сьвету; 10 калі-ж ходзіць уначы, ударыцца, бо няма ў ім сьвятла.
11 Сказаў гэтае і потым прамовіў да іх: Лазар, наш прыяцель, сьпіць, але я іду, каб збудзіць яго зо сну. 12 Дык сказалі ягоны вучні: Пане, калі сьпіць, будзе здароў. 13 Казаў-жа Езус аб сьмерці ягонай, а яны думалі, што казаў аб спаньні сном. 14 Дык тады езус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр; 15 і я рад дзеля вас, затым што там ня быў, каб вы верылі. Але ідзём да яго. 16 І сказаў Тамаш, каторы завецца Дыдымус, да вучняў: Ідзём і мы, каб памерці з ім.
Ускрашэньне Лазара
17 Дык прыйшоў Езус і знайшоў яго ўжо чатыры дні ляжачым у гробе. 18 (Была-ж Бэтанія блізка Ерузаліму, адлегла каля пятнаццаці стадыяў). 19 А многія з жыдоў былі прыйшоўшы да Марты і Марыі, каб іх пацяшаць па іхным браце.
20 Дык Марта, як пачула, што ідзе Езус, пераняла яго, а Марыя сядзела дома. 21 І сказала Марта да Езуса: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой; 22 але і цяпер я ведаю, што чаго-толькі папросіш у Бога, дасьць табе Бог. 23 Сказаў ей Езус: Я ёсьць ўскрашэньне і жыцьцё: хто верыць у мяне, калі-б і памёр, жыць будзе; 26 а кожны, хто жыве і верыць у мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэтае? 27 Сказала яму: Так, Пане, я ўверыла, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога, каторы прыйшоў на гэты сьвет.
28 І сказаўшы гэтае пайшла і цішком паклікала сваю сястру Марыю, кажучы: Вучыцель ёсьць тут і кліча цябе. 29 Яна, як пачула, скоранька ўстала і прыйшла да яго. 30 Бо Езус яшчэ быў ня прыйшоўшы ў мястэчка, але быў яшчэ на тым месцы, дзе яго пераняла Марта. 31 Дык жыды, якія былі з ёю ў доме і пацешалі яе, калі ўбачылі Марыю, што яна скоранька ўстала і выйшла, пайшлі за ею, кажучы: што ідзе да гробу, каб там плакаць. 32 А Марыя, калі прыйшла, дзе быў Езус, убачыўшы яго, упала да ног ягоных і сказала яму: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой. 33 Езус-жа, як убачыў яе плачучую і жыдоў, якія прыйшлі з ёю, плачучых, раззлаваўся ў душы і парушыўся сам у сабе, 34 і сказаў: Дзе вы яго палажылі? Сказалі яму: Пане, пайдзі і паглядзі. 35 І заплакаў Езус. 36 А жыды сказалі: Вось як любіў яго! 37 Некаторыя-ж з іх сказалі: Ці ня мог-бы ён, што адчыніў вочы сьлепанароджанага, зрабіць, каб не памёр гэты?
38 А Езус, раззлаваўшыся ізноў сам у сабе, прыйшоў да магілы; была-ж пячэра і быў на ей паложаны камень. 39 Сказаў Езус: Адыймеце камень. Сказала яму Марта, сястра таго, што быў памёршы: Пане, ужо чуць ад яго, бо яму чацьверты дзень. 40 Сказаў ей Езус: Ці-ж я табе не казаў, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? 41 Дык аднялі камень. А Езус, узьняўшы ўгару вочы, сказаў: Ойча, дзякую табе, што ты пачуў мяне. 42 Я-ж ведаю, што ты заўсёды выслухоўваеш мяне, але я сказаў дзеля народу, каторы навакол стаіць, каб верылі, што ты мяне паслаў. 43 Сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі з гробу! 44 І зараз выйшаў, каторы быў памёршы, зьвязаны па руках і нагах палотнамі, а твар ягоны быў абвязаны хустаю. Сказаў ім Езус: Разьвяжэце яго і пусьцеце ісьці.
45 Дык многія з жыдоў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты і ўбачыўшы, што ўчыніў Езус, уверылі ў яго. 46 Некаторыя-ж з іх пайшлі да фарызэяў і сказалі ім, што ўчыніў Езус.
Сангэдрын пастанаўляе забіць Езуса
47 Дык сабралі архісьвятары і фарызэі Раду і казалі: што нам рабіць, бо гэты чалавек многа знакаў чыніць. 48 Калі яго пакінем так, усе ўвераць у яго; і прыйдуць рымляне і забяруць наша месца і народ. 49 А адзін з іх, на імя Каіфаш, будучы архісьвятарам таго году, сказаў ім: Вы нічога ня ведаеце 50 і не разумееце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ і каб увесь народ ня згінуў. 51 Гэтае-ж ён не сказаў сам ад сабе, але будучы архісьвятарам таго году, прарочыў, што Езус мае памерці за народ; 52 і ня толькі за народ, але каб сыноў Божых, якія былі параскіданыя, сабраць у вадно. 53 Дык ад гэтага дня надумаліся забіць яго.
54 Дык Езус ужо не хадзіў яўна паміж жыдоў, але пайшоў у край блізка пустыні, у горад, які завецца Эфрэм, і там прабываў з сваімі вучнямі.
55 Была-ж блізка жыдоўская Пасха. І прыйшлі многія з краю ў Ерузалім перад Пасхай, каб пасьвяціць сябе самых. 56 Дык шукалі Езуса і гаварылі паміж сабою, стоючы ў сьвятыні: што вы думаеце, што ён ня прыйшоў на сьвяточны дзень?
57 А архісьвятары і фарызэі выдалі загад, калі-б хто даведаўся, дзе ён ёсьць, каб даў знаць - каб узяць яго.
48 Сябры Сангэдрыну баяцца тут, каб народ не абвясьціў Хрыстуса сваім валадаром, з чаго скарысталіб рымляне і накінуліб народу яшчэ большую няволю. Але гэта баязьнь Сангэдрыну была крывадушная, бо Езус ня імкнуўся да стварэньня зямное дзяржавы, урэшце фарызэі самі ненавідзелі рымлян і хацелі скінуць іх ярмо.
49 Каіфаш быў архісьвятарам праз 17 гадоў (ад 18 да 36 па Нар. Хр.) і як архісьвятар, кіраваў нарадамі Сангэдрыну. Належаў ён да сэкты садукеяў. Слоў "таго году" ня трэба разумець, што Каіфаш толькі ў тым годзе быў архісьвятарам, але т а г о г о д у, калі Езус быў замучаны.
55 "Каб пасьвяціць сябе самых" г. зн. каб рытуальна ачысьціцца, бо толькі такім "чыстым", неапаганеным жыдом можна было браць учасьце ў сьвяткаваньні Пасхі. А як некаторыя ачышчэньні вымагалі даўжэйшага часу, дык некаторыя жыды прыходзілі ў Ерузалім за тыдзень або і болей наперад.
----------------------------------
Р. 11 2 Гл. Лк. 10, 39.
9 - 10 Гэтымі славамі Хрыстус дае пазнаць сваім вучням, што для яго яшчэ сьвеціць д з е н ь жыцьця і н о ч сьмерці яшчэ не надыйшла, затым можа, не ўдарыўшыся аб жыдоўскую злосьць, ісьці ў Юдэю.
15 На просьбу сёстраў трэба было-б Лазара аздаравіць, а тады цуд ня быў-бы такі нязвычайны і відавочны для ўсіх.
18 15 стадыяў - гэта каля 3 клм.
24 Жыды верылі ў ускрасеньне ўмерлых (Гіёб 19, 25; Эз. 37; Дн. 12, 2).
26 Хто верыць у Хрыста і паводле гэтай веры жыве, той не спазнае вечнае сьмерці ў пекле. Гэтай веры жадае Хрыстус ад Марты.
35 Плакаў Езус, паводле эванэліяў, два разы: над Ерузалімам і над гробам свайго прыяцеля Лазара.
38 Пячэра гэтая, дзе быў гроб Лазара, існуе па сяньняшні дзень каля Бэтаніі (цяпер "эль'Азарійэ").
42 З гэтых слоў відаць, што Езус хацеў, каб гэты цуд быў доказам ягонага боскага пасланства.
44 У жыдоў хавалі бяз труны, а толькі ўкручвалі нябожчыка ў палотны і абвязвалі шырокімі тасьмамі.
|