Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус зьяўляецца пасьля свайго ўскрасеньня

20 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Першага-ж дня тыдня Марыя Магдалена прыйшла рана, калі яшчэ была цемра, да гробу і ўбачыла камень адвалены ад гробу. 2 Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Узялі Пана з гробу і ня ведаем, дзе яго палажылі. 3 Дык выйшаў Пётр і той другі вучань і прыйшлі да гробу. 4 Беглі-ж яны абодва разам, і той другі вучань дабег скарэй за Пятра і першы прыйшоў да гробу. 5 І нахіліўшыся, убачыў ляжачыя палотны, аднак не ўвайшоў. 6 Дык прыйшоў Сымон Пётр, ідучы за ім, і ўвайшоў у гроб, і ўбачыў ляжачыя палотны, 7 і хусту, якая была на галаве яго, ляжачую не з палотнамі, але аддзельна скручаную ў вадно месца. 8 Дык тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыйшоў да гробу, і ўбачыў, і ўверыў. 9 Бо яны яшчэ ня зналі Пісаньня, што трэба было, каб ён устаў з умерлых.

11 А Марыя стаяла ля гробу вонкі, плачучы. Калі-ж плакала, яна нахілілася і заглянула ў гроб; 12 і ўбачыла двух анелаў у белым, сядзячых, аднаго ўгаловах, а другога ўнагах, дзе было паложана цела Езуса. 13 Яны ей сказалі: Жанчына, чаго плачаш? Сказала ім: Бо ўзялі майго Пана і ня ведаю, дзе яго палажылі. 14 Сказаўшы гэтае, яна абярнулася назад і ўбачыла Езуса стаячага, і ня ведала, што гэта Езус. 15 Сказаў ей Езус: Жанчына, чаго плачаш? Каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала яму: Пане, калі ты яго ўзяў, скажы мне, дзе яго палажыў і я яго вазьму. 16 Сказаў ей Езус: Марыя! Яна, абярнуўшыся, сказала яму: Раббоні! што значыць: Вучыцель. 17 Сказаў ей Езус: Не датыкайся да мяне, бо я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца майго, але ідзі да братоў маіх і скажы ім: "Узыходжу да Айца майго і Айца вашага, Бога майго і Бога вашага". 18 Прыйшла Марыя Магдалена, абвяшчаючы вучням: Што я бачыла Пана і гэтае мне сказаў.

19 Дык калі быў вечар у той дзень, першы тыдня, і дзьверы былі замкнёныя, дзе былі сабраўшыся вучні дзеля страху перад жыдамі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам! 20 І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і бок. Дык узрадаваліся вучні, увідзеўшы Пана. 21 І сказаў ім ізноў: Супакой вам! Як мяне паслаў Айцец, і я вас пасылаю. 22 Сказаўшы гэтае, дыхнуў на іх і сказаў ім: Вазьмеце Духа сьвятога, 23 каторых адпусьціце грахі, ёсьць ім адпушчаны, а каторых затрымаеце, ёсьць затрыманы.

24 А Тамаш, адзін з дванаццацёх, каторы завецца Дыдымус, ня быў з імі, калі прыходзіў Езус. 25 Дык другія вучні сказалі яму: Мы відзелі Пана. Ён-жа сказаў ім: Калі я ня ўбачу  ў руках ягоных прабоіны ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў месца цьвікоў, і не ўлажу рукі маей у бок ягоны, ня ўверу.

26 А восем дзён пасьля былі ізноў вучні ягоны ў доме і Тамаш з імі. Прыйшоў Езус пры замкнёных дзьвярох і стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой вам! 27 Потым сказаў Тамашу: улажы палец твой сюды і паглядзі рукі мае, і падыймі руку тваю і ўлажы ў бок мой, і ня будзь няверным, але верным. 28 Адказаў Тамаш і сказаў яму: Пан мой і Бог мой! 29 Сказаў яму Езус: Затым што ты мяне ўбачыў, Тамашу, ты ўверыў: багаслаўленыя, каторыя ня ўбачылі і ўверылі.

30 Многа-ж і іншых знакаў учыніў Езус на вачох сваіх вучняў, якія не запісаны ў гэтай кнізе. 31 Гэтыя-ж запісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстус, Сын Божы, і каб верачы, мелі жыцьцё ў імя ягонае.

 

 

----------------------------------

Р. 20 1 "Першага дня тыдня" г. зн. у нядзелю.

4 Сьв. Ян Апостал, як маладзейшы і сільнейшы, хутчэй за Пятра дабег, але можа з страху, а можа дзеля пашаны перад Пятром, не адважыўся першы ўвайсьці ў гроб.

7 Гэтыя палотны ляжачыя і хустка, скручаная і паложаная ў адно месца сьведчаць, што цела Езуса ня ўкралі, як гэта жыды навучалі казаць стражаў, але Езус сапраўды ўскрос. Зладзеі па сабе парадкаў ня робяць.

9 Вучні, бягучы да гробу, яшчэ не разумелі, што Езус павінен ускрэснуць. Калі Ян апостал уверыў (гл. радок 8), то Пётр яшчэ хістаўся (гл. Лук. 24, 12).

11 "Нахілілася", бо ўваход у гроб быў звычайна нізкі і каб заглянуць у гроб, трэба было нахіліцца.

17 Гэта ня знача, што Езус забараніў зусім ей датыкацца да сябе, а толькі загадаў, каб яна не задзержывала яго тут на зямлі, бо ён мае яшчэ ўзыйсьці ў неба.

19 "У той дзень, першы тыдня" г. зн. у той дзень, калі Езус ускрос (у нядзелю).

23 Ужо першага дня свайго ўскросу Езус дае апосталам і іх наступнікам уладу адпушчэньня грахоў, чым устанаўляе вялікае жарало ласкаў і супакою для грэшнага чалавецтва. Бяз гэтай улады Касьцёл ня мог-бы належна спаўняць свайго заданьня, бо пасьля грэху ня было-б магчымасьці зьяднаньня грэшніка з Богам.

Адпушчэньне грахоў адбываецца ў сакрамэнце пакуты праз вонкавы акт гэтай улады, які мы называем разграшэньнем, і праз нутраны, які завём уліцьцём у душу чалавека ўсьвячаючай ласкі г. зн. надпрыроднай любові Бога.

Каб пазнаць, ці грахі можна адпусьціць і ці чалавек варт разграшэньня, сьвятар мусіць ведаць грахі, а згэтуль выплывае патрэба споведзі.

24 Дыдымус - тое самае, што панашаму Блізьнюк.

27 Усёведаючы Хрыстус, прамаўляючы да Тамаша, ужывае такіх самых слоў, якіх ужываў Тамаш, выказваючы сваю няверу.

29 Хрыстус багаславіць тых, што ня бачылі Хрыста, а ўверылі, бо тыя, што ня бачылі Хрыста, а вераць, маюць большую заслугу перад Богам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст