Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

19 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Дык тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў. 2 А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву і апранулі яго ў чырвонае адзеньне. 3 І падыходзілі да яго і казалі: Будзь прывітаны, кароль жыдоўскі! І давалі яму па шчоках.

4 Дык Пілат ізноў выйшаў вонкі і сказаў ім: Вось я выводжу яго вам вонкі, каб вы пазналі, што я не знаходжу ў ім ніякае віны. 5 І выйшаў Езус, несучы цярновы вянок і чырвоную вопратку. І сказаў ім: Во чалавек! 6 Дык калі ўбачылі яго архісьвятары і слугі, крычалі, кажучы: Укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Вазьмеце вы яго і ўкрыжуйце, бо я ў ім не знаходжу віны. 7 Адказалі яму жыды: Мы маем закон, а паводле закону ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым.

8 Калі-ж Пілат пачуў гэтую мову, яшчэ болей збаяўся. 9 І ўвайшоў ізноў у прэторыю і сказаў да Езуса: Адкуль ты? Але Езус ня даў яму адказу. 10 Дык сказаў яму Пілат: Са мною не гаворыш? Ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць цябе і маю ўладу пусьціць цябе? 11 Адказаў Езус: Ня меў-бы ты нада мною ніякае ўлады, калі-б табе ня было дадзена згары. Дзеля гэтага той, хто мяне выдаў табе, мае большы грэх.

12 І ад таго часу стараўся Пілат пусьціць яго. Але жыды крычалі, кажучы: Калі гэтага пусьціш, ты ня друг цэзару, бо кожны, хто сябе робіць каралём, супраціўляецца цэзару. 13 А Пілат, пачуўшы гэтыя мовы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое завецца Літостротос, а па-жыдоўску Габбата. 14 Быў-жа дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна як-бы шостая. І сказаў жыдом: Вось ваш кароль! 15 Але яны крычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Караля вашага ўкрыжую? Адказалі архісьвятары: Мы ня маем караля, апроч цэзара. 16 Дык тады выдаў ім яго, каб быў укрыжаваны.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста

І ўзялі Езуса і вывелі. 17 А нясучы крыж для сябе, выйшаў на тое месца, якое завецца Трупнога Чэрапу, а па-жыдоўску Голгота, 18 дзе яго ўкрыжавалі; а з ім другіх двух з аднаго боку і з другога, а Езус пасярэдзіне. 19 Напісаў-жа Пілат і надпіс і памясьціў на крыжы. А было напісана: Езус Назарэнскі, кароль жыдоўскі. 20 Дык гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Езус, было блізка гораду. Было-ж напісана па-жыдоўску, па-грэцку і па-лацінску. 21 Дык жыдоўскія архісьвятары казалі Пілату: Ня пішы: "Кароль жыдоўскі", але што ён казаў: "Я ёсьць кароль жыдоўскі". 22 Адказаў Пілат: што я напісаў, то напісаў.

23 А жаўнеры, укрыжаваўшы яго, узялі ягонае адзеньне і зрабілі чатыры часьці, і сукню. А сукня была нязшываная, ад верху ўся тканая. 24 Дык сказалі адзін да другога: Ня рэжма яе, але кіньма аб яе лёс, чыя будзе. Каб споўнілася пісаньне, якое кажа: "Падзялілі між сабою адзеньне маё, а аб сукню маю кінулі лёс" (Пс. 22, 19). Дык жаўнеры гэтае і зрабілі.

Апошнія словы, сьмерць і пахаваньне Езуса

25 Стаялі-ж каля крыжа Езусава матка ягона, і сястра маткі ягонай, Марыя Клеофава, і Марыя Магдалена. 26 Дык калі-ж убачыў Езус матку і вучня стаячага, каторага любіў, сказаў сваей матцы: Жанчына, вось сын твой. 27 Потым сказаў вучню: Вось матка твая. І ад тае часіны ўзяў яе вучань да сябе.

28 Пасьля Езус, ведаючы, што ўсё даканалася, каб даканалася Пісаньне, сказаў: Смагну. 29 Была-ж пастанаўленая пасудзіна, поўная воцту. І яны губку, поўную воцту, узьдзеўшы на трысьціну, падалі да ягоных вуснаў. 30 Дык калі Езус прыняў воцат, сказаў: Даканалася. І схіліўшы галаву, выдаў дух.

31 Дык жыды, затым што быў дзень Прыгатаваньня, каб не асталіся целы на крыжы ў суботу, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб паламаць ім галені і зьняць. 32 Дык прыйшлі жаўнеры, і першаму паламалі галені, і другому, што быў з ім укрыжаваны. 33 Але прыйшоўшы да Езуса, як убачылі яго ўжо памёршага, не ламалі яму галеняў, 34 але адзін з жаўнераў адчыніў ягоны бок пікаю, і зараз-жа выйшла кроў і вада.

35 А той, хто відзеў, даў пасьведчаньне, і праўдзівае ёсьць ягонае пасьведчаньне; і ён ведае, што праўду кажа, каб і вы верылі. 36 Бо гэтае сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Касьці яго не паломіце" (Вых. 12, 46). І ізноў другое Пісаньне кажа: "Убачаць, каго прабілі" (Захар. 12, 10).

38 Пасьля-ж гэтага прасіў Пілата Язэп з Арыматэі - таму што ён быў вучнем Езуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі - каб зьняць цела Езуса. І Пілат пазволіў. Дык прыйшоў і зьняў цела Езуса. 39 Прыйшоў і Мікодым, які прыходзіў да Езуса  перш уначы, нясучы мешаніну мірры і алоэсу каля ста фунтаў. 40 І ўзялі цела Езуса і абвязалі яго палотнамі разам з пахнідламі, так як ёсьць звычай у жыдоў хаваць.

41 А на месцы, дзе ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны. 42 Дык там, дзеля Прыгатаваньня жыдоўскага, таму што гроб быў блізка, палажылі Езуса.

26 Вучань, каторага любіў Езус - гэта быў Ян апостал, аўтар гэтай эванэліі. Яму ў апеку аддаў Езус сваю матку.

27 "Вось матка твая" - значыць: паважай яе, любі і апякуйся, як роднай маткай. У асобе сьв. Яна Езус аддаў сваю матку ўсяму хрысьціянству, бо ўсе хрысьціяне - гэта дзеці Божыя (Ян 1, 12 - 13) і браты Хрыстовы (Ян 20, 17) а затым матка Хрыста ёсьць і іх маткай.

28 Смага была вялікай мукай укрыжаванага. Хрыстус тут смагне ня толькі на целе, але і на душы.

30 "Даканалася" ўсё, што было напісана прарокамі і што датычыла збаўленьня роду людзкога.

31 Дзеля таго што надыходзіла Пасха, якая прыпадала ў тым годзе якраз у суботу (затым "быў вялікі той дзень суботы"), жыды хацелі прысьпяшыць сьмерць укрыжаваным, каб у часе Пасхі асуджаныя ня мучыліся на крыжох, і каб магчы зьняць з крыжоў іх целы яшчэ перад захадам сонца, пакуль ня зойдуць сьвята і пахаваць. Закон (Дэут. 21, 23) загадываў хаваць асуджанага ў дзень яго сьмерці.

Ламаньне галеняў (часьці ног ад костак да кален) было асобнай рымскай карай, якою каралі злачынцаў. Асуджаным на гэтую кару даўбешкай ламалі галені.

32 Укрыжаваныя разбойнікі яшчэ жылі.

34 "Выйшла кроў і вада" на знак сьмерці Езуса.

35 "А той, хто відзеў" - гэта быў Ян апостал.

38 Язэп з Арыматэі баяўся, каб яго ня вылучылі з бажніцы.

39 Жыды пры паховінах дастойных асоб часьць пахнідлаў клалі пры целе нябошчыка, а часьць разсыпалі ў гробе або палілі.

40 Умерлага абмывалі і ўкручвалі ў чыстае палатно, галаву абвязвалі хустаю, рукі і ногі зьвязвалі шырокімі тасьмамі, палатно аблівалі пахнучым алейкам, а паміж палатном і целам клалі пахнідлы. Гэта ўсё рабілі дзеля таго, каб цела ўсьцерагчы ад гніцьця. Целы паважаных асоб намашчалі яшчэ пахнучымі алейкамі. Надыходзячая ноч і шабат не пазволілі зрабіць намашчэньня цела Езуса, дык набожныя жанчыны пастанавілі гэта зрабіць у нядзелю рана. Але Езус ужо ўскрос.

 

 

----------------------------------

Р. 19 1 Гл. Мт. 27, 26 і наст.

4 Пілат выйшаў вонкі, гэта зн. прад Прэторыю, дзе на пляцы былі сабраўшыся жыдоўскія грамады.

5 Выгляд зьбічаванага Хрыста зрабіў нават на прывыклым да розных караў Пілаце вялікае ўражаньне. Дык славамі: "Во чалавек" Пілат хацеў сказаць: Глядзеце, як страшна выглядае гэты чалавек!

7 - 8 Прадстаўнікі Сангэдрыну паклікаюцца і на рэлігійныя матывы, што на забабоннага Пілата дзеіць яшчэ болей.

9 Езус маўчаў, бо ўжо ў першых допытах (Ян 18, 36 - 37) даў Пілату высьненьні аб сваей асобе і характары свайго валадарства.

11 "Згары" г. зн. з неба. Не ад цэзара, але ад Бога Айца, які дапусьціў, што Пілат можа зрабіць з Хрыстом, што хоча. Большы грэх мае Каіфаш і старшыя жыдоўскія, якія не прынялі Божага пасла - Мэсыяша і выдалі на сьмерць.

12 Словы, што Пілат, калі выпусьціць Езуса, ня ёсьць другам цэзару, зрабілі на Пілата вялікае ўражаньне. Ён зразумеў, што жыды могуць данесьці цэзару, што ён патурае розным бунтаўнікам і гэтым здраджае цэзара.

14 "Літостротос" - месца перад Прэторыяй, вылажанае мармурам і дарагім каменьнем - мозаікай. (Пажыдоўску "Габбата" значыць "узвышэньне"); там адбываліся суды і выносіліся судовыя прыгаворы.

15 Славамі: "мы ня маем караля, апроч цэзара" прадстаўнікі жыдоўскага народу адракліся ад свайго Мэсыяша і прызналі ўладу рымскага цэзара. 

18 Аб укрыжаваньні гл. Мт. 27, 32 і наст.

21 Жыды адчулі дакор і паніжэньне для сябе ў гэтым надпісе і жадаюць зьмены яго.

23 - 24 "Сукня" - гэта часьць адзежы, якая была на самым целе, або туніка (як у нас сарочка, толькі доўгая, ад шыі аж да костак).


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст