Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
16 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Гэтае я вам сказаў, каб вы ня горшыліся. 2 Вылучаць вас з бажніцаў; але прыходзіць часіна, што кожны, хто вас забівае, будзе думаць, што ён прыслужыўся Богу. 3 І гэтае будуць рабіць вам, затым што не пазналі Айца ані мяне. 4 Але гэтае я вам сказаў, каб, калі прыйдзе іх часіна, вы ўспомнілі, што я вам сказаў. 5 А гэтага спачатку я вам не гаварыў, бо быў з вамі.
3) Езус узмацняе апосталаў
А цяпер іду да таго, каторы паслаў мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў мяне: "Куды ідзеш"? 6 Але затым, што я вам гэтае сказаў, смутак напоўніў сэрца вашае. 7 Але я вам праўду кажу: Карысна для вас, каб я адыйшоў. Бо калі не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж адыйду, пашлю яго да вас. 8 А калі ён прыйдзе, дакажа сьвету грэх і справядлівасьць і суд. 9 Грэх-то, бо ня ўверылі ў мяне; 10 а справядлівасьць, бо я іду да Айца і ўжо ня ўбачыце мяне; 11 суд-жа, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.
12 Яшчэ многа маю вам гаварыць, але цяпер ня можаце зьнесьці. 13 Калі-ж прыйдзе ён, Дух праўды, навучыць вас усякае праўды; бо ня будзе гаварыць сам ад сябе, але будзе гаварыць што-колечы пачуе, і што мае прыйсьці, абвесьціць вам. 14 Ён праславіць мяне, бо з майго возьме і вам абвесьціць. 15 Усё, што-колечы мае Айцец, маё ёсьць; дзеля гэтага я сказаў, што ў майго возьме і вам абвесьціць.
16 Крыху і ўжо ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што я іду да Айца. 17 Дык гаварылі з вучняў ягоных адзін да другога: Што гэта такое, што ён нам кажа: "крыху і ня ўбачыце мяне" і "што я іду да Айца"? 18 І гаварылі: Што гэта такое, што кажа: "Крыху"? Ня ведаем, што гаворыць.
19 А Езус пазнаў, што хацелі ў яго пытацца і сказаў ім: "Крыху, і ня ўбачыце мяне, і ізноў крыху і ўбачыце мяне". 20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць вы, а сьвет будзе цешыцца; вы-ж будзеце смуціцца, але смутак ваш у радасьць зьменіцца. 21 Жанчына, калі родзіць, смутак мае, што прыйшла яе часіна; але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць уцісьненьня дзеля радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся. 22 Так і вы цяпер-то смутак маеце, але я ізноў убачу вас, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто ад вас не адыме. 23 І ў той дзень ня будзеце ў мяне нічога пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі чаго будзеце прасіць Айца ў імя маё, дасьць вам. 24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя маё. Прасеце і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.
25 Гэтае я вам гаварыў у прыповесьцях. Надыходзіць часіна, калі ўжо ня ў прыповесьцях буду гаварыць вам, але яўна аб Айцу абвешчу вам. 26 У той дзень будзеце прасіць у імя маё, і не кажу вам, што я буду прасіць Айца за вас, 27 бо сам Айцец любіць вас, затым што вы ўзлюбілі мяне і ўверылі, што я ад Бога выйшаў. 28 Выйшаў я ад Айца і прыйшоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
29 Сказалі яму вучні ягоны: Вось цяпер яўна гаворыш і ня кажаш ніякай прыповесьці. 30 Цяпер мы знаем, што ты ведаеш усё і ня трэба табе, каб хто пытаўся ў цябе; дзеля гэтага верым, што ты ад Бога выйшаў. 31 Адказаў ім Езус: Вы цяпер верыце? 32 Вось надыходзіць часіна, і ўжо надыйшла, каб вы разсеяліся кожны да свайго, а мяне самога пакінулі; а я не адзін, бо са мною ёсьць Айцец. 33 Гэта я вам сказаў, каб вы мелі супакой у мне. На сьвеце будзеце мець уцісьненьне, але будзьце адважны, я перамог сьвет.
----------------------------------
Р. 16 5 У далейшых радкох Езус гаворыць: 1) што адыход ягоны ёсьць патрэбны, каб Дух сьв. мог разьвіць сваю дзейнасьць (р. 5 - 15); 2) гэты адыход Хрыста будзе кароткі (р. 16 - 24); 3) апосталы будуць уцьверджаны ў веры, што Хрыстус паходзіць ад Айца (р. 25 - 33).
8 - 11 Дух сьв. дакажа сьвету, што па сьвету ёсьць г р э х (бо ня ўверылі ў Хрыста); па старане Хрыста ёсьць с п р а в я д л і в а с ь ц ь (справядлівы Хрыстус адыходзіць да Айца ў неба); што с у д спадзе на д'ябла і яго прыхільнікаў (князь гэтага сьвету ўжо асуджаны).
13 Дух сьв. гаворыць тое, што пачуе ад Айца і Сына, ад каторых паходзіць, а гэта затым што натура Божая ёсьць адна і супольная ўсім тром асобам.
14 "З м а й г о возьме" гэтымі славамі Хрыстус яшчэ раз адкрывае, што Дух сьв. паходзіць і а д С ы н а (гл. Ян 14, 26). Паходжаньне Духа сьв. ад Айца Езус аб'яўляе вышэй (Ян 15, 26).
15 Усё тое, што Айцец мае, гэта значыць, уся натура Божая, ёсьць уласнасьцяй так-жа Сына, а з таго, што ёсьць уласнасьцяй Сына, бярэ Дух сьв. Гэта яшчэ адзін доказ, што Дух сьв. паходзіць і ад Сына.
16 - 18 Хрыстус гаворыць тут аб сваей сьмерці ("крыху і ня ўбачыце мяне") і аб сваім ускрасеньні і ўшэсьці ("і ізноў крыху і ўбачыце мяне, што іду да Айца").
20 Сьвет будзе весяліцца з прычыны сьмерці Езуса, а вучні ўцешацца пасьля ўскрасеньня Езуса. Слова "сьвет" азначае тут усё тое, што працівіцца Богу і жадае адвясьці людзей ад Бога.
23 "Ня будзеце нічога пытацца" ў справах, зьвязаных з "крыху".
31 - 32 Хрыстус ведае, што незадоўга іх вера акажацца слабою.
|