Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021

Езус пакідае Юдэю і ідзе праз Самарыю

4 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Дык калі Езус пазнаў, што фарызэі пачулі, што езус болей вучняў здабывае, чым Ян, 2 (хоць Езус ня хрысьціў, але вучні ягоны) - 3 пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею.

4 А трэба было яму прайсьці праз Самарыю. 5 Дык прыйшоў у горад самаранскі, які завецца Сыхар, каля хутару, які даў Якуб сыну свайму Язэпу. 6 Была-ж там студня Якуба. Дык Езус, змучыўшыся з дарогі, сядзеў так над студняю. Было каля гадзіны шостае.

7 Прыйшла жанчына з Самарыі зачэрпуць вады. Сказаў ей Езус: Дай мне піць. 8 (Бо вучні ягоны былі пайшоўшы ў горад, каб купіць ежы). 9 Дык сказала яму тая самаранская жанчына: Як-жа ты, будучы жыдам, просіш у мяне піць, я-ж самаранская жанчына? Бо жыды ня маюць зносін з самаранамі. 10 Адказаў Езус і сказаў ей: Калі-б ты ведала дар Божы і хто ёсьць, што кажа табе: "Дай мне піць", ты можа прасіла-б ў яго і ён даў-бы табе жывое вады. 11 Сказала яму жанчына: Пане, нават ня маеш чым зачэрпнуць, ды студня глыбокая, дык адкуль маеш жывую ваду? 12 Ці-ж ты большы за нашага айца Якуба, каторы даў нам студню і сам з яе піў, і сыны ягоны, і жывёла ягона? 13 Адказаў Езус і сказаў ей: Кожны, хто п'е з гэтай вады, ізноў захоча піць; але хто-б піў з вады, якую я яму дам, не захоча піць навекі; 14 а вада, якую я яму дам, станецца ў ім крыніцаю вады, б'ючай на жыцьцё вечнае. 15 Сказала да яго жанчына: Пане, дай мне гэтай вады, каб мне не хацелася піць і не хадзіць сюды чарпаць.

16 Сказаў ей Езус: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыйдзі сюды. 17 Адказала жанчына і сказала: Я ня маю мужа. Сказаў ей Езус: Добра ты сказала, што "ня маю мужа"; 18 бо пяцёх мужоў ты мела, і каторга цяпер маеш, ня ёсьць твой муж. Гэта ты праўдзіва сказала. 19 Жанчына сказала яму: Пане, віджу, што ты прарок. 20 Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе трэба пакланяцца. 21 Сказаў ей Езус: Жанчына, вер мне, што прыходзіць часіна, калі ані на гэтай гарэ, ані ў Ерузаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. 22 Вы пакланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы знаем, чаму пакланяемся; бо збаўленьне з жыдоў. 23 Але прыходзіць часіна, дый цяпер ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе. Бо і Айцец такіх шукае, каторыя-б пакланяліся яму. 24 Духам ёсьць Бог, і тыя, каторыя пакланяюцца яму, трэба, каб пакланяліся ў духу і праўдзе. 25 Сказала яму жанчына: Ведаю, што прыйдзе Мэсыяш (каторы завецца Хрыстус), дык калі ён прыйдзе, абвесьціць нам усё. 26 Сказаў ей Езус: Гэта я, каторы гавару з табою.

27 І зараз прыйшлі вучні ягоны і дзівіліся, што гаварыў з жанчынай. Аднак ніводзен не сказаў: Чаго жадаеш або аб чым з ею гаворыш? 28 Дык жанчына пакінула сваё вядро і пайшла ў горад і казала гэным людзям: 29 Пайдзеце і паглядзеце чалавека, каторы сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла; ці ня ён ёсьць Хрыстус? 30 Дык выйшлі з гораду і пайшлі да яго.

31 Тымчасам вучні прасілі яго, кажучы: Раббі, еш. 32 Ён-жа сказаў ім: Я маю ежу, каб есьці, аб якой вы ня ведаеце. 33 Дык гаварылі вучні паміж сабою: Няўжо яму хто прынёс есьці? 34 Сказаў ім Езус: Ежай маей ёсьць, каб чыніць волю Таго, хто паслаў мяне і каб даканаць справы ягонай. 35 Ці-ж вы не гаворыце, што яшчэ чатыры месяцы і прыйдзе жніво? Вось я кажу вам: Падымеце вочы вашыя і пагляньце на ваколіцы, што ўжо белыя да жніва. 36 А хто жне, той бярэ плату і зьбірае плод на жыцьцё вечнае, каб і той, хто сее, разам цешыўся, і той, хто жне. 37 Бо ў гэтым ёсьць слова праўдзівае: што іншы сее, а хто іншы жне. 38 Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іх працы.

39 З таго-ж гораду многія з самаранаў уверылі ў яго дзеля слова жанчыны, якая давала пасьведчаньне: Што сказаў мне ўсё, што-колечы я ўчыніла. 40 Дык калі прыйшлі да яго самаране, прасілі яго, каб астаўся там. І аставаўся там праз два дні. 41 І яшчэ болей іх уверыла ў яго дзеля ягонай мовы. 42 А жанчыне казалі: што ўжо  ня дзеля тваей гутаркі мы верым, бо мы самі чулі і ведаем, што гэта ёсьць сапраўды Збаўца сьвету.

Езус варочаецца ў Галілею. Аздараўленьне князевага сына

43 Пасьля-ж двух дзён ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. 44 Бо сам Езус даў пасьведчаньне, што прарок у сваей бацькаўшчыне ня мае пашаны. 45 Дык калі прыйшоў у Галілею, прынялі яго галілеяне, пабачаўшы ўсё, што быў учыніў у Ерузаліме ў дзень сьвяточны, бо і яны былі прыйшоўшы на дзень сьвяточны.

46 Дык прыйшоў ізноў у Кану Галілейскую, дзе ваду зрабіў віном. І быў адзін князь, каторага сын хварэў у Капарнауме. 47 Ён, калі пачуў, што Езус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, пайшоў да яго і прасіў яго, каб прыйшоў і аздаравіў Сына ягонага, бо пачынаў уміраць. 48 Езус-жа сказаў да яго: Калі знакаў і цудаў ня ўбачыце, ня верыце. 49 Сказаў да яго князь: Пане, прыйдзі перш, чым памрэ сын мой. 50 Сказаў яму Езус: Ідзі, сын твой жыве. Паверыў чалавек мове, якую сказаў яму Езус і пайшоў. 51 Калі-ж ён ужо прыходзіў, перанялі яго слугі і паведамілі, кажучы, што сын ягоны жыве. 52 Дык пытаўся ў іх гадзіны, у якою яму палепшала? І сказалі яму: Што ўчоры ў гадзіне сёмай пакінула яго гарачка. 53 Дык пазнаў бацька, што была тая гадзіна, у каторай сказаў яму Езус: Сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.

54 Гэта ізноў другі знак учыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.

44 Жыды ў Юдэі не хацелі прыняць навукі Езуса. Магчыма так-жа, што Езус цяпер не зайшоў у свой горад (Назарэт), хоць дарога з Самарыі ў Галілею праходзіла каля гэтага гораду.

46 Гэта быў урадавец Гэрада Антыпы, валадара Галілеі.

54 Першым цудам у Галілеі было перамяненьне вады ў віно ў Кане Галілейскай.

 

 

----------------------------------

Р. 4 4 З Юдэі ў Галілею ісьці праз Самарыю было бліжэй.

9 Самаране прызнавалі толькі закон Майсея, а адкідалі прарокаў і розныя жыдоўскія рэлігійныя практыкі. Каб не хадзіць у Ерузалім, самаране збудавалі сабе сьвятыню на гарэ Гарызім, але жыды яе збурылі, чым выклікалі ў самаранаў яшчэ большую ненавісьць да сябе. Дзеля гэтай ненавісьці, жыды абміналі Самарыю і з самаранамі ня мелі ніякіх зносін. Затым і зьдзівілася самаранка, калі Езус папрасіў у яе піць.

10 У гутарцы з самаранкай Езус далей разьвівае важнасьць адраджэньня душы людзкое, аб чым ужо гаварыў з Мікодымам. Навука Хрыста і ласка Божая падобны да жывой, крынічнай вады: як крынічная вада адсьвяжае арганізм чалавечы і дае яму новыя сілы, так і навука Хрыста дае новую, Божую моц душы людзкой.

11 У Палестыне крынічную ваду, якая б'е з зямлі, называлі часта жывою вадою, адрозьніваючы яе ад дажджавой (стаячай) вады. Студня Якуба існуе і цяпер і мае 23 мэтры глыбіні.

12 Самаране, таксама як і жыды, уважалі сябе за патомкаў Якуба (Ізраіля) праз ягонага сына Язэпа. У сапраўднасьці былі яны народам мяшаным, паўсталым з астаткаў жыдоў і з насланых з Ассырыі паганаў.

17 Хрыстус загадывае самаранцы прывясьці мужа і адкрывае тайніцы яе душы.

20 Гара Гарызім была туж каля студні Якуба. Пазнаўшы ў Хрысьце прарока, самаранка хоча разьвязаць важнае жыцьцёвае пытаньне, дзе трэба пакланяцца Богу, у Ерузаліме, ці на гары Гарызім?

21 Хрыстус прадвяшчае паўсюдную чэсьць для Бога, ня прывязаную т о л ь к і  д а  а д н а г о месца, як гэта было ў жыдоў ці самаранаў. Разам з гэтым езус прадказвае скасаваньне як жыдоўскага так і самаранскага культу.

23 У Новым Законе будуць скасаваны ахвяры з зьвярат, а новая ахвяра ня будзе прывязана да аднаго месца. Праўдзівыя паклоньнікі будуць славіць Бога пад тхненьнем Духа сьв. і праўды Божай, якую абвясьціў Хрыстус. Але гэтае слаўленьне Бога ў духу і праўдзе не выключае зьверхняй, вонкавай формы службы Божай як абраду і сьвятыні, бо і Хрыстус ужываў вонкавых формаў пры малітве (падаў на калені, загадываў маліцца супольна, устанавіў сакрамэнты і імшу сьв.). Словы "ў духу і праўдзе" Хрыстус проціўставіць абрадам і ахвярам жыдоўскім.

27 Вучні зьдзівіліся ня толькі дзеля таго, што Хрыстус гаварыў з чужой для іх самаранкай, але і дзеля таго, што вучыцелі Закону (раббі) пагарджалі жанчынамі і нават не гаварылі з імі публічна, а аб нейкім навучаньні жанчын і гутаркі ня было.

34 Як для кожнага чалавека яда ёсьць канечная і мілая, так для Хрыста міла навучаць і навярнуць людзей да Бога.

35 Хрыстус паказвае тут на жніво сэрцаў людзкіх, якія не дасьпелі на прыняцьце яго навукі нават паміж самаранаў.

36 Той, хто сее (Хрыстус), хоць і ня мае пацехі ў часе сяўбы, адно труды, аднак будзе цешыцца ў часе жніва з вучнямі сваімі, каторыя потым жалі плады навукі ягонай нават у Самарыі (Ап. Дз. 8, 4 -25).

38 Хрыстус працаваў, навучаючы жыдоў, а апосталы будуць хрысьціць тых, якія навернуцца праз навуку Хрыста.

42 Цяпер самаране прызналі, што Езус ёсьць збаўца сьвету, але другім разам яны яго не прынялі (гл. Лк. 9, 51 і наст.).


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст