Галоўная > Новы Запавет > Саборнае пасланьне сьв. апостала Юды
Саборнае пасланьне сьв. апостала Юды21 сакавіка 2011. |
|
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Разьдзел 1 1. Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, - пакліканым, што асьвенчаны Богам Айцом і захаваны Ісусам Хрыстом: 2. ласка вам і мір і любоў няхай памножыцца! 3. Умілаваныя! пакладаючы ўсю рупнасьць пісаць вам аб агульным збаўленьні, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамінаньне - змагацца за веру, раз пераданую сьвятым. 4. Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна празначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага, Ісуса Хрыста, выракаюцца. 5. Я хачу напомніць вам, каторыя раз гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпскае, нявераваўшых пасьля загубіў 6. і ангелаў, не захаваўшых свае ўлады, але пакінуўшых сваё жыльлё, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня дзержыць. 7. Як Садом і Гамора і вакалічныя месты, што падобна да іх жылі ў распусьце й за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад кару вечнага агня, пастаўлены за прыклад, - 8. гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганіваюць цела, адкідаюць начальства і ўладу ганьбуюць. 9. Міхал Архангел, калі гаварыў з д'яблам, спрачаючыся за цела Майсеява, не адважыўся вынесьці дакорлівага прысуду, але сказаў: няхай забароніць табе Госпад. 10. А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; што-ж па прыродзе ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе растляваюць. 11. Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна, папаліся ў манлівасьць нагароды Валаамавае і ў упартасьці пагіблі, як Карэй. 12. Яны ёсьць небясьпека на вашых вячэрах любві: госьцячы ў вас, насуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, што носяцца ветрам; асеньнія дрэвы, бясплодныя, двойчы памершыя, павырываныя; 12. лютыя хвалі марскія, што пеняцца сорамам сваім; зоры блукаючыяся, для якіх чорная цемра навекі захована. 14. Аб іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось ідзе Госпад з мірыядамі сьвятых - 15. учыніць суд над усімі і дакары́ць між імі ўсіх бязбожных за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чыпілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі. 16. Гэта наракальнікі, нічым не здавальняючыяся, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх; і вусны іх гавораць горда, і яны паважаюць аблічча дзеля карысьці. 17. Але вы умілаваныя, памятайце словы, прадказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста: 18. яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца лаяльнікі, каторыя ходзяць водле іхніх бязбожных пажаданьняў. 19. Гэта тыя, што адлучаюцца (ад еднасьці веры), з душою, ды ня маючыя духа. 20. А вы, улюбленыя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашай, молячыся ў Духу Сьвятым, 21. захоўвайце сябе ў любві Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае. 22. I над аднымі літуйцеся з развагаю, 23. а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце з страхам, ненавідзячы навет вопратку, целам апаганеную. 24. Таму-ж, хто захаваць вас можа ад упадку і паставіць перад славаю Сваею нескажонымі ды ў радасьці, 25. адзінаму прамудраму Богу, Збавіцелю нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашаса, слава й веліч, сіла і ўлада сягоньня й на ўсе вякі. Амін.Вярнуцца назад |