Галоўная > Новы Запавет > Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле
Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле29 лютага 2012. |
|
01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Разьдзел 1 1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, cына Давідавага, сына Аўраамавага. 2 Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якава; Якаў спарадзіў Юду і братоў яго; 3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама; 4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона; 5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфі; 6 Авід спарадзіў Ясея; Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Салямона ад Ур’явай; 7 Салямон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу; 8 Аса спарадзіў Ясафата; Ясафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Озію; 9 Озія спарадзіў Яфама; Яфам спарадзіў Ахаза; Ахаз спарадзіў Язэкію; 10 Язэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Іосію; 11 Іосія спарадзіў Якіма; Якім спарадзіў Яхоньню ды братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон. 12 Пасьля-ж перасяленьня ў Вавілон Яхоньня спарадзіў Саляфііла; Саляфііл спарадзіў Зарававэля; 13 Зарававэль спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліакіма; Эліакім спарадзіў Азора; 14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда; 15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матфана; Матфан спарадзіў Якава; 16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторай нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос. 17 Гэтак усіх радоў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяленьня ў Вавілон чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць радоў. 18 Ражство Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маткі Яго Марыі з Язэпам, раней іхняга вясельля, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога. 19 Язэп жа, муж яе, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў тайком адпусьціць яе. 20 Але, калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне і сказаў: Язэп, сын Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зарадзіўшаеся ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога; 21 вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён спасе людзей Сваіх ад грахоў іх. 22 А ўсё гэтае здарылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: 23 вось Дзяўчына прыйме ў нутро і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эмануіл, гэта значыць: з намі Бог (Ісая 7, 1). 24 Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю, 25 і ня ведаў яе, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Ісус. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 2 1 Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, прыйшлі ў Ерузалім магі з усходу і кажуць: 2 Дзе народжаны Цар Юдэйскі? бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. 3 Пачуўшы гэтае, Ірад цар занепакоіўся і ўвесь Ерузалім з ім. 4 I, сабраўшы ўсіх архірэяў і кніжнікаў народных, пытаўся у іх: дзе належа нарадзіцца Хрысту? 5 Яны-ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока: 6 I ты, Віфляем, зямля Юдзіна, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юдавы, бо з цябе выйдзе Правадыр, Каторы ўпасе народ Мой Ізраільскі (Міх. 5, 2). 7 Тады Ірад, тайком прыклікаўшы магаў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі. 8 I, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: пайдзеце, добра разьведайце пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мяне, каб і мне пайсьці пакланіцца Яму. 9 Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. I вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль нарэшце прыйшоўшы не супынілася над месцам, дзе было Дзіця. 10 Угледзіўшы-ж зорку, яны ўзрадаваліся вялікаю радасьцяй. 11 І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маткаю Яго, і ўпаўшы пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы сваі, прынясьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну. 12 I, меўшы ў Сьне наказ ад Бога не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў старану сваю. 13 Калі-ж яны адыйшлі, вось, Ангел Гасподні зьяўляецце ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і матку Яго і бяжы ў Эгіпет і будзь там, дакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. 14 Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка й матку Яго і пайшоў у Эгіпет. 15 I там быў да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: з Эгіпту паклікаў Я сына Майго (Осія 11, 1). 16 Тады Ірад, угледзіўшы, што магі з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў выбіць усіх дзяцей у Віфляеме і ўсіх ваколіцах яго, ад двох гадоў і малодшых, водле часу, які выведаў ад магаў. 17 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, каторы кажа: 18 Голас у Раме чутны, плач і рыданьне і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча ўцешыцца, бо іх няма (Ерам. 31, 15). 19 Па сьмерці-ж Ірада, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце 20 і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і матку Яго і йдзі ў зямлю Ізраіляву, бо памёрлі шукаўшыя душы Дзіцяці. 2к Ён устаў, узяў Дзіцятка і матку Яго і прыйшоў у зямлю Ізраіляву. 22 А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды йсьці; але, папярэджаны ад Бога ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія. 23 I, прыйшоўшы, асеў у месьце, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца. (Суд. 13, 5 ) 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 3 1 У тыя дні прыходзіць Іоан Хрысьціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай 2 і кажучы: пакайцеея, бо наблізілася царства нябеснае. 3 Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце сьцежкі Яму (Ісая 40, 3). 4 Сам жа Іоан меў адзеньне з вярблюдавага валосься і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ядою яго была шаранча і дзікі мёд. 5 Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе ваколіцы Іорданскія выходзілі да яго 6 і хрысьціліся ў яго ў Іордане, спавядаючыся з грахоў сваіх. 7 Убачыўшы-ж многа фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: плод яхіднавы! Хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8 Учыніце-ж плады, дастойныя пакаяньня, 9 і ня думайце гаварыць у думках сваіх: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каменьняў гэтых падняць дзяцей Аўрааму. 10 Ужо й сякера ля караня дзярэў ляжыць: кожнае дрэва, якое не дае плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. 11 Я хрышчу вас у вадзе ў пакаяньне, але той, што йдзе за мною, дужэйшы за мяне, я ня варт нясьці вобуй Яго. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні. 12 Лапата Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно сваё і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём неўгасаючым. 13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іордан да Іоана хрысьціцца ў яго. 14 Іоан жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне. 15 Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць выпаўніць усякую праўду. Тады Іоан дапускае Яго. 16 I, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы, і ўгледзіў Іоан Духа Божага, Каторы зыходзіў, як галуб, і спускаўся на Яго. 17 I вось голас з неба гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, якому спагадаю. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 4 1 Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага. 2 I, прапасьціўшы сорак дзён ды сорак ночаў, нарэшце захацеў есьці. 3 I прыступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб каменьні гэтыя зрабіліся хлебамі. 4 Ён жа адказаў яму: напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з вуснаў Божых (Другазак. 8, 3). 5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і стаўляе на крыле храму 6 ды кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спаткнуўся аб камень нагою Тваею (Пс. 90, 11—12). 7 Ісус сказаў яму: ізноў жа напісана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазак. 6, 16). 8 Ізноў бярэ Яго нячысты на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх. 9 I кажа Яму: усё гэтае дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне. 10 Тады Ісус кажа яму: адыйдзі ад Мяне, шатан; бо напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6, 13). 11 Тады пакідае Яго д’ябал; і вось Ангелы прыступіліся і служылі Яму. 12 Дачуўшыся-ж, што Іоан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. 13 I, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у местах Завулонавых і Нэфалімавых, 14 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: зямля Завулонава і зямля Нэфалімава, на дарозе прыморскай за Іорданам, Галілея паганская, 16 народ, седзячы ў цемры, угледзіў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне й ценю сьмерці, зазьзяла сьвятло. (Ісая 9, 1—2) 17 3 таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася царства нябеснае. 18 Праходзячы-ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, закідаючых сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы, 19 і кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў. 20 I яны зараз жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім. 21 Ідучы стуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якава Завядзеявага і Яна, брата яго, у чаўне з Завядзеем, бацькам іх, праўлючых сеці свае, і паклікаў іх. 22 I яны зараз жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23 I хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў школах іх і абвяшчаючы Эвангельле царства ды лечучы ўсякую хворасьць і ўсякую немач у людзей. 24 I прайшлі аб Ім чуткі па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі й прыпадкамі, і апанаваных нячыстым, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў. 25 I йшло за Ім множства народу з Галілеі і Дзесяціградзьдзя і Ерузаліму і Юдэі і з таго боку Іордану. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 5 1 Убачыўшы грамады народу, Ён узышоў на гару, і, калі сеў, прыступілі да Яго вучні Яго. 2 I Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх кажучы: 3 Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. 4 Шчасьлівыя плачучыя, бо яны ўцешацца. 5 Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьледуюць зямлю. 6 Шчасьлівыя галодныя і прагнучыя праўды, бо яны насыцяцца. 7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваны. 8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы. 10 Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. 11 Шчасьлівыя вы, калі будуць зьдзекавацца над вамі і перасьледаваць вас і ўсяляк несправядліва абгаварываць вас за Мяне. 12 Радуйцеся і цешцеся, бо вялікая нагарода вашая на небе; так гналі і прарокаў, якія былі раней за вас. 13 Вы соль зямлі; калі-ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салонаю? Яна ўжо ні на вошта не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. 14 Вы сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары. 15 I, засьвяціўшы сьвечку, не стаўляюць яе пад судзінай, але на ліхтары, і сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. 16 Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя дзеяньні і уславілі Айца вашага, што ў нябёсах. 17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але выпаўніць. 18 Бо запраўды кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, ніводная йота ці рыса не праміне з закону, пакуль ня выпаўніцца ўсё. 19 Вось жа, хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць таго людзей, той найменшым названы будзе ў Царстве Нябесным; а хто выпаўніць і навучыць, той вялікім названы будзе ў Царстве Нябесным. 20 Бо кажу вам, калі сьвятасьць ваша не перавысіць сьвятасьці кніжнікаў і фарысэяў, то вы ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае. 21 Вы чулі, што сказана старадаўным: не забівай; хто-ж заб’е, падлягае суду (Выхад. 20, 13). 22 А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: рака, падлягае сынэдрыону, а хто скажа шалёны, падлягае гееньне агнявой. 23 I калі ты прынясеш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыпомніш, што брат твой мае штось проці цябе, 24 пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю. 25 Гадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу. 26 Запраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта. 27 Вы чулі, што сказана старадаўным: ня блудзі (Выхад 20, 14). 28 А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну з блуднымі думкамі, ужо блудзіць з ёю ў сэрцы сваім. 29 Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо ляпей табе, каб загінуў адзін член цела твайго, чымся ўсё цела тваё будзе ўкінена ў геенну. 30 I калі правая рука твая спакушае цябе, адсякі яе і кінь ад сябе, бо ляпей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё будзе ўкінена ў геенну. 31 Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод (Другазак. 24, 1). 32 А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю апрача віны блуду, той робіць яе распусьніцаю. 33 Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: не ламай прысягі, але спаўняй перад Богам прысягі твае (Левіт. 19, 12 Другазак. 23, 21). 34 А Я кажу вам: не прысягай саўсім: ні небам, бо яно пасад Божы; 35 ні зямлёю, бо яна падножжа ног Яго, ні Ерузалімам, бо ён места вялікага Цара; 36 ні галавою сваеёй не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць белым ці чорным. 37 Але няхай будзе слова вашае: але, але; не, не; а што больш таго, тое ад злога. 38 Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб (Выхад 21, 24). 39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдэрыць цябе ў правую шчаку, павярні да яго і другую, 40 і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку; 41 і хто прымусіць цябе ісьці з ім мілю, ідзі з ім дзьве. 42 Просячаму ў цябе дай і ня ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць. 43 Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго. (Левіт. 19, 17—18 ) 44 А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, слаўце праклінаючых вас, рабеце дабро ненавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас і перасьледуючых вас, 45 каб сталіся сынамі Айца вашага, што ў нябёсах, бо Ён загадвае сонцу свайму ўсхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46 Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці-ж ня тое самае робяць і мытнікі? 47 I калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане? 48 Будзьце-ж беззаганнымі, як беззаганны Ацец ваш, што ў нябёсах. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 6 1 Глядзеце, не давайце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзе вам нагароды ад Айца вашага, што ў Нябёсах. 2 Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў школах і на вуліцах, каб выхвалялі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць нагароду. 3 У цябе-ж, калі ты дорыш, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая, 4 каб міласьціна твая была ўтоена, і Ацец твой, які бачыць утоенае, нагародзіць цябе яўна. 5 I калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у школах і на вуглах вуліцаў прыстоіваць молячыся, каб паказацца перад людзьмі. Запраўды кажу вам, што яны ўжо дастаюць нагароду сваю. 6 Ты-ж, калі молішся, увайдзі ў камору тваю і, зачыніўшыся, памаліся Айцу Твайму, які Сам утайне, і Ацец твой, відзячы ўтоенае, нагародзіць цябе яўна. 7 А молячыся не гавары лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць пачуты. 8 Ня будзьце падобны да іх, бо ведае Ацец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым папросіце ў Яго. 9 Маліцеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у нябёсах! няхай сьвяціцца імя Тваё; 10 Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі. 11 Хлеб наш штодзенны дай нам сягоньня. 12 I даруй нам даўгі нашыя, як і мы даровуем даўжніком нашым; 13 і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога. Бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін. 14 Бо, калі вы даровуеце людзям правіннасьці іх, то і вам даруе Ацец ваш, што ў нябёсах; 15 а калі ня будзеце дароўваць людзям правіннасьцяў іх, то і Ацец ваш не даруе вам вашых правіннасьцяў. 16 Гэтак сама, калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Запраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 17 А ты, калі посьціш, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё, 18 каб не перад людзьмі казацца посьцячым, але перад Айцом тваім, што ўтоены, і Ацец твой, бачучы ўтоенае, нагародзіць цябе яўна. 19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчыць, і дзе зладзеі падкапываюцца і крадуць; 20 але зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні іржа ня нішчыць, і дзе зладзеі не падкапываюцца і не крадуць. 21 Бо дзе скарб ваш, там будзе й сэрца вашае. 22 Сьветачам цела ёсьць вока. Вось жа, калі вока тваё будзе яснае, то ўсё цела тваё будзе прасьветленае. 23 Калі-ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе ў цемры. I вось, калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемра, дык якая-ж цемра сама? 24 Ніхто ня можа служыць двом паном; бо ці першага будзе ненавідзець, а другога любіць, ці першаму пачне спрыяць, а аб другога нядбаць. Ня можаце служыць Богу і маммоне. 25 Вось чаму й кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у вошта адзецца. Ці-ж душа ня больш за ежу, і цела за адзежу? 26 Паглядзеце на птушак нябесных, што ня сеюць, ня жнуць і ня зьбіраюць да сьвірнаў, і Ацец ваш Нябесны корміць іх; хіба-ж вы ня лепшыя за іх? 27 Дый хто з вас сваёй турботай можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 28 I аб адзеньне чаго турбуецеся? Паглядзеце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць; 29 а Я кажу вам, што й Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не адзяваўся так, як кожная з іх. 30 Калі-ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, дык ці не балей таго вас, малаверныя? 31 Дык вось, ня турбуйцеся й не кажэце: што нам есьць? ці: што піць? ці: ў вошта адзецца? 32 Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане, дый Ацец ваш нябесны ведае, што ўсё гэтае вам патрэбна. 33 Шукайце-ж перш царства Божага і праўды Яго, а тое ўсё прыложыцца вам. 34 Дык ня турбуйцеся аб заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе турбавацца аб сваё. Годзе для кожнага дня свайго ліха. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 7 1 Ня судзіце, каб ня былі асуджаны. 2 Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны; і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць. 3 I што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а палена ў сваім воку не адчуваеш? 4 Ці як скажаш брату свайму: дай, я выму сучок з вока твайго, а вось у тваім воку палена? 5 Крывадушнік! Дастань перш палена з вока твайго і тады ўгледзіш, як дастаць сучок з вока брата твайго. 6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас. 7 Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. 8 Бо кожны, хто просіць, дастае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаенца, таму адчыняць. 9 Ці ёсьць між вамі чалавек, у якога сын калі папросіць хлеба, ён даў бы яму камень? 10 I калі папросіць рыбы, даў бы яму зьмяю? 11 Дык, калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрае дзецям вашым, тым балей Ацец ваш, што ў Нябёсах, дасьць добрае просячым у Яго. 12 Вось жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабеце і вы ім; бо гэта закон і прарокі. 13 Уваходзьце праз цесныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе імі; 14 бо цесны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і вельмі мала хто знаходзіць іх. 15 Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя. 16 Па пладох іх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі?. 17 Гэтак усякае добрае дрэва дае і плады добрыя, а благое дрэва дае і плады благія. 18 Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў. 19 Усякае дрэва, што не даець добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. 20 Дык па пладох іх пазнаеце іх. 21 Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе!, увойдзе ў царства Нябеснае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў Нябёсах. 22 Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе, Госпадзе! Ці не Тваім іменьнем мы прарочылі? і ці не Тваім іменьнем выганялі дэманаў і ці не Тваім іменьнем многія цуды чынілі? 23 I тады скажу ім: Я ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне. 24 Вось жа кожнага, хто слухае словы Мае гэтыя і выпаўняе іх, прыраўную да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені. 25 I пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і паімчаліся на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені. 26 А ўсякі, хто слухае словы Мае і не выпаўняе іх, падобны да чалавека неразумнага, які пабудаваў дом свой на пяску. 27 I пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і наляглі на дом той, і ён заваліўся, і была вялікая руіна яго. 28 I, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Яго вучэньня, 29 бо Ён вучыў, як той, хто мае ўладу, ды ня так, як кніжнікі й фарысэі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 8 1 Калі-ж Ён зыйшоў з гары, за Ім пайшло вялікае множства народу. 2 I вось, падыйшоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 3 I, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, будзь чысты. 4 I ён ураз жа ачысьціўся ад праказы. I кажа яму Ісус: глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвяшчэніку і прынясі дар, які павялеу Майсей дзеля сьведчаньня ім. 5 Калі-ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго з просьбаю сотнік, кажучы: 6 Госпадзе! хлопец мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца. 7 Ісус кажа яму: Я прыйду і вылячу яго. 8 Сотнік жа ў адказ сказаў: Госпадзе! Я ня варт, каб ты ўвайшоў да мяне пад страху, але скажы адно толькі слова, і паздаравее хлопец мой. 9 Бо і сам я паднявольны чалавек, дый маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: пайдзі, і ідзе; і другому: прыйдзі, і прыходзіць; і рабу майму: зрабі тое, і зробіць. 10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што йшлі за Ім: запраўды кажу вам: і ў Ізраілю Я не знайшоў гэткае веры. 11 Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і засядуць за стол з Аўраамам і Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным; 12 а сыны царства будуць укінены ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў. 13 I сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты паверыў, няхай так табе будзе. I паздаравеў хлопец яго ў тую-ж гадзіну. 14 I, прыйшоўшы ў дом Пётры, Ісус угледзіў цешчу яго ляжучы ў гарачцы. 15 I дакрануўся да рукі яе, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала і служыла ім. 16 Калі-ж надыйшоў вечар, да Яго прывялі шмат людзей, апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духаў словам і вярнуў усім хворым здароўе, 17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: Ён узяў на Сябе нашыя нядужасьці і вылячыў хваробы нашыя (Іеая 53, 4). 18 Убачыўшы-ж навокал сябе множства народу, Ісус вялеў вучням Сваім адплыць на той бок. 19 Тады адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: Вучыцель, я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў. 20 I кажа яму Ісус: лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе скланіць галаву. 21" Другі-ж спасярод вучняў сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне пайсьці і пахаваць бацьку майго. 22 Ісус жа сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў. 23 I, калі ўвайшоў Ён у човен, за Ім пайшлі вучні Яго. 24 I вось, узьнялося вялікае ўзрушэньне на моры, ажно хвалі пачалі заліваць човен, а Ён спаў. 25 Тады, прыступіўшыся да Яго, разбудзілі Яго вучні Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас: гінем! 26 I кажа ім: чаго вы баіцёся, малаверы? Потым, устаўшы, загадаў вятром і мору, і зрабілася вялікая ціша. 27 А людзі дзівіліся й гаварылі: хто гэта, што й вятры і мора слухаюцца Яго? 28 I, калі Ён прыбыў на той бераг у зямлю Гергісінскую, насустрэчу Яму выйшлі з магілы двое апанаваных чартом, страшэнна злыя, так што ніхто не адважаўся праходзіць тэй дарогай. 29 I вось яны закрычэлі, кажучы: што нам і Табе, Ісусе, Сыну Божы? Ці прыйшоў Ты сюды перад часам мучыць нас? 30 Непадалёк жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней. 31 I дэманы прасілі Яго, кажучы: калі нас выганяеш, то пашлі нас у гурт сьвіней. 32 I Ён сказаў ім: ідзіце. I тыя, выйшаўшы, увайшлі ў гурт сьвінячы. I вось увесь гурт сьвіней кінуўся з кручы ў мора і пагіб у вадзе. 33 Пастухі-ж уцяклі і, прыйшоўшы ў места, расказалі аб усім і аб тых, што ў іх сядзеў нячысты. 34 I вось, усё места выйшла насустрэчу Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў ад межаў іх. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 9 1 I, увайшоўшы ў човен, Ён перанлыў назад і прыйшоў у сваё места. 2 I вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, ляжучы на пасьцелі. I, бачучы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: мацуйся, дзіця! адпускаюцца табе грахі тваі. 3 Ды вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: Ён блюзьніць. 4 Ісус жа, бачучы думкі іх, сказаў: на што благое ў сэрцах вашых? 5 Бо што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі, ці сказаць: устань ды хадзі? 6 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі (кажа тады спараліжаванаму), устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой. 7 I, устаўшы, узяў пасьцель сваю ды пайшоў у дом свой. 8 Народ жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, даўшага такую ўладу людзям. 9 I, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, седзячы ля мытніцы, званага Мацьвеем, і кажа яму: ідзі сьледам за Мною. I, устаўшы, ён пайшоў за Ім. 10 I сталася, як Ісус сядзеў за сталом у доме, дык вось многа мытнікаў і грэшнікаў прыйшлі і паселі за стол з Ім і вучнямі Яго. 11 I, убачыўшы тое, фарысэі сказалі вучням Яго: чаму Вучыцель ваш есьць і п’ець з мытнікамі і грэшнікамі? 12 Ісус жа, начуўшы гэтае, сказаў Ім: не здаровым патрэбен лекар, а хворым. 13 Пайдзеце, наўчыцеся, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, бо Я прыйшоў не справядлівых, але грэшнікаў клікаць да пакаяньня (Осія 6, 6). 14 Тады прыходзяць да Яго вучні Іоанавы і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім шмат, а Тваі вучні ня посьцяць? 15 I сказаў ім Ісус: ці-ж могуць сумаваць сыны вясельнага дому, пакуль з імі жаніх? Але настануць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасьціць. 16 I ніхто старое вопраткі ня лапіць новаю латкаю, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая. 17 I ня ўліваюць віна маладога ў старыя мяхі, бо разрываюцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і захоўваецца тое і другое. 18 Калі Ён гутарыў з імі гэтак, падыйшоў да Яго нейкі начальнік і, пакланіўшыся Яму, кажа: дачка мая толькі што сканала, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна ажыве. 19 I, устаўшы, пайшоў за ім Ісус і вучні Яго. 20 I вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Яго, 21 бо яна думала сабе: як толькі дакрануся да вопраткі Яго, паздаравею. 22 Ісус жа, аглянуўшыся і ўгледзіўшы яе, кажа: мацуйся, дачка! вера твая выратавала цябе. I жанчына гэная з тае пары паздаравела. 23 I тады прыйшоў Ісус у дом начальніка і, угледзіўшы жалейнікаў і ўзварушаных людзей, 24 сказаў ім: разыдзецеся; бо ня ўмерла дзяўчатка, але сьпіць. I сьмяяліся з Яго. 25 Калі-ж людзей вывелі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчатка ўстала. 26 I разыйшлася чутка аб тым на ўсёй гэнай зямлі. 27 Калі Ісус ішоў адтуль, за Ім пайшлі два сьляпыя і клікалі Яго, кажучы: памілуй нас, Ісус, Сын Давідаў. 28 Калі-ж Ён прыйшоў у дом, сьляпыя прыступіліся да Яго. I кажа ім Ісус: ці верыце вы, што Я магу гэтае зраоіць? Яны адказваюць: але, Госпадзе! 29 Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: няхай паводле веры вашае станецца вам. 30 I расчыніліся вочы іх. I Ісус пагразіў ім: глядзіце, каб ніхто ня ведаў. 31 А яны, выйшаўшы, абвясьцілі аб Ім па ўсёй гэнай зямлі. 32 Калі-ж тыя выходзілі, то прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым. 33 І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і народ дзівіўся, кажучы: ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілю. 34 А фарысэі гаварылі: імем князя дэманаў выганяе Ён злых духаў. 35 I хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы па школах і абвяшчаючы Эвангельле Царства і зьнімаючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач у людзей. 36 Гледзячы на грамады народу, Ён пашкадаваў іх, што былі змогшыся і расьцярушаныя, быццам авечкі без пастуха. 37 Тады кажа вучням Сваім: жніво багатае, ды работнікаў мала. 38 Дык прасеце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 10 1 I, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хворасьць і ўсякую немач. 2 А дванаццацёх апосталаў іменьні вось якія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якаў Завядзеяў і Іоан, брат яго, 3 Філіп і Баўтрамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў і Ляўвей, празваны Фадзеем, 4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго. 5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і наказваў ім, гаворачы: на шлях паганаў ня ўзыходзьце і ў места Самарыйскае не ўваходзьце; 6 але ідзеце найбалей да загінуўшых авец дому Ізраілявага. 7 А ходзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае. 8 Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памёршых уваскрашайце, злых духоў выганяйце. Дарма дасталі, дарма давайце. 9 Не бярэце з сабою ні золата, ні серабра, ні медзі ў поясы сваі, 10 ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзежын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варт стравы сваёй. 11 У якое-б места ці сяло ні прыйшлі вы, даведавайцеся, хто ў ім дастойны, і там аставайцеся, пакуль ня выйдзеце. 12 А, уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму. 13 I, калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, то мір ваш да вас вернецца. 14 А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то, выходзячы з дому ці з места таго, атрасеце пыл з ног вашых. 15 Запраўды кажу вам: лепш будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суда, чымся месту таму. 16 Вось Я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы. 17 Сьцеражэцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у суд і ў школах сваіх будуць біць вас. 18 I павядуць вас да валадароў і цароў за Мяне, дзеля сьведчаньня перад імі й паганамі. 19 Калі-ж будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што вам гаварыць, бо вам у той час будзе дадзена, што сказаць. 20 Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас. 21 Выдаваціме брат брата і бацька сына на сьмерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; 22 і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але, хто выцярпіць да канца, спасён будзе. 23 Калі-ж будуць выганяць вас з аднаго места, уцякайце ў другое, бо запраўды кажу вам: не абойдзеце йшчэ местаў Ізраілявых, як прыйдзе Сын Чалавечы. 24 Вучань ня вышэй за вучыцеля свайго, і слуга ня вышэй за гаспадара свайго. 25 Годзе для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі, каб ён быў, як гаспадар яго. Калі гаспадара дому назвалі вэльзэвулам, тым балей хатніх ягоных. 26 Дык ня бойцеся-ж іх: бо няма нічога ўкрытага, каб ня выявілася, ні патайнога, што ня сталася-б вядомым. 27 Што кажу вам у цемнаце, гаварэце пры сьвятле; і што навуха чуеце, абвяшчайце са стрэхаў. 28 I ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы ня могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне. 29 Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага. 30 У вас жа і валасы на галаве палічаны. 31 Ня бойцеся-ж: вы лепшыя за многіх вераб’ёў. 32 Вось жа ўсякага, хто Мяне прызнаваціме перад людзьмі, таго й Я прызнаю перад Айцом Маім, што ў нябёсах. 33 А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго й Я адракуся перад Айцом Маім, што ў нябёсах. 34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, але меч. 35 Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з маткаю яе і нявестку з сьвякроўю яе. 36 I ворагі чалавеку хатнія яго. 37 Хто любіць бацьку ці матку балей за Мяне, ня варт Мяне; і хто любіць сына ці дачку балей за Мяне, ня варт Мяне. 38 I хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе за Мною, той ня варт Мяне. 39 Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе. 40 Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Паслаўшага Мяне. 41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае нагароду прарока; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, дастае нагароду справядлівага. 42 I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, запраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 11 1 I сталася: як скончыў Ісус навучаць дванаццацёх вучняў Сваіх, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у местах іх. 2 Іоан жа, пачуўшы ў вязьніцы аб дзеяньнях Хрыстовых, паслаў двух вучняў сваіх 3 сказаць Яму: ці Ты Той, што павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога? 4 I сказаў ім Ісус у адказ: пайдзеце, абвясьціце Іоану, што чуеце і бачыце. 5 Сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць і ўбогія абвяшчаюць Эвангельле. 6 I шчасьлівы, хто не спакусіцца праз мяне. 7 Калі-ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Іоана: чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, што ад ветру хістаецца? 8 Што-ж убачыць хадзілі вы? можа чалавека, адзетага ў мяккія адзежы? Вось тыя, што адзяюцца ў мяккія адзежы, знаходяцца ў царскіх харомах. 9 Што-ж убачыць хадзілі вы? прарока? Запраўды кажу вам: і больш за прарока. 10 Бо ён той, пра якога напісана: вось Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малах. 3, 1). 11 Запраўды кажу вам: з роджаных жанчынамі не паўставаў вялікшы за Іоана Хрысьціцеля; але найменшы ў царстве нябесным вялікшы за яго. 12 Ад дзён Іоана Хрысьціцеля дагэтуль царства нябеснае сілаю дасягаецца, і гвалтаўнікі захопліваюць яго. 13 Бо ўсе прарокі й закон прарочылі да Іоана. 14 I, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці. 15 Хто мае вушы чуць, няхай чуе. 16 Але каму ўпадоблю род гэты? Ён падобен да хлапчанятаў, што сядзяць на рынку і, зварачаючыся да сваіх сяброў, 17 кажуць: мы йгралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі. 18 Бо прыйшоў Іоан, які ня есьць, ня п’е; і кажуць: у ім злы дух. 19 Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п’е; і кажуць: вось чалавек, які любіць есьць і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў. I апраўдана мудрасьць дзяцьмі яе. 20 Тады пачаў Ён дакараць месты, у якіх найбалей выявілася моц Яго, за тое, што яны не пакаяліся. 21 Гора табе, Харазін! гора табе, Віфсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне выявілася моц, што выяўлена ў вас, то даўно б яны ў валасяніцы і ў попелі пакаяліся. 22 Але кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў дзень судны, чымся вам. 23 I ты, Капэрнаум, што ажно да неба ўзьнёсся, ажно да пекла ўпадзеш, бо, калі-б у Садоме выявілася моц, выяўленая ў табе, то ён ператрываў бы па сёньняшні дзень. 24 Дык жа кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чымся табе. 25 I, адказываючы, у той час Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Ацец, Госпад неба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзецям 26 Так, Ацец, бо гэткая была Твая добрая воля. 27 Усё Мне перадана Айцом Маім, і ніхто ня знае Сына апрача Айца; і Айца ня знае ніхто апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць. 28 Прыйдзеце да Мяне ўсе працуючыя і абцяжоныя, і Я супакою вас. 29 Вазьмеце ярмо Маё на сябе і наўчыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым. 30 Бо ярмо Мае любае і цяжар Мой лёгкі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 12 1 У той час праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі; вучні Яго пачулі голад ды пачалі зрываць калосьсе і есьці. 2 Фарысэі-ж, угледзіўшы гэтае, сказалі Яму: вось вучні Тваі робяць, чаго ня гожа рабіць у суботу. 3 Ён жа сказаў ім: ці-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захацеў есьці сам і быўшыя з ім? 4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы ахвярныя, якіх не належала есьці ні яму, ні быўшым з ім, а толькі адным сьвяшчэнікам? 5 Яшчэ ці-ж ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвяшчэнікі ў царкве парушаюць суботу, аднак бязьвінныя? 6 Кажу-ж вам, што тут ёсьць вялікшы за царкву. 7 Калі-б вы разумелі, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, то не асудзілі-б бязьвінных (Осія 6, 6). 8 Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы. 9 I, адыйшоўшы адтуль, увайшоў Ён у школу іх. 10 I вось там быў чалавек сухарукі. I спыталіся у Ісуса, каб абвінаваціць Яго: ці гожа аздараўляць у суботу? 11 Ён жа сказаў ім: хто з вас, маючы адну аўцу, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ня возьме яе і ня выцягне? 12 На колькі-ж лепшы чалавек за аўцу? Значыць, можна ў суботу рабіць дабро. 13 Тады кажа гэнаму чалавеку: выцягні руку тваю! I той выцягнуў: і сталася яна здаровая, як другая. 14 Фарысэі-ж, выйшаўшы, змаўляліся проці Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, ведаючы, пайшоў адтуль. 15 I пайшло сьледам за Ім множства народу, і Ён аздараўляў іх усіх. 16 I забараніў ім выяўляць Яго, 17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 18 Вось юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюблены Мой, Якому спагадае душа Мая. Узлажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. 19 Ня будзе сварыцца, ані загалосіць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго. 20 Трысьціны надломанай не пераломіць і лёну тлеючага не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі. 21 I ў імя Яго будуць спадзявацца народы (Ісая 42, 1-4). 22 Тады прывялі да Яго апанаванага злым духам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго, так што сьляпы й нямы стаў гаварыць і бачыць. 23 I дзівіўся ўвесь народ і гаварыў: ці ня гэта сын Давідаў? 24 Фарысэі-ж, пачуўшы гэтае, сказалі: Ён выганяе злых духаў ня йначай, як сілаю Вэльзэвула, князя злых духаў. 25 Але Ісус, ведаючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее; і ўсякае места, ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць. 26 I калі злы дух злога духа выганяе, то ён разьдзяліўся сам у сабе: як можа ўстайць царства яго? 27 I, калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю нячыстых духаў, то чыею сілаю сыны вашыя выганяюць? Вось чаму яны будуць вам судзьдзямі. 28 А калі Я Духам Божым выганяю нячыстых, то, значыцца, прыйшло да вас царства Божае. 29 Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы яго, калі раней ня зьвяжа асілка і тады абрабуе дом яго. 30 Хто не са Мною, той проці Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той марна траціць. 31 Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і ганьбаваньне даруюцца чалавекам, а ганьбаваньне Духа не даруецца чалавекам. 32 Калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; калі-ж хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым. 33 Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва благім і плод яго благім, бо дрэва пазнаецца паводле плоду. 34 Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць добрае, калі вы благія? бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны. 35 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое. 36 Кажу-ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень суду. 37 Бо паводле слоў сваіх будзеш апраўданы і наводле слоў сваіх будзеш засуджаны. 38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў сказалі: Вучыцель! хацелася-б нам ад Цябе знак бачыць. 39 Ён жа сказаў ім у адказ: род лукавы й чужаложны шукае знакоў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Іоны прарока. 40 Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41 Мужы Ніневійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Іоны; і вось тут больш, чым Іона. 42 Царыца паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавай; і вось тут больш, чым Салямон. 43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукаецца на бязводзьдзі, шукаючы супакою, і не знаходзіць. 44 Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. I, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. 45 Тады йдзе й бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе бывае горш першага. Так будзе і з гэтым родам благім. 46 Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, вось маці Яго і браты Яго стаялі вонках, хочучы гаварыць з Ім. 47 I нехта сказаў Яму: вось маці Твая і браты Тваі стаяць вонках, хочучы гаварыць з Табою. 48 Ён жа сказаў у адказ гаварыўшаму: хто маці Мая? хто браты Маі? 49 I, паказаўшы рукою Сваею на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае; 50 бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго, што ў нябёсах, той Мне брат і сястра і маці. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 13 1 У той жа дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора. 2 I зыйшлося да Яго множства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. 3 I гаварыў ім многа прыповесьцямі, кажучы: вось выйшаў сейбіт сеяць. 4 I, калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі і паклявалі гэнае. 5 Іншае ўпала на месца камяністае, дзе ня шмат было зямлі; і зараз узыйшло, бо зямля была ня глыбока. 6 Калі-ж узыйшло сонца, павяла і, ня меўшы караня, засохла. 7 Іншае ўпала ў цярніну, і вырасла цярніна і заглушыла гэнае. 8 Іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзесят, іншае-ж у трыццаць. 9 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 10 I, прыступіўшыся, вучні сказалі Яму: дзеля чаго гаворыш ім прыповесьцямі? 11 Ён сказаў ім у адказ: дзеля таго, што вам дадзена ведаць тайны царства Нябеснага, а ім ня дадзена. 12 Бо, хто мае, таму дадзена будзе і пабольшае, а хто ня мае, у таго адымецца й тое, што мае. 13 Дзеля таго гавару ім прыповесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць і не разумеюць. 14 I збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: слыхам слухаць будзеце і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце і ня ўгледзіце. 15 Бо агрубела сэрца людзёў гэтых, і вушамі з натугаю чуюць і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўгледзіць вачыма й не пачуць вушыма і не зразумець сэрцам, ды каб не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх. (Ісая 6, 9—10) 16 Вашыя-ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. 17 Бо запраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі хацелі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі. 18 Вы-ж выслухайце значэньне прыповесьці пра сейбіта. 19 Да ўсякага, хто слухае слова аб царстве і не разумее, прыходзіць благі і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае насеянае пры дарозе. 20 А пасеянае на камяністых мясцох азначае таго, хто чуе слова і зараз жа з радасьцяй прыймае яго; 21 але ня мае ў сабе караня і нясталы: калі надыходзіць бяда ці перасьледаваньне слова, зараз адступаецца. 22 А пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і павабнасьць багацьця заглушаюць слова, і стаецца яно бясплодным. 23 Пасеянае-ж на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее: гэткі дасьць плод, — і адзін дае сто, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць. 24 Другую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: царства Нябеснае падобнае да чалавека, што пасеяў добрае семя на полі сваім. 25 Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю кукалю і пайшоў. 26 Калі-ж збажына ўзыйшла і дала плод, тады паказаўся кукаль. 27 Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара дому сказалі яму: пане, хіба благое насеньне сеяў ты на полі тваім? скуль у ім кукаль? 28 Ён жа сказаў ім: вораг зрабіў гэтае. А слугі сказалі яму: хочаш, мы пойдзем выпалаць яго? 29 Але ён сказаў: не; каб, выбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам і пшаніцы. 30 Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жанцам: зьбярэце перш кукаль і зьвяжэце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё. 31 Другую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім. 32 Яно меншае за ўсякае семя, але, калі вырасьце, бывае больш за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў вецьці яго. 33 Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: Царства Нябеснае падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяўшы палажыла ў тры меры мукі, дакуль ня скісла ўсё. 34 Усё гэтае Ісус гаварыў народу прыповесьцямі і бяз прыповесьці не гаварыў ім, 35 каб збылося сказанае праз прарока, каторы кажа: адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету. (Псал. 77, 2) 36 Тады Ісус, адпусьціўшы народ, увайшоў у дом. I прыступіліся да Яго вучні Яго і сказалі: растлумач нам прыповесьць аб кукалі на полі. 37 Ён жа сказаў ім у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы. 38 Поле ёсьць сьвет, добрае насеньне — гэта сыны царства, а кукаль — сыны благога; 39 вораг, што пасеяў іх, ёсьць злы дух; жніво ёсьць сканчэньне сьвету, а жанцы — Ангелы. 40 Вось жа, як зьбіраюць кукаль, агнём паляць; так будзе пры сканчэньні сьвету гэтага. 41 Пашле Сын Чалавечы Ангелаў сваіх, і зьбяруць з царства яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконьне. 42 I ўкінуць іх у печ вагністую: там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. 43 Тады праведнікі зазьяюць, як сонца, у царстве Айца іх. Хто мае вушы чуць, няхай чуе. 44 Яшчэ падобна царства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоўшы чалавек прытаіў і ў радасьці ад гэтага йдзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэнае поле. 45 Яшчэ падобна царства Нябеснае да купца, які шукае добрых пэрлаў 46 і, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе. 47 Яшчэ падобна царства Нябеснае да неваду, закіненага ў мора, што набірае ўсякага роду рыбы; 48 калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў судзіны, а благое выкінулі вон. 49 Так будзе пры сканчэньпі сьвету: зыйдуць Ангелы і выдзеляць благіх спасярод праведных 50 і ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. 51 I спытаўся ў іх Ісус: ці зразумелі вы ўсё гэтае? Яны кажуць: так, Госпадзе! 52 Ён жа сказаў ім: вось чаму ўсякі кніжнік, навучаны аб царстве Нябесным, падобны да гаспадара, што выносіць з скарбніцы сваёй новае і старое. 53 I сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, пайшоў адтуль 54 і, прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, вучыў іх у школе іх, так што яны дзівіліся і гаварылі: скуль у Яго гэткая мудрасьць і моц? 55 Ці ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя і браты Ягоныя Якаў і Іосій і Сымон і Юда? 56 I сёстры Ягоныя ці-ж ня ўсе між намі? Скуль жа ў Яго ўсё гэтае? 57 I спакушаліся дзеля Яго. Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго і ў доме ягоным. 58 I ня ўчыніў там многіх цудаў дзеля няверыя іх. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 14 1 У той час Ірад тэтрарх пачуў чуткі пра Ісуса 2 і сказаў слугам сваім: гэта Іоан Хрысьціцель; ён уваскрос з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго. 3 Бо Ірад, захапіўшы Іоана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадзіяду, жонку Філіпа, брата свайго. 4 Бо Іоан казаў яму: ня гожа табе мець яе. 5 I хацеў забіць яго, але баяўся народу: бо яго мелі за прарока. 6 У дзень жа нарадзін Ірада дачка Ірадзіяды скакала пасярод іх і дагадзіла Іраду. 7 Дзеля гэтага ён пакляўся ёй даць, чаго-б ні папрасіла. 8 Яна-ж, падвучаная маткай сваёй, сказала: дай мне тут на талерцы галаву Іоана Хрысьціцеля. 9 I засумаваў цар, але з увагі на прысягу і на супачываўшых побач з ім сказаў даць. 10 I паслаў адсячы галаву Іоану ў вязьніцы. 11 І прынесьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занесла матцы сваёй. 12 Вучні-ж яго, прыйшоўшы, узялі цела яго й пахавалі яго; і пайшлі паведаміць Ісуса. 13 I, пачуўшы, Ісус паплыў стуль на чаўне ў пустыннае месца адзін; і народ, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з местаў пехатою. 14 I, выйшаўшы, Ісус угледзіў множства людзей і пашкадаваў іх і аздаравіў нядужых. 15 Калі-ж настаў вечар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустыня тутака, дый час ужо позны; пусьці народ, каб яны пайшлі ў сёлы і купілі сабе ежы. 16 Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы дайце ім есьці. 17 Яны-ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы. 18 Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды. 19 I сказаў народу супачыць на траве і, узяўшы пяць, хлябоў і дзьве рыбы, глянуў на неба, пабагаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні народу. 20 I елі ўсе і насыціліся; і назьбіралі астаткаў дванаццаць карабоў поўных. 21 А еўшых было каля пяці тысячаў душ, апрача жанчын і дзяцей. 22 I тады-ж загадаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ. 23 I, адпусьціўшы народ, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і ўвечары астаўся там Адзін. 24 А човен ужо быў пасярэдзіне мора, і яго кідалі хвалі, бо вецер быў праціўны. 25 У чацьвёртую-ж старожу ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры. 26 I вучні, угледзіўшы Яго, ідучы па моры, спалохаліся і гаварылі: гэта здань. I ад страху закрычэлі. 27 Але Ісус ураз загаварыў з імі і сказаў: бадрыцеся; гэта Я; ня бойцеся. 28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! Калі гэта Ты, скажы мне йсьці да Цябе па вадзе. 29 Ён жа сказаў: ідзі. I, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса. 30 Але, бачачы моцны вецер, спужаўся і, пачаўшы тануць, закрычэў: Госпадзе, спасі мяне! 31 Ісус ураз жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! Чаму ты сумляваўся? 32 I, калі ўвайшлі яны ў човен, вецер заціх. 33 А быўшыя ў чаўне падыйшлі, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды, Ты Сын Божы! 34 I, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую. 35 I людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую і прынесьлі да Яго ўсіх хворых. 36 I прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю вопраткі Яго; і, каторыя дакрануліся, паздаравелі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 15 1 Тады прыходзяць да Ісуса Ерузалімскія кніжнікі й фарысэі ды кажуць: 2 Чаму вучні Тваі ня пілнуюцца пераказанага ад старэйшых? Бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб. 3 Ён жа сказаў ім у адказ: чаму і вы ня пілнуецеся прыказаньня Божага дзеля пераказу вашага? 4 Бо Бог загадаў: шануй бацьку твайго і матку; і — хто зьняважае бацьку ці матку, няхай сьмерцяй памрэ (Вых. 20, 12; 21, 16). 5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку або матцы: дар, які-б ні быў ад мяне, будзе табе ў карысьць, 6 той можа й не шанаваць бацьку або матку сваю. I адкінулі вы прыказаньне Божае дзеля пераказу вашага. 7 Крывадушныя! Добра прарочыў аб вас Ісая, кажучы: 8 Людзі гэныя блізкія да Мяне вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; сэрца-ж іх далёка ад Мяне. 9 Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы навук і запаведзяў чалавечых (Ісая 29, 13). 10 I, прыклікаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце: 11 Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганівае чалавека; але тое, што выходзіць із вуснаў, тое апаганівае чалавека. 12 Тады вучні Яго, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся? 13 Ён жа сказаў у адказ: усякая расьліна, якую насадзіў не Ацец Мой Нябесны, будзе выкаранена. 14 Пакіньце іх; яны сьляпыя правадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, то абодва ўваляцца ў яму. 15 Пётр жа, адказваючы, сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэту. 16 Ісус сказаў: няўжо-ж і вы яшчэ не разумееце? 17 Ці-ж яшчэ не разумееце, што ўсё, уваходзячы ў вусны, праходзіць у жывот і выкідаецца вон? 18 А выходзячае з вуснаў — з сэрца выходзіць; гэта апаганівае чалавека: 19 бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложства, блуд, кражы, фальшывае сьведчаньне, ганьбаваньне: 20 гэта апаганівае чалавека. А есьці непамытымі рукамі — гэта не апаганівае чалавека. 21 I, выйшаўшы адтуль, Ісус пайшоў у землі Тырскія і Сыдонскія. 22 I вось жанчына хананэйская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычэла Яму, кажучы: зьмілуйся нада мною, Госпадзе, сын Давідаў! дачку маю цяжка мучыць нячысты! 23 Але Ён не адказаваў ёй ні слова. I вучні Яго, прыступіўшыся, прасілі Яго: адпусьці яе, бо яна крычыць за намі. 24 Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да гінучых авец дому Ізраілявага. 25 А яна, прыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: Госпадзе! памажы мне. 26 Ён жа сказаў у адказ: ня добра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабакам. 27 Яна сказала: так, Госпадзе! Але й сабакі ядуць крошкі, якія падаюць з стала гаспадароў іх. 28 Тады Ісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе, як жадаеш. I паздаравела дачка яе ў тую гадзіну. 29 Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там. 30 I прыступілася да Яго множства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых, і пакідалі іх да ног Ісусавых; і Ён аздараўляў іх. 31 Дык народ дзіваваўся, бачучы нямых гаворачы, калекіх здаровымі, кульгавых ходзячы і сьляпых відзячы, і славіў Бога Ізраілявага. 32 Ісус жа, прыклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, што ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне, і нечага ім есьці; адпусьціць жа іх ня еўшымі не хачу, каб не аслабелі ў дарозе. 33 I кажуць Яму вучні Яго: скуль нам у пустыні ўзяць гэтулькі хлеба, каб накарміць такую грамаду? 34 Кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? Яны-ж сказалі: сем і крыху рыбак. 35 Тады сказаў народу супачыць на зямлі. 36 I, узяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні народу. 37 I елі ўсе і наеліся; і набралі астаткаў сем карабоў поўных. 38 А еўшых было чатыры тысячы душ, апрача жанчын і дзяцей. 39 I, адпусьціўшы народ, і Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдальскія. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 16 1 I прыступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба, 2 Ён жа сказаў ім у адказ: увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана. 3 А ўраньні: сяньня непагадзь, бо неба пахмурнае. Крывадушныя! аблічча неба распазнаць умееце, а знакоў часу ня можаце? 4 Род нягодны й чужаложны знакоў шукае, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Іоны прарока. I, пакінуўшы іх, адыйшоў. 5 Перабраўшыся на той бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба. 6 Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай. 7 Яны-ж разважалі ў сабе і гаварылі: бо хлябоў мы не ўзялі. 8 Ведаючы-ж тое, Ісус сказаў ім: чаму разважаеце ў сабе, малаверныя: бо хлябоў не ўзялі? 9 Ці яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяцёх хлябох на пяць тысячаў душ? і колькі карабоў вы набралі? 10 Ані аб сямёх хлябох на чатыры тысячы, і колькі карабоў вы набралі? 11 Як не разумееце, што не аб хлебе сказаў Я вам: сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай? 12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і судукейскае. 13 Прыйшоўшы-ж у землі Кесарыі Філіпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго людзі лічаць Мяне, Сына Чалавечага? 14 Яны сказалі: адны за Іоана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў. 15 Ён кажа ім: а вы за каго Мяне ўважаеце? 16 Сымон жа Пётр адказваючы сказаў: Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога. 17 Тады Ісус сказаў яму ў адказ: шчасьлівы ты, Сымон, сын Іонін; бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Ацец Мой, што ў Нябёсах. 18 I Я кажу табе: ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і вароты пякельныя не перамогуць яе. 19 I дам табе ключы Царства Нябеснага; і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана на небе. 20 Тады загадаў Ісус вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос. 21 3 таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерузалім і шмат перацярпець ад старэйшын ды архірэяў і кніжнікаў, ды быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць. 22 I, узяўшы Яго, Пётр пачаў карыць Яго: пашкадуй Сябе, Госпадзе! Няхай ня станецца гэтага з Табою! 23 Ён жа, зьвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне, шатан! ты Мне спакуса; бо думаеш не аб тым, што Божае, але што чалавечае. 24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, адракіся ад сябе і вазьмі крыж свой і сьледуй за Мною. 25 Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, той згубіць яе, а хто згубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе. 26 Якая-ж бо карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Дый які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? 27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму водле дзеяньняў яго. 28 Запраўды кажу вам: ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як прыйдзе ў царстве Сваім. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 17 1 А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе іх на гару высокую адных. 2 I перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзежа-ж Яго сталася белая, як сьвятло. 3 I вось зьявіліся ім Майсей і Ільля, размаўляючы з Ім. 4 I, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і адну Ільлі. 5 Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьветлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улюблены, якому спагадаю; Яго слухайце. 6 I, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужаліся. 7 Але Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся! 8 Падняўшы-ж вочы свае, яны нікога ня ўгледзелі апрача аднаго Ісуса. 9 I, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажыце пра гэтае відзеньне, дакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых. 10 I спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці раней? 11 Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе раней і падгатуе ўсё. 12 Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хацелі; так і Сын Чалавечы пацерпіць ад іх. 13 Тады вучні зразумелі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля. 14 Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалавек і, сукланіўшы перад ім калені, 15 сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шалее і цяжка мучыцца; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду. 16 Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго. 17 Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род, няверны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды. 18 I крыкнуў на яго Ісус; і шатан выйшаў з яго; і юнак паздаравеў у тую-ж гадзіну. 19 Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамоце, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго? 20 Ісус жа сказаў ім: праз няверу вашую: бо запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас. 21 Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам. 22 У час быцьця іх у Галілеі Ісус сказаў ім: Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя; 23 і заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсьне. I яны дужа засмуціліся. 24 Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць складчыны ваш Вучыцель? 25 Ён кажа: так. I, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе здаецца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых? 26 Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя; 27 але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір; вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 18 1 У той час вучні прыступіліся да Ісуса, кажучы: хто большы ў царстве нябесным? 2 Ісус, прыклікаўшы дзіцятка, паставіў яго пасярод іх і сказаў: 3 Запраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае. 4 Дык вось, хто ўмаліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Царстве Нябесным. 5 I хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае. 6 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, веруючых у Мяне, таму лепей было-б, калі-б павесілі Яму млынавы камень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской. 7 Гора сьвету ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але гора таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць. 8 Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсякі іх і кінь ад сябе: ляпей табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьвема рукамі і з дзьвема нагамі быць укіненым у вагонь вечны. 9 I калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: ляпей табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвема вачыма быць укіненым у геенну вогненую. 10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых, бо кажу вам, што Ангелы іх на небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябеснага. 11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў спасаць загінуўшае. 12 Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец, і адна з іх заблудзілася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у гарах і ці ня пойдзе шукаць заблудзіўшуюся? 13 I, калі станецца, што знойдзе яе, то запраўды кажу вам: ён цешыцца з яе балей, чымся з дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх няблудзіўшых. 14 Гэтак няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. 15 Калі-ж саграшыць проці цябе брат твой, пайдзі й дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата твайго. 16 Калі-ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьведак змацавалася ўсякае слова. 17 Калі-ж не паслухаецца, скажы царкве, а калі і царквы не паслухаецца, то няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік. 18 Запраўды кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе, і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе. 19 Запраўды таксама кажу вам, што, калі-б двое з вас на зямлі згодна аб кожную рэч прасілі, дык станецца ім ад Айца Майго, што ў Нябёсах. 20 Бо, дзе двое ці трое зыйшліся ў імя Маё, там Я сярод іх. 21 Тады Пётр прыступіўся да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дароўваць брату майму, калі ён саграшыць супраць мяне? Да сямёх разоў? 22 Ісус кажа яму: не кажу табе: да сямёх, але да сямёх разоў па семдзесят. 23 Вось чаму Царства Нябеснае падобна да цара, які захацеў разрахавацца з слугамі сваімі. 24 Калі пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, што вінен быў яму дзесяць тысячаў талентаў. 25 А як ня меў чым заплаціць, то валадар яго загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. 26 Тады слуга той паваліўся і маліў яго, кажучы: валадару! пацярпі мне, і ўсё табе заплачу. 27 Валадар, зьлітаваўшыся над гэным слугою, пусьціў яго і дараваў яму доўг. 28 Слуга-ж гэны, выйшаўшы, знайшоў аднаго з сяброў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен. 29 Тады сябра яго ўпаў да ног яго ды маліў яго, кажучы: пацярпі мне, і ўсё вярну табе. 30 Але той на захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. 31 Сябры яго, бачачы стаўшаеся, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару свайму ўсё, што сталася. 32 Тады валадар яго паклікаў яго ды кажа: нягодны нявольніку! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты папрасіў мяне; 33 ці-ж не належала й табе зьмілавацца над сябрам тваім, як і я зьмілаваўся над табою? 34 I, разгневаўшыся, валадар ягоны аддасьць яго катам, пакуль ня верне яму ўсяго доўгу. 35 Так і Ацец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца свайго не даруе брату свайму праступкаў ягоных. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 19 1 I, сталася, калі Ісус скончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Іордану. 2 За Ім пайшло множства людзёў; і Ён аздаравіў іх там. 3 I прыступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці за ўсякую віну можна чалавеку развадзіцца з жонкаю сваёю? 4 Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Той, Хто стварыў ад пачатку мужчыну й жанчыну, стварыў іх такімі? (Быт. 1, 27 ) 5 I сказаў: дзеля гэтага пакінець чалавек бацьку й матку і прыстане да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам (Быт. 2, 24). 6 Дык яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае. 7 Яны кажуць Яму: як жа Майсей казаў даваць разводны ліст і развадзіцца з ёю? (Другазак. 24, 1 і наст. ). 8 Ён кажа ім: Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам развадзіцца з жонкамі вашымі, а спачатку ня было гэтак. 9 Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю не за блудлівасьць і ажэніцца з другою, той блудзіць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, блудзіць. 10 Кажуць Яму вучні Яго: калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, то лепей не жаніцца. 11 Ён жа сказаў ім: ня ўсе разумеюць словы гэтыя, але каму дадзена. 12 Бо ёсьць скапцы, што з матчынага жывата гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, што выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самы сябе скапцамі дзеля царства нябеснага. Хто можа паняць, няхай пайме. 13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім. 14 Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Царства Нябеснае. 15 I, узлажыўшы на іх рукі, пайшоў стуль. 16 I вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Настаўнік добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае? 17 Ён жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго толькі Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказаньні. 18 Кажа яму: якія? Ісус жа сказаў: не забівай; ня блудзі; не крадзі; ня сьведчы ілжыва; 19 шануй бацьку і матку; і: любі бліжняга твайго, як самога сябе. (Вых. 20, 13—16, 12 Лев. 19, 18 Другазак. 5, 17—20, 16 ) 20 Юнак кажа Яму: усё гэтае захаваў я ад юнацтва майго; чаго яшчэ мне нестае? 21 Ісус сказаў яму: калі хочаш быць беззаганным, пайдзі, прадай маемасьць тваю і раздай бедным; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды йдзі за Мною. 22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адыйшоўся з сумам, бо ў яго было вялікае багацьце. 23 Ісус жа сказаў вучням Сваім: запраўды кажу вам, што трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае. 24 I яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці скрозь іголчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае. 25 Пачуўшы гэтае, вучні Яго дужа дзіваваліся і сказалі: дык хто-ж можа спасьціся? 26 А Ісус, глянуўшы, сказаў ім: у людзей гэтае немагчыма, у Бога-ж усё магчыма. 27 Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што-ж будзе нам? 28 Ісус жа сказаў ім: Запраўды кажу вам, што ў новым жыцьці вы, пасьледаваўшыя за Мною, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Свае, сядзеце такжа на дванаццацёх пасадах судзіць дванаццаць родаў Ізраілявых. 29 I кожын, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацьку, ці матку, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля іменьня Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўнасьледуе жыцьцё вечнае. 30 Многія-ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 20 1 Бо Царства Нябеснае падобна да чалавека — гаспадара дому, які выйшаў вельмі рана наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2 I, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3 Выйшаўшы-ж каля трэцяе гадзіны, ён угледзіў другіх, стоячы на рынку бяз дзела. 4 I сказаў ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дам вам. Яны пайшлі. 5 Зноў выйшаўшы каля шостае і дзевятае гадзіны, зрабіў тое-ж. 6 Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў другіх, стоячы без работы, і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз дзела? 7 Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ён кажа ім: ідзіце й вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дастанеце. 8 Калі-ж надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку эканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых. 9 I тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, дасталі па дынару. 10 Прыйшоўшыя-ж першымі, думалі, што яны дастануць больш, але й яны дасталі па дынару. 11 I, узяўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому і казалі: 12 Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, перанёсшымі цяжар дня і сьпеку. 13 Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: сябра! я ня крыўджу цябе; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною? 14 Вазьмі сваё і пайдзі; я-ж хачу даць гэтаму апошняму тое-ж, што і табе. 15 Ці-ж я ня волен у сваім рабіць, што хачу? Ці вока тваё злоснае, што я добры? 16 Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо многа закліканых, але мала выбраных. 17 I, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус дарогаю адклікаў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім: 18 Вось мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; 19 і выдадуць Яго паганам на зьдзек і біцьцё і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень уваскрэсьне. 20 Тады прыступілася да Яго маці сыноў Завядзеявых з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго. 21 Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны маі селі ў Цябе адзін з правага боку, а другі з левага ў царстве Тваім. 22 Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам. 23 I кажа ім: чару Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, але сесьці ў Мяне з правага боку і з левага не магу даць вам, але каму прыгатавана Айцом Маім. 24 Пачуўшы гэтае, дзесяць вучняў абурыліся на двох братоў, 25 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў валадаюць імі і вяльможы пануюць над імі; 26 але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою; 27 і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам слугою, 28 бо Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю дзеля выкупу многіх. 29 I, калі выходзілі яны з Ерыхону, за Ім сьледам ішло множства народу. 30 I вось, два сьляпыя, сядзеўшыя ля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычэць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў! 31 Народ жа крычэў на іх, каб маўчалі; але яны яшчэ мацней сталі крычэць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў! 32 Ісус, супыніўшыся, прыклікаў іх і сказаў: чаго вы хочаце ад Мяне? 33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя. 34 Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, і яны пайшлі за Ім. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 21 1 І, калі падыходзілі да Ерузаліму і прыйшлі да Віффагіі ля гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двох вучняў, сказаўшы ім: 2 ідзеце ў сяло, якое проста перад вамі, і зараз жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асьлятка з ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне. 3 I калі-б хто сказаў вам нешта, адказвайце, што яны патрэбны Госпаду: і зараз пашле іх. 4 I ўсё гэтае сталася, каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: 5 Скажэце дачцэ Сыонавай: вось Цар твой ідзе да цябе ціхі, седзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад’ярэмнай (Ісая 62, 11 Захар. 9, 9). 6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус. 7 Прывялі асьліцу і асьлятка і ўзлажылі на іх адзежы свае, і Ён сеў паверх іх. 8 Множства-ж народу пасьцілалі свае адзежыны на дарозе, а другія рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. 9 А народ наперадзе і за Ім ідучы клікаў: осанна сыну Давідаваму! Багаслаўлен ідучы ў імя Гасподняе! Осанна ў вышніх! 10 I, калі ўвайшоў Ён у Ерузалім, усё места прыйшло ў рух ды гаварыла: хто гэта? 11 Народужа гаварыў: гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага. 12 I ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і ўслоны прадаўцоў галубоў. 13 I казаў ім: напісана: дом Мой домам малітвы назьвецца, а вы зрабілі яго прытонам для разбойнікаў (Ісая 56, 7 Ерам. 7, 11). 14 I падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя й кульгавыя, і Ён аздаравіў іх. 15 Архірэі-ж і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, клікаючых у сьвятыні і гаворачых: Осанна сыну Давідаваму! — абурыліся 16 і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? Ісус жа кажа ім: Так! ці-ж вы ніколі ня чыталі: з вуснаў дзетак і сасункоў Ты ўчыніў хвалу? (Псал. 8, 3 ) 17 I, пакінуўшы іх, выйшаў з места да Віфаніі і правеў там ноч. 18 А нараніцы, варочаючыся да места, захацеў есьці. 19 I, угледзіўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе і, нічога не знайшоўшы на ёй, апрача аднаго лісьця, кажа да яе: няхай жа ня будзе на табе ўперад плоду давеку. I смакоўніца ўраз жа засохла. 20 Угледзіўшы гэтае, вучні дзіваваліся і гаварылі: як гэта той-жа час засохла смакоўніца? 21 Ісус жа, адказваючы, сказаў ім: Запраўды кажу вам: калі-б вы мелі веру і не сумляваліся, ня толькі зробіце тое, што з смакоўніцаю, але калі і гарэ гэтай скажаце: узьніміся і кінься ў мора, — станецца. 22 I ўсё, чаго будзеце прасіць у малітве з вераю, дастанеце. 23 I, калі прыйшоў Ён у сьвятыню і навучаў, прыступіліся да Яго архірэі і старэйшыя з народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэтае чыніш? I хто Табе даў гэткую ўладу? 24 Ісус сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно: калі аб гэтым скажаце Мне, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэнае чыню. 25 Хрышчэньне Іоанавае скуль было? з неба, ці ад людзёў? Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з неба, то Ён скажа нам: чаму-ж вы не паверылі яму? 26 А калі сказаць: ад людзёў, — баімося народу; бо ўсе лічаць Іоана за прарока. 27 I, адказваючы, сказалі Ісусу: ня ведаем. I Ён сказаў ім: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае роблю. 28 А як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны; і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: сын, пайдзі сяньня рабіць у вінаградніку маім. 29 Але той сказаў у адказ: не хачу; а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў. 30 I, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое-ж. Гэты сказаў у адказ: іду, гаспадар; —і не пайшоў. 31 Каторы з двох выпаўніў волю айца? Кажуць Яму: першы. Ісус кажа ім: запраўды кажу вам, што мытнікі і блудніцы ідуць у царства Божае наперадзе вас. 32 Бо прыйшоў да вас Іоан шляхам праўды; і вы не паверылі ям, у, а мытнікі і блудніцы паверылі яму; вы-ж, і бачыўшы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму. 33 Выслухайце другую прыновесьць: быў нейкі гаспадар дому, каторы насадзіў вінаграднік, агарадзіў яго агарожаю, выкапаў у ім сажалку, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адыйшоў. 34 Калі-ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў — узяць свае плады. 35 Вінаградары, схапіўшы слуг яго, аднаго зьбілі, другога, забілі, а іншага пабілі каменьмі. 36 Зноў паслаў ён другіх слуг, больш чым раней; і з імі зрабілі таксама. 37 Уканцы паслаў ён да іх свайго сына, кажучы: пасаромяцца сына майго. 38 Але вінаградары, угледзіўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта наступнік; пойдзем, заб’ем яго і заўладаем спадчынаю ягонай. 39 I, схапіўшы яго, вывелі вон з вінаградніку і забілі. 40 Калі-ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? 41 Кажуць Яму: злыдняў гэтых аддасьць ліхой сьмерці, а вінаграднік дасьць другім вінаградарам, каторыя будуць аддаваць яму плады ў свой час. 42 Ісус кажа ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: камень, які адкінулі будаўнічыя, той самы стаўся галавою вугла; гэта сталася ад Госпада, і ў вачох нашых дзіва (Псал. 117, 22—23). 43 Дзеля гэтага кажу вам, што адымецца ў вас Царства Божае і дадзена будзе народу, які творыць плады яго. 44 I той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздавіць. 45 I, пачуўшы прыповесьці Яго, архірэі і фарысэі зразумелі, што гаворыць аб іх. 46 I стараліся спаймаць Яго; але ўбаяліся народу, бо Яго лічылі за прарока. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 22 1 Ісус, адказваючы далей, казаў прыповесьцямі: 2 Царства Нябеснае падобна да чалавека цара, каторы справіў вясельле для сына свайго. 3 I паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці. 4 Зноў паслаў другіх слуг, сказаўшы: скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абед мой, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле. 5 Але яны, не зважаючы на тое, пайшлі — хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю. 6 Другія-ж, схапіўшы слуг яго, назьдзекаваліся і забілі іх. 7 Пачуўшы аб гэтым, цар узлаваўся і паслаў войскі свае вынішчыць забойцаў гэных і спаліць места іхняе. 8 Тады кажа ён слугам сваім: вясельле гатова; але закліканыя ня былі дастойны. 9 Дык пайдзеце на росстані і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясельле. 10 I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх, і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей. 11 Цар, увайшоўшы паглядзець банкетуючых, убачыў там чалавека, адзетага не ў вясельную вопратку, 12 і кажа яму: дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той жа маўчаў. 13 Тады сказаў цар слугам: зьвяжэце яму рукі й ногі, вазьмеце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў, 14 Бо многа запрошаных, але мала выбраных. 15 Тады фарысэі пайшлі і радзіліся, як бы ўлавіць Яго на словах. 16 I пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадзіянамі, кажучы: Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядлівы і аб шляху Божым справядліва навучаеш, дый ня дбаеш ні аб кога, бо не глядзіш ні на якое аблічча. 17 Дык скажы-ж нам: як Табе здаецца? Ці гожа даваць падатак цару, ці не? 18 Але Ісус, бачучы злосную хітрасьць іх, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушныя? 19 Пакажэце Мне манэту, якою плоціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар. 20 I кажа ім: чыё гэта выабражэньне і надпіс? 21 Кажуць Яму: царавы. Тады кажа ім: дык аддайце царава цару, а Божае Богу. 22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі. 23 У той дзень прыступіліся да Яго саддукеі, каторыя кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго: 24 Вучыцель! Майсей сказаў: калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, то брат яго няхай возьме за сябе жонку яго і адновіць насеньне брату свайму (Другазак. 25, 5). 25 Было вось у нас сем братоў; першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму. 26 Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага. 27 Пасьля-ж усіх памёрла і жонка. 28 Дык у час уваскрасеньня каму з сямех будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе. 29 Ісус сказаў ім у адказ: памылйецеся, ня ведаючы Пісаньня, ні сілы Божае. 30 Бо пры ўваскрасеньні ані жэняцца, ані йдуць замуж, але прабываюць як ангелы Божыя на небе. 31 А аб ускрасеньні памершых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам, які гавора: 32 Я Бог Аўраама, і Бог Ізаака, і Бог Якава! Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых (Вых. 3, 6). 33 I, чуючы, народ дзівіўся з навукі Яго. 34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў саддукеяў змоўкнуць, сабраліся разам. 35 I адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго, спытаўся, кажучы: 36 Вучыцель! якое найбольшае прыказаньне ў законе? 37 Ісус сказаў яму: палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. (Другазак. 6, 5 ) 38 Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. 39 Другое-ж — падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. (Лев. 19, 18 ) 40 На гэтых двох прыказаньнях грунтуецца ўвесь закон і прарокі. 41 Калі-ж сабраліся фарысэі, Ісус спытаўся ў іх: 42 Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў. 43 Кажа ім: як жа Давід у духу заве Яго Госпадам, калі кажа: 44 Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль пакладу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх. (Псал. 109, 1). 45 Дык калі Давід заве Яго Госпадам, як жа Ён сын ягоны? 46 I ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважаўся задаваць Яму пытаньні. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 23 1 Тады Ісус прамовіў да народу і вучняў Сваіх 2 і сказаў: на Майсеявым пасадзе паселі кніжнікі і фарысэі. 3 Дык усё, чаго скажуць вам дзяржацца, дзяржыцеся й рабеце, але не рабеце паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць. 4 Бо вяжуць ёрмы цяжкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям; а самы ня хочуць і пальцам крануць іх. 5 Усе-ж учынкі свае яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічаюць полы вопраткі сваей, 6 ды любяць першыя месцы на банкетах і першыя лавы ў сынагогах, 7 і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: вучыцель, вучыцель! 8 А вы не называйцеся вучыцелямі: бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос; усе-ж вы браты. 9 I айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Ацец, Каторы на нябёсах. 10 I не называйцеся настаўнікамі; бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос. 11 Большы з вас няхай будзе вам за слугу. 12 Бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, той будзе ўзвышаны. 13 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці, не дапускаеце. 14 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што зьядаеце дамы ўдоў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта дастанеце цяжэйшы прысуд. 15 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго; і, калі гэта здарыцца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас. 16 Гора вам, правадыры сьляпыя, якія кажаце: калі хто прысягае царквою, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам царквы, дык вінаваты. 17 Неразумныя і сьляпыя! што балей? Золата, ці царква, асьвячаючая золата? 18 I калі хто прысягне жэртвенікам, гэта нічога, а калі хто прысягне жэртваю, што на ім, то вінаваты. 19 Неразумныя і сьляпыя! што балей? Жэртва, ці жэртвенік, што асьвячае жэртву? 20 Дык той, хто прысягае жэртвенікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім. 21 I хто прысягае царквою, прысягае ёю і жывучымі у ёй. 22 I хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Седзячым на ім. 23 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, аніжу і кміну, ды пакінулі найважнейшае ў законе: суд і міласьць і веру; гэтае трэба было рабіць, дый гэнага не пакідаць. 24 Правадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда глытаеце! 25 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зьверху, а ўсярэдзіне поўны драпежнасьці і няпраўды. 26 Фарысэй сьляпы! ачысьці перш сярэдзіну чары і місы, каб чыстыя былі і зьверху. 27 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да памаляваных трунаў, якія звонку здаюцца харошымі, а ўсярэдзіне поўны касьцей трупаў і рознае нечысьці. 28 Гэтак і вы звонку здаецёся людзям сьвятымі, а ўсярэдзше поўны крывадушнасьці і беззаконьня. 29 Гора вам, кніжнікі й фарысэі-крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і прыхарошываеце памятнікі сьвятым, 30 і кажаце: калі-б мы былі ў дні айцоў нашых, то ня былі-б супольнікамі іх у крыві прарокаў. 31 Гэткім чынам вы самыя проці сябе сьведчыце, што вы сыны тых, якія забівалі прарокаў. 32 Дапаўняйце-ж меру айцоў вашых. 33 Зьмеі, плод яхідніны! як унікнеце вы асуджэньня ў геенну? 34 Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў і людзей мудрых і кніжнікаў; і вы іншых заб’ецё і раскрыжуеце, а іншых будзеце біць у школах вашых і гнаць з места да места. 35 Няхай жа падзе на вас уся кроў сьвятая, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля сьвятога да крыві Захара, сына Варахіінавага, каторага вы забілі між царквою і жэртвенікам. 36 Запраўды кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на род гэты. 37 Ерузалім, Ерузалім, забойца прарокаў, каменьмі пабіваючы пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы не захацелі. 38 Вось жа астаецца вам дом ваш пусты. 39 Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сяньня, дакуль ня скажаце: багаслаўлены, хто йдзе ў імя Госпада. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 24 1 I, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і прыступіліся вучні Яго, манючыся паказаць Яму будынкі сьвятыні. 2 Ісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэтае? Запраўды кажу вам: не астанецца тут каменя на камені: усё будзе зьнішчана. 3 Калі-ж сядзеў Ён на гарэ Аліўнай, прыступіліся да Яго вучні насамоце і спыталіся: скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак Твайго прыходу і сканчэньня сьвету? 4 Ісус сказаў ім у адказ: сьцеражэцеся, каб хто не падмануў вас, 5 бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: я Хрыстос, — і шмат каго падмануць. 6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, ня трывожцеся: бо ўсё гэта мусіць стацца; але гэта яшчэ не канец. 7 Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць галады, моры і зямлітрасеньні па мясцох. 8 Усё-ж гэнае — пачатак гора. 9 Тады будуць выдаваць вас на мукі й забіваць вас; і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё. 10 I тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго. 11 І многія фальшывыя прарокі паўстануць і многіх падмануць. 12 I ад памнажэньня грэху шмат у каго асьцюдзянее любоў. 13 Хто-ж вытрывае да канца, спасецца. 14 I абвяшчаць будуць Эвангельле царства па ўсім сьвеце дзеля сьвядоцтва ўсім народам; і тады прыйдзе канец. 15 Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, аб якой сказаў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы, (чытаючы няхай разумее): 16 тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; 17 і хто на страсе, той няхай ня зыходзіць узяць што-небудзь з дому свайго. 18 I хто ў полі, той няхай не варочаецца назад узяць вопратку сваю. 19 Гора-ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні. 20 Малецеся-ж, каб ня прышлося ўцякаць вам зімою, ці ў суботу. 21 Бо тады будзе вялікая туга, якой ня было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе. 22 I калі-б не скараціліся тыя дні, то не спаслося-б ніводнае цела: але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні. 23 Тады, калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, ці там, — ня верце. 24 Бо паўстануць фальшывыя Хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знаменьні і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных. 25 Вось Я наперад сказаў вам. 26 Дык, калі скажуць вам: вось Ён у пустыні, — ня выходзьце; вось Ён у пакоях, — ня верце. 27 Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць да захаду, так будзе прыход Сына Чалавечага. 28 Бо абы дзе быў труп, тамака зьбяруцца і арлы. 29 I ўраз-жа пасьля тугі дзён гэных сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры спадуць з неба, і сілы нябесныя ўзварухнуцца. 30 Тады зьявіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе пляменьні зямныя і ўгледзяць Сына Чалавечага ідучы на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю. 31 I пашле Ангелаў сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябес да краю іх. 32 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галіны яе робяцца ўжо мяккімі і пускаюць лісьцё, дык ведаеце, што блізка лета. 33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ведайце, што блізка пры дзьвярох. 34 Запраўды кажу вам: не праміне род гэты, як усё гэтае станецца. 35 Неба й зямля прамінуць; але словы Мае не прамінуць. 36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет і ангелы нябесныя, а толькі Ацец Мой адзін. 37 Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 38 Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й ішлі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у карабель, 39 і ня думалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 40 Тады будуць у полі двое: адзін бярэцца, а другі пакідаецца. 41 Дзьве мелючыя ў жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца. 42 Дык ня сьпіце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. 43 Вам жа тое вядома, што, калі-б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, дык ня спаўбы і ня даў-бы падкапацца пад дом свой. 44 Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце. 45 Хто-ж верны й разумны раб, што яго гаспадар паставіў над слугамі сваімі, каб даваць ім у пару есьці? 46 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак. 47 Запраўды кажу вам, што над ўсею маемасьцяй сваёй паставіць его. 48 Калі-ж гэны благі слуга скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой, 49 і пачне біць сяброў сваіх ды есьці й ціць з п’яніцамі, — 50 то прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, 51 і адлучыць яго і пакладзе яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгот зубоў. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 25 1 Тады падобна будзе царства нябеснае да дзесяцех дзяўчат, якія, узяўшы сьветачы, выйшлі насустрэчу жаніху. 2 3 іх пяць было разумных і пяць неразумных. 3 Неразумныя, узяўшы сьветачы сваі, не ўзялі з сабою алею. 4 Мудрыя-ж разам з сьветачамі сваімі ўзялі алей у судзіны свае. 5 А як жаніх замарудзіў, то задрамалі ўсе і паснулі. 6 Але ў паўночы ўзьняўся крык: вось жаніх ідзе, выходзьце насустрэчу яму! 7 Тады ўсталі ўсе дзяўчаты гэныя і паправілі сьветачы сваі. 8 Неразумныя-ж сказалі мудрым: дайце нам вашага алею, бо сьветачы нашы гаснуць. 9 А разумныя адказалі, кажучы: каб ня здарылася недахвату і ў нас і ў вас, пайдзеце лепш да прадаўцоў і купеце сабе. 10 Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы зачыніліся. 11 Пасьля прыходзіць і рэшта дзяўчат ды кажуць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! 12 Ён-жа сказаў ім у адказ: Запраўды кажу вам: ня знаю вас. 13 Дык ня сьпіце, бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 14 Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слуг сваіх і здаў ім маемасьць сваю. 15 І аднаму даў пяць талянтаў, другому два, іншаму адзін — кожнаму паводле яго сілы. 16 Той, што дастаў пяць талянтаў, пайшоў, пусьціў іх у дзела і прыдбаў другіх пяць талянтаў. 17 Так сама і той, што дастаў два талянты, прыдбаў другія два. 18 А той, што дастаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў серабро гаспадара свайго. 19 Цераз доўгі час прыходзіць гаспадар слуг гэных і трэбуе ў іх справаздачы. 20 I, падыйшоўшы, той, што быў дастаў пяць талянтаў, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось другія пяць талянтаў я прыдбаў на іх. 21 Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і верны слуга! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго. 22 Падыйшоў таксама і той, што дастаў два талянты, і сказаў: гаспадар, два талянты ты мне даў, вось другія два талянты я прыдбаў на іх. 23 Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго. 24 Падыйшоў і той, што дастаў адзін талянт, і сказаў: гаспадар, я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў; 25 дык, убаяўшыся, пайшоў і схаваў талйнт твой у зямлю: вось табе тваё. 26 Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: благі і ляны слуга! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. 27 Дзеля гэтага належала табе аддаць серабро маё таргуючым; і я, прыйшоўшы, дастаў бы сваё з прыбыткам. 28 Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце маючаму дзесяць талянтаў. 29 Бо ўсякаму маючаму будзе дадзена і прыўмножыцца, а ў нямаючага і тое, што мае, ўзята будзе. 30 А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў. 31 Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, і ўсе сьвятыя Ангелы з Ім, тады сядзе на пасадзе славы сваёй. 32 I зьбяруцца перад ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авец ад казлоў; 33 і паставіць авец па правай руцэ, а казлоў па левай. 34 Тады скажа Цар тым, што направа ад Яго: прыйдзеце, багаслаўленыя Айца Майго, насьледуйце царства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету. 35 Бо Я хацеў есьці, і вы накармілі Мяне; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў у дарозе, і вы прынялі Мяне. 36 Быў нагі, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне. 37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі? ці прагнучым і напаілі? 38 Калі мы бачылі Цябе ў дарозе і прынялі? Ці нагім і адзелі? 39 Калі мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе? 40 I Цар скажа ім у адказ: запраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэных меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне. 41 Тады скажа і тым, што налева: ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатаваны чарту і ангелам ягоным. 42 Бо Я хацеў есьці, і вы не далі Мне; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; 43 быў у дарозе, і ня прынялі Мяне; быў нагі, і не адзелі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і не даведаліся Мяне. 44 Тады і яны скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным, ці прагнучым, ці ў дарозе, ці нагім, ці хворым, ці ў вязьніцы і не паслужылі Табе? 45 Тады скажа ім у адказ: запраўды кажу вам: як вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, то не зрабілі Мне. 46 I пойдуць гэтыя на муку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 26 1 I сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, то сказаў да вучняў Сваіх: 2 вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы выданы будзе на раскрыжаваньне. 3 Тады сабраліся архірэі і кніжнікі і старшыя з народу на падворак архірэя іменьнем Кайяфа. 4 I ўмовіліся схапіць Ісуса хітрасьцяй і забіць. 5 Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб не ўзьнялося абурэньне ў народзе. 6 Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, 7 прыступілася да Яго жанчына з алябастраваю судзінаю з алеем мнагацэнным і паліла Яму на галаву, як ляжаў. 8 Углдезіўшы гэтае, вучні Яго гневаліся, кажучы: на што гэткае марнаваньне? 9 Бо можна было-б прадаць гэты алей за добрую цану і даць убогім. 10 Але Ісус, ведаючы гэтае, сказаў ім: на што робіце прыкрасьць жанчыне? яна добры ўчынак учыніла для Мяне. 11 Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне незаўсёды маеце. 12 Паліўшы алеем гэным цела Маё, яна ўчыніла на пахаваньне Маё. 13 Запраўды кажу вам: дзе будзе абвяшчацца Эвангельле гэтае па ўсім сьвеце, сказана будзе і аб тым, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй. 14 Тады адзін з дванаццацёх, называны Юда Іскарыёт, пайшоўшы да архірэяў, 15 сказаў: што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? Яны вызначылі ему трыццаць срыбнякоў. 16 I з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго. 17 У першы-ж дзень праснакоў прыйшлі вучні Ісуса і сказалі Яму: дзе хочаш прыгатаваць Табе есьці пасху? 18 Ён жа сказаў: пайдзеце ў места да такога-і-такога і скажэце яму: Вучыцель кажа: час Мой блізкі; у цябе зроблю пасху з вучнямі Маімі. 19 Вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус; і прыгатавалі пасху. 20 Калі-ж настаў вечар, Ён узьлёг з дванаццацьма вучнямі. 21 I, калі яны елі, сказаў: запраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне. 22 I, крэпка засумаваўшы, пачалі гаварыць Яму кожны з іх: ці ня я, Госпадзе? 23 Ён жа сказаў у адказ: той, хто памачыў са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне. 24 Бо Сын Чалавечы прыходзе, як напісана аб Ім: але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; ляпей было-б гэтаму чалавеку не радзіцца. 25 Пры гэтым і Юда, што прадаў Яго, сказаў: ці ня, я Равві? Ісус кажа яму: ты сказаў. 26 I, калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і пабагаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды сказаў: прымеце, ешце; гэта ёсьць цела Маё. 27 I, узяўшы чару і аддаўшы хвалу, падаў ім і сказаў: піце з яе ўсе; 28 бо гэта ёсьць кроў Мая новага запавету, якая ліецца за многіх дзеля дараваньня грахоў. 29 Кажу-ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў царстве АйцаМайго. 30 I, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную. 31 Тады кажа ім Ісус: усе вы спакусіцеся дзеля Мяне ў гэту ноч, бо напісана: паражу пастуха, і расьсеюцца авечкі стада (Захар. 13, 7). 32 Па ўваскрасеньні-ж Маім спаткаю вас у Галілеі. 33 А Пётр сказаў Яму ў адказ: калі і ўсе спакусяцца дзеля Цябе, я ніколі не паддамся спакусе. 34 Ісус сказаў яму: запраўды кажу табе, што ў гэту ноч, перш, чымся прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. 35 Кажа Яму Пётр: хаця-б прышлося мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае гаварылі і ўсе вучні. 36 Тады йдзе з імі Ісус на месца, званае Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там. 37 I, узяўшы з Сабою Пятра і абодвух сыноў Завядзеявых, зачаў тужыць і сумаваць. 38 Тады кажа ім Ісус: тужыць душа Мая аж да сьмерці: пабудзьце тут і ня сьпіце са Мною. 39 I, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, маліўся і гаварыў: Ацец Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне чара гэтая; аднак, не як Я хачу, але як Ты. 40 I прыходзіць да вучняў і знаходзіць іх у сьне, дый кажа Пятру: гэтак не маглі вы і аднае гадзіны ня спаць са Мною? 41 Ня сьпіце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух бадзёры, цела-ж нядужае. 42 I зноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, кажучы: Ацец Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай станецца воля Твая! 43 I, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо ў іх вочы абцяжэлі. 44 I, пакінуўшы іх, адыйшоўся ізноў і маліўся трэці раз, мовіўшы тое-ж слова. 45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. 46 Устаньце, пойдзем: вось прыходзе той, што прадае Мяне. 47 I, калі яшчэ гаварыў Ён, вось прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, і з ім множства народу з мячамі ды каламі, ад архірэяў і старшых народных. 48 Прадаючы-ж Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго я пацалую, той і ёсьць; бярэце Яго. 49 I ўраз, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равві! і пацалаваў Яго. 50 А Ісус сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падыйшлі і ўзлажылі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. 51 I вось, адзін з быўшых з Ісусам, выцягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы слугу архірэявага, адсек яму вуха. 52 Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой на яго месца; бо ўсе, узяўшыя меч, ад мяча загінуць. 53 Ці думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён ня дасьць Мне балей дванаццацёх легіонаў Ангелаў? 54 Ды як жа збудзецца напісанае, што гэта мусіць стацца? 55 У той час сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі ды каламі браць Мяне; кожны дзень сядзеў я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы ня бралі Мяне. 56 Гэтае-ж усё сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 57 А ўзяўшыя Ісуса завялі Яго да Кайяфы, архірэя, куды сабраліся кніжнікі і старшыні. 58 Пётр жа сьледаваў за Ім здалёк да падворка архірэйскага; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з слугамі, каб бачыць канец. 59 Архірэі і старэйшыны ды ўвесь сынэдрыон шукалі фальшывых сьвядоцтваў проці Ісуса, каб забіць Яго. 60 I не знайшлі; і, хаця многа фальшывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Уканцы прыйшлі два фальшывыя сьведкі 61 і сказалі: Ён казаў: магу зруйнаваць царкву Божую і ў тры дні збудаваць яе. 62 I, устаўшы, архірэй сказаў Яму: Ты нічога не адказваеш? Што яны проці Цябе сьведчаць? 63 Ісус маўчаў. I архірэй сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы? 64 Ісус кажа яму: ты сказаў; да таго кажу вам: адгэтуль убачыце Сына Чалавечага, седзячы з правага боку сілы і ідучы на воблаках нябесных. 65 Тады архірэй разьдзер адзежы свае і сказаў: Ён блюзьніць: на што нам яшчэ сьведкі? вось жа цяпер вы чулі хулу Яго. 66 Як вам здаецца? Яны-ж сказалі ў адказ: варт сьмерці. 67 Тады плявалі Яму ў аблічча і тузалі Яго; другія-ж білі Яго па шчоках 68 ды казалі: адгадай, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе? 69 А Пётр сядзеў вонках на падворку, і падыйшла да яго служка ды сказала: і ты быў з Ісусам Галілеянінам. 70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты гаворыш. 71 Калі-ж ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая, ды кажа быўшым там: гэты быў з Ісусам Назарэем. 72 I ён ізноў адрокся, прысягаючыся, што ня ведае чалавека гэтага. 73 Крыху паждаўшы падыйшлі туды стаяўшыя там і сказалі Пятру: запраўды, ты з іх, бо і гутарка твая выдае цябе. 74 Тады ён зачаў клясьціся і бажыцца, што ня ведае гэтага чалавека. I ўраз-жа запяяў певень. 75 I прыпомніў Пётр сказанае яму Ісусам, як гаварыў: перш, чымся певень прапяе, тройчы адрачэшся ад Мяне. I, выйшаўшы вонкі, плакаў горка. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 27 1 Калі-ж настала раніца, ўсе архірэі і старшыні народу мелі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць. 2 I, зьвязаўшы Яго, завялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, начальніку. 3 Тады Юда, які прадаў Яго, угледзіўшы, што Ён засуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срыбнякоў архірэям і старшыням, 4 кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны-ж сказалі яму: што нам да гэтага? глядзі сам. 5 I, кінуўшы срыбнякі ў царкве, ён выйшаў і пайшоў павесіўся. 6 А архірэі, узяўшы срыбнякі, сказалі: нельга класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві. 7 Зрабіўшы-ж нараду, купілі за іх зямлю ганчара, каб хараніць чужынцаў. 8 Вось чаму і завецца зямля тая зямлёю крыві да таго дня. 9 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срыбнякоў цану Ацэненага, што ацанілі сыны Ізраіля, 10 і далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад. 11 Ісус-жа стануў перад начальнікам; і спытаўся ў Яго начальнік: Ты Цар Юдэйскі? Ісус сказаў яму: ты кажаш. 12 I, калі абвінавачавалі Яго архірэі і старшыні, Ён нічога не адказваў. 13 Тады кажа Яму Пілат: ня чуеш, колькі сьведчаць проці Цябе? 14 I не адказваў яму ні на адно слова, так што начальнік дужа дзівіўся. 15 На сьвята-ж начальнік меў звычай звальняць народу аднаго вязьня, якога жадалі. 16 Быў тады ў іх вядомы вастрожнік, іменьнем Варавва. 17 І вось, калі яны зыйшліся, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я вам звольніў: Варавву, ці Ісуса, называнага Хрыстом? 18 Бо ведаў, што прадалі Яго праз завісьць. 19 Калі-ж ён засядаў у судзе, жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку таму, бо я сягоньня ў-ва сьне многа цярпела дзеля Яго. 20 Але архірэі і старшьші падбілі народ, каб прасілі Варавву, а Ісуса загубілі. 21 Тады начальнік спытаўся ў іх: каго з двох хочаце, каб я вам звольніў? Яны сказалі: Варавву. 22 Пілат кажа ім: што-ж я зроблю з Ісусам, называным Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе расьпяты! 23 Начальнік сказаў: шго-ж благое зрабіў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе расьпяты! 24 Пілат, бачучы, што нішто не памагае, а ўзбурэньне павялічваецца, узяў вады і ўмыў рукі перад народам і сказаў: невінаваты я ў крыві Праведніка гэтага; вы глядзіце. 25 I, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых! 26 Тады звольніў ім Варавву, а Ісуса, зьбіўшы, выдаў на раскрыжаваньне. 27 Тады жаўнеры начальніка, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго цэлую роту. 28 I, разьдзеўшы Яго, апранулі Яму чырвоны плашч; 29 і, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзелі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, становячыся перад Ім на калені, насьмяхаліся з Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі! 30 I плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. 31 I, калі насьмяяліся з Яго, зьнялі з Яго чырвоны плашч, і адзелі Яго ў адзежы Ягоныя, і павялі Яго на раскрыжаваньне. 32 Выходзячы яны сустрэлі аднаго Кіранэйца, па іменьню Сымона; гэтага прымусілі нясьці крыж Яго. 33 I, прыйшоўшы на месца, называнае Галгофа, што значыць: месца чэрапу, 34 далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцяй; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць. 35 Расьпяўшы-ж Яго на крыжу, дзялілі адзежы Яго, кідаючы жэрабе; каб збылося сказанае праз прарока: падзялілі адзежы мае і на вопратку маю кінулі жэрабе. 36 І, пасеўшы, пілнавалі Яго там. 37 I зрабілі над галавою Яго надпіс аб віне Яго: гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі. 38 Тады раскрыжаваны былі з Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі зьлева. 39 Праходзіўшыя-ж міма зьняважалі Яго, ківаючы галавамі 40 і кажучы: Ты, што руйнуеш цэрквы і ў тры дні адбудоўваеш! спасі Сябе Самога! Калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа! 41 Падобне-ж і архірэі з кніжнікамі і старшынамі, насьмяхаючыся, казалі: 42 другіх спасаў, а Сябе Самога ня можа спасьці! Калі Ён Цар Ізраіля, няхай цяпер зыйде з крыжа, і мы паверым Яму. 43 Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо-ж Ён казаў: Я Сын Божы. 44 Таксама і разбойнікі, раскрыжаваныя разам з Ім, зьняважалі Яго. 45 Ад шостае-ж гадзіны цемра сталася па ўсей зямлі да гадзіны дзявятае. 46 А каля дзявятай гадзіны загаласіў Ісуе моцным голасам: Элі! Элі! лама сабахтані? г. ё.: Божа Мой! Божа Мой! навошта Мяне пакінуў? 47 Некаторыя з тых, што там стаялі, чуючы гэтае, казалі: Ён кліча Ільлю. 48 I ўраз пабег адзін з іх, і, узяўшы губку ды памачыўшы ў воцат і насадзіўшы на трысьціну, даў Яму піць. 49 А другія казалі: чакай; паглядзім, ці прыйдзе Ільля спасаць Яго. 50 Ісус жа, зноў загаласіўшы моцным голасам, аддаў душу. 51 I вось, заслона ў царкве разьдзерлася надвое ад верху да нізу; і зямля затраслася; і скалы патрэскаліся. 52 I магілы расчыніліся; і многа целаў памёршых сьвятых папаўставала. 53 I, выйшаўшы з магіл, па ўваскрасеньні Яго ўвайшлі ў сьвятое места і паказаліся многім. 54 Сотнік-жа і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, бачучы трасеньне зямлі і ўсё, што сталася, спалохаліся крэпка і казалі: запраўды, Ён быў Сын Божы. 55 Было тамака, углядаючыся здалёк, многа жанчын, якія йшлі за Ісусам з Галілеі і служылі Яму. 56 Між імі былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Іосіі, і маці сыноў Завядзеявых. 57 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, іменьнем Язэп, каторы таксама быў вучнем Ісуса. 58 Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 59 I, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстым палатном; 60 і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую высек ён у скале; і, прываліўшы вялікі камень да дзьвераў магілы, пайшоў стуль. 61 Былі-ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, каторыя сядзелі насупраць магілы. 62 На другі дзень, што йдзе за пятніцаю, сабраліся архірэі і фарысэі да Пілата 63 і гаварылі: Пане! мы прыпомнілі, што ашуканец той, як быў яшчэ жывы, сказаў: цераз тры дні ўваскрэсну. 64 Дык прыкажы вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: уваскрос з мёртвых. I будзе апошняе ашуканства горш першага. 65 Пілат сказаў ім: вось вам старожа; ідзеце, вартуйце, як ведаеце. 66 Яны пайшлі і паставілі ля магілы варту і прылажылі да каменя пячаць. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
Разьдзел 28 1 Калі прыйшла субота, у час сьвітаньня першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. 2 I вось сталася вялікае трасеньне зямлі; бо Ангел Гасподні, зыйшоўшы з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвераў магілы і сядзеў на ім. 3 Выгляд яго быў, як бліскавіца, і вопратка яго белая, як сьнег. 4 I ад страху прад ім задрыжэлі вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя. 5 Ангел-жа, адказваючы жанчынам, сказаў: ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса расьпятага. 6 Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад, 7 і пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён ускрос з мёртвых і вось апярэдзіць вас у Галілеі; там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам. 8 I, выйшаўшы борзда з магілы, яны з страхам і радасьцяй вялікай пабеглі апавясьціць вучняў Яго. 9 Калі-ж яны ішлі апавясьціць вучняў Яго, дык вось Ісус спаткаў іх і сказаў: радуйцеся! I яны, прыступіўшыся, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму. 10 Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце, апавясьціце братоў Маіх, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўбачаць Мяне. 11 Калі-ж яны ішлі, то некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў места, абвясьцілі архірэям усё, што сталася. 12 I тыя, сабраўшыся з старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошай жаўнерам 13 і сказалі: скажэце, што вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі мы спалі. 14 І, калі чутка аб гэтым дойдзе да Начальніка, мы пераканаем яго і вас учынім бясьнечнымі. 15 Яны, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі; і разышлося слова гэтае між Юдэямі да сёньняшняга дня. 16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус. 17 I, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; іншыя-ж сумляваліся. 18 I, падыйшоўшы, Ісус прамовіў да іх: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі. 19 Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, 20 навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам; і вось Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін. Вярнуцца назад |