01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Паводле: Новы Запавет і Псальмы, 1931 Алічбоўваньне: кс. С. Сурыновіч, Н. Васілевіч (група па алічб. тэкстаў Сьв. Пісьма, каард. кс. С. Сурыновіча)
Разьдзел 1
1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, cына Давідавага, сына Аўраамавага.
2 Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якава; Якаў спарадзіў Юду і братоў яго;
3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфі;
6 Авід спарадзіў Ясея; Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Салямона ад Ур’явай;
7 Салямон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
8 Аса спарадзіў Ясафата; Ясафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Озію;
9 Озія спарадзіў Яфама; Яфам спарадзіў Ахаза; Ахаз спарадзіў Язэкію;
10 Язэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Іосію;
11 Іосія спарадзіў Якіма; Якім спарадзіў Яхоньню ды братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон.
12 Пасьля-ж перасяленьня ў Вавілон Яхоньня спарадзіў Саляфііла; Саляфііл спарадзіў Зарававэля;
13 Зарававэль спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліакіма; Эліакім спарадзіў Азора;
14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матфана; Матфан спарадзіў Якава;
16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторай нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
17 Гэтак усіх радоў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяленьня ў Вавілон чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць радоў.
18 Ражство Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маткі Яго Марыі з Язэпам, раней іхняга вясельля, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
19 Язэп жа, муж яе, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў тайком адпусьціць яе.
20 Але, калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне і сказаў: Язэп, сын Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зарадзіўшаеся ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
21 вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён спасе людзей Сваіх ад грахоў іх.
22 А ўсё гэтае здарылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23 вось Дзяўчына прыйме ў нутро і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эмануіл, гэта значыць: з намі Бог (Ісая 7, 1).
24 Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,
25 і ня ведаў яе, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Ісус.
|