01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 20
1 Бо Царства Нябеснае падобна да чалавека — гаспадара дому, які выйшаў вельмі рана наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2 I, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3 Выйшаўшы-ж каля трэцяе гадзіны, ён угледзіў другіх, стоячы на рынку бяз дзела.
4 I сказаў ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дам вам. Яны пайшлі.
5 Зноў выйшаўшы каля шостае і дзевятае гадзіны, зрабіў тое-ж.
6 Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў другіх, стоячы без работы, і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз дзела?
7 Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ён кажа ім: ідзіце й вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дастанеце.
8 Калі-ж надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку эканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
9 I тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, дасталі па дынару.
10 Прыйшоўшыя-ж першымі, думалі, што яны дастануць больш, але й яны дасталі па дынару.
11 I, узяўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому і казалі:
12 Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, перанёсшымі цяжар дня і сьпеку.
13 Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: сябра! я ня крыўджу цябе; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
14 Вазьмі сваё і пайдзі; я-ж хачу даць гэтаму апошняму тое-ж, што і табе.
15 Ці-ж я ня волен у сваім рабіць, што хачу? Ці вока тваё злоснае, што я добры?
16 Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо многа закліканых, але мала выбраных.
17 I, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус дарогаю адклікаў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
18 Вось мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;
19 і выдадуць Яго паганам на зьдзек і біцьцё і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень уваскрэсьне.
20 Тады прыступілася да Яго маці сыноў Завядзеявых з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
21 Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны маі селі ў Цябе адзін з правага боку, а другі з левага ў царстве Тваім.
22 Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам.
23 I кажа ім: чару Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, але сесьці ў Мяне з правага боку і з левага не магу даць вам, але каму прыгатавана Айцом Маім.
24 Пачуўшы гэтае, дзесяць вучняў абурыліся на двох братоў,
25 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў валадаюць імі і вяльможы пануюць над імі;
26 але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою;
27 і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам слугою,
28 бо Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю дзеля выкупу многіх.
29 I, калі выходзілі яны з Ерыхону, за Ім сьледам ішло множства народу.
30 I вось, два сьляпыя, сядзеўшыя ля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычэць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў!
31 Народ жа крычэў на іх, каб маўчалі; але яны яшчэ мацней сталі крычэць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў!
32 Ісус, супыніўшыся, прыклікаў іх і сказаў: чаго вы хочаце ад Мяне?
33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя.
34 Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, і яны пайшлі за Ім.
|