Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 24

1 I, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і прыступіліся вучні Яго, манючыся паказаць Яму будынкі сьвятыні.

2 Ісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэтае? Запраўды кажу вам: не астанецца тут каменя на камені: усё будзе зьнішчана.

3 Калі-ж сядзеў Ён на гарэ Аліўнай, прыступіліся да Яго вучні насамоце і спыталіся: скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак Твайго прыходу і сканчэньня сьвету?

4 Ісус сказаў ім у адказ: сьцеражэцеся, каб хто не падмануў вас,

5 бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: я Хрыстос, — і шмат каго падмануць.

6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, ня трывожцеся: бо ўсё гэта мусіць стацца; але гэта яшчэ не канец.

7 Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць галады, моры і зямлітрасеньні па мясцох.

8 Усё-ж гэнае — пачатак гора.

9 Тады будуць выдаваць вас на мукі й забіваць вас; і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.

10 I тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго.

11 І многія фальшывыя прарокі паўстануць і многіх падмануць.

12 I ад памнажэньня грэху шмат у каго асьцюдзянее любоў.

13 Хто-ж вытрывае да канца, спасецца.

14 I абвяшчаць будуць Эвангельле царства па ўсім сьвеце дзеля сьвядоцтва ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

15 Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, аб якой сказаў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы, (чытаючы няхай разумее):

16 тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы;

17 і хто на страсе, той няхай ня зыходзіць узяць што-небудзь з дому свайго.

18 I хто ў полі, той няхай не варочаецца назад узяць вопратку сваю.

19 Гора-ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні.

20 Малецеся-ж, каб ня прышлося ўцякаць вам зімою, ці ў суботу.

21 Бо тады будзе вялікая туга, якой ня было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе.

22 I калі-б не скараціліся тыя дні, то не спаслося-б ніводнае цела: але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

23 Тады, калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, ці там, — ня верце.

24 Бо паўстануць фальшывыя Хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знаменьні і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.

25 Вось Я наперад сказаў вам.

26 Дык, калі скажуць вам: вось Ён у пустыні, — ня выходзьце; вось Ён у пакоях, — ня верце.

27 Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць да захаду, так будзе прыход Сына Чалавечага.

28 Бо абы дзе быў труп, тамака зьбяруцца і арлы.

29 I ўраз-жа пасьля тугі дзён гэных сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры спадуць з неба, і сілы нябесныя ўзварухнуцца.

30 Тады зьявіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе пляменьні зямныя і ўгледзяць Сына Чалавечага ідучы на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.

31 I пашле Ангелаў сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябес да краю іх.

32 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галіны яе робяцца ўжо мяккімі і пускаюць лісьцё, дык ведаеце, што блізка лета.

33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ведайце, што блізка пры дзьвярох.

34 Запраўды кажу вам: не праміне род гэты, як усё гэтае станецца.

35 Неба й зямля прамінуць; але словы Мае не прамінуць.

36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет і ангелы нябесныя, а толькі Ацец Мой адзін.

37 Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.

38 Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й ішлі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у карабель,

39 і ня думалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.

40 Тады будуць у полі двое: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.

41 Дзьве мелючыя ў жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.

42 Дык ня сьпіце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.

43 Вам жа тое вядома, што, калі-б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, дык ня спаўбы і ня даў-бы падкапацца пад дом свой.

44 Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.

45 Хто-ж верны й разумны раб, што яго гаспадар паставіў над слугамі сваімі, каб даваць ім у пару есьці?

46 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.

47 Запраўды кажу вам, што над ўсею маемасьцяй сваёй паставіць его.

48 Калі-ж гэны благі слуга скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой,

49 і пачне біць сяброў сваіх ды есьці й ціць з п’яніцамі, —

50 то прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае,

51 і адлучыць яго і пакладзе яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгот зубоў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст