Галоўная > Новы Запавет > Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова
Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова29 лютага 2012. |
|
01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Разьдзел 1 1 Адкрыцьце Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў рабам Сваім, што мусіць стац-ца ў хуткім часе, і даў знак, паслаўшы праз Ангела Свайго рабу Свайму Іоану, 2 які пасьведчыў слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, ды тое, што сам бачыў. 3 Шчасьлівы, хто чытае і хто слухае словы прароцтва ды захоўвае напісанае ў ім: бо час блізкі. 4 Іоан да сямёх цэркваў, што ў Азіі: ласка на вас і мір ад Таго, што есьць і што быў і што прыдзе, ды ад сямёх духаў, што перад пасадам Ягоным, 5 і ад Ісуса Хрыста, сьведкі верыгоднага, першака із мёртвых і павадыра цароў зямных; Яму, палюбіўшаму нас ды ў крыві Сваёй абмыўшага нас ад грахоў нашых, 6 (ды зрабіў нас царамі й сьвяшчэньнікамі Богу і Айцу Свайму), хвала і дзяржава на вечныя вякі. Амін. 7 Вось, ідзе з хмарамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе роды зямлі. Але, амін. 8 Я ёсьць Альфа і Омэга, пачатак і канец, кажа Госпад, Які ёсьць і быў і прыдзе, Уседзяржыцель. 9 Я Іоан, і брат ваш і таварыш у горы і ў царстве і ў цярпеньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмос, дзеля слова Божага і сьведчаньня Ісуса Хрыста. 10 Я быў у духу ў дзень Гасподні і пачуў ззаду за мной вялікі голас, як-бы трубы, мовячы: 11 Я ёсьць Альфа і Омэга, Першы й Апошні; і: што бачыш, напішы ў кнігу ды пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляодыкію. 12 I я павярнуўся, каб пабачыць голас, што гутарыў са мною, і, павярнуўшыся, угледзіў сем залатых сьветачаў 13 і сярод сямёх сьветачау — падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгую шату і падперазанага праз грудзі залатым паясом; 14 а галава й валасы ў Яго белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы ў Яго, як полымя агністае; 15 і ногі ў Яго падобныя да медзі, быццам у печы распаленыя; і голас у Яго быццам гук водаў многіх; 16 і меў Ён у правай руцэ сваёй сем зорак; і із вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і аблічча ў Яго быццам сонца сьвеціць у сіле сваёй. 17 I, калі я ўгледзіў Яго, я паваліўся к нагам Ягоным, быццам мёртвы; і Ён паклаў на мяне Сваю правіцу, мовячы да мяне: Не палохайся: Я ёсьць Першы і Апошні ды Жывы; 18 і быў Я мёртвы і вось жыву на вечныя вякі; амін. I маю ключы пекла і сьмерці. 19 Напішы, што ўбачыў ды што ёсьць і што мае стацца пасьля гэтага: 20 тайна сямёх зорак, што бачыў ты ў правіцы Маёй, ды сем сьветачаў залатых: сем зорак — Ангелы сямёх цэркваў, а сем сьветачаў, што ты бачыў, ёсьць сем цэрквау. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 2 1 Ангелу Эфэскае царквы́́́́́ напішы: Вось што кажа Той, што дзяржыць сем зорак у правай руцэ сваёй ды што ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў: 2 Ведаю ўчынкі тваі і труд твой і цярплівасьць тваю, ды што ня можаш сьцярпець нягоднікаў і дасьведчыў тых, што называюць сябе апосталамі і ня ёсьць, ды знайшоў іх брахунамі, 3 і пакутаваў, і маеш цярплівасьць, ды дзеля іменьня Майго трудзіўся й не зьнямогся. 4 Але маю проці цябе тое, што пакінуў ты першую любоў тваю. 5 Дык прыпомні, скуль выпаў, і пакайся ды рабі першыя дзелы твае; калі-ж не, дык хутка прыйду да цябе і зрушу сьветач твой з месца ягонага, калі не пакаешся. 6 Адно тое маеш, што ненавідзіш дзелы Мікалаітаў, якія й Я ненавіджу. 7 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: хто пераможа, дам таму спажываці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага. 8 I ангелу Сьмірнскае царквы напішы: Вось што кажа Першы й Апошні, што быў памершы і ажыў: 9 Ведаю ўчынкі тваі і тугу й убожства (ты-ж багаты), ды ганьбаваньне ад тых, што называюць сябе Жыдамі й ня ёсьць, а ёсьць сынагога сатаны. 10 Ня бойся нічога, што маеш выцярпець. Вось д’ябал маніцца кідаці спаміж вас, каб спакусіць; і зазнаеце гора дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця. 11 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, не дазнае крыўды ад паўторнае сьмерці. 12 I ангелу царква, што ў Пэргаме, напішы: Вось што кажа Той, што мае меч двусечны востры: 13 Ведаю ўчынкі тваі, ды што жывеш там, дзе пасад шатана, і дзяржыш імя Мае ды не адрокся ад веры Маей у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе жыве сатана, верны Мой сьведка Антыпа. 14 Ды маю проці цябе няшмат, бо маеш тамака такіх, што дзяржацца навукі Валаама, які навучыў кінуць спакусу перад сынамі Ізраілявымі, каб елі жэртвы ідалавыя ды жылі ў блудзе. 15 Такжа маеш і ты такіх, што дзяржацца навукі Мікалаітаў, якую ненавіджу. 16 Пакайся: бо як не, хутка прыйду да цябе і ваяваціму з імі мячом вуснаў Маіх. 17 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, дам таму спажываці ад манны ўкрытае і дам яму камень белы й на камені імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі хто дастаў. 18 I Ангелу царквы ў Тыатыры напішы: Вось што кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агністае, а ногі Яго да медзі падобныя: . 19 Ведаю ўчынкі тваі і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі тваі, ды што апошніх балей, чым першых. 20 Але маю крыху проці цябе: бо даеш жанчыне Езавелі, што называе сябе прарочыцай, вучыць і баламуціць рабоў маіх, жыць распусна ды есьці жэртвы ідалавыя. 21 I даў Я ей час, каб пакаялася ў распусьце сваёй, ды не пакаялася. 22 Вось я кідаю яе на ложак і палюбоўнікаў яе ў вялікую тугу, калі не пакаюцца ў дзелох сваіх. 23 I дзяцей яе на сьмерць забъъ]’ю. I даведаюцца ўсе цэрквы, што Я ёсьць разьведчык нутра й сэрца. I дам вам кожнаму паводле дзел вашых. 24 Вам-жа кажу ды рэшце Тыатырцаў, якія ня маюць гэтае навукі і якія не пазналі так-званых глыбіняў шатана, што не ўзвалю на вас іншага цяжару, 25 адно тое, што маеце, дзяржыце, ажно пакуль ня прыду. 26 I хто пераможа й пілнаваціме дзелы мае да канца, таму дам уладу над паганамі, 27 і будзе пасьвіць іх паліцай зялезнай; як судзьдзе глінянае, пакрышацца яны, як і Я прыняў ад Айца Майго; 28 і дам яму зорку ранічную. 29 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 3 1 I Ангелу царквы ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, што мае сем духаў Божых ды сем зорак: Ведаю ўчынкі тваі, што маеш імя, што жывеш, ды ёсьць мёртвы. 2 Чувай і ўзмацняй рэшту, што маніцца ўмерці: бо не знайшоў Я, каб дзелы твае былі споўнены перад Богам. 3 Дык прыпомні, як ты прыняў ды чуў, і пілнуй ды пакайся. Калі-ж ня будзеш чуваць, прыду на цябе, быццам злодзей, і ня будзеш ведаць, у якую гадзіну прыду на цябе. 4 Мала маеш у Сардах імёнаў, што не запэцкалі вопраткі сваёй; яны будуць хадзіць са Мною ў белым, бо годны гэтага. 5 Хто пераможа, апранены будзе ў белыя шаты; і ня вычыркну імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя яго перад Айцом Маім і перад Ангеламі Яго. 6 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора. 7 I ангелу царквы ў Філядэльфіі напішы: Вось што кажа Сьвяты, Запраўдны, Які мае ключ Давідавы, што адмыкае — і ніхто не замкне, ды замыкае — і ніхто не адамкне: 8 Ведаю ўчынкі тваі; вось, Я даў перад табою дзьверы адамкнёныя, і ніхто ня можа замкнуць іх; малую маеш сілу, ды захаваў слова Маё і не адрокся ад іменьня Майго. 9 Вось, я даю: із сынагогі шатана, з тых, што называюць сябе Жыдамі, ды ня ёсьць, а ілгуць, — вось, я зроблю, каб яны прыйшлі й сукланіліся перад нагамі тваімі, і даведаюцца, што Я ўлюбіў цябе. 10 А што ты захаваў слова цярплівасьці Маей, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, што мае прыйсьці на ўсенькі сьвет, каб спакусіць жыхараў зямлі. 11 Вось, Я йду хутка; дзяржы, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго. 12 Хто пераможа, зроблю таго стаўбом у храме Бога Майго, і ўжо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя места Бога Майго, новага Ерузаліму, што зыходзе з неба ад Бога Майго, ды Маё новае імя. 13 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора. 14 I ангелу Ляодыкійскае царквы напішы: Вось што кажа Амін, сьведка верны й справядлівы, пачатак тварэньня Божага: 15 Ведаю ўчынкі тваі, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы; о, каб-жа ты быў сьцюдзёны або гарачы! 16 Дык вось, дзеля таго, што ты цёплы, а не сьцюдзёны ані гарачы, Я выкіну цябе із вуснаў Маіх. 17 Бо кажаш: я багаты і разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы, і ня ведаеш, што ты гаротны і мізэрны, і ўбогі, і сьляпы, і голы. 18 Раджу табе купіць у Мяне золата, ачышчанае ў вагні, каб разбагацеў; ды белую вопратку, каб апрануўся, ды каб ня выявіўся сорам нагасьці тваей; ды мазяй вочнаю памаж вочы твае, каб бачыў. 19 Я, каго люблю, дакараю й караю; дык будзь старэнны й пакайся. 20 Вось, стаю пры дзьвярох і стукаюся; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзьверы, Я выйду да яго і буду вячэраць з ім, дый ён са Мною. 21 Хто пераможа, дам яму сесьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным. 22 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 4 1 Пасьля гэтага я глянуў, і вось дзьверы расчыненыя на небе, і першы голас, які я чуў, быццам голас трубы, гукаючы са мною, сказаў: узыйдзі сюды, і пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага; 2 I я ўраз быў у духу; і вось пасад стаяў на небе, а на пасадзе — Сідзячы. 3 I Сідзячы з выгляду падобны быў да каменя ясьпісовага й сардыновага; і вясёлка навакол пасаду, з выгляду падобная да шмарагдовае. 4 I навакол пасаду дваццаць чатыры пасады; і на пасадах угледзіў я седзячы дваццаць чатырох старыкоў, апраненых у белыя вопраткі, і на галовах у іх былі залатыя вянкі. 5 І із пасаду выходзяць маланкі й грымоты й галасы; і сем сьветачаў агністых гараць перад пасадам і есьць сем духаў Божых. 6 I перад пасадам мора шклянае, падобнае да крышталу, і ўсярэдзіне пасаду ды навакол пасаду чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду. 7 I першая жывёла падобная да лева, і другая жывёла падобная да цяляці, і трэцяя жывёла мела аблічча, як чалавек, і чацьвертая жывёла падобна да арла лятучы. 8 I чатыры жывёлы, кожная па сабе, мелі па шэсьць крыльляў наўкола і ўсярэдзіне поўны вачэй; і ўдзень і ўначы ня маюць супачынку, гаворачы: Сьвят, Сьвят, Сьвят Госпад Бог Уседзяржыцель, што быў і што ёсьць і што йдзе. 9 I калі жывёлы аддаюць хвалу і чэсьць і падзяку Сідзячаму на пасадзе, Жывучаму на вечныя вякі, 10 упадаюць дваццаць чатыры старыкі перад Сідзя́́́чым на пасадзе і кланяюцца Жывучаму на вечныя вякі і кідаюць свае вянкі перад пасадам, кажучы: 11 Госпадзе! Ты годзен узяць хвалу і чэсьць і сілу, бо Ты стварыў усё, і воляй Тваей яно ёсьць і створана. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 5 1 I ўгледзіў я ў правіцы Сідзячага на пасадзе кнігу, запісаную ссярэдзіны і зьверху, запячатаную сямёма пячацямі. 2 I ўгледзіў я Ангела дужога, абвяшчаючы голасам вялікім: Хто годзен разгарнуць кнігу і зьняць пячаці яе? 3 I ніхто ня здолеў на небе ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу й глянуць у яе. 4 I я вельмі плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу, ці глянуць у яе. 5 I адзін із старыкоў кажа мне: Ня плач! Вось, леў, што з роду Юдавага, карэнь Давідавы, перамог, каб разгарнуць кнігу й зьняць сем пячацяў яе. 6 I глянуў я, і вось пасярод пасаду й чатырох жывёлаў ды пасярод старыкоў Ягня стаіць, быццам заколенае, маючы сем рагоў і сем вачэй, што ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю. 7 I прыйшло ды ўзяло кнігу з правіцы Сідзячага на пасадзе. 8 I, як узяло кнігу, чатыры жывёлы й дваццаць чатыры старыкі ўпалі прад абліччам Ягняці, маючы кожын гусьлі й чары залатыя, поўныя пахнідлаў, што ёсьць малітвы сьвятых; 9 і пяюць новую песьню, мовячы: Ты годзен узяць кнігу ды зьняць пячаці з яе, бо Цябе закалолі, і Ты Крывёю Сваей адкупіў нас Богу із кожнага роду й языка і народу ды паганаў, 10 і зрабіў нас Богу нашаму царамі й сьвяшчэньнікамі; і будзем царыць на зямлі. 11 I глядзеў я і чуў голас множства ангелаў навакол пасаду й жывёлаў і старыкоў; і лічба іх была мірыяды мірыядаў і тысячы тысячаў, 12 мовячы голасам вялікім: Годна Ягнятка заколенае ўзяць сілу й багацьце, і мудрасьць, і моц, і чэсьць, і хвалу, і багаслаўленьне. 13 I ўсякае стварэньне, што на небе й на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, дый усё, што ў іх, чуў я, мовячы: Сідзячаму на пасадзе й Ягняці багаслаўленьне і чэсьць, і хвала, і сіла на вечныя вякі. 14 I чатыры жывёлы гаварылі: Амін. I дваццаць чатыры старыкі ўпалі і сукланіліся Жывучаму на вечныя вякі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 6 1 I ўбачыў я, што Ягня зьняло адну з пячацяў, і пачуў адну з чатырох жывёлаў, мовячы быццам грымотным голасам: Ідзі ды глядзі. 2 I я паўзіраўся, і вось белы конь, і коньнік на ім ды з лукам; і далі яму вянок, і выйшаў пераможнік, каб перамагчы. 3 I, калі зьняло Яно другую пячаць, я пачуў другую жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. 4 I выйшаў другі конь рыжы, і коньніку на ім дадзена ўзяць мір із зямлі, ды каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялізарны. 5 I, як зьняло трэцюю пячаць, пачуў я трэцюю жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. I я паўзіраўся, і вось конь вараны, і коньнік на ім, маючы ў руцэ сваёй вагу; 6 і пачуў я голас спасярод чатырох жывёлаў, мовячы: Мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; і алівы й віна не марнуй. 7 I, як зьняло чацьвертую пячаць, пачуў я голас чацьвертае жывёлы, мовячы: Ідзі ды глядзі. 8 I я паўзіраўся, і вось конь бляды, і коньнік на ім, што імя яму сьмерць, і пекла сьледам за ім; і дадзена ім улада забіваці на чацьвертай часьці зямлі мячом і голадам, і сьмерцяй, ды зьвярыма зямнымі. 9 I, як зьняло Яно пятую пячаць, убачыў я пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае ды за сьведчаньне, што мелі; і загаманілі голасам вялікім, мовячы: 10 Дакуль, Валадару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня мсьцішся за кроў нашу над жыхарамі зямлі? 11 І далі кожнаму белыя вопраткі і сказалі, каб супачывалі яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць суслужнікі іхнія ды браты іхнія, што маюць быць забіты, як і яны. 12 I паўзіраўся я, як зьняло Яно шостую пячаць. I вось зрабілася вялікае ўстрасеньне, і сонца пацямнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся, як кроў, 13 і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю, як смакоўніца, устрасаная вялікім ветрам, скідае недасьпелыя смоквы свае; 14 і неба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара і востраў скрануліся з месц сваіх; 15 і цары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і асілкі, і кожын раб ды кожын вольнік паўкрываліся ў пячорах і ў горных расколінах 16 дый кажуць горам і скалам: Звалецеся на нас і ўкрыйце нас ад аблічча Сідзячага на пасадзе ды ад гневу Ягняці: 17 бо настаў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто здолее ўстаяці? 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 7 1 I пасьля гэтага ўгледзіў я чатырох ангелаў, якія, стоючы на чатырох вуглох зямлі, дзяржалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва. 2 І ўгледзіў я другога ангела, які ўзыходзіў ад усходу сонца, маючы пячаць Бога Жывога; і гукнуў ён вялікім голасам да чатырох ангелаў, якім дадзена шкоду чыніці зямлі й мору, мовячы: 3 Ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхніх. 4 I пачуў я лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усіх родаў сыноў Ізраілявых. 5 Із роду Юдавага дванаццаць тысяч папячатаных; з роду Рувімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Гадавага дванаццаць тысяч папячатаных; 6 із роду Асіравага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Нэфталімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Манасьсіявага дванаццаць тысяч папячатаных; 7 із роду Сымэонавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Левіявага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ізахаравага дванаццаць тысяч папячатаных; 8 із роду Завулёнавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Бэніямінавага дванаццаць тясяч папячатаных. 9 Пасьля гэтага глянуў я, і вось вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, із усіх пляменьняў і родаў, і народаў, і языкоў, стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апрануўшыся ў белыя шаты, і пальмы ў руках іхніх; 10 і загукалі вялікім голасам, мовячы: Спасеньне Богу нашаму, што сядзіць на пасадзе, ды Ягняці. 11 I ўсе ангелы стаялі навакол пасаду і старыкоў і чатырох жывелаў і ўпалі перад пасадам на твар свой і сукланіліся Богу, 12 мовячы: Амін! Багаслаўленьне і хвала, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на вечныя вякі! Амін! 13 I азваўся адзін із старыкоў, мовячы да мяне: Гэтыя апраненыя ў белыя шаты — хто яны і скуль прыйшлі? 14 І я сказаў яму: Ты ведаеш, пане. I сказаў ён мне: Гэта тыя, што прыйшлі з вялікага гора; яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці. 15 Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў храме Ягоным; і Сідзячы на пасадзе жыціме ў іх; 16 і ня будуць яны ўжо хацець есьці ані піці, і не падзе на іх сонца ані жадная сьпека. 17 Бо Ягня, што пасярод пасаду, будзе іх пасьвіць і вадзіць іх да жывых крыніцаў вод. I абатрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 8 1 I, як зьняло Яно семую пячаць, настала маўчаньне на небе блізу на паўгадзіны. 2 I ўгледзіў я сем ангелаў, што стаялі перад Богам, і дадзены ім сем труб. 3 I прыйшоў іншы ангел і стануў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму багата пахнідлаў, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам. 4 I ўзьняўся перад Богам дым ад пахнідлаў з малітвамі сьвятых із рукі ангела. 5 I ўзяў ангел кадзільню й напоўніў яе агнём з ахвярніку ды кінуў на зямлю; і сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і трасеньне. 6 I сем ангелаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся трубіць. 7 I затрубіў першы Ангел, і стаўся град і агонь, зьмешаныя з крывёю, і выпалі на зямлю; і траціна дзярэў згарэла, і ўся трава зялёная выгарэла. 8 I затрубіў другі Ангел, і быццам гара вялізарная, палаючая агнём, звалілася ў мора; і траціна мора сталася крывёй; 9 і вымерла траціна стварэньняў у моры, што мелі дух, і траціна судзен пагібла. 10 I трэці Ангел затрубіў, і звалілася з неба вялізная зорка, як паходня палаючая, і ўпала на траціну рэк ды на крыніцы водаў; 11 і імя зоркі чытаецца Палын; і траціна водаў перакінулася ў палын, і многа людзей памерла ад тых водаў, бо прагорклі. 12 I чацьверты Ангел затрубіў, і была паражона траціна сонца і траціна месяца і траціна зорак, каб траціна іх зацьмілася, ды каб дзень траціну не сьвяціў і таксама ночка. 13 I бачыў я і чуў, як адзін Ангел ляцеў пасярод неба і вялікім голасам гаварыў: Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох Ангелаў, што маюць трубіць! 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 9 1 I пяты Ангел затрубіў, і ўгледзіў я зорку, якая ўпала з неба, і дадзены быў ей ключ ад калодзежа бяздоньня; 2 і адамкнула яна калодзеж бяздоньня, і ўзьняўся з калодзежа дым, быццам дым з вялізарнае печы; і зацьмілася сонца й паветра ад дыму з калодзежа. 3 I з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ей улада, як маюць уладу скарпіоны зямныя; 4 і сказана ей, каб не рабіла шкоды траве зямной, ані зельлю ніякаму, ані дрэву ніякаму, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаці Божае на лабох сваіх; 5 і дадзена ей, каб іх не забівала на сьмерць, але каб мучыла пяць месяцаў; і мука ад яе, як мука ад скарпіона, калі ўкусе чалавека. 6 і ў гэтыя дні шукацімуць людзі сьмерці і ня знойдуць яе; і жадацімуць памерці, ды сьмерць будзе ўцякаці ад іх. 7 I выгляд саранчы падобны да каней, прыгатаваных да бітвы, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і твары ў яе быццам твары чалавечыя. 8 I валасы мела, як валасы ў жанок; і зубы ў яе як у львоў былі. 9 I мела панцыры, быццам панцыры зялезныя; і гук ад крыльляў яе быццам гук ад вазоў, калі множства каней бягуць на бітву. 10 I мае хвасты, падобныя да скарпіонавых, і ў хвастох у яе джала было; і ўлада яе — шкодзіць людзям пяць месяцаў. 11 I мае над сабою за цара ангела бяздоньня: імя яму па-жыдоўску Аваддон, а пагрэцку мае імя Апольліон. *) 12 Адно гора прайшло; вось, ідуць яшчэ два горы за ім. 13 I шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас із чатырох вуглоў залатога ахвярніку, што перад Богам, 14 які мовіў да шостага Ангела, што меў трубу: Разьвяжы чатырох Ангелаў, што зьвязаны над вялікай ракой Эўфратам. 15 I разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваны на гадзіну і дзень, і месяц, і год, каб забіці траціну людзей. 16 I лічба коннага войска дзьве мірыяды мірыяд; і я чуў лічбу іх. 17 І гэтак бачыў я коні ў прывідзе і коньнікаў на іх, што мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя і серкавыя; і галовы ў каней, як галовы у львоў, і із ратоў іх выходзе агонь і дым і серка; 18 трыма гэтымі была забіта траціна людзей: агнем і дымам і серкай, што выходзілі із ратоў іхніх. 19 Бо сіла іхняя у ратох іх; бо хвасты ў іх падобныя да зьмеяў, маюць галовы ды імі шкодзяць. 20 I рэшта людзей, што ня былі пазабіваны плягамі гэтымі, не пакаяліся ў дзелох рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам ды ідалам залатым і сярэбраным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, што ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць; 21 і не пакаяліся ў забойствах сваіх, ані ў чараваньнях сваіх, ані ў распуснасьці сваёй, ані ў крадзежах сваіх. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 10 1 I ўбачыў я іншага Ангела, дужога, зыходзячы з неба, які апранены быў у хмару, і над галавою ягонай была вясёлка, і аблічча ў яго быццам сонца, і ногі ў яго быццам слупы вагністыя; 2 і меў ён у руцэ сваёй кніжыцу разгорненую; і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю, 3 ды гукнуў ён голасам вялікім, быццам леў рычыць; і, як гукнуў ён, прамовілі сем грымотаў галасамі сваімі. 4 I, як прамовілі сем грымотаў галасамі сваімі, я маніўся пісаць; і пачуў голас з неба, які гаварыў мне: Запячатай, што прамовілі сем грымотаў, і ня пішы гэтага. 5 I Ангел, Якога бачыў я стоючы на моры й на зямлі, узьняў руку сваю да неба 6 і пакляўся Жывучым на вечныя вякі, Каторы стварыў неба і што ў ім, ды зямлю і што ў ёй, ды мора і што ў ім, што ня будзе ўжо часу, 7 адно ў дні голасу сёмага Ангела, калі той затрубіць, ды споўніцца тайна Божая, як Ён абвясьціў рабам сваім Прарокам. 8 I голас, які чуў я з неба, ізноў прамовіў да мяне і сказаў: Ідзі, вазьмі кніжыцу разгорненую ў руцэ Ангела, што стаіць на моры й на зямлі. 9 I пайшоў я к Ангелу, кажучы яму: Дай мне кніжыцу. I кажа мне: Вазьмі ды зьеш яе; і зробіць яна горка табе ў жываце, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. 10 і ўзяў я кніжыцу з рукі Ангела ды зьеў яе; і, як зьеў яе, прагорк жывот мой. 11 І кажа ён мне: Ты мусіш ізноў прарочыць аб народах, і плямёнах, і языкох, і царох многіх. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 11 1 I дадзена мне трысьціна, падобная да паліцы; і Ангел, стоючы, сказаў: Паўстань і памерай храм Божы і ахвярнік і тых, што ў ім пакланяюцца; 2 а панадворак, што перад храмам, кінь вонках ды ня мерай яго, бо ён дадзены паганам: і места сьвятое таптацімуць сорак два месяцы. 3 I дам двум сьведкам маім, і будуць прарочыць тысяча дзьвесьце шэсьцьдзесят дзён, апрануўшыся ў палатніну. 4 Гэта ёсьць дзьве аліўкі і два сьветачы, што перад Богам зямлі стаяць. 5 I, калі хто схоча зрабіці ім крыўду, агонь выйдзе із вуснаў іх ды пажарэ ворагаў іхніх; і калі хто схоча зрабіці ім крыўду, мусіць быць гэтак забіты. 6 Яны маюць уладу замкнуці неба, каб ня падаў дождж у дні прарочаньня іхняга; і маюць уладу над водамі — ператвараць іх у кроў і біці зямлю ўсякімі плягамі, колькі-б хацелі. 7 I калі скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, што выйдзе з бяздоньня, учыніць вайну з імі і пераможа іх ды пазабівае іх. 8 I трупы іх на вуліцы вялікага места, што называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе і Госпад наш быў распяты. 9 I із народаў, і родаў, і языкоў, і плямёнаў бачыць будуць трупы іхнія ў працягу трох дзён і паўдня, і не пазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы; 10 і жыхары зямлі будуць цешыцца над імі й весяліцца; і пасылацімуць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жыхараў зямлі. 11 I цераз тры дні і паўдня дух жыцьця зыйшоў на іх ад Бога, і паўсталі на ногі свае, і страх вялікі напаў на тых, што бачылі іх. 12 I пачулі голас вялікі з неба, мовячы да іх: Узыйдзеце сюды. I ўзыйшлі на неба ў хмары, і бачылі іх ворагі іхнія. 13 I ў гэну гадзіну зрабілася трасеньне вялікае, і дзесятая частка места завалілася, і забіты ў трасеньні сем тысяч імёнаў чалавечых; а рэшта былі зьняты жахам і аддалі хвалу Богу нябёсаў. 14 Другое гора прайшло; вось, хутка йдзе трэцяе гора. 15 I сёмы Ангел затрубіў, і сталіся вялікія галасы на небе, якія мовілі: Царствы сьвету сталіся Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе царыць на вякі вечныя. 16 I дваццаць чатыры старыкі, што перад Богам сядзелі на пасадах сваіх, паваліліся на твар свой і пакланіліся Богу, 17 мовячы: Дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю, Які ёсьць і быў і йдзеш, што прыняў Ты сілу Сваю вялікую і запанаваў. 18 I ўзлаваліся пагане, і прыйшоў гнеў Твой і пара судзіці мёртвых і даць нагароду рабам Тваім прарокам і сьвятым, і баячымся іменьня Твайго, малым ды вялікім, і вынішчыць тых, што нішчаць зямлю. 19 I расчыніўся храм Божы ў небе, і паказалася скрыня запавету Яго ў храме Ягоным; і былі маланкі й галасы, і грымоты, і трасеньне, ды град вялізарны. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 12 1 I знак вялізны паказаўся на небе: жанчына, апраненая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве яе вянок із дванаццацёх зорак. 2 I, быўшы ўцяжку, крычэла ад болю і мукаў радзільных. 3 I паказаўся другі знак на небе: вось зьмей вялізарны, як агонь чырвоны, з сямёма галовамі й дзесяцьма рагамі, і на галовах яго сем дыадэмаў; 4 і хвост ягоны ўвалок траціну зорак з неба ды кінуў іх на зямлю. I зьмей стануў перад жанчынай, што мелася радзіць, каб, як уродзе, зжэрці дзіця яе. 5 I ўрадзіла сына, хлопчыка, што мае пасьвіць усе народы паліцай зялезнай; і ўзята дзіцятка яе да Бога й пасаду Ягонага, 6 і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, ад Бога прыгатаванае, каб кармілі яе тамака тысяча дзьвесьце шэсьцьдзесят дзён. 7 I ўзьнялася вайна на небе: Міхал і Ангелы ягоныя ваявалі са зьмеем, і зьмей ваяваў ды ягоныя Ангелы, 8 ды не асілілі, і не знайшлося ўжо месца для іх на небе. 9 I скінены быў той зьмей вялізарны, вужака старавечны, называны д’ябалам і сатаной, што зводзе з дарогі простай усенькі сьвет, — скінены на зямлю, і з ім разам скінены ангелы ягоныя. 10 І пачуў я голас вялікі, мовячы ў небе: Цяпер настала спасеньне і сіла і царства Бога нашага, ды ўлада Хрыста Ягонага: бо скінены паклёпнік на братоў нашых, што дзень і ноч вінаваціў іх брахліва перад Богам нашым. 11 І яны перамаглі яго Крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго ды ня ўлюбілі душ сваіх ажно да сьмерці. 12 Дзеля гэтага радуйцеся, нябёсы і тыя, што жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас дябал у гневе вялікім, ведаючы, што ня шмат мае часу. 13 I, як угледзіў зьмей, што ён скінены на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, што ўрадзіла хлапчанё. 14 I дадзены жанчыне двое крыльляў вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча вужакі, дзе-б кармілася пару, поры ды паўпары. 15 I пусьціў вужака за жанчынай ваду із роту свайго, быццам раку, каб рака панесла яе. 16 I памагла жанчыне зямля, і расчыніла зямля вусны свае ды праглынула раку, што пусьціў зьмей із роту свайго. 17 I разьюшыўся зьмей на жанчыну і пайшоў ваяваць з рэштай із насеньня яе, што захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 13 1 І стануў я на пяску марскім; і ўгледзіў зьвера, выходзячы з мора, які меў сем галоў і дзесяць рагоў; і на рагох у яго дзесяць дыадэмаў, і на галовах ягоных імёны блюзьнерскія. 2 I зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да рыся, і ногі ў яго, як у мядзьведзя, і рот у яго, як рот у лева. I даў яму зьмей сілу сваю і пасад свой і ўладу вялікую. 3І бачыў я адну із галоў яго, быццам на сьмерць забітую, і рана яе сьмяротная залечана, і дзівілася ўсенька зямля ззаду за зьверам. 4 I пакланіліся зьмею, што даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, гаворачы: Хто падобны да гэтага зьвера? Хто здольны бароцца з ім? 5 I дадзены яму вусны гаварыць вялікае і блюзьнерскае; і дадзена яму ўлада вясьці вайну сорак два месяцы. 6 I расчыніў ён вусны свае дзеля блюзьнерства проці Бога, каб блюзьніць проці іменьня Ягонага і сялібы Ягонае і тых, што жывуць у небе. 7 I дадзена яму вясьці вайну з сьвятымі ды перамагчы іх; і дадзена яму ўлада над усякім родам і языком і народам. 8 I паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця Ягняці заколенага ад стварэньня сьвету. 9 Калі хто мае вуха, слухай! 10 Хто вядзе ў палон, у палон пойдзе; хто мячом забівае, сам мусіць быць мячом забіты. Тут цярплівасьць і вера сьвятых. 11 І ўгледзіў я другога зьвера, выходзячы із зямлі, і меў ён двое рагоў, падобных да ягнячых, ды гукаў, як зьмей; 12 і ўсю ўладу першага зьвера зьдзейсьняе ён перад ім: прымушае зямлю і жыхараў яе пакланяціся першаму зьверу, у якога залечана сьмяротная рана яго. 13 I робіць знакі вялікія, так што й агонь прымушае зыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі, 14 ды баламуціць жыхараў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зьверам, ды кажа жыхарам зямлі рабіць абраз зьвера, што мае рану ад мяча і выжыў. 15 I дадзена яму надзяліць абраз зьвера духам, каб абраз зьвера і гаварыў, і рабіў, каб тыя, хто толькі не паклоніцца абразу зьвера, былі-б забіты. 16 I робіць, каб усім — малым і вялікім, і багатым і бедным, і вольным і рабом — дадзена было ім кляймо на правай руцэ іх або на лобе іх, 17 ды каб ніхто ня мог ні купляць ні прадаваць, апрача толькі тых, што маюць кляймо, або імя зьвера, або лічбу іменьня ягонага. 18 Вось дзе мудрасьць. Хто мае розум, аблічы лічбу зьвера; бо гэта лічба чалавека. I лічба яго шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 14 1 I глянуў я, і вось Ягня стаіць на гарэ Сыоне, і з ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць імя Айца Ягонага напісанае на лобе іх. 2 I пачуў я голас з неба, быццам гук ад множства водаў, ды быццам гук грымоту вялікага; і чуў я голас гусьляроў, на гусьлях сваіх іграючых; 3 і пяюць яны як-бы песьню новую перад пасадам і перад чатырма жывёламі і старыкамі; і ніхто ня мог навучыцца песьні гэнае, апрача тых ста сараку чатырох тысячаў, што выкуплены ад зямлі. 4 Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі, бо яны чыстыя; гэта тыя, што йдуць сьледам за Ягнём, куды-б Яно ні пайшло. Яны выкуплены ад людзей, першакі Богу й Ягняці. 5 I ў вуснах у іх няма хітраваньня: бо беззаганныя яны перад пасадам Божым. 6 I ўгледзіў я другога Ангела, лятучы пасярод неба, які меў вечнае Эвангельле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі і ўсім плямёнам і родам і языкам і народам, 7 ды гаварыў вялікім голасам: Бойцеся Бога і аддайце хвалу Яму, бо прыйшоў час суду Ягонага; і пакланецеся Стварыцелю неба й зямлі, і мора, і крыніцаў вод. 8 I другі Ангел ішоў сьледам, мовячы: Упаў, упаў Вавілён, места вялізнае, бо юрным віном блуду свайго напаіў усе народы. 9 I трэці Ангел ішоў сьледам за імі, мовячы вялікім голасам: Калі хто паклоніцца зьверу й абразу ягонаму ды прыме кляймо на лоб свой ці на руку сваю, 10 той піціме віно гневу Божага, налітае без дамешкі ў чару гневу Ягонага, і будзе мучыцца ў вагні ды ў серцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягнём; 11 і дым мукі іх будзе ўзьнімацца на вечныя вякі, і няма супакою ўдзень і ўначы тым, што пакланяюцца зьверу й абразу ягонаму, ды хто прыняў кляймо іменьня ягонага. 12 Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, што захоўваюць запаведзі Бога і веру Ісусаву. 13 І пачуў я голас з неба, які казаў мне: Напішы: адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, што ўміраюць у Госпадзе. Запраўды́́́, кажа Дух: каб супачылі ад трудоў сваіх, і ўчынкі іх ідуць сьледам за імі. 14 I глянуў я: і вось хмара белая, і на хмары сядзіць падобны да Сына Чалавечага, маючы на галаве Сваей вянок залаты і ў руцэ Сваей востры серп. 15 I выйшаў із храму другі Ангел ды гукнуў вялікім голасам да Сідзячага на хмары: Пашлі серп Твой ды жні; бо прыйшла для Цябе гадзіна жніва, бо жніво зямлі дасьпела. 16 I кінуў Сідзячы на хмары серп Свой на зямлю, і зямля была пажата. 17 I другі Ангел выйшаў із храму, што на небе, ды сам маючы востры серп. 18 I выйшаў із ахвярніку іншы Ангел, што мае ўладу над агнем, і вялікім крыкам крыкнуў маючаму востры серп, мовячы: Пашлі твой востры серп ды зьбяры гронкі вінаграду зямлі, бо ўжо дасьпелі ягады яго. 19 I кінуў Ангел серп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў у ступу вялізную гневу Божага; 20 і патапталі ў ступе вонках места, і выйшла кроў із ступы ажно да вуздаў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 15 1 I ўгледзіў я другі знак на небе — вялікі й дзіўны: сем Ангелаў, маючых сем плягаў апошніх, якімі канчаўся гнеў Божы. 2 I ўбачыў я нібы шклянае мора, зьмешанае з агнём, і тых, што перамагалі зьвера і абраз ягоны, і кляймо ягонае, і лічбу іменьня яго, якія стаялі на шкляным моры, маючы гусьлі Божыя; 3 і пяюць яны песьню Майсея, раба Божага, і песьню Ягняці, мовячы: Вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае, Госпадзе Божа Уседзяржыцелю! Справядлівыя й праўдзівыя шляхі Тваі, Цару сьвятых! 4 Хто не ўбаіцца Цябе, Госпадзе, і не пахваліць імя Тваё? Бо-ж адзін Ты сьвяты: бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца Табе, бо выявіліся суды Тваі. 5 I пасьля гэтага глянуў я: і вось раочыніўся храм скініі сьведчаньня на небе, 6 і выйшлі із храму сем Ангелаў, маючы сем плягаў, апраненыя ў чыстую і сьветлую ільняную вопратку ды падперазаныя праз грудзі залатымі паясамі. 7 I адна із чатырох жывёлаў дала сямём Ангелам сем залатых чар, поўных гневу Бога, жывучага на вечныя вякі. 8 I напоўніўся храм дымам ад хвалы Божае і ад сілы Ягонае; і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль ня скончыліся сем плягаў сямёх Ангелаў. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 16 1 I пачуў я голас вялікі з храму, мовячы да сямёх Ангелаў: Ідзеце й выліце чары гневу Божага на зямлю. 2 І пайшоў першы і выліў чару сваю на зямлю: і зрабіліся благія й агідныя раны ў людзей, што мелі кляймо зьвера, дый у тых, што пакланяліся абразу ягонаму. 3 I другі Ангел выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая памерла ў моры. 4 I трэці Ангел выліў чару сваю ў рэкі й крыніцы водаў: і зрабілася кроў. 5 I пачуў я Ангела водаў, мовячы: Справядлівы Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў і сьвят, што прысудзіў гэтак: 6 бо яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, дык і Ты даў ім кроў піці; яны-ж варты гэтага. 7 I пачуў я другога, які мовіў з ахвярніку: Але, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю: суды Тваі правільныя і справялівыя. 8 I чацьверты Ангел выліў чару сваю на сонца: і дадзена яму паліць людзей у вагні. 9 I паліла людзей вялікая сьпека, і блюзьнілі яны проці йменьня Бога, Які мае ўладу над усімі плягамі, ды не адумаліся даці хвалу Яму. 10 I пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьвера: і зацьмілася царства ягонае, і яны кусалі языкі свае ад болю 11 і блюзьнілі проці Бога Нябеснага ад мукаў сваіх ды ран сваіх, ды не пакаяліся ў учынках сваіх. 12 I шосты Ангел выліў чару сваю ў вялікую раку, у Эўфрат: і высахла вада ў ёй, каб прыгатавана была дарога для цароў, што ад усходу сонца. 13 I ўгледзіў я з вуснаў зьмея і з вуснаў зьвера і з вуснаў фальшывага прарока тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў: 14 бо гэта духі дэманаў, што робяць знакі, ды што выходзяць на цароў зямлі ды ўсенькага сусьвету, каб сабраць іх на вайну ў той дзень вялікі Бога Ўседзяржыцеля. 15 Вось, іду, як злодзей: шчасьлівы, хто ня сьпіць ды хавае вопратку сваю, каб не хадзіці яму голаму, і каб ня бачылі сораму яго. 16 I сабраў ён іх у месцы, што пажыдоўску называецца Армагеддон. 17 I сёмы Ангел выліў чару сваю на паветра: і выйшаў голас вялікі із храму нябеснага, ад пасаду, мовячы: Сталася! 18 I ўзьняліся галасы, і грымоты, і маланкі, і трасеньне зрабілася вялікае, якога ня бывала ад часоў, як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткае трасеньне! Такое вялізарнае! 19 I распалася места вялікае на тры часьці, і месты паганскія заваліліся; і Вавілён, места вялікае, прыпомніўся перад Богам, каб даці яму чару віна яраснага гневу Ягонага. 20 I кожын востраў счэз, і ніводнае гары не знайшлося. 21 I выпаў град вялікі, як таленты* з неба на людзей; і блюзьнілі людзі проці Бога за ўдары ад граду, бо ўдар ад яго надта цяжкі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 17 1 I прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў — тых, што мелі сем чараў, і прамовіў да мяне, кажучы мне: Хадзі, я пакажу табе суд над распусьніцай вялікай; што сядзіць над водамі многімі, 2 з якою блудзілі цары зямныя, і віном распуснасьці яе ўпіваліся жыхары зямлі. 3 I павёў мяне ў духу ў пустыню. I ўгледзіў я жанчыну, сядзючы на зьверу чырвоным, поўным імёнаў блюзьнерскіх, з сямёма галовамі і дзесяцьма рагамі, 4 I жанчына апрануўшыся ў порфіру і пурпур і аздобленая золатам і дарагім каменьнем ды пэрламі, маючы ў руцэ сваей чару залатую, поўную агіды й бруду распусты яе; 5 і на лобе ў яе напісана слова: тайна, Вавілён вялікі, маці распусьніц і агіды зямное. 6 I ўбачыў я, што жанчына ап’янела ад крыві сьвятых і ад крыві сьведкаў Ісусавых; і, бачучы яе, дзівіўся я задзіўленьнем вялікім. 7 I сказаў мне Ангел: Што ты дзівуешся? Я табе скажу тайну жанчыны і зьвера, што носіць яе ды мае сем галоў і дзесяць рагоў. 8 Зьвер, якога ты бачыў, быў і няма, і выйдзе з бяздоньня і пойдзе на пагібель; і задзівяцца жыхары зямлі (імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьвету), бачучы зьвера, што быў і няма, хаця ёсьць. 9 Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў ёсьць сем гор, дзе жанчына сядзіць на іх, ды ёсьць сем цароў: 10 пяць упалі, і адзін ёсьць, другі яшчэ ня прыйшоў; калі-ж прыйдзе, нядоўга мае быць. 11 I зьвер, які быў і няма, сам ёсьць восмы ды із сямех і на пагібель ідзе. 12 I дзесяць рагоў, што ты бачыў, ёсьць дзесяць цароў, якія йшчэ царства не ўзялі, але возьмуць уладу, як цары, на адну гадзіну разам са зьверам; 13 яны маюць адну думку і сілу ды ўладу сваю аддадуць зьверу. 14 Яны будуць вясьці вайну з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Яно Госпад валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, пакліканыя і выбраныя і верныя. 15 I кажа мне: Воды, што ты бачыў, дзе сядзіць распусьніца, ёсьць народы й грамады, і плямёны й языкі. 16 I дзесяць рагоў, што бачыў ты на зьверу, тыя зьненавідзяць распусьніцу і спустошаць яе ды аголяць, і цела яе будзе зьедзена, і спаляць яе ў вагні; 17 бо Бог даў у сэрца ім учыніць волю Ягоную ды ўчыніць аднадумна і даць царства іхняе зьверу, дакуль ня споўняцца словы Божыя. 18 I жанчына, якую ты бачыў, ёсьць места вялікае, што мае царства над царамі зямнымі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 18 1 I пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, зыходзячы з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля асьвяцілася ад славы ягонае; 2 і крыкнуў ён крэпка, мовячы голасам вялікім: Паў, паў Вавілён, вялікая (распусьніца), і стаўся памяшканьнем дэманаў і прыпынкам для ўсіх духаў нячыстых і прыстанішчам для ўсякага птаства нячыстага і агіднага; 3 бо юрным віном распуснасьці сваей напаіла яна ўсе народы, і цары зямныя сваволілі з ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад сілы раскошы яе. 4 I пачуў я другі голас з неба, мовячы: Выйдзі з яе, мой народзе, каб ня быць учасьнікамі ў грахох яе і ня прыняці ўдараў яе; 5 бо дайшлі грахі яе ажно да неба, і ўспомніў Бог аб няпраўдах яе. 6 Аддайце ей, як і яна аддавала вам, і падвойце ей удвая паводле ўчынкаў яе; у чары, у якой яна мяшала (віно), мяшайце ей удвая. 7 Колькі ўслаўляла яна сябе й раскошавалася, гэтулькі дайце ей мукаў і суму; бо яна кажа ў сэрцы сваім: Сяджу царыцай, і не ўдава я, і суму не пабачу. 8 Дзеля гэтага ў вадзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць і туга і голад; і будзе спалена ў вагні: бо дужы Госпад Бог, што судзіць яе. 9 I заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што сваволілі й раскошаваліся з ею, калі ўгледзяць дым ад пажару яе, 10 стоючы здалёк дзеля страху ад мукі яе ды гаворачы: Гора, гора (табе), места вялікае Вавілён, места магутнае, бо ў вадну гадзіну прыйшоў суд твой! 11 І купцы зямныя заплачуць ды засумуюць па ёй, бо ніхто ўжо ня купляе тавару іхняга, 12 тавару із золата й серабра, і каменьня дарагога і пэрлаў, і віссону й порфіры, і шоўку й пурпуру, ды ўсякага дрэва пахучага, і ўсякіх вырабаў із косьці сланёвае, і ўсякіх вырабаў із дрэва дарагога і медзі й зялеза і мармару, 13 і цынамону, і пахнідлаў, і міра, і ладану, і віна, і алівы, і мукі, і пшаніцы, і скаціны й авечак, і каней ды вазоў, і целаў дый душ чалавечых. 14 I плады пажаданыя душы тваёй адыйшліся ад цябе; і ўсё ўкормленае ды бліскучае адыйшлося ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага. 15 I таргаваўшыя гэтым, што разбагацелі ад яе, воддаль стаяцімуць дзеля страху прад мукаю яе, плачучы й галосячы 16 ды мовячы: Гора, гора (табе), места вялікае, у віссон і порфіру і пурпур апраненае, аздобленае золатам і каменьнем дарагім і пэрламі: 17 бо ў вадну гадзіну спустошана гэткае багацьце! I ўсе кармачы, і ўсе людзі на караблёх, і карабельнікі, і ўсе працаўнікі на моры воддаль стаялі 18 і, бачучы дым ад пажару яго, крычэлі, мовячы: Якое падобна да места вялікага? 19 I сыпалі попел на галовы свае і крычэлі, плачучы й галосячы, ды мовілі: Гора, гора (табе), места вялікае, у якім разбагацелі ад скарбаў тваіх усе, хто мае караблі на моры: бо ў вадну гадзіну ты спустошана! 20 Узьвесяліся над ім, неба ды сьвятыя апосталы і прарокі: бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго. 21 I адзін дужы Ангел падняў камень, вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, мовячы: Гэтак з размахам кінены будзе Вавілён, места вялікае, і ўжо больш ня знойдуць яго; 22 і ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў і сьпявакаў ды жалейнікаў і трубачоў, і ня знойдзецца ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, — і гук млыновы не пачуецца ўжо ў табе; 23 і не зазьяе ўжо ў табе сьвятло сьветача, і голасу жаніха й нявесты не пачуюць ужо ў табе: бо купцы тваі былі магнатамі зямнымі, бо чарамі тваімі абаламучаны ўсенароды. 24 I знойдзена ў ім кроў прарокаў ды сьвятых і ўсіх забітых на зямлі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 19 1 I пасьля гэтага пачуў я быццам голас вялікі множства народу ў небе, які казаў: Алілуя! Спасеньне і хвала і чэсьць і сіла Госпаду Богу нашаму: 2 бо правільныя і справядлівыя суды Яго. Бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, што паганіла зямлю блудам сваім, і адплаціў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе. 3 I паўторна сказалі: Алілуя! I дым яе ўзьнімаецца на вечныя вякі. 4 I ўпалі дваццаць чатыры старыкі й чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, сідзячаму на пасадзе, мовячы: Амін! Алілуя! 5 I выйшаў з пасаду голас, мовячы: Хвалеце Бога нашага, усе рабы Яго ды хто баіцца Яго, і малыя і вялікія! 6 I пачуў я быццам голас вялікае таўпы́́́ і быццам шум множства водаў і быццам гук грымотаў сільных, мовячы: Алілуя! бо запанаваў Госпад Бог Уседзяржыцель! 7 Радуймася й весялімася і хвалу Яму давайма: бо прыйшло вясельле Ягняці, і прыгатавалася жонка Яго. 8 I дадзена ёй, каб апранулася ў віссон чысты і сьветлы; 9 I кажа мне: Напішы: Шчасьлівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясельную Ягняці. I кажа мне: Словы гэтыя ёсьць запраўдныя Божыя. 10 I я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму. I кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага: бо я суслужнік і твой і братоў тваіх, што маюць сьведчаньне Ісусавае. Богу пакланіся: бо сьведчаньне Ісусавае ёсьць дух прарочы. 11 I ўгледзіў я неба расчыненае: і вось конь белы, і коньнік на ім, называны Верным і Праўдзівым, што па праўдзе судзіць і ваюе. 12 А вочы ў яго быццам полымя агністае, і на галаве ў яго многа дыадэмаў. Меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, апрача Самога. 13 I быў апранены ў шату акрываўленую. I імя Ягонае называецца: Слова Божае. 14 I йшлі за ім войскі нябесныя на белых канёх, апраненыя ў віссон белы і чысты. 15 I з вуснаў Ягоных выходзе меч востры, каб ім пабіць паганаў. I Сам пасець іх паліцай зялезнай. I Сам топча ступу віна ярасьці і гневу Бога Ўседзяржыцеля. 16 I мае на вопратцы і на сьцягне Сваім напісанае імя: Цар цароў і Госпад валадароў. 17 I ўгледзіў я аднаго Ангела, стоячы на сонцы. I крыкнуў ён вялікім голасам, прамаўляючы да ўсяго птаства, што лётала пасярод неба: Хадзеце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога, 18 каб есьці целы цароў і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы каней ды коньнікаў на іх, і целы ўсіх — вольных і рабоў, малых і вялікіх. 19 I ўгледзіў я зьвера і цароў зямных і войскі іх, сабраныя дзеля вайны з Сідзячым на кані ды з войскам Ягоным. 20 I быў схоплены зьвер і з ім прарок фальшывы, што знакі рабіў перад ім, якімі баламуціў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся абразу ягонаму. Абодвух жыўцом кінулі ў возера вагністае, палаючае серкаю. 21 I рэшта пазабівана мячом Сідзячага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. I ўсё птаства насыцілася целамі іхнімі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 20 1 I ўбачыў я Ангела, зыходзячы з неба, які меў ключ ад бяздоньня і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй. 2 I схапіў ён зьмея, вужаку адвечнага, што ёсьць д’ябал і сатана, ды спутаў яго на тысячу гадоў 3 і кінуў яго ў бяздоньне і замкнуў яго ды прыпячатаў зьверху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час. 4 I ўгледзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і душы сьцятых за сьведчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьверу ды абразу ягонаму і ня прынялі кляйма на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў. 5 Рэшта-ж памершых не ажыла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта першае ўскрасеньне. 6 Шчасьлівы й сьвяты той, хто мае частку ў першым ускрасеньні: над імі сьмерць паўторная ня мае ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панавацімуць з Ім тысячу гадоў. 7 I, як скончыцца тысяча гадоў, вызваліцца сатана із вязьніцы сваёй 8 і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры. 9 I выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і места ўлюбленае; і зыйшоў ад Бога агонь з неба ды зжор іх. 10 I д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды серкавае, дзе і зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вечныя вякі. 11 І ўбачыў я вялікі белы пасад і Сідзячага на ім, ад аблічча Якога ўцякла, зямля і неба, і не знайшлося месца для іх. 12 I ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і суджаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. 13 I аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх. 14 А сьмерць і пекла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьмерць. 15 I каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 21 1 I ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба й першая зямля мінулі, 1 мора ўжо няма. 2 I я, Іоан, убачыў места сьвятое, новы Ерузалім, які зыходзіў ад Бога з неба, прыгатаваны быццам нявеста, прыбраная дзеля мужа свайго. 3 I пачуў я голас вялікі з неба, мовячы: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог. 4 I абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані галошаньня, ані труду, бо першыя мінулі. 5 I сказаў Сідзячы на пасадзе: Вось, роблю ўсё новае. I кажа да мяне: Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя. 6 I сказаў мне: Сталася. Я Альфа і Омэга, пачатак і канец. Прагнучаму дам Я дар з крыніцы вады жывое; 7 хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. 8 А для палахлівых і няверных, і для нягоднікаў і душагубаў, і для распусьнікаў і чарадзеяў і слуг ідалавых, і для ўсіх ілжывых — доля іх у возеры, палаючым агнём ды серкаю, што ёсьць другая сьмерць. 9 I прыйшоў да мяне адзін із сямёх Ангелаў, тых, што мелі сем чараў, напоўненых сямёма апошнімі плягамі, і загутарыў са мною, мовячы: Хадзі, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці. 10 І панёс мяне ў духу на вялікую ды высокую гару, і паказаў мне места вялікае, сьвяты Ерузалім, што зыходзіў з неба ад Бога 11 і меў хвалу Божую. I сьвятло ягонае падобнае да найдаражэйшага каменя, быццам крыштальнага каменя ясьпісовага; 12 і меў ён мур вялікі й высокі, і меў дванаццаць варотаў, і на вароцех дванаццаць Ангелаў і імёны напісаныя, якія ёсьць дванаццацёх родаў сыноў Ізраілявых. 13 I ад усходу трое варотаў, і ад поўначы трое варотаў, і ад паўдня трое варотаў, і ад захаду трое варотаў. 14 I мур мястовы меў дванаццаць падвалінаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняці. 15 I той, што гутарыў са мною, меў трысьціну залатую, каб абмерыць места і вароты яго і сьцены яго. 16 I места ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая-ж, як і шырыня. I абмерыў места трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня ягоная і шырыня і вышыня аднолькавыя. 17 I абмерыў мур ягоны на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, якая і ангельская. 18 I мур быў пабудаваны з ясьпісу; і места чыста залатое, падобнае да чыстага шкла. 19 I падваліны муру мястовага прыаздоблены ўсякім каменьнем дарагім: першая падваліна ясьпіс, другая сапфір, трэцяя халькедон, чацьвершая шмарагд, 20 пятая сардонік, шостая сард, сёмая хрызаліт, восмая бэрыль, дзявятая тапаз, дзясятая хрызапрас, адзінаццатая гіяцынт, дванаццатая амэтыст. 21 I дванаццаць варотаў — дванаццаць пэрлаў: а кожныя вароты із аднае пэрлы. I вуліца места чыста залатая, быццам шкло празрыстае. 22 I храму ў ім ня ўгледзіў я: бо храм ягоны ёсьць Госпад Бог Уседзяржыцель і Ягня. 23 I места ня мае патрэбы ў сонцы ані ў месяцу, каб асьвятлялі яго: бо хвала Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягня. 24 I народы збаўлёных хадзіцімуць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу й чэсьць сваю. 25 I вароты ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе. 26 I прынясуць у яго славу й чэсьць народаў. 27 I ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае ды робячае агіду й ілжу, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10
Разьдзел 22 1 I паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крыштал, што выходзіла із пасаду Бога й Ягняці. 2 Пасярэдзіне вуліцы яго, наабапал ракі, дрэва жыцьця, што дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожын месяц ягоны плод; і лісьці дзерава на лек народам. 3 I ня будзе ўжо нічога выклятага; і будзе ў ім пасад Бога й Ягняці, і рабы Ягоныя служыцімуць Яму. 4 I ўгледзяць аблічча Ягонае і імя Ягонае на лабох іхніх. 5 I ня будзе тамака ночы; і няма ў іх патрэбы ў сьветачу і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх. I царыцімуць на вечныя вякі. 6 I сказаў мне: Словы гэтыя верныя і праўдзівыя; і Госпад Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабом Сваім, што мусіць хутка стацца. 7 Вось, хутка прыходжу. Шчасьлівы, хто хавае словы прароцтва кнігі гэтае. 8 I я, Іоан, той, што бачыў гэта і чуў. I калі я пачуў ды пабачыў, я паваліўся пакланіціся перад нагамі Ангела, што паказваў мне гэта. 9 I кажа ён мне: Глядзі, не: бо я суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў і хаваючых словы кнігі гэтае; Богу пакланіся. 10 I кажа мне: Не запячатывай слоў прароцтва кнігі гэтае: бо блізка час. 11 Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і нячысты няхай яшчэ апаганіваецца, і справядлівы няхай яшчэ чыніць справядлівасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца. 12 I вось хутка прыходжу, і заплата Мая са Мною, каб аддаці кожнаму, як будзе дзела ягонае. 13 Я Альфа й Омэга, пачатак і канец, Першы і Апошні. 14 Шчасьлівыя, што выпаўняюць запаведзі Яго, каб была ўлада іх на дрэва жыцьця, ды каб увайшлі праз вароты ў места; 15 а вонках сабакі й чарадзеі, і распусьнікі ды забойцы і служкі ідалавы, і ўсе, што любяць і чыняць няпраўду. 16 Я, Ісус, паслаў Ангела Майго пасьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я карэнь і род Давідавы, зорка сьветлая і ранічная. 17 I Дух і нявеста кажуць: Прыходзь! I, хто прагне, няхай прыходзе; і, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма. 18 I я разам сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто даложа да гэтага, узложыць на яго Бог плягі, напісаныя ў кнізе гэтай; 19 і калі хто адыме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, адыме ў яго Бог долю ягоную з кнігі жыцьця і з места сьвятога і з напісанага ў гэтай кнізе. 20 Той, што сьведчыць гэта, кажа: Але, хутка прыходжу! Амін. Але, прыходзь, Госпадзе Ісусе! 21 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі ўсімі. Амін. Вярнуцца назад |