Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Павячэрніца вялікая


 

 

Павячэрніца вялікая

Частка другая

Пакаяньне і жаль за грахі


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.


Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхом Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Псалом 101

Госпадзе, пачуй малітву маю, хай крык мой дойдзе да Цябе.

Не адвярні твару Твайго ад мяне; у дзень патрэбы пачуй мяне.

У дзень, калі паклічу Цябе, пачуй мяне хутка.

Бо дні мае мінаюць, быццам дым; косьці мае гараць як у агні.

Падобна скошанай траве высахла сэрца маё, і я забываю есьці хлеб мой.

Ад вялікага стогну косьці мае прысохлі да скуры.

Я зрабіўся падобны да птушкі пустэльнай, стаў быццам сава на руінах.

Ня сьплю і стогну, быццам самотная птушка на страсе.

Увесь дзень ворагі мае зьневажаюць мяне, і тыя, што паўсталі супраць мяне, праклінаюць імем маім.

Вось я ем попел, быццам хлеб і напой мой мяшаю са сьлязьмі з-за гневу і абурэньня Твайго, бо, узьняўшы мяне, Ты кінуў мяне вобзем.

Дні мае, быццам цень, доўжацца, і сам я як трава вяну.

Ты ж, Госпадзе, прабываеш вечна і памяць Твая з пакаленьня ў пакаленьне.

Устань і зьмілуйся над Сыёнам, бо ўжо час зьмілавацца над ім, бо насьпеў час;

Бо слугі Твае любяць каменьне ягонае, і жаль ім ягоных руінаў.

I будуць баяцца ворагі імя Твайго, Госпадзе, і ўсе ўладары – хвалы Тваёй.

Бо Госпад адбудуе Сыён і зьявіцца ў славе сваёй.

Ён гляне прыхільна на малітвы пакорных і не адкіне просьбы іх.

Хай гэта будзе напісана для наступных пакаленьняў, і народ, што мае адрадзіцца, будзе хваліць Госпада.

Бо Ён глянуў з вышыні сьвятога месца Свайго, з неба на зямлю глянуў,

Каб пачуць стогн тых, што ў путах, вызваліць сыноў тых, што былі засуджаныя на сьмерць;

Каб абвясьціць імя Гасподняе і славу Яго ў Ерусаліме, калі зьбяруцца разам народы і валадарствы, каб служыць Госпаду.

Сіла мая ўжо пакінула мяне: скажы мне, колькі мне яшчэ засталося?

У палове дзён маіх не забяры мяне, Ты, чые гады трываюць з пакаленьня ў пакаленьне.

Спачатку Ты, Госпадзе, стварыў зямлю, і неба – твор рук Тваіх;

Яны прамінуць, а Ты застанешся; быццам вопратка, усё састарэе. Ты згортваеш іх як адзеньне, і яны мяняюцца.

А Ты ўсё той самы, і гадом Тваім няма канца.

Сыны слуг Тваіх жыць будуць, і насеньне іх узмоцніцца.


Малітва Манасіі, цара Юдэйскага. Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, Абрагама, і Ісаака, і Якуба і праведнага роду іх, Ты стварыў неба і зямлю з усёй іхняй красою, Ты зьвязаў мора словам загаду Твайго, Ты зачыніў бездань і запячатаў яе страшным і слаўным імем Тваім; Цябе ўсё баіцца і дрыжыць перад сілаю Тваёю, бо ніхто не ўстаіць перад веліччу славы Тваёй і нясьцерпным гневам Тваім на грэшнікаў; але дабрыня абяцаньня Твайго бязьмежная і недасьледная. Бо Ты – Госпад усявышні, добры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы, які шкадуе аб грахох людзкіх. Ты, Госпадзе, у вялікай дабрыні Тваёй, даў магчымасьць пакаяньня і адпушчэньня для тых, што зграшылі перад Табою, і ў бязьмежнай міласэрнасьці Тваёй устанавіў для грэшнікаў пакаяньне для збаўленьня. Бо Ты, Госпадзе Божа сілаў, не ўстанавіў пакаяньня для Абрагама, і Ісаака, і Якуба, што не зграшылі перад Табою, але ўстанавіў пакаяньне для мяне, грэшнага, бо грахоў маіх больш, як пяску марскога. Памножыліся беззаконьні мае, Госпадзе, памножыліся беззаконьні мае, і я няварты глянуць і бачыць вышыню нябесную дзеля безьлічы правінаў маіх. Я скаваны цяжкімі аковамі жалезнымі, так што не магу падняць галавы маёй, і няма палёгкі для мяне, бо я ўгнявіў Цябе і благое перад Табою ўчыніў, ня споўніў волі Тваёй і не захаваў запаветаў Тваіх. І вось я згінаю калені і ад усяго сэрца прашу ў Цябе міласьці. Зграшыў я, Госпадзе, зграшыў я, і беззаконьні мае я знаю, але прашу і малю Цябе: прабач мне, Госпадзе, і не загубі мяне з беззаконьнямі маімі; ня будзь памятлівы правінаў маіх і ў гневе Тваім ня скінь мяне ў вечную бездань. Бо Ты Бог тых, што каюцца, і на мне яві дабрыню Тваю, і ў вялікай міласэрнасьці Тваёй збаў мяне, нягоднага, каб мне славіць Цябе праз усе дні жыцьця майго. Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і слава Твая на век вякоў. Амін.


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.


Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі: ня могучы даць ніякага адказу, мы грэшныя вось гэтую малітву Табе, Уладару нашаму, прыносім: Зжалься над намі.

Слава ...

Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся: ня гневайся на нас вельмі і ня будзь памятлівы нашых бясчынстваў, але глянь міласьціва на нас і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш і мы, людзі Твае і творы рук Тваіх, імя Тваё клічам.

Цяпер ...

Зьмілаваньня дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца: хай мы, якія спадзяемся на Цябе, ня згінем, але выбавімся Табою ад бедаў, бо Ты, збаўленьне роду хрысьціянскага.


Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.


Малітва. Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе Сыне Адзінародны, і Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада мною грэшным і ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, недастойнага слугу Твайго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст