Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...":
трапары як у канцы вячэрні
Сядальная песьня 1 (тон 5). Усхвалім Базыля, царскае
ўпрыгожаньне Царквы, багатую скарбніцу навукі, што навучае нас шанаваць Тройцу
сьвятую, зьяднаную прыродаю, разьдзельную асобамі.
Слава...: (тон 4).
Сьветачы ясныя Царквы Хрыстовае, вы прасьвятлілі сьвет навукамі вашымі,
багамудрыя айцы, высушылі ерасі ўсіх дрэннай славы, і пагасілі полымя
блюзьнерчых закалотаў. Цяпер, як сьвятаначальнікі Хрыстовыя, вы моліцеся за
нашае збаўленьне.е.е.
Цяпер...: Дзева ўсяхвальная, Маці Хрыста, Марыя Баганявеста, што мужа ня
знала, верных Заступніца, збаў ад бяды і патрэбы, Уладарка Багародзіца, тых, што
з вераю і любоўю прыбягаюць пад Тваё покрыва.
Сядальная песьня 2 (тон 3). Ты быў стаўпом Царквы,
скарбніцаю пабожнасьці, Рыгору багаслове, утаймаваў свае пажаданьні і зазьзяў.
Ты выясьніў вучэньне пра Тройцу, сьвяты ойча. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душ
нашых.
Слава...: (тон 4). У садзе Сьвятых
пісаньняў вы працавалі як мудрыя пчолы, зьбіраючы мёд з усіх кветак, каб
ахвяраваць яго верным. Дзеля гэтага ўсе з радасьцю клічуць вам: "Пасьля сьмерці
вы, блаславёныя застаецеся сярод тых, што спраўляюць вашую памяць".
Цяпер...: Грэшныя пажаданьні апанавалі мяне, Усячыстая, і я клічу: Не
пагардзі мною, няшчасным, і ня дай мне згінуць, Ты, што нарадзіла Бездань
міласэрнасьці. Апроч Цябе іншай надзеі ня маю, дык ня дай, каб мая надзея была
на радасьць і сьмех ворагам маім. Ты можаш усё, як Маці Бога ўсіх.
Узьвялічваньне пасьля паліелею:
Узьвялічваем вас, сьвятаначальнікі Хрыстовыя, і шануем памяць вашую, бо вы
моліце за нас Хрыста Бога Нашага.
Верш 1. Шчасьлівыя беззаганныя, што ходзяць у законе Гасподнім.
Верш 2. Добры для мяне закон вуснаў Тваіх, лепшы за золата і
срэбра.
Верш 3. Рукі Твае стварылі і ўпрыгожылі мяне: дай мне розум, каб
мне навучыцца прыказаньням Тваім.
Верш 4. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, як звычайна робіш з
тымі, што любяць імя Тваё.
Слава... цяпер...:
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа!
Сядальныя песьні (тон 4). Мудрыя сусьветныя настаўнікі, што
праславілі на зямлі Бога словамі і ўчынкамі, хай сёньня узьвялічацца, бо яны –
хадайнікі нашага збаўленьня.
Слава...: Царква сьвяткуе сёньня памяць трох настаўнікаў, якія ўмацавалі
яе сваімі Боскімі навучаньнямі.
Цяпер...: Апякунка непераможная пакрыўджаных і Заступніца тых, што
спадзяюцца на Цябе, вызвалі мяне ад бедаў, бо ты ўсіх Памочніца.
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя
Твае ў радасьці жыць будуць.
Верш. Вусны мае кажуць праўду, разважнасьць – роздум сэрца майго.
Евангельле: Ян 10:9-16
Пасьля Пс 50:
Слава...: Малітвамі сьвятых айцоў...
Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы...
Зьмілуйся нада мною...: Ласка пацякла з вуснаў вашых, сьвятыя айцы: вы
былі пастырамі Царквы Хрыстовае, навучаючы духоўных авечак верыць у Тройцу
адзінасутную ў адзіным Бостве.
Канон (тон 1)
Песьня 1
Ірмас. Прыйдзіце людзі, уславім у песьнях Хрыста Бога, які
разьдзяліў мора і кіраваў людзьмі, якіх вывеў з няволі Ягіпскай, бо Ён
праславіўся.
Катавасія. Сонечныя промні калісьці асьвятлілі зямлю, што была ў
глыбіні марской: бо вада па двух бакох сталася быццам сьцяна, а людзі перайшлі
мора пехатою, сьпяваючы Богапрыемную песьню: "Пяём Госпаду, бо Ён уславіўся!"
Песьня 3
Ірмас. На камені веры ўмацаваўшы, ты адчыніў вусны мае супраць
ворагаў маіх, і мой дух узрадаваўся, каб пяяць: Ніхто не сьвяты, апроч Бога
нашага, і ніхто не праведны, апроч Цябе, Госпадзе.
Катавасія. Ты, Госпадзе, – умацаваньне тых, што спадзяюцца на
Цябе. Умацуй Царкву Тваю, якую Ты набыў крывёю сваёю.
Сядальныя пасьля трэцяй песьні:
(Тон 8). Вялікія ясныя сьветачы, Царквы стаўпы непахісныя,
усхвалім аднадушна, насалоджваючыся словамі іхнімі і ласкаю – мудрага
Залатавуснага, і вялікага Базыля з Рыгорам, сьвятым багасловам. Дык усклікнем ім
з глыбіні сэрца: "Тры вялікія сьвятыя айцы, маліцеся Хрысту Богу даць
адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю спраўляюць вашую памяць".
Слава...: Атрымаўшы мудрасьць ад Бога, быццам тры новыя апосталы
Хрыстовыя, вы разумна выясьнялі догмы, якія раней рыбакі сілаю Духа аб'явілі
простымі словамі. Бо трэба было, каб нашая простая вера атрымала глыбейшае
зразуменьне. Дык усклікнем з глыбіні сэрца: "Сьвятыя тры і вялікія айцы,
маліцеся Хрысту Богу, даць адпушчэньне правінаў тым, хто з любоўю спраўляе вашую
памяць".
Цяпер...: Душу маю, Дзева, пакорную, якую кідаюць і топяць бурныя хвалі
жыцьцёвых спакусаў, абцяжараную бярэмям правінаў і небясьпекаю апынуцца на дне,
умацуй, Багародзіца, міласьцю малітваў Тваіх, і дай ёй цішыню, выбавіўшы ад
бедаў. Прыстанішча спакойнае, маліся Сыну Твайму і Богу даць адпушчэньне
правінаў мне, бо Ты адзіная надзея нягоднага слугі Твайго.
Песьня 4
Ірмас. Ты прыйшоў ад Дзевы, не хадайнік і не анёл, але сам,
Госпадзе, што уцелавіўся і збавіў мяне, усяго чалавека. Таму клічу: "Слава сіле
Тваёй, Госпадзе".
Катавасія. Ласка Твая, Хрысьце, пакрыла нябёсы. Выйшаўшы з каўчэга
сьвятасьці – Твае ўсячыстае Маці, – Ты явіўся як Дзіця на руках у сьвятыні славы
Тваёй, і ўвесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй.
Песьня 5
Ірмас. Прасьвятленьне тых, што ў цемры, Збаўленьне зьнявераных,
Хрысьце Збавіцелю мой, Цябе слаўлю зранку: Уладару сьвету, прасьвятлі мяне
зьзяньнем Тваім, бо апроч Цябе іншага Бога ня знаю.
Катавасія. Ісая ўбачыў вобразна на пасадзе Бога, якога ўзносілі ў
славе хэрувімы, і ўсклікнў: "Гора мне, бо я бачыў заўчасна Бога, які мае
прыйсьці ў целе, Госпада незаходнага Сьвятла і Уладара сьвету!"
Песьня 6
Ірмас. Бездань грахоў акружае мяне, і таму, як прарок, клічу:
ад тленнасьці вызваль мяне, Госпадзе.
Катавасія. Стары Сямён убачыў на ўласныя вочы Збаўленьне, што
прыходзіць ад Бога да людзей, і ўсклікнуў: "Ты, Хрысьце, – Бог мой!"
Пасьля шостай песьні: Кандак (тон 2). Сьвятых і Богам натхнёных прапаведнікаў,
вяршыні настаўнікаў, Ты, Госпадзе, узяў да сябе, даючы ім ў асалоду даброты Твае
і супакой; высілкі і сьмерць іх Ты, Адзіны, які праслаўляеш сьвятых Тваіх,
прыняў лепш за ўсе цэлапаленьні.
Ікас. Хто зможа адчыніць вусны свае, каб уславіць тых, чые вусны
дыхалі агонь сілаю Слова і Духа? Тым ня менш асьмельваюся, бо гэтыя тры сьвятыя
айцы веліччу і колькасьцю дараваньняў пераўзышлі ўсіх, хто дасканаліўся у
дзеяньнях і сузіраньні. Гэта Ты ўдастоіў слугаў сваіх шматлікіх дараваньняў, –
Адзіны, які праслаўляеш сьвятых Тваіх.
Песьня 7
Ірмас. Богапраціўны загад беззаконнага мучыцеля ўзьняў высока
полымя. Духоўную расу пабожным юнаком паслаў Хрыстос, блаславёны і ўсяслаўны.
Катавасія. Цябе, які паслаў расу юнаком, што ў печы бласлаўлялі
Цябе, і пасяліўся ў дзявочым улоньні, Бога-Слова славім і набожна пяём:
"Блаславёны Бог айцоў нашых!"
Песьня 8
Ірмас. Бога, які зышоў у вогненную печ да гэбрэйскіх юнакоў, і
перамяніў агонь на расу, слаўце, усе стварэньні як Госпада, і ўзьвялічвайце праз
усе вякі.
Катавасія. Багабойныя юнакі стаялі непашкоджаныя сярод
нясьцерпнага агню і пяялі Боскую песьню: "Блаславіце Госпада, усе творы
Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Замест "Больш годную пашаны..." сьпяваем прыпевы:
Прыпеў. Узьвялічвай душа мая, больш пачэсную за нябесныя хоры
Чыстую Дзеву Багародзіцу.
Песьня 9
Ірмас. Беспачатнага Айца Сын, Бог і Госпад, узяўшы цела ад
Дзевы, явіўся нам, прасьвятліў тых, што ў цемры, і сабраў расьцярушаных. Дзеля
гэтага ўсяслаўную Багародзіцу ўзьвялічваем.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, тры вялікія сьветачы сярод
сьвятаначальнікаў.
Вось ваш сад і вашая паства, для якой вы шмат працавалі. Усе зышліся, каб
сёньня трох уславіць у вашай цудоўнай еднасьці.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, тры сьветлыя зоркі Хрыстовае
Царквы.
Не двусечны, але трохсечны меч выстаўляе ласка на супраціўнікаў – меч, у небе
каваны і загартаваны трымя сіламі, што змагаюцца за патройнае зьзяньне Боства.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, вялікіх настаўнікаў Царквы
Хрыстовае.
Вашае жыльлё на небе, сьвятыя слаўныя, хоць вы насілі цела ў чысьціні давеку.
Цяпер вы жывеце ў небе поўнасьцю, маліце, каб нам, што жывем на зямлі,
накіроўваць думкі і дзеяньні да вышыні.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за нябесныя хоры
Чыстую Дзеву Багародзіцу.
Безьліч цудаў Тваіх, Уладарка, прыцясьняе мяне і не дае мне сказаць слова, іх
багацьце чыніць мяне бясьсільным належна ўславіць Тваю дабрыню. Тым ня менш
слаўлю Таго, хто ўзьвялічыў Цябе.
Катавасія. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным,
дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем
Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.
Экзапастыляр. Усхвалім трох баганосных айцоў, тры ясныя сьветачы,
ясьнейшыя за сонца, асьветленыя зьзяньнем Трохсонечнай еднасьці Трох Асобаў у
адной прыродзе.
Слава...: Усхвалім сёньня носьбітаў сьвятла, сьветлыя маланкі: Базыля
Вялікага, Рыгора Багаслова і Залатавуснага Яна.
Цяпер...: Адзінае Боства, – Ойча, Сыне і Духу, – малітвамі Базыля, Рыгора,
Яна і ўсячыстае Багародзіцы, дай, каб мне ня быць пазбаўленым Тваёй славы.
Пахвальныя псалмы
(Тон 5). Радуйся, тройца сьвятых айцоў, вялікія абаронцы Царквы,
стаўпы пабожнасьці, умацаваньне верных, ерасяў згуба. Вы Хрыстовы народ пасьвілі
навукамі і кармілі дабрадзейнасьцямі. Сьветлыя прапаведнікі ласкі, што
настаўлялі на выкананьне запаветаў Хрыстовых, праваднікі да неба і ўзыходы да
раю! Маліце Хрыста, каб даў душам нашым веліч зьмілаваньня.
(Двойчы)
Радуйся, сьвятарская тройца, зямныя анёлы, што ўзышлі на неба! Вы –
збаўленьне сьвету, радасьць для людзей і сусьветныя настаўнікі, абаронцы Слова,
мудрыя лекары душэўных і цялесных немачаў, заўсёдыцечныя рэкі духоўныя, што
навукамі пояць твар зямлі, асновы багаслоўя, боскія залатавусныя! Маліце Хрыста,
каб даў душам нашым веліч зьмілаваньня.
Радуйся, тройца сьвятаначальнікаў, сонцы зямнога скляпеньня, промні і
сьветачы Трохсонечнага зьзяньня, прасьвятленьне тых, што ў цемры, духмяныя
кветкі райскія! Рыгор багаслоў, мудры Базыль і Залатавусны, боганатхнёныя
табліцы Духа, што точыце малако збаўленьня, упрыгожаньне мудрасьці, Маліце
Хрыста, каб даў душам нашым веліч зьмілаваньня.
Слава...:
(Тон 5). Заграем у трубы, і будзем радасна спраўляць радасна
сьвята нашых настаўнікаў. Уладары і князі хай зыдуцца, і сьвятары хай пляскаюць
у далоні і пяюць. Усхвалім тры вялікія паўнаводныя рэкі навучаньняў духоўных,
што вядуць да вечнага жыцьця; пастыраў і настаўнікаў, усесьвятое Тройцы трох
сьвятых тайнікаў. Філёзафы, хваліце мудрых; сьвятары – пастыраў; грэшнікі –
заступнікаў; бедныя – памочнікаў; сумныя – пацяшыцеляў; падарожнікі –
спадарожнікаў; тыя, што на моры – стырнікаў; і ўсе мы – заўсёды прысутных
памочнікаў і праваднікоў. Усхвалім блаславёных біскупаў і скажам: Сьвятыя
настаўнікі, малітвамі вашымі сьпяшыце дапамагчы верным пазьбегнуць жыцьцёвых
спакусаў, і выбавіць іх ад вечных мукаў.
Цяпер...:
Заграем у трубы і запяём, бо вось Уладарка ўсіх, Маці і Дзева, глядзіць на
нас і вянчае блаславеньнем тых, што славяць Яе. Хай зыдуцца ўладары і начальнікі
і запяюць песьню хвалы Уладарцы, што нарадзіла Уладара, які захацеў у дабрыні
сваёй і чалавекалюбстве вызваліць тых, што былі трыманыя пад уладаю сьмерці.
Пастыры і настаўнікі, хваліце ўсячыстую Маці Добрага Пастыра, залаты сьвечнік,
сьветлую хмару, больш прасторную за неба, адухоўлены ківот, вогненны пасад
Уладара, залаты посуд з маннаю, зачыненую браму Слова, усіх хрысьціянаў
прытулак. Усхвалім Яе боганатхнёнымі песьнямі і ўсклікнем: "Хорам Слова, зрабі
нас, пакорных, годнымі нябеснага валадарства, бо няма нічога немагчымага для
Твайго заступніцтва".
|