Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 30 студзеня - Трох сьвятаначальнікаў: Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага


 

 

30 студзеня - Трох сьвятаначальнікаў: Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Арганы ласкі, гусьлі Духа, славутыя трубы прапаведаваньня, страшныя і звонкія громы з вышыні, што абвяшчаюць славу Божую на ўвесь сьвет, трох прапаведнікаў Сьвятое Тройцы, Яна і Базыля разам з Рыгорам дастойна ўславім.

Тройцы змагары, дабрадзейнасьці шчыты, пасьля дванаццаці тры апосталы, рэкі жывой вады, што цякуць з раю і пояць боскімі струменямі твар зямлі, пачаткі багаслоўя, хай будуць ушанаваныя.

Няма такога, як сказана, хто б не чуў іхніх слоў і навучаньняў, бо па ўсёй зямлі разышлося прапаведаваньне боскіх і мудрых сусьветных настаўнікаў. Вучэньнем іх усе канцы зямлі злучаныя ў адно ў праўдзівай веры.

Арганы Духа Сьвятога, трубы праўды, прапаведнікаў красамоўных Слова ўславім у песьнях, ідучы ўсьлед за іх вучэньнямі. Паколькі яны маюць вялікую ласку ў Госпада, будзем маліцца да іх за супакой на ўсім сьвеце і адпушчэньне нашых грахоў.

(Тон 2). Якімі пахвальнымі вянкамі ўпрыгожым трох настаўнікаў, разьдзеленых целам, але зьяднаных духам, баганосных абаронцаў і слугаў Найсьвятое Тройцы, ясныя сусьветныя сьветачы, стаўпы царкоўныя? Іх, як пераможцаў, вянцом славы вянчае Хрыстос Бог наш у вялікай міласэрнасьці сваёй.

Якімі радаснымі песьнямі ўсхвалім баганосных сузіральнікаў і прапаведнікаў, праўдзівай веры выдатных багасловаў: сьвятога Базыля Вялікага, боскага Рыгора Багаслова, і Яна Залатавуснага, якіх дастойна праславіла Тройца, Госпад Бог у вялікай міласэрнасьці сваёй.

Якімі пахвальнымі словамі ўславім сьвятаначальнікаў, ласкаю і дараваньнямі роўных апосталам, зьнішчальнікаў нязбожнасьці? Яны – сусьветныя настаўнікі, якія навучаюць усіх словам і прыкладам, пастыры Хрыстападобныя, зямныя анёлы, нябесныя людзі, якіх ушанаваў Хрыстос Госпад славы ў вялікай міласэрнасьці сваёй.

Якімі пахвальнымі вянцамі ўпрыгожым Залатаслова, і разам з ім Базыля і Рыгора, пачэсныя аселішчы Духа, цьвёрдых абаронцаў веры, стаўпы царкоўныя, верных умацаваньне, пацяшэньне ўсіх, што зграшылі, крыніцы жывое вады, чэрпаючы якую задавальняем душы нашы, просячы адпушчэньня грахоў і велічы зьмілаваньня.

Слава...:

(Тон 6). Уславім сёньня баганосных айцоў, тайныя трубы Духа, што пасярод царквы засьпявалі стройную песьню багаслоўя пра адзіную і неразьдзельную прыродай і боствам Тройцу; будучы пераможцамі Арыя і абаронцамі верных, яны моляцца безустанку Госпаду за збаўленьне душ нашых.

Цяпер...:

Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Будучы праўдзівым Богам, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым


Чытаньне кнігі Другога Закону

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю – ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас, як зорак у небе. І няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці, вашыя клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных, паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. І вы мне адказалі: добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся нікога, бо суд Божы ёсьць". (1:8-17)


Чытаньне кнігі Другога Закону

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да айцоў вашых прыхінуўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і Уладар над уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным кляніся. Ён – твая слава, Ён Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы". (10:14-21)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў дастойнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх. (3:1-10)


Вершапесьні

(Тон 1). Дастойна ўславім сёньня духоўных тайнасузіральнікаў, Божыя трубы і сьветачы, Базыля вялікага, боганатхнёнага Рыгора і слаўнага настаўніка Яна, сапраўды залатавуснага, які вылівае нам струмені Боскай навукі.

Верш. Хай праведныя сьвяткуюць ў славе і радуюцца на ложах сваіх.

Дастойнымі песьнямі ўзьвялічым асновы веры, Богам насаджаныя розумы, рэкі, што цякуць золатам, сьветлыя і пачэсныя сьветачы, змагароў Тройцы, поўных дараў Сьвятога Духа, непахісныя стаўпы, умацаваньне Царквы.

Верш. Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць.

Арганы Духа, трубы Боскага грому, маланкі прапаведаваньня, залатыя сьветачы Госпада, блаславёны Базыль, Рыгор мудры, залаты і ўсепачэсны Ян, маліце Хрыста збавіць тых, што шануюць вас.

Слава...:

(Тон 2). Душы верных сёньня ўзносяцца ад зямлі да неба дзеля памяці сьвятых, бо нябесныя вароты адчыняюцца, і мы чуем іхняе прапаведаваньне: словамі сваімі яны прапаведуюць Слова, і языкамі сваімі ўсхваляюць цуды Яго. Дык усклікнем Збавіцелю: "Слава Табе, Хрысьце Божа, які праз іх даеш верным супакой".

Цяпер...:

(Тон 2). Сёньня Хрыстос прыносіцца як дзіцятка ў сьвятыню, сёньня стае пад законам Той, хто Майсею даў закон; анельскія хоры дзівяцца, убачыўшы на руках старэчых Таго, хто трымае ўвесь сусьвет. Сямён, поўны пашаны, радасна кліча: "Адпусьці мяне цяпер, Збавіцелю, ад дачаснага жыцьця да вечнага супакою, бо я ўбачыў Цябе і ўзрадаваўся".


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятых (тон 4). Роўныя апосталам і сусьветныя настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня.

Багародзічны. Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст