Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 26 верасьня - Перастаўленьне сьвятога слаўнага апостала і евангеліста Яна Багаслова


 

 

26 верасьня - Перастаўленьне сьвятога слаўнага апостала і евангеліста Яна Багаслова

Ютрань

Пасьля „Госпад – Бог...“:

Трапар апостала (тон 2). Апостале любы Хрыста Бога, сьпяшайся выбавіць людзей бездапаможных. Той, да чыіх грудзей ты прыпаў, прыме цябе, калі прыпадзеш да Яго ў малітве, просячы разьвеяць туман бязбожжа і дараваць нам супакой і багацьце зьмілаваньня. (Двойчы)

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 2). Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Сядальная песьня 1 (тон 8). Ты быў названы сынам Боскага грому, бо ты аглушыў вушы нязбожных, а для правых сэрцам словы твае, Мудры, пра ўцелаўленьне Слова гучалі як салодкая труба. Як сапраўдны прыяцель Хрыстовы, ты ўзьлёг на Ягоных грудзёх, адкуль пачарпнуў глыбіню ведаў, і прапаведаваў усім Сына спрадвечнага з Айцом. Малі, Яне апостале, Хрыста Бога дараваць адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю спраўляюць памяць тваю.

Слава... цяпер...

Ты, Маці Божая, зачала ва ўлоньні Тваім Мудрасьць і Слова, і нарадзіла сьвету Таго, хто трымае ўвесь сьвет, і на руках насіла Творцу і Карміцеля ўсяго стварэньня. Дзеля гэтага з вераю слаўлю Цябе, усесьвятая Дзева, і малю Цябе, каб мне вызваліцца ад правінаў. А ў судны дзень, калі стану перад абліччам Творцы майго, Ты, Уладарка Дзева чыстая, дай мне Тваю дапамогу, бо Ты ўсё можаш, Усяслаўная.

Сядальная песьня 2 (тон 8). Пакінуўшы рыбацтва, ты вудаю крыжоваю ўлавіў усе народы і, як сказаў табе Хрыстос, стаўся лаўцом людзей, прыводзячы ўсіх да пабожнасьці і веры. Ты пасеяў веданьне Слова ў Патмасе і здабыў Эфэз вучэньнем тваім, багаслове апостале. Малі Хрыста Бога дараваць адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю спраўляць памяць тваю.

Слава... цяпер...

Усячыстая Дзева Маці Божая, ацалі страсьці лютыя душы маёй і даруй мне адпушчэньне правінаў, якія я, няшчасны, бяздумна ўчыніў і апаганіў душу і цела. Гора мне! Што буду рабіць у той час, калі анёлы душу маю адлучаць ад майго збалелага цела? Будзь мне тады памочніцаю і заступніцаю. Я слуга Твой і Ты мая надзея.

Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...

Узьвялічваньне. Узьвялічваем цябе, апостале Хрыстовы і евангелісьце Яне Багаслове, і шануем твае высілкі і подзьвігі для пашырэньня Дабравесьця Хрыстовага.

Верш 1. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Верш 2. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем.

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Сядальная песьня (тон 8). Ты, усяхвальны, прыпаў да грудзей Ісусавых, і меў сьмеласьць спытацца: „Госпадзе, хто Твой здраднік?“ і Ён табе, як любаму вучню, праз хлеб паказаў яго. Таму, будучы тайнікам невыказных рэчаў, ты навучаеш усе канцы зямлі пра ўцелаўленьне Слова, апостале багаслове. Малі Хрыста Бога дараваць адпушчэньне грахоў тым, што спраўляюць з любоўю памяць тваю.

Слава... цяпер...

Нябесныя Дзьверы і Ківот, усесьвятую Гару, сьветлую хмару незгаральны Куст, духоўны Рай, Пакліканьне Эвы, сусьветны Скарб уславім у песьнях, бо ад Яе прыйшло збаўленьне сьвету і адпушчэньне старых правінаў. Таму мы ўсклікаем: „Маліся Збавіцелю Твайму дараваць адпушчэньне правінаў тым, што набожна пакланяюцца ўсесьвятому сынараджэньню Твайму!“

Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.

Пракімен. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Евангельле: Ян 21: 15-25

Пасьля Пс 50:

Слава...: Малітвамі апостала Твайго, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Зьмілуйся над намі, Божа...: (тон 2). Багаслове і любы вучню Збавіцеля, малітвамі тваімі збаў нас, молімся, ад усялякай бяды, бо мы – статак твой.

Канон

(Тон 6)

Песьня 1. Ірмас. Ізраіль, ідучы па дне марскім, быццам па сушы, убачыў, як фараон, што гнаўся за ім, патануў у бездані, і усклікнуў: „Пяём Богу пераможную песьню!“

Катавасія. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.

Песьня 3. Ірмас. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе, які ўзьнёс рог верных Тваіх і ўмацаваў нас на камені веры Тваёй.

Катавасія. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.

Сядальная песьня (тон 8). Прыпаўшы да грудзей Мудрасьці і навучыўшыся праўдаў, ты загрымеў боскі голасам: „Спачатку было Слова!“. Ты добра напісаў пра нараджэньне Таго, хто ня мае пачатку, і прапаведаваў усім уцелаўленьне Слова. Ласкаю Духа языком сваім, быцам сеткаю, ты прыцягнуў народы, дасягаючы да краёў зямлі і прасьвятляючы іх цудамі. Багаслове апостале, малі Хрыста Бога дараваць адпушчэньне грахоў тым, што з любоўю сьвяткуюць сьветлую памяць тваю.

Слава... цяпер...:

Трапіўшы ў пастку бачных і нябачных ворагаў, ахопленыя бураю правінаў, да Твайго, Усепачэсная, заступніцтва і покрыва, і да прытулку дабрыні Твае прыбягаем. Ты ж, Усячыстая, маліся Таму, хто з Цябе бяз семя нарадзіўся, за слугаў Тваіх, і прасі Яго дараваць адпушчэньне правінаў нам, якія няспынна молім і дастойна ў песьнях славім Цябе.

Песьня 4. Ірмас. „Хрыстос – мая Сіла, Бог і Госпад!“ – пачэсная Царква пяе і кліча, і сьвяткуе з чыстым розумам у гонар Госпада.

Катавасія. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: „Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!“

Песьня 5. Ірмас. Малюся Табе, Добры, дай Боскаму сьвятлу Твайму зазьзяць любоўю ў душах тых, што, устаўшы зранку, імкнуцца пазнаць Цябе, Слова Божае, сапраўднага Бога, які кліча ўсіх з грахоўнае цемры.

Катавасія. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.

Песьня 6. Ірмас. Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: „Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!“

Катавасія. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.

Кандак (тон 2). Веліч тваю, апостале, хто зможа перадаць: чыніш цуды і ацаляеш, і молішся за душы нашыя, як багаслоў і прыяцель Хрыстовы.

Ікас. Дзёрзка хацець зьведаць вышыні нябесныя недасяжныя і дасьледаваць глыбіню марскую. Як немагачыма палічыць зоркі, або пясчынкі на беразе мора, так нельга належна аддаць хвалу багаслову. Многімі вянцамі вянчаў Хрыстос свайго любага вучня, які прыпаў да Ягоных грудзей і еў разам з ім на апошняй вячэры, як багаслоў і прыяцель Хрыстовы.

Песьня 7. Ірмас. Анёл арасіў печ для юнакоў, і загад Божы хальдэйцаў спаліў, а мучыцеля змусіў усклікнуць: „Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!“

Катавасія. Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: „Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты“.

Песьня 8. Ірмас. З полымя Ты даў расу для набожных юнакоў і ахвяру праведнага вадою спаліў. Ты ўсё чыніш як хочаш, Хрысьце, і мы ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.

Катавасія. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: „Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі“.

Песьня 9. Ірмас. Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.

Прыпеў. Сьвяты апостале і евангелісьце Яне, малі Бога за нас.

Часоў і пораў Госпад і Збавіцель, калі ў палове дня вісеў на крыжы, даверыў табе, блаславёны цнатлівы апостале, Заўсёды Дзеву, Маці Сваю. Гэтай славы ніхто ад цябе ня зможа адняць. Дзеля гэтага славім цябе.

Ты, што жывеш з вышэйшымі нябеснымі хорамі, і з імі разам пяеш боскую песьню хвалы, збаў пачэсным хадайніцтвам тваім тых, што ў доме тваім пяюць і славяць цябе, Хрыстовы апостале.

Збаў ад бедаў тых, што з вераю просяць цябе, блаславёны апостале, накіруй нас на мірны шлях запаветаў Усемагутнага.

Слава... цяпер...: Песьню ўдзячнасьці прыносім Табе, Божая Маці, і клічам: „Радуйся, Пасад Божы найвышэйшы, радуйся, сьветлая хмара, радуйся, Раю. Дзякуючы Табе мы ўдастоіліся райскае радасьці“.

Катавасія. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: „Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!“

Экзапастыляр. Цябе, чыстага душою і целам, блаславёны цнатлівы багаслове, Слова выбрала і зрабіла выдатным пісцом і слугою свайго Боства. Ты не памёр, хоць і пакінуў зямлю, але жывеш у Богу і застаешся несьмяротным.

Слава...: Сыне Грому, апостале Яне, ты навучаў людзей, кажучы: „Спачатку было Слова“. Прыпаўшы да грудзей Уладара твайго з вераю, ты пачарпнуў адтуль струмені багаслоўя, і поіш імі ўсё стварэньне.

Цяпер...: Калі Ты, Усячыстая, стаяла разам з цнатлівым вучнем ля крыжа Сына і Бога Твайго, Ты пачула словы Творцы: „Вось сын Твой“. А вучню Ён сказаў: „Вось Маці твая“. Разам з ім мы ўсе славім Цябе, Багародзіца Дзева.

Пахвальныя псалмы

(Тон 8). Блаславёны Яне мудры, сагрэты цеплынёю Хрыстовай любові, ты быў больш любы Ўсявідцу Слову і Справядліваму Судзьдзі сусьвету за іншых вучняў. Ты прасьвятліўся чысьцінёю, дзявоцтвам і дабрадзейнасьцямі цялеснамі і духоўнымі, Богам блаславёны.

Кветку цнатлівасьці, пачэсных дабрадзейнасьцяў жыльлё, арган мудрасьці, сьвятыню Духа, сьветлносныя вусны ласкі, Царквы сьветлае вока, усячыстага Яна сёньня ў песьнях усхвалім як слугу Хрыстовага.

Схіліўшыся да грудзей Хрыста, ты, Яне цудоўны, зачарпнуў з Крыніцы мудрасьці ваду багаслоўя і сьвет напаіў навукай пра Тройцу, высушыўшы мора бязбожжа. Ты быў стаўпом і адухоўленай хмараю, што накіроўвае ўсіх да нябеснай спадчыны.

Боскі дабравесьніку, Сыне грому, крыніца дабротаў, ты прапаведаваньнем тваім выясьніў свету пра непрамінальнае валадарства, жыцьцё вечнае і невыказную радасьць і асалоду Богахсузіраньня, і багацьце дараваньняў Хрыстовых, што пераўзыходзяць людзкі розум.

Слава...

(Тон 8). Дабравесьніку Яне, роўны анёлам, багаслове, навучаны Богам, ты праўдзіва прапаведаваў сьвету пра ўсячысты бок Хрыстовы, з якога пацякла кроў і вада, і якім атрымліваем вечнае жыцьцё для душаў нашых.

Цяпер...

Прымі, Усячыстая Ўладарка, малітвы слугаў Тваіх, і выбаў нас ад усіх бедаў і суму.

Пасьля вялікага ўслаўленьня:

Трапар апостала (тон 2). Апостале любы Хрыста Бога, сьпяшайся выбавіць людзей бездапаможных. Той, да чыіх грудзей ты прыпаў, прыме цябе, калі прыпадзеш да Яго ў малітве, просячы разьвеяць туман бязбожжа і дараваць нам супакой і багацьце зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 2). Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст