Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 26 верасьня - Перастаўленьне сьвятога слаўнага апостала і евангеліста Яна Багаслова


 

 

26 верасьня - Перастаўленьне сьвятога слаўнага апостала і евангеліста Яна Багаслова

Вячэрня

Ютрань - Літургія

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 1). Сьведка невыказных аб'яўленьняў і тлумач высокіх Божых тайнаў, сын Забэдэя, ты напісаў Хрыстовае Евангельле і навучыў нас славіць Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. (Двойчы)

Ты, тайных рэчаў пісар, – ліра, Богам настроеная для нябесных сьпеваў. Боганатхнёныя вусны твае пяюць стройныя песьні, бо Бог рухае імі, быццам струнамі, і языком як смыком. Маліся за збаўленьне душаў нашых. (Двойчы)

Громападобным голасам ты, Богу любы апостале, абвясьціў тайныя словы Божае мудрасьці, кажучы: „Спачатку было Слова“, і прывёў усіх да пазнаньня Бога. (Двойчы)

Слава...

(Тон 2). Хай увесь людзкі род усхваліць сына грому, аснову Божых слоў, настаўніка багаслоўя, і найвыдатнага прапаведніка догмаў Божай мудрасьці, любага апостала, нявіньніка Яна. Маючы ў сабе Боскага духа, ён навучаў, што спачатку было Слова, неразьдзельнае з Айцом і роўнае з ім існасьцю. Гэтым самым ён паказаў нам, як трэба славіць Тройцу Сьвятую. Ён таксама паказаў, што Слова разам з Айцом ёсьць Творцам і Жыцьцядаўцам, і сапраўдным Сьвятлом. Слаўны цуд! Вялікая мудрасьць! Поўны любові Бога, ён напоўніўся багаслоўем, вераю і пашанаю. Слаўным прапаведаваньнем сваім ён заснаваў нашую сьвятую веру, дзякуючы якой атрымаем вечнае шчасьце ў судны дзень.

Цяпер...

Дагматык (тон 2). Цень Закону мінуў з прыходам ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў Дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос, Збавіцель душаў нашых.

Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна

Любыя мае, калі сэрца наша нас не асуджае, дык маем давер у Бога, і што будзем прасіць у Яго, атрымаем, бо захоўваем Ягоныя прыказаньні і робім прыемнае Яму. А Ягонае прыказаньне ёсьць, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго так, як Ён нам загадаў. Хто выконвае Ягоныя прыказаньні, ёсьць у Богу, а Бог у ім. А тое, што Ён ёсьць у нас, пазнаем па Духу, якога нам даў. Любыя мае, не давярайце кожнаму духу, але выпрабоўвайце духі, ці яны ад Бога, бо многа ілжывых прарокаў зьявілася на сьвеце. Духа Божага пазнаеце такім чынам: кожны дух, які прызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога. А кожны дух, які не прызнае Ісуса, не ад Бога; гэта дух Антыхрыста, які – як вы чулі, – мае прыйсьці, дый ужо цяпер ёсьць на сьвеце. Вы, дзеткі, ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, хто ў вас, большы ад таго, што ў сьвеце. Яны ад сьвету, дзеля гэтага гавораць так, як гаворыць сьвет, і сьвет слухае іх. Мы ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас. Хто не ад Бога, той нас ня слухае. У такі спосаб пазнаем духа праўды і духа маны. (3:21-4:6)

Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна

Любыя мае, калі Бог нас так палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі любім адзін аднаго, Бог ёсьць ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Знаем, што мы ёсьць у ім, а Ён у нас, бо Ён даў нам Духа свайго. Мы таксама бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збавіцеля сьвету. Калі хто вызнае, што Ісус ёсьць Сынам Божым, дык Бог жыве ў ім і ён у Богу. Мы пазналі і паверылі любові, якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў: хто жыве ў любові, жыве ў Богу, і Бог жыве ў ім. (4:11-16)

Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна

Любыя мае, калі хто скажа: „Люблю Бога“, а брата свайго ненавідзіць, той хлус; бо той, хто ня любіць свайго брата, якога бачыць, ня можа любіць Бога, якога ня бачыць. Мы ж маем такое прыказаньне ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама брата свайго. Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Таго, хто даў жыцьцё, любіць таксама таго, хто ад Яго жыцьцё атрымаў. Пазнаем, што любім дзяцей Божых, па тым, што любім Бога і выконваем Ягоныя прыказаньні. Бо любоў Бога заключаецца ў выкананьні Ягоных прыказаньняў, а прыказаньні Ягоныя ня цяжкія. Бо ўсё, што народжанае ад Бога, перамагае сьвет; і той перамогаю, што перамагла сьвет, ёсьць нашая вера. Хто ж перамагае сьвет, як ня той, хто верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы? (4:20-5:5)

Ліцьця

(Тон 1). Рэкі багаслоўя пацяклі з вуснаў тваіх, апостале. Напіўшыся з іх, Царква Божая прававерна пакланяецца Тройцы адзінасутнай. Малі Яе цяпер, Яне Багаслове, за ўмацаваньне і збаўленьне душаў нашых.

Сад чысьціні, алей духмяны зноў нам зьявіўся ў сёньняшняе сьвята, і мы ўсклікаем: „Апостале Яне, што прыхіліўся да грудзей Уладара, словам сваім, быццам дажджом, арасіў сьвет, і быў верным апекуном чыстае Дзевы, выпрасі для нас у Хрыста велічы зьмілаваньня!“

Вучань Збавіцеля, нявіньнік і багаслоў, табе Хрыстос, калі вісеў на крыжы, аддаў пад апеку Багародзіцу Дзеву, і ты ахоўваў Яе як зрэнку вока. Маліся цяпер за збаўленьне душаў нашых.

Сьведка невыказных тайнаў, ты ўсклікнуў на ўвесь голас, кажучы: „Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам“. Апостале Яне, што прыхіліўся да грудзей Хрыста, прыяцелю вечны, Тройцы асалода, Эфэзу і Патму непахіснае ўмацаваньне, дапамога нас усіх, маліся, блаславёны багаслове, за збаўленьне ўсіх, што спраўляюць памяць тваю, ад злосных ворагаў цялесных і духоўных.

Слава...

(Тон 4). На вячэры Гасподняй, прыпаўшы да грудзей Хрыста-Настаўніка, ты, любы вучань, адтуль здабыў веданьне невыказных тайнаў, і твой нябесны голас загрымеў на ўвесь сьвет: „Спаконвеку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова, сапраўднае Сьвятло, што прасьвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет – Хрыстос Бог і Збавіцель душаў нашых“.

Цяпер...

(Тон 4). Сын, якога разам з Айцом і Духам славяць на вышынях хэрувімы, хочучы абнавіць першастворанага, невыказна спустошыў сябе ва ўлоньні Тваім, Усяхвальная Багародзіца; і, зазьзяўшы з Цябе, прасьвятліў боствам увесь сьвет і выбавіў яго ад ідальскай агіды. Абагавіў у сабе род людзкі і ўзьвёў яго з сабою на неба Хрыстос Бог і Збавіцель душаў нашых.

Вершапесьні

(Тон 4). Ты багасловіў Сына Ўсявышняга, спрадвечнага і адзінасутнага з Айцом, Сьвятло ад нязьменнага Сьвятла і Вобраз існасьці асобы Айца, што зазьзяў спрадвеку і нязьменна ад Айца, Творцу і Ўладара ўсіх вякоў. Як любы вучнань Ягоны, ты прапаведаваў Яго ўсяму сьвету як Хрыста Бога нашага, Сьвятло, што разганяе цемру. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых.

Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Ты, багаслове, атрымаў сьвятло ад Пацяшыцеля і, прасьветлены ім, навучаў, што Дух Сьвяты паходзіць ад Айца і праз Сына стаецца яўным людзям, – роўны славаю і сілаю, і адзінасутны са спрадвечным Айцом і Словам Божым. Яго ты, любы вучню, прапаведаваў сьвету ўсяму. Дзеля гэтага мы славім цябе ў песьнях, як аснову боскай веры: захавай яе непахіснаю малітвамі тваімі да Госпада.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Узышоўшы на вышыню багаслоўя, ты навучыўся невыказных боскіх тайнаў аб адзінай боскай існасьці, славе, дзяржаве і ўладзе ў трох спрадвечна разьдзельных асобах, неразьдзельна зьяднаных без зьліцьця ў еднасьці Боства. Такім чынам, ты, багаслове, прапаведаваў і славіў Тройцу неразьдзельную. Малі Яе цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых.

Слава...

(Тон 6). Апостале Хрыстовы, евангелісьце і багаслове, невыказных тайнаў прычасьніку, ты прапаведаваў нам громападобным голасам нязьведаныя глыбіні мудрасьці, выясьняў верным тое, што спачатку было, а чаго не было, і разбураў ілжывыя вучэньні. Прыяцель любы Збавіцеля, што прыпаў да Ягоных грудзей, ты быў, быццам Ісая шматгалосны і Майсей багавідзец. Дык, маючы сьмеласьць у Бога, маліся няспынна за душы нашыя.

Цяпер...

(Тон 6). Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёлам нязмоўкна ўсклікаем „Радуйся!“. Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душаў нашых.

Адпушчальныя трапары

1. Калі ёсьць бласлаўленьне хлябоў:

Трапар апостала (тон 2). Апостале любы Хрыста Бога, сьпяшайся выбавіць людзей бездапаможных. Той, да чыіх грудзей ты прыпаў, прыме цябе, калі прыпадзеш да Яго ў малітве, просячы разьвеяць туман бязбожжа і дараваць нам супакой і багацьце зьмілаваньня. (Двойчы)

Багародзіца Дзева, радуйся, Поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою; блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.

2. Калі няма бласлаўленьня хлябоў:

Трапар апостала (тон 2). Апостале любы Хрыста Бога, сьпяшайся выбавіць людзей бездапаможных. Той, да чыіх грудзей ты прыпаў, прыме цябе, калі прыпадзеш да Яго ў малітве, просячы разьвеяць туман бязбожжа і дараваць нам супакой і багацьце зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

Багародзічны (тон 2). Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст