Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Узьнясеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста - Ютрань


 

 

Узьнясеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста - Ютрань

Песьня 7

Канон 1 (тон 5). Ірмас. У печы вогненнай збавіў юнакоў, якія славілі Яго, блаславёны Бог Айцоў нашых.

На сьветлай хмары ўзьнёсься і збавіў сьвет блаславёны Бог айцоў нашых.

Узяўшы на плечы заблудную чалавечую прыроду, Ты, Збавіцелю, узьнёсься і прынес яе Богу і Айцу.

Узышоў у целе да бесьцялеснага Айца блаславёны Бог айцоў нашых.

Ты ўзяў амярцьвелую грахом нашу прыроду і занёс яе Твайму адзінасутнаму Айцу.

Багародзічны: Сам стварыўшы Багародзіцу Дзеву, ад Яе нарадзіўся блаславёны Бог айцоў нашых.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".

Сьветлая Хмара прыняла Цябе, Госпадзе, Сьвятло існае, і ўзьняла ад зямлі ў невыказны спосаб. Нябесныя хоры і апосталы ўславілі Цябе ў песьнях, кажучы: "Божа, блаславёны Ты!"

Пляскайма ў далоні, цешачыся з Узьнясеньня Хрыстовага, і ўсклікайма: "Бог узьнёсься пад гучаньне трубаў і сеў па правай руцэ Айца, як роўнапасадны на ўсе вякі".

Слава...: Калісьці вялікі Майсей у песьні ўсклікнуў: "Хай анёлы ў небе пакланяюцца Хрысту, як Уладару ўсіх!" Мы ж клічам: "Божа айцоў нашых, Госпадзе, блаславёны Ты!"

Цяпер...: Слаўны цуд! Як гэта Ты, Поўная Божае ласкі, зьмясьціла ў сабе Бога незьмяшчальнага, які, каб ажывіць чалавека, зьбеднеў, прыняўшы цела, і сёньня ў вялікай славе ўзьнёсься на неба.

Катавасія. Гучаньне музыкі клікала на пакланеньне залатому бяздушнаму ідалу. Праменная ж ласка Пацяшыцеля ўздымае нас, і мы ўсклікаем: "Тройца адзіная, роўнасільная, беспачатная, блаславёная Ты!"

Песьня 8

Канон 1 (тон 5). Ірмас. Сына і Бога, які спрадвеку нарадзіўся ад Айца, і ў апошні час прыняў цела ад Дзедвы Маці, сьвятары, слаўце ў песьнях, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі.

Жыцьцядаўца Хрыста, які ў дзьвюх прыродах узьняўся ў славе на неба і сеў побач з Айцом, сьвятары, слаўце ў песьнях, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі.

Цябе, Збавіцелю, які вызваліў стварэньне з ідальскае няволі, і прадставіў яго свабодным Твайму Айцу, славім і ўзьвялічваем праз усе вякі.

Багародзічны: Ты, Багародзіца чыстая, явілася вышэйшай за неба, бо ва ўлоньні Тваім насіла Таго, хто сядзіць на хэрувімах і якога разам з анельскімім сіламі мы, людзі, славім праз усе вякі.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".

Анёлы зьявіліся апосталам у дзень Узьнясеньня і сказалі ім: "Што вы стаіце, гледзячы на неба? Той, хто ўзьняўся, прыйдзе зноў на зямлю судзіць людзей, як адзіны справядлівы Судзьдзя".

Узьвялічым Бога, злучым галасы ў адзін хор хвалы, будзем пяяць, скакаць і пляскаць у далоні: Бог наш узьняўся зноў ад зямлі на неба, а анёлы і арханёлы пелі хвалу Ўладару і Творцы ўсіх.

Бласлаўляем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, Госпада.

Прырода наша, што калісь заняпала, была ўзьнятая вышэй за анёлаў і пасаджаная на пасадзе Боскім вышэй за ўсякае разуменьне. Дык хадзеце, будзем сьвяткаваць і клікаць: "Блаславіце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".

Цяпер...: Сын Твой, Багародзіца, што паланіў крыжом сьмерць, уваскрос на трэці дзень, зьявіўшыся вучням сваім, і ўзьняўся на неба. Дзеля гэтага разам з анелькім сіламі і мы пакланяемся, славім і ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.

Хвалім, бласлаўляем і пакланяемся Табе, Госпадзе, пеючы і ўзьвялічваючы Цябе праз усе вякі.

Катавасія. Тройчы сьветлы вобраз Боскай велічы разрывае путы і вылівае расу на полымя. Юнакі славяць Яго і ўсё стварэньне бласлаўляе, як Дабрачынца, адзінага Збавіцеля і Творцу ўсяго.

Песьня 9

Замест "Больш годную пашаны..." сьпяваюцца асобыя прыпевы.

Першы прысьпеў: Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, што ўзьнёсься ад зямлі на неба.

Канон 1 (тон 5). Ірмас. Цябе, Маці Божую, што, вышэй за ўсякія словы і розум, у невыказны спосаб нарадзіла ў часе Спрадвечнага, мы, верныя, аднадушна ўзьвалічваем.

Апосталы, агорнутыя страхам, узьвялічылі Цябе, калі ўбачылі, як Ты, Збавіцелю сьвету, Хрысьце Божа, у Боскі спосаб узьнімаўся на неба.

Калі анёлы, Хрысьце, убачылі на вышыні Тваё абагаўлёнае цела, яны казалі адзін аднаму: "Сапраўды гэта – Бог наш".

Нябесныя хоры, убачыўшы, як Ты, Хрысьце Божа, узьнімаўся на хмары, усклікнулі: "Адчыніце брамы Ўладару славы!"

Цябе, які зышоў да апошніх канцоў зямлі, збавіў чалавека і ўзвысіў яго ўзьнясеньнем Тваім, узьвялічваем.

Багародзічны. Радуйся, Багародзіца, Маці Хрыста Бога, якога Ты нарадзіла і якога, бачыўшы, як Ён узносіўся на неба, разам з апосталамі ўзьвялічыла.

Другі прысьпеў: Анёлы, убачыўшы ўзыход Уладара, жахнуліся: як гэта Ён у славе ўзносіцца ад зямлі да неба.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!"

Дар, што пераўзыходзіць усякае разуменьне! О, страшны цуд! Госпад узьнёсься ад зямлі на неба і паслаў вучням сваім Духа Сьвятога, які прасьвятліў іхні розум і ахінуў полымем ласкі.

Госпад сказаў грамадзе вучняў сваіх: "Заставайцеся ў Ерусаліме, пакуль Я пашлю вам іншага Суцяшальніка, роўнапасаднага і роўнапачэснага з Айцом і Мною; глядзіце, як Ён лунае ў небе і набліжаецца на сьветлай хмары".

Слава...: Веліч Таго, хто дабравольна зьбяднеў, прыняўшы цела, узьнялася вышэй за нябёсы, і наша заняпалая прырода праславілася, сеўшы побач з Айцом. Дык сьвяткуйма аднагалосна, весела сьпявайма і, поўныя радасьці, пляскайма ў далоні.

Цяпер...: Сьвятло ад спрадвечнага Сьвятла з Цябе, Усебеззаганная, зазьзяла, цемру бязбожжа разагнала і прасьвятліла тых, што спалі ў ночы. Дзеля гэтага мы ўсе Цябе, як і належыцца, вечна ўзьвялічваем.

Катавасія. Радуйся, Уладарка, пахвала дзеваў і матак; ніякія красамоўныя вусны ня ў стане належна ўславіць Цябе, і розум бясьсільны зразумець сынараджэньне Тваё. Дзеля гэтага мы ўсе суладна Цябе славім.


Экзапастыляр (тон 2). У прысутнасьці вучняў Тваіх Ты, Хрысьце, узьнёсься і сеў побач з Айцом; анёлы ляцелі перад Табою і ўсклікалі: "Адчыніце брамы, адчыніце, бо вось Уладар узыходзіць да спрадвечнага Сьвятла славы".


Пахвальныя псалмы

(Тон 1). Засьпявайма, жыхары зямлі, анёльскую песьню Богу, якога носяць на пасадзе славы, усклікаючы: "Сьвяты Ты, Ойча нябесны, і Слова спрадвечнае, і Духу ўсесьвяты!" (Двойчы)

Князі анёльскія, гледзячы на Тваё, Збавіцелю, узьнясеньне, сумеліся і пыталіся адзін у аднаго: "Што гэта мы бачым? На выгляд чалавек у целе, а ўзыходзіць, як Бог, вышэй за нябёсы!"

Галілейцы, якія глядзелі, як Ты, Слова, на Аліўнай гары ўзьнёсься ў целе, пачулі ад анёлаў: "Чаго стаіце і дзівіцеся? Ён прыйдзе зноў у целе, як вы Яго цяпер бачылі".

Слава... цяпер...

(Тон 2). Нарадзіўся Ты, Божа наш, як захацеў, зьявіўся нам з уласнае волі Тваёй, пацярпеў цялесна і з мёртвых уваскрос, перамогшы сьмерць. Споўніўшы ўсё, Ты ўзьнёсься ў славе і паслаў Боскага Духа, каб нам хваліць і славіць у песьнях Боства Тваё.


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 4). Узьнёсься Ты ў славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў Тваіх абяцаньнем Сьвятога Духа, і ўмацаваўшы іх Тваім блаславеньнем, бо Ты – Сын Божы, Збавіцель сьвету.


Папярэдняя старонка | Старонка 3 з 3
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст