Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28


Перамяненьне Хрыста. Аздараўленьне лунатыка.

 РАЗДЗЕЛ 17

1 А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, ягонага брата і завёў іх аддзельна на высокую гару. 2 І перамяніўся перад імі: і заясьнеў воблік ягоны як сонца, а адзеньне ягонае зрабілася белае, як сьнег. 3 І вось зьявіліся ім Майсей і Гальяш, гаворачы з ім. 4 А Пётр, азваўшыся, сказаў да Езуса: Пане, добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тут тры палаткі: табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну. 5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось воблак ясны ацяніў іх, і вось голас з воблаку, кажучы: "Гэты Сын мой мілы, у каторым мне да ўспадобы, яго слухайце". 6 А вучні, пачуўшы, упалі на твар свой і вельмі спалохаліся. 7 І прыступіў Езус і дакрануўся да іх і сказаў ім: Устаньце і ня бойцеся. 8 Яны-ж, падняшы вочы свае, нікога ня ўбачылі, апрача аднаго Езуса.

9 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, кажучы: Нікому не кажэце аб відзеньні, пакуль Сын чалавечы ня ўстане з умерлых. 10 І спыталіся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш? 11 Ён-жа, адказаўшы, сказаў ім: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё. 12 Але я вам кажу, што Гальяш ужо прыйшоў і не пазналі яго, але зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын чалавечы будзе цярпець ад іх. 13 Тады зразумелі вучні, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

14 І калі прыйшоў да грамады, прыступіў да яго чалавек і ўпаўшы перад ім на калені, казаў: 15 Пане, зжалься над сынам маім, бо ён лунатык і цяжка мучаецца: бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду. 16 І я прывёў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць. 17 Езус-жа адказаўшы, сказаў: О родзе няверны і сапсуты! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль-жа я буду цярпець вас? Прывядзеце яго сюды да мяне. 18 І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец ад тае гадзіны. 19 Тады прыступілі да Езуса вучні асобна і сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць? 20 Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, скажаце гэтай гарэ: "Перайдзі адгэтуль туды", пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага. 21 Бо гэты род не выганяецца інакш, як толькі малітваю і постам.

22 Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей, 23 і заб'юць яго і на трэці дзень уваскрэсьне. І яны засмуціліся моцна.

24 І калі прыйшлі ў Капарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што бралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы? 25 Ён сказаў: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Каралі зямныя з каго бяруць даніну або падатак, з сваіх сыноў ці з чужых? 26 Ён-жа сказаў: з чужых. Сказаў яму Езус: Дык сыны вольныя. 27 Але каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора і закінь вуду і тую рыбу, якая пападзе першая, вазьмі і, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяшы яго, дай ім за мяне і за сябе.

 

 

----------------------------------

Р. 17.

1 Калі Езус адкрыў сваім апосталам, што трэба яму цярпець і ўмерці, дык хоча адагнаць ад іх усялякія сумнівы аб сваім бостве, дзеля гэтага Езус пераменьваецца, каб аказаць ім сваю хвалу.

3 Майсей зьявіўся як правадаўца Ст. Закону, а Гальяш - як прадстаўнік прарокаў. Сваей прысутнасьцяй яны далі пасьведчаньне, што Езус ёсьць мэтай Стар. Закону і ўсіх прароцтваў.

5 Воблак, так як і ў Ст. Законе, ёсьць знакам прысутнасьці Божай.

9 Бо пасьля такой хвалы некаторыя маглі-б згоршыцца, бачучы Езуса ў ганьбе на крыжы. (Гэтак сьв. Гіеранім і сьв. Е. Хрызостам).

13 Ян Хр. быў папярэднікам першага прыходу Езуса, а Гальяш мае папярэдзіць Езуса перад ягоным другім прыходам.

19 Хоць вера і невялікая, як гарчычнае зерне, але шчырая і моцная, мае вялікае значэньне ў жыцьці людзкім.

Слова "гара" часта азначала ў жыдоў усякую вялікую перашкоду.

20 Бо малітва лучыць нас з Богам, які ёсьць жаралом сілы і магутнасьці, а пост адрывае нашую душу ад спраў матар'яльных і памагае маліцца.

23 Кожны жыд павінен быў плаціць, пачынаючы ад 20-га году жыцьця, на сьвятыню падатак у суме ½ сыкля серабра ці інакш 2 драхмы (каля 2 зал.). Зьбіральнікі падатку, думаючы, што і Езус абавязаны даваць падатак, звярнуліся ў гэтай справе да Пятра.

25 Гэтым прыраўнаньнем да карлеўскіх сыноў Езус павучае Пятра, што Ён, як Сын Божы, ёсьць вольны ад падатку, бо і каралі зямныя не бяруць падатку ад сваіх сыноў.

26 Народ і зьбіральнікі падатку ня ведалі, што Езус ёсьць Сынам Божым і маглі-б згоршыцца, калі-б Езус адказаўся плаціць. Дзеля гэтага Езус загадывае заплпціць за сябе і за Пятра.

Статэр - гэта чатыры драхмы, значыць, хваціла якраз за двух.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст