Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
РАЗДЗЕЛ 22
1 І адказваючы Езус гаварыў ім ізноў у прыповесьцях, кажучы: 2 Падобным сталася каралеўства нябеснае да чалавека караля, каторы справіў вясельле свайму сыну. 3 І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці. 4 Ізноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажэце запрошаным: "Вось я прыгатовіў абед мой, валы мае і кормнікі пабіты і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле". 5 Але яны ня дбалі і пайшлі, хто да свае сялібы, а хто да свайго гандлю, 6 другія-ж схапілі слуг ягоных і назьдзкаваўшыся, пазабівалі. 7 Калі-ж пачуў кароль, загневаўся і паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў і спаліў іхны горад. 8 Тады сказаў сваім слугам: Вясельле-то гатова, але прошаныя ня былі дастойны. 9 Дык ідзеце на скрыжаваньні дарог і каго-толькі спаткаеце, клічце на вясельле. 10 І слугі ягоны, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, благіх і добрых - і вясельле было поўнае гасьцей. 11 А кароль увайшоў, каб паглядзець на гасьцей, і ўбачыў там чалавека неадзетага ў вясельную вопртаку. 12 І сказаў яму: Дружа, як ты сюды ўвайшоў, ня маючы вясельнай вопраткі? Але той маўчаў. 13 Тады сказаў кароль слугам: Зьвязаўшы рукі і ногі яго, кіньце яго ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў. 14 Бо многа пакліканых, але мала выбраных.
Хрыстус - сын Давіда.
15 Тады фарызэі, адыйшоўшы, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць у мове. 16 І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрадыянамі, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і дарогі Божай папраўдзе навучаеш і не зважаеш на нікога, бо не аглядаесься на асобу людзкую, 17 дык скажы нам, як табе здаецца, можна даваць падатак цэзару, ці не? 18 А Езус, пазнаўшы іхную нягоднасьць, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі? 19 Пакажэце мне падатковую манэту. Яны-ж прыняслі яму дынара. 20 І сказаў ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс? 21 Кажуць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. 22 І пачуўшы, яны зьдзівіліся і пакінуўшы яго, адыйшлі.
23 У той дзень прыступілі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрашэньня, і спыталіся ў яго, 24 кажучы: Вучыцель, Майсей сказаў: "Каліб хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны возьме яго жонку і ўскрасіць патомства брату свайму" (Паўл. Пр. 25, 5). 25 Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку сваю брату свайму. 26 Таксама другі і трэці аж да сёмага. 27 А ўканцы пасьля ўсіх памярла і жонка. 28 Дыу у ўскрашеньні чыёй з сямёх будзе яна жонкай? Бо ўсе мелі яе. 29 А Езус, адказваючы, сказаў ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў ані моцы Божай. 30 Бо ў ускрашэньні ані жэняцца, ані ідуць замуж, але будуць як анёлы Божыя ў небе. 31 А аб ускрашэньні ўмерлых ці вы ня чыталі, што было сказана Богам, каторы вам кажа: 32 "Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба"? (Вых. 3, 6). Ня ёсьць-жа Бог умерлых, але жывых.
34 А фарызэі, пачуўшы, што прымусіў садукеяў замаўчаць, сабраліся разам 35 і спытаўся яго адзін з іх, вучоны ў законе, прабуючы яго: 36 Вучыцель, якое ёсьць вялікае прыказаньне ў законе? 37 Сказаў яму Езус: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім, і ўсей душою тваею, і ўсей мысьляй тваею" (Паўл. Пр. 6, 5). 38 Гэта ёсьць найбольшае і першае прыказаньне. 39 Другое-ж ёсьць гэтаму падобнае: "Любі бліжняга свайго, як самога сябе" (Лев. 19, 18). 40 На гэтых двух прыказаньнях апіраецца ўвесь закон і прарокі.
41 Калі-ж сабраліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус, 42 кажучы: Што вы думаеце аб Хрыстусе? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў. 43 Дык як-жа Давід у духу заве яго Панам, кажучы: 44 "Сказаў Пан Пану майму, сядзі праваруч мяне, пакуль палажу воргаў тваіх падножжам ног тваіх?" (Пс. 109, 1). 45 Дык калі Давід заве яго Панам, як-жа ёсьць сынам ягоным? 46 І ніхто ня мог адказаць яму слова і ніхто ня сьмеў ад таго дня болей у яго пытацца.
----------------------------------
Р. 22
4 Даўней у грэкаў, рымлян і жыдоў два разы прасілі на вясельле ці на абед: адзін раз на некулькі дзён перад абедам, а другі раз зараз перад абедам.
6 Няпрыход на вясельле і нават забойства каралеўскіх слуг было яўным бунтам проціў караля і ягонага сына.
7 Гэтакая срогая кара ёсьць звычайнай на ўсходзе, дзе валадары за віну адзінак караюць увесь горад ці грамаду.
11 На ўсходзе вясельную вопратку мусіў мець кожны, хто прыходзіў на вясельле. У каго яе ня было, таму давалі гаспадары, а хто пагарджаў гэтым абычаем і ўваходзіў бяз вопраткі, той пагарджаў і гаспадаром.
Вясельная вопратка азначае тут Усьвячаючую ласку Божую.
12 Той чалавек нічога ня мог сказаць на сваё апраўданьне і яго спаткала кара.
13 Чалавека, які ня споўніў усіх вясельных абычаяў, выкідалі з цёплага і асьветленага памяшканьня на двор, дзе ўначы была цемра і холад і дзе сапраўды быў плач і скрыгот зубоў. Гэты плач і скрыгот зубоў, цемра, ланцугі на руках і нагах, ёсьць азнакамі цяжкіх кар і вечным асуджэньні.
14 Многа было пакліканых з Ізраільскага народу, але выбраных мала.
15 Сьмерць Хрыста ўжо была пастаноўлена, толькі фарызэі і старшыя жыдоўскія імкнуцца да таго, каб асудзіў яго на сьмерць сам намесьнік цэзара, Пілат.
16 Фарызэі жылі ў нязгодзе з Гэрадыянамі (прыхільнікамі дынастыі Гэрада В.), тут аднак лучацца ў супольнай ненавісьці да Хрыста.
17 Хрыстус, калі-б сказаў не плаціць падаткаў, сьцягнуў-бы на сябе гнеў рымскіх уладаў, а калі-б сказаў плаціць, то адвярнуў-бы ад сябе народ, каторы не хацеў паганам плаціць падаткаў. І так дрэнна і так нядобра, у кожным выпадку фарызэі маглі-б абвінаваціць Езуса. Езус аднак загадаў плаціць падатак і дзяржаўнай уладзе і духоўнай.
21 Хрыстус дзеліць уладу на сьвецкую або дзяржаўную і духоўную, Божую. Уладзе дзяржаўнай належыцца падатак і Хрыстус не забараняе яго даваць, не гаворачы нічога аб справядлівасьці або несправядлівасьці таго ці іншага падатку. Побач з уладай дзяржаўнай Хрыстус ставіць і ўладу Божую, касьцельную, каторай таксама трэба аддаць тое, што ёй справядліва належыцца.
28 Садукеі адкідалі ўскрашэньне ўмерлых і дзеля гэтага падаюць малападобную да праўды гісторыю аб жонцы і сямі яе мужох, хочучы гэтым паставіць Хрыстуса ў труднае палажэньне.
32 Іншымі славамі Абрагам, Ізаак і Якуб жывуць і то жывуць ня целам, але душою, а калі яны жывуць па сьмерці, то гэта значыць, што душа несьмяротная, а калі несьмяротная, то яна можа некалі ізноў злучыцца з целам - і такім парадкам наступіць ускрашэньне з умерлых.
36 Жыдоўскія вучыцялі і кніжнікі згодна дзялілі ўсе прыказаньні і забароны (а было іх аж 613!) на вялікія і малыя; але не маглі згадзіцца, якія з гэтых прыказаньняў былі большыя, а якія меншыя, дык гэтае пытаньне мела ў той час вялікае значэньне.
40 Прыказаньні любові Бога і бліжняга ёсьць зьместам усіх іншых прыказаньняў.
44 "Пан" г. зн. Бог Айцец, Ягвэ; "Пану майму" г. зн. Мэсыяшу. Жыды прызнавалі Мэсыяша за сына Давіда, але не прызнавалі яго за сына Божага, тымчасам Давід у сваім псальме (109) называе Мэсыяша сваім Панам, а сына ніхто не называе сваім панам, значыць Давід прызнаваў Мэсыяша за Сына Божага.
|