Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Прароцтвы Е. Хрыста аб збурэньні Ерузаліму і канцы сьвету
РАЗДЗЕЛ 24
1 І Езус, выйшаўшы з сьвятыні, ішоў. І прыступілі вучні ягоны, каб паказаць будоўлі сьвятыні. 2 Ён-жа, адказваючы, сказаў ім: Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам, не астанецца тут камень на камені, якога-б не зруйнавалі. 3 А калі ён сядзеў на Аліўнай гарэ, прыступілі да яго вучні асобна, кажучы: Скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак твайго прыходу і сканчэньня сьвету?
4 І адказваючы, Езус сказаў ім: Глядзеце, каб вас ніхто ня зьвёў. 5 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: "Я ёсьць Хрыстус", і многіх зьвядуць. 6 Бо пачуеце аб войнах і весьцях ваенных; глядзеце, каб ня трывожыцца, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец. 7 Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства, і будуць паморы і галады і землетрасеньні па мясцох. 8 А гэтае ўсё - пачатак гора.
9 Тады будуць выдаваць вас на мучэньне, і будуць забіваць вас, і будзеце ў ненавісьці ў усіх народаў дзеля імені майго. 10 І тады згоршацца многія, і будуць мець у ненавісьці адзін другога. 11 І паўстане многа фальшывых прарокаў і многіх зьвядуць. 12 І дзеля таго што пашырыцца нягоднасьць, астыне міласьць у многіх. 13 Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены. 14 І будуць абвяшчаць гэтую эванэлію каралеўства па ўсім сьвеце на пасьведчаньне ўсім народам. І тады прыйдзе канец.
15 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, аб якой казаў прарок Даніла, стаяючую на месцы сьвятым - хто чытае, няхай разумее - 16 тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, 17 а каторыя на даху, няхай ня зыходзяць узяць што-небудзь з свайго дому, 18 а каторыя на полі, няхай не варочаюцца, каб узяць сваю вопратку. 19 А гора цяжарным і кормячым у гэтыя дні. 20 Прасеце-ж, каб уцяканьне вашае ня было зімою або ў суботу.
21 Бо будзе тады вялікае ўцісьненьне, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе. 22 І калі-б ня былі скарочаны гэныя дні, ня захавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаны гэныя дні. 23 Тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, або там - ня верце. 24 Бо паўстануць фальшывыя Хрыстусы і фальшывыя прарокі і будуць рабіць вялікія знакі і цуды, так каб былі ўведзены ў блуд - калі магчыма - нават выбраныя. 25 Вось я наперад сказаў вам. 26 Дык калі-б вам сказалі: "Вось у пустыні ёсьць" - ня выходзьце; "вось у таёмных мясцох" - ня верце. 27 Бо як маланка выходзіць з усходу і зьяўляецца аж на захадзе, так будзе і прыход Сына чалавечага. 28 Дзе-б толькі было цела, там і арлы зьбяруцца.
29 А зараз-жа пасьля ўцішненьня гэных дзён сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свайго сьвятла, і зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя будуць зрушаны. 30 І тады зьявіцца на небе знак Сына чалавечага, і тады загалосяць усе пакаленьні зямлі, і ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках нябесных з вялікай моцай і славай. 31 І пашле анёлаў сваіх з трубою і вялікім голасам, і зьбяруць выбраных ягоных з чатырох вятроў, ад краю аж да краю неба.
32 А ад фіговага дзерава вучэцеся падабенства: калі ўжо ягоная галіна робіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета. 33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах. 34 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэта станецца. 35 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы нябесныя, адзін толькі Айцец. 37 А як было ў дні Ноя, так будзе і прыход Сына чалавечага. 38 Бо як у дні перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі, аж да таго дня, у каторы Ной увайшоў у карабель, 39 і ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і не панёс усіх, - так будзе і прыход Сына чалавечага. 40 Тады двух будзе на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены, 41 дзьве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.
42 Дык чуйце, бо ня ведаеце, у якой гадзіне Пан ваш прыйдзе. 43 А тое ведайце, што калі-б гаспадар ведаў, у якую гадзіну злодзей мае прыйсьці, дык ня спаў-бы і не дапусьціў-бы падкапаць свайго дому. 44 Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы, бо Сын чалавечы прыйдзе ў гадзіну, каторай ня ведаеце.
45 Хто, думаеш, ёсьць верны і разумны слуга, каторага паставіў пан ягоны над сваімі людзьмі, каб даваць ім у пару ежу? 46 Багаслаўлены гэны слуга, каторага пан ягоны, калі прыйдзе, застане гэтак робячы. 47 Сапраўды кажу вам, што над усім сваім дабром паставіць яго. 48 А калі-б гэны слуга быў благі і сказаў у сэрцы сваім: "Пан мой пазьніцца прыйсьці" 49 і пачаў-бы біць сваіх таварышаў, еў-б і піў-бы з п'яніцамі, 50 прыйдзе пан гэнага слугі ў дзень, у які ён не спадзяецца, і ў гадзіне, якой ня ведае, 51 і разьдзеліць яго і паложыць ягону часьць з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгот зубоў.
----------------------------------
24 Р.
2 І сапраўды - з сьвятыні не засталося каменя на камені, бо яна згарэла ў 70 годзе па Н. Хр. падчас штурму Ерузаліму рымлянамі, а потым была зусім зруйнавана.
3 Вучні ставяць свайму Вучыцелю два пытаньні: 1) Калі будзе зруйнаваны Ерузалім ("калі гэтае будзе") і 2) па якіх знаках можна будзе пазнаць прыход Езуса на апошні суд і сканчэньне сьвету? Адказваючы на гэтыя пытаньні, Хрыстус не падае д а к л а д н а г а часу, калі гэтае станецца, бо для дабра душ людзкіх гэта, відаць, некарысна, а толькі падае знакі, па якіх можна будзе пазнаць і блізкае зруйнаваньне Ерузаліму і блізкі канец сьвету. Вучні гэтыя два факты лучылі адзін з адным і думалі, што разам з зруйнаваньнем Ерузаліму наступіць і канец сьвету.
9 Толькі дзеля таго, што будзеце хрысьціянамі і будзеце прызнавацца да Хрыста.
10 "Згоршацца" г. зн. дзеля вялікага прасьледу адпадуць многія ад хрысьціянскай рэлігіі.
12 Міласьць да Бога і людзей стыне, калі пашыраецца грэх і сапсуцьце.
22 Прасьлед будзе такі страшны, што ніхто-б ня вытрываў-бы, каб ён патрываў далей. "Ніводнае цела" - тут тое самае, што "ніводзен чалавек".
27 Як маланку ўсе бачаць адразу, так убачаць людзі і Сына чалавечага, каторы зьявіцца як бліск маланкі.
28 Прыраўнаньне ўзятае з палестынскага жыцьця. Там за вёскі і мястэчкі выкідаюць усякую брыду і дохлую жывёлу, на каторую а д р а з у і а д у с ю л ь зьлятаюцца драпежныя птушкі. Таксама пры канцы сьвету і людзі, ведзеныя як-бы прыродным інстынктам, зьбяруцца ў вадно месца, вызначанае Богам. Гэтае прыраўнаньне павучае нас аб раптоўным надыходзе Апошняга суду.
29 Пасьля прасьледу, узьнятага Антыхрыстам, наступіць нейкая нябесная катастрофа, у якой магчыма згтне і нашая зямля. Антыхрыст - гэта кожны праціўнік Хрыста.
30 Знакам, які тады пакажацца, будзе крыж.
31 Выкладчыкі сьв. Пісаньня не падаюць згодна, у якім значэньні тут ужываецца слова "труба", пераносным ці сапраўдным.
32 У Палестыне ўжо ў лютым, а найпазьней у сакавіку, кара на фігавых дрэвах робіцца мяккай, сьвежай і выпушчае лісьце. Вясны там бадай што ня бывае, бо ўжо ў красавіку пачынаецца гарачыня, так што ў Палестыне адрозьніваюць толькі зіму і лета.
34 Пад словам "род" трэба разумець увесь народ жыдоўскі.
40 Адзін будзе ўзяты г. зн. да неба, а другі пакінены г. зн. на вечныя мукі ў пекле.
51 "Разьдзеліць яго" - г. зн. разьсячэ яго па ўсходняму звычаю папалам. Кара разьсяканьня на часьці на Ўсходзе была агульна прынятай.
|