Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Ускрасеньне і апошнія дні Хрыста на зямлі
РАЗДЗЕЛ 28
1 А пасьля суботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу. 2 І вось зрабілася вялікае землетрасеньне, анёл Панскі зыйшоў з неба і прыступіўшы, адваліў камень і сеў на ім. 3 А быў выгляд ягоны, як маланка і адзеньне ягонае, як сьнег. 4 І ад страху перад ім перапужаліся вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя. 5 Адазваўшыся-ж анёл сказаў жанчынам: Ня бойцеся вы, бо ведаю, што шукаеце Езуса, каторы быў укрыжаваны. 6 Няма яго тут, бо ўскрос, як сказаў. Хадзеце і паглядзеце месца, дзе быў паложаны Пан. 7 І скора пайшоўшы, скажэце вучням ягоным, што ўскрос; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго пабачыце. Вось я вам сказаў наперад.
8 І выйшлі скора з гробу, са страхам і вялікай радасьцяй бягучы, каб паведаміць вучняў ягоных. 9 І вось Езус спаткаў іх, кажучы: Будзьце прывітаныя! Яны-ж прыступілі, і абнялі ногі яго, і пакланіліся яму. 10 Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.
11 Калі яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі у горад і паведамілі вашэйшых сьвятараў аб усім, што было сталася. 12 І яны, сабраўшыся з старшымі і зрабіўшы нараду, далі жаўнерам многа грошай, 13 кажучы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі і ўкралі яго, калі мы спалі. 14 А калі гэтае дойдзе да начальніка, мы ўгаворым яго і зробім вас бясьпечнымі. 15 Яны-ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І разыйшлося гэтае слова паміж жыдамі аж па сягоньняшні дзень.
16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, дзе ім быў назначыў Езус. 17 І ўбачыўшы яго, пакланіліся; некаторыя-ж сумневаліся. 18 І прыступіўшы Езус прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе і на зямлі. 19 Дык ідучы, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Сьвятога, 20 навучаючы іх захоўваць усё, што-толькі я загадаў вам. І вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэньня сьвету.
----------------------------------
Р. 28.
1 Першага дня тыдня г. зн. у нядзелю. Жанчыны выйшлі з дому яшчэ перад усходам сонца, а прыйшлі да гробу самым усходам або зараз пасьля ўсходу. Яны хацелі намасьціць цела Езуса дарагімі масьцямі, якія баранілі цела ад гніцьця.
2 Хрыстус паўстаў з умерлых і выйшаў з гробу, не нарушаючы пячацяў і не адвальваючы каменя, бо цела ягонае было ўжо прастаўленае і магло праходзіць праз матар'яльныя перашкоды, як скалы, дзьверы і г. п.
10 Анёл, а потым сам Хрыстус, загадывае сваім вучням ісьці ў Галілею. Вучні потым застасаваліся да гэтага загаду Хрыста і скіраваліся ў Галілею.
13 У гэтых славах старшых жыдоўскіх і жаўнераў была супярэчнасьць: бо калі спалі, то як маглі бачыць, што вучні прыйшлі і ўкралі цела Езуса, а калі бачылі, то нашто пазволілі?
17 Гэтае зьяўленьне Хрыстуса ў Галілеі было ня першым, а ўжо восьмым, бо перад гэтым Хрыстус зьяўляўся сваім вучням у Юдэі. Было яшчэ і болей зьяўленьняў Е. Хрыста, аб каторых расказвае сьв. Пісаньне па іншых мясцох.
19 Ужо прарокі ў Ст. Законе вясьцілі паўсюднасьць каралеўства Божага, якое мела абыймаць усе народы і ўсе краі і трываць праз усе часы. Цяпер-жа гэтае каралеўства закладае Хрыстус і пасылае сваіх вучняў вясьціць эванэлію усім народам.
Хрост у імя Сьв. Тройцы ёсьць першым і канешным варункам прыналежнасьці да каралеўства Хрыстовага. Праз хрост мы належым да Хрыстуса і да Бога.
29 Другім варункам прыналежнасьці да каралеўства Хрыстовага ёсьць захаваньне ягоных прыказаньняў. Хрыстус абяцае сваю прысутнасьць у гэтым каралеўстве (Касьцёле Каталіцкім) аж да сканчэньня сьвету. З гэтых слоў бачым, што Касьцёл Хрыстовы будзе існаваць ня гледзячы на прасьледы, да канца сьвету.
|