Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 - 15 – 16
Неразрыўнасьць жанімства
10 Разьдзел.
1 І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх. 2 І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку? 3 А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей? 4 Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць. 5 Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад; 6 але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай. 7 "Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей; 8 і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела" (Гэн. 2, 24). 9 Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае. 10 І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа. 11 І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе. 12 І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць.
Езус багаславіць дзяцей. Багаты дзяцюк
13 І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі. 14 Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае. 15 Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго. 16 І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх.
17 І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае? 18 Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. 19 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку. 20 А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей. 21 Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною. 22 Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці. 23 І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае! 24 Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае. 25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае. 26 Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца? 27 А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма. 28 І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою. 29 Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі, 30 які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае. 31 А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі.
Езус трэці раз прадказвае сваю муку. Просьба сыноў Зэбэдэявых. Аздараўленьне сьляпога Бартымея
32 Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца. 33 Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам; 34 і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб'юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.
35 І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам. 36 А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў? 37 І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей. 38 Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся. 39 Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны; 40 але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана.
41 І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна. 42 Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу. 43 А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою; 44 і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх. 45 Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.
46 І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя. 47 Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною! 49 І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе. 50 Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго. 51 І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець. 52 Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю.
32 Вучні ведалі, якая ненавісьць з боку фарызэяў і кніжнікаў чакала на Езуса ў Ерузаліме і дзеля гэтага дзівіліся, што Езус ішоў у Ерузалім і баяліся.
-----------------------
Р. 10. 9 Гл. Мт. 19, 7.
12 Разыход мужа і жонкі ў выпадку чужалоства і цяпер дазволены (сэпарацыя), толькі новай сувязі яны рабіць ня маюць права, бо тады чужаложаць. Хрыстус тут моцна падчырківае гэтае права Нов. Закону.
17 Гэта быў багаты дзяцюк, аб каторым у Мт. 19, 16 - 30.
21 Гэты ласкавы пагляд Езуса на таго дзяцюка быў доказам, што дзяцюк праўдк казаў і сапраўды вёў добрае і справядлівае жыцьцё.
24 Ня так грошы, як прывязаннасьць да іх ёсьць перашкодай на дарозе да неба.
25 Гл. Мт. 19, 24.
30 "Устораз столькі" - азначае тут, што Бог нагародзіць чалавека шмат цэньнейшымі дарамі за ўсе ахвяры, якія ён зрабіў для Бога. Нават каліб здарыліся і прасьледы, то ўсёжтакі дары Божыя будуць бальшымі за ахвяры людзкія.
31 Многа "першых" г. зн. жыдоў, якія першыя былі пакліканы да каралеўства Божага, будуць апошнімі, а пагане - першымі.
38 Келіхам і хростам заве Езус тут сваю муку. Гл. Мт. 20, 21 і наступн.
|