Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Прароцтвы аб збурэньні Ерузаліму і канцы сьвету. Напамінаньні аб чуйнасьці

13 Разьдзел.

1 І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі! 2 І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.

3 І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй: 4 Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца? 5 І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў. 6 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: "Што гэта я ёсьць", і многіх зьвядуць. 7 Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец. 8 Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.

9 А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім. 10 І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам. 11 І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты. 12 А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць. 13 І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

14 А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна - хто чытае, няхай разумее - тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; 15 а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго; 16 а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю. 17 Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні! 18 Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.

19 Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 20 І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні. 21 І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там - ня верце. 22 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных. 23 Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.

24 Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці, 25 і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца. 26 І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай. 27 І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.

28 А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета. 29 Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах. 30 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца. 31 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

32 Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец. 33 Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе. 34 Як чалавек, што ад'яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім. 35 Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы: 36 каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых. 37 А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.

 

 

-----------------------

Р. 13. 9 Гл. Мт. 24, 3.

9 Хрыстус напамінае апосталаў, каб яны глядзелі самі сябе г. зн. каб сваімі паступкамі не давалі людзям прычын да прасьледу іх.

"На пасьведчаньне ім" г. зн. каб жыды і пагане былі сьведкамі веры апосталаў.

12 Ненавісьць да Хрыста парве тады нават прыродныя сувязі, як сваяцтва крыві.

13 Гл. Мт. 24, 9 і наст.

14 Агіда спусташэньня стане нават там, дзе быць не повінна, г. зн. у сьвятыні Ерузалімскай.

15 Жыхары Палестыны вялікую часьць дня прабываюць на роўных дахах сваіх дамоў, асабліва рана і вечарам, калі няма гарачыні. Да "людзей на даху" прыходзяць першыя весткі, што робіцца ў суседзтве.

32 Словы: "ня ведае... ані Сын" тут сказаны ў тым значэньні, што Хрыстус быў пасланы не на тое, каб адкрыць людзям дзень або гадзіну сканчэньня сьвету і апошняга суду, але на тое, каб людзей збавіць, і хоць аб гэтым дні ведаў, то адкрыцьцё гэтага дня або гадзіны ня было ў намерах Божых.

33 Час зьяўленьня Сына Божага на суд ёсьць няведамы, дзеля гэтага Хрыстус у далейшай прыповесьці напамінае да чуйнасьці.

36 Чалавек, каторы ад'яжджае - гэта Хрыстус узыходзячы ў неба; слугі ягоны - гэта ўсе верныя; прыдзьвернік - гэта душа і знадворныя пачуцьці кожнага; а поры начы - гэта леты чалавека: маладыя, сталыя і старэйшыя; дык трэба, быць чуйнымі, бо часіна сьмерці і суду няведамы.

 


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст