Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка

Уступ0102030405060708091011121314 - 1516


Езус прад Пілатам

15 Разьдзел.

1 І зараз нараніцы, зрабіўшы нараду, архісьвятары з старшымі і кніжнікамі і ўсей Радай, зьвязаўшы Езуса, павялі і перадалі Пілату.

2 І спытаўся ў яго Пілат: Ты ёсьць кароль Юдэйскі? Ён-жа адказваючы сказаў яму: Ты кажаш. 3 І вінавацілі яго архісьвятары ў многім. 4 Пілат-жа ізноў спытаўся ў яго, кажучы: Не адказваеш нічога? Глядзі, у якіх вялікіх справах цябе вінавацяць! 5 Езус-жа болей не адказаў нічога, так што дзівіўся Пілат.

6 А на дзень сьвяточны меў звычай выпушчаць ім аднаго з вязьняў, каго-б загадалі. 7 Быў-жа, каторы называўся Барабба, каторы з бунтаўнікамі быў у вязьніцы, каторы ў бунце ўчыніў забойства. 8 І калі прыйшла грамада, пачала прасіць, каб учыніў ім, як заўсёды. 9 Пілат-жа адказаў ім і сказаў: Хочаце, выпушчу вам караля Юдэйскага? 10 Бо ведаў, што архісьвятары выдалі яго дзеля завісьці. 11 Але архісьвятары падбурылі грамаду, каб лепш пусьціў ім Бараббу. 12 Пілат-жа адказваючы ізноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму? 13 А яны ізноў закрычылі: Укрыжуй яго! 14 Пілат-жа сказаў ім: Што-ж ён зрабіў благое? Але яны тым болей крычалі: Укрыжуй яго! 15 І Пілат, хочучы дагадзіць народу, пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў, каб быў укрыжаваны.

16 А жаўнеры завялі яго ў дварышча суду і сабралі ўсю роту. 17 І апранулі яго ў пурпур, і сплёўшы цярновы вянок узлажылі на яго. 18 І пачалі вітаць яго: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі! 19 І білі яго па галаве трысьцінаю, і плявалі на яго, і станавячыся на калені, кланяліся яму.

Укрыжаваньне Езуса Хрыста, яго сьмерць і пахаваньне

20 І калі насьмяяліся з яго, зьнялі з яго пурпур і апранулі яго ў ягонае адзеньне і вывелі яго, каб яго ўкрыжаваць. 21 І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Кірэнэйца, які ішоў з вёскі, бацьку Александра і Руфа, каб нёс крыж ягоны. 22 І прывялі яго на месца Голгота, што значыць месца Трупнога Чэрапу. 23 І давалі яму піць віно зьмяшанае з міррай, але ён ня прыняў. 24 І ўкрыжаваўшы яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы жэраб над ім, хто што меў узяць. 25 Была-ж трэцяя гадзіна; і ўкрыжавалі яго. 26 І быў надпіс віны яго напісаны: Кароль Юдэйскі. 27 І з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ яго. 28 І споўнілася Пісаньне, каторае кажа: "І з злачынцамі ён палічаны" (Із. 53, 12).

29 А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі і кажучы: Во, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, 30 ратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа. 31 Таксама і архісьвятары, насьміхаючыся, адзін да другога з кніжнікамі гаварылі: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа паратаваць. 32 Няхай-жа цяпер Хрыстус, кароль Ізраільскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі і паверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, наругаліся з яго.

33 І калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. 34 А ў дзевятай гадзіне закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: "Елоі, Елоі, ламма сабахтані"? што значыць: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў? 35 А некаторыя з тых, што стаялі навакол, чуючы гаварылі: Вось Гальяша кліча. 36 Адзін-жа, пабегшы і напоўніўшы губку воцтам і насадзіўшы на трысьціну, даваў яму піць, кажучы: Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш, каб зьняць яго. 37 Езус-жа, закрычаўшы вялікім голасам, сканаў.

38 І заслона сьвятыні разьдзёрлася надвое ад верху аж да нізу. 39 А сотнік, каторы стаяў напроціў, бачачы, што гэтак крычачы, сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым. 40 Былі-ж і жанчыны, углядаючыся здалёку, паміж каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба Малодшага і Язэпа, і Саламея; 41 і калі быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, і многа іншых, каторыя разам з ім былі прыйшоўшы у Ерузалім.

42 І калі ўжо настаў вечар, (бо быў дзень Прыгатаўленьня, які бывае перад суботай), 43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны радны, каторы і сам чакаў каралеўства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса, 44 а Пілат зьдзівіўся, ці ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр. 45 І калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу. 46 Язэп-жа, купіўшы палатно і зьняўшы яго, завярцеў у палатно і палажыў яго ў гробе, які быў высечаны з скалы, і прываліў камень да ўваходу ў гроб. 47 Марыя Магдалена і Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.

 

 

-----------------------

Р. 15

1 Гл. Мт. 27, 1 і наст.

21 Гэты Сымон, як перадаюць старадаўныя пісьменьнікі, навярнуўся, быў біскупам у Заярданьні і памёр мучаніцкаю сьмерцяй.

23 Гл. Мт. 27, 34 і наст.

25 Трэцяя гадзіна ў тагачасных жыдоў - гэта быў час паміж нашай 9 і 12 дня. Магчыма, што Езуса ўкрыжавалі зараз перад нашай 12-ай.

33 Гадзіна 6 - 9 гэта наша 12 - 3 па палудні. Гл. Мт. 27, 45.

44 Сябры Сангэдрыну былі ў Пілата і прасілі, каб паламаць галені ўкрыжаваным, каб прысьпешыць сьмерць. Гэта было ў тую-ж пятніцу 3 па паўдні. Калі зараз потым зьявіўся Язэп з Арыматэі, просячы цела Езуса, Пілат зьдзівіўся, ці Езус ужо памёр і паклікаўшы сотніка, які быў пры сьмерці Езуса і які пасьля паламаньня галеняў вярнуўся на замак, выслухаў ад яго афіцыяльнай справаздачы аб сьмерці Езуса. Упэўніўшыся, што езус памёр, Пілат пазволіў зьняць цела Езуса з крыжа і пахаваць. Гл. Мт. 27, 57.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст