Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 - 15 – 16
Езус непрыняты ў Назарэце
6 Разьдзел.
1 І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні. 2 І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі? 3 Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго. 4 І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей. 5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі. 6 І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы.
Разасланьне апосталаў
7 І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 8 І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе, 9 але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі. 10 І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль. 11 І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім. 12 І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі; 13 і выганялі многа д'яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі.
Сьмерць Яна Хрысьціцеля
14 І пачуў кароль Гэрад - бо імя ягонае сталася ведамае - і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды. 15 Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў. 16 Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых.
17 Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку. 18 Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго. 19 А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла, 20 бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго.
21 І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі. 22 І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе. 23 І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго. 24 Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля. 25 І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля. 29 І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць, 27 але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы. 28 І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы. 29 Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе.
Цудоўнае размнажэньне хлеба
30 І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі. 31 І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці. 32 І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца. 33 І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. 34 І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага.
35 І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць, 36 пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці. 37 І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці. 38 І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы. 39 І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве. 40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят. 41 І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім. 42 І елі ўсе і наеліся. 43 І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў. 44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
Езус ходзіць па моры
45 І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ. 46 І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца. 47 І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі. 48 І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры - і хацеў іх мінуць. 49 Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. 50 Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся. 51 І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе, 52 бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае.
53 І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу. 54 Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго; 55 і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць. 56 І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.
-----------------------
Р. 6.
1 "У сваю бацькаўшчыну" - г. зн. у Назарэт.
3 Гл. Мт. 13, 56.
5 "Ня мог" - гэта значыць не знайшоў там патрэбных варункаў у людзей, а перш за ўсё веры.
8 Кій на ўсходзе ёсьць заўсёдным таварышам у падарожы. Бяз кія ў даўжэйшую дарогу там ня выходзяць.
9 Сандалы былі абуткам людзей небагатых.
11 Што ласкай Бога і навукай яго ўзгардзілі.
20 Гэрад, будучы слабавольным, сам ад сябе не хацеў нічога дрэннага зрабіць Яну Хрысьціцелю, а нават яго паважаў.
26 Гл. Мт. 14, 9.
33 Пазналі па кірунку лодкі, куды Езус паплыў. Па сушы маглі скарэй дайсьці - "апярэдзіць", калі на возеры быў праціўны вецер.
37 Хрыстус хоча выпрабаваць веру апосталаў. 200 дынараў - гэта каля 400 зл.
48 "Каля чацьвертай начной варты" - г. зн. каля чацьвертай гадзіны нараніцы. Гл. Мт. 14, 25.
52 Апосталы не зарзумелі цудоўнага размнажэньня хлеба, як прыгатаваньня да ўстанаўленьня сьв. Эўхарыстыі. Яны хоць і глядзелі на цуды, але не разумелі іх значэньня.
|