01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
27
1 Як настала раніца, усі найвышшыя сьвятары а старцы люду мелі нараду празь Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць. 2 I, зьвязаўшы Яго, завялі й выдалі Пілату Понцкаму, намесьніку.
3 Тады Юда, што ізрадзіў Яго, абачыўшы, што Ён засуджаны, і каючыся, зьвярнуў трыццаць срэбнінікаў найвышшым сьвятаром а старцом, 4 Кажучы: „Ізграшыў я, ізрадзіўшы кроў нявінную". А яны сказалі яму: „Што нам да таго? ты абачыш". 5 I, кінуўшы срэбнікі ў доме Божым, ён вышаў і, адышоўшыся, засіліўся. 6 Сьвятары ж, узяўшы срэбнікі, гу́калі: „Нельга ўкінуць іх да скарбніцы царкоўнае, бо гэта цана крыві". 7 Парадзіўшыся, купілі за іх поле ганчарова на пахоў чужа́н. 8 Затым і завецца поле тое „Поле Крыві" дагэтуль. 9 Тады спаўні́лася сказа́нае прарокам Ярэмам, што кажа: „I ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацанаванага, Каторага ацанавалі сынове Ізраеля, 10 I далі́ іх за поле ганчарова, як Спадар прызначыў імне".
11 Ісус жа стаў перад намесьнікам. I папытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: „Ці ты Кароль Юдэйскі?" Ісус сказаў яму: „Ты кажаш". 12 I як вінавалі Яго найвышшыя сьвятары а старцы, Ён нічога не адказаваў. 13 Тады кажа Яму Пілат: „Ня чуеш, колькі сьветчаньняў на Цябе?" 14 I не адказаваў яму на ні воднае слова, ажно намесьнік вельма дзіваваўся. 15 На сьвята ж Пасхі намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, каторага хацелі. 16 Быў тады ў іх ведамны астрожнік, званы Вараўва. 17 Дык, як былі́ зьбершыся, сказаў ім Пілат: „Каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?" 18 Бо ведаў, што із за́відасьці Яго выдалі.
19 Прымеж таго, як сядзеў ён на судовым седаве, жонка ягоная паслала яму сказаць: „Не рабі нічога Справядліваму гэнаму, бо я сядні ў сьне шмат цярпела за Яго".
20 Але найвышшыя сьвятары а старцы падвучылі груды прасіць Вараўвы, а Ісуса загубіць. 21 Тады намесьнік, адказуючы, сказаў ім: „Каго з двух хочаце, каб я выпусьціў вам?" Яны сказалі: „Вараўву". 22 Кажа ім Пілат: „Што ж я зраблю Ісусу, званаму Хрыстом?" Кажуць усі: „Хай будзе ўкрыжаваны!" 23 Намесьнік сказаў: „Якое ж ліха зрабіў Ён?" Але яны яшчэ мацней крычэлі: „Хай будзе ўкрыжаваны!" 24 Пілат, бачачы, што нічога не паможа, але паўстаець замятня, узяў вады і ўмыў рукі перад грудам, кажучы: „Ня вінен я ў крыві справядлівага гэтага; абачыце вы". 25 I, адказуючы, увесь люд сказаў: „Кроў Яго на нас а на дзеці нашы". 26 Тады выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў на ўкрыжаваньне.
27 Тады жаўнеры намесьнікавы, узяўшы Ісуса да месцкае рады, зьберлі на Яго цэлую вятку. 28 I, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго шкарлатны ахілім; 29 I, зьвіўшы карону зь церні, узлажылі Яму на галаву Ягоную, і далі́ Яму ў правую руку́ трысьціну́; і, клякаючы перад Ім, насьміхаліся зь Яго, кажучы: „Здароў, Каролю Юдэйскі!" 30 I плівалі на Яго, і, узяўшы трысьціну́, білі Яго па галаве. 31 I, як назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі́ зь Яго шкарлатны ахілім, і адзелі ў вадзецьці Ягоныя, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
32 Выходзячы, яны стрэлі аднаго Кірынеяні́на, імям Сымона; гэтага прысі́лілі несьці крыж Ягоны. 33 I, прышоўшы на месца, званае Ґолґота, што знача „Чарэпнішча", 34 Далі́ Яму піць віна, зьмешанага з жоўцяй; і, паспытаўшыся, не хацеў піць. 35 Тыя, што Яго ўкрыжавалі, дзялілі адзецьці Ягоныя, кідаючы на жэрабя; 36 I, седзячы, сьцераглі Яго там. 37 I, прыбілі над галавою Ягонай надпіс віны Ягонае: „Гэта Ісус, Кароль Юдэйскі".
38 Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго справа, а другога зьлева.
39 Праходзячыя ж насьміхаліся зь Яго, ківаючы галава́мі сваімі, 40 I кажучы: „Ты, што бура́еш Дом Божы і за тры дні становіш яго! спасі Самога Сябе; калі Ты Сын Божы, дык іступі з крыжа". 41 Падобна й найвышшыя сьвятары з кніжнікамі а старца́мі, насьміхаючыся, гу́калі: 42 „Іншых спасаў, а Сябе Самога ня можа спасьці! калі кароль Ізраельскі Ён, хай цяпер іступе з крыжа, і ўверым у Яго; 43 Спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбаве Яго, калі Ён любы Яму. Бо Ён Сказаў: 'Божы Я Сын'". 44 Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, вярнулі на Яго.
45 Ад шостае ж гадзіны цемра стала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае. 46 А каля дзявятае гадзіны загука́ў Ісус голасам вялікім, кажучы: „Ілі, Ілі, лэма савахфані", што знача: „Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?" 47 Некатрыя з тых, што стаялі, чуючы гэта, гу́калі: „Ільлю гука́е Ён". 48 I якга пабег адзін ізь іх, узяў губку, змачыў яе воцтам і, насадзіўшы на трысьціну́, даў Яму піць. 49 А засталыя казалі: „Пажджы, паглядзім, ці прыйдзе Ільля спасьці Яго".
50 Ісус жа, ізноў загука́ўшы голасам вялікім, выпусьціў дух.
51 I вось, запона ў Доме Божым разьдзерлася на дзьве часьці, з гары аж да далоўя; і зямля затрэслася; і ска́лы раськяпіліся; 52 I грабы рашчыніліся; і шмат якія целы заснулых сьвятых ускрэсьлі; 53 I, вышаўшы з грабоў па ўскрысеньню Ягоным, увыйшлі да сьвятога места, і зьявіліся шмат каму.
54 Сотнік жа й тыя, што сьцераглі зь ім Ісуса, бачачы трасеньне зямлі і ўсе, што прылучылася, надта спалохаліся й казалі: „Запраўды Сын Божы быў Ён".
55 Там былі́ таксама й глядзелі зводдаль шмат якія жанкі́, што йшлі за Ісусам із Ґалілеі, паслугуючы Яму; 56 Памеж іх былі́ Марыя Магдалена а Марыя маці Якавава а Язэпава, і маці сыноў Зэведэевых.
57 Як жа настаў вечар, прышоў багаты чалавек із Арымафеі, імям Язэп, што таксама вучыўся ў Ісуса. 58 Ён, прыступіўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 59 I, узяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно; 60 I палажыў яго ў новым сваім гробе, што высек ён у ска́ле; і, прыкаціўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адышоў.
61 Была́ ж там Марыя Магдалена а другая Марыя, што сядзелі супроці гробу.
62 Наступнога дня, што быў па дню прыгатовы, зьберліся найвышшыя сьвятары а фарысэі да Пілата, 63 Кажучы: „Спада́ру! мы ўспомнелі, што ашуканец гэны, яшчэ будучы жывы, сказаў: 'За тры дні ўскрэсну'. 64 Затым раскажы абясьпечыць гроб да трэйцяга дня, каб ву́чанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу: 'Ускрэс ізь мертвыx'; і будзе апошняя ашука горшая за першую". 65 Сказаў ім Пілат: „Маеце варту; пайдзіце, абясьпечча, як знаеце". 66 Яны пайшлі, абясьпечылі гроб, прыклаўшы да каменя пячаць, і вартаю.
|