Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Паводле Мацвея Святое Дабравесце


 

 

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

Раздзел 1

РАДАВОД ІСУСА ХРЫСТА

1       Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага. Лук. 3,24.

2      Ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, а ад Ісаака нарадзіўся Якаў, ад Якава ж нарадзіўся Іуда і яго браты; Быц. 21, 2; 25, 26; 29, 35.

3      Ад Іуды ж нарадзіліся Фарэс і Зара, якіх спарадзіла Фамар, а ад Фарэса нарадзіўся Эсром, ад Эсрома ж нарадзіўся Арам; Быц. 38, 30; 46, 12. Руф. 4, 18. 1 Пар. 2, 5.

4       Ад Арама ж нарадзіўся Амінадаў, а ад Амінадава нарадзіўся Наасон, ад Наасона ж нарадзіўся Салмон;

5       Ад Салмона ж нарадзіўся Ваоз, якога спарадзіла Рахава, а ад Ваоза нарадзіўся Авід, якога спарадзіла Руф, ад Авіда ж нарадзіўся Ясей; Руф. 4, 21. 1 Па,р. 2, 11.

6      Ад Ясея ж нарадзіўся цар Давід, а ад цара Давіда нарадзіўся Саламон, якога спарадзіла былая Урыева жонка; 1 Цар. 17, 12. 2 Цар. 12, 24.

7      Ад Саламона ж нарадзіўся Раваам, а ад Раваама нарадзіўся Авія, ад Авіі ж нарадзіўся Аса; 3 Цар. 11, 43; 14, 31. 15, 8. 1 Пар. 3, 10.

8      Ад Асы ж нарадзіўся Ясафат, а ад Ясафата нарадзіўся Ярам, ад Ярама ж нарадзіўся Азія;

9      Ад Азіі ж нарадзіўся Яафам, а ад Яафама нарадзіўся Ахаз, ад Ахаза ж нарадзіўся Езекія;

10        Ад Езекіі ж нарадзіўся Манасія, а ад Манасіі нарадзіўся Амон, ад Амона ж нарадзіўся Іасія; 4 Цар. 20, 21. 1 Пар. 3, 13.

11        Ад Іасіі ж нарадзіўся Якім, а ад Якіма нарадзіліся Еханія і яго браты, пад час вавілонскага высялення; 4 Цар. 23, 34; 24. 6. 1 Пар. 3, 16. 2 Пар. 36, 4.

12        Пасля ж вавілонскага высялення ад Еханіі нарадзіўся Салафііль, а ад Салафііля нарадзіўся Зарававель; 4 Цар. 24, 15. 1 Пар. 3, 17; 2 Пар. 36, 8. Ездр. 3, 2; 5, 2.

13        Ад Зарававеля ж нарадзіўся Авіуд, а ад Авіуда нарадзіўся Еліякім, ад Еліякіма ж нарадзіўся Азор;

14        Ад Азора ж нарадзіўся Садок, а ад Садока нарадзіўся Ахім; ад Ахіма ж нарадзіўся Еліуд;

15        Ад Еліуда ж нарадзіўся Елеазар, а ад Елеазара нарадзіўся Матфан, ад Матфана ж нарадзіўся Якаў;

16        Ад Якава ж нарадзіўся Іосіф, муж Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, названы Хрыстос.

17        Значыць, усіх пакаленняў ад Аўраама аж да Давіда,- чатырнаццаць пакаленняў, і ад Давіда аж да вавілонскага высялення,- чатырнаццаць пакаленняў, і ад вавілонскага высялення аж да Хрыста,- чатырнаццаць пакаленняў.

НАРАДЖЭННЕ ІСУСА ХРЫСТА

18        Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было так. Пасля заручын Яго Маці Марыі з Іосіфам, перш чым сышліся яны, выявілася, што яна мае ў лоне ад Святога Духа. Лук. 1, 27.

19        Іосіф жа, Яе муж, быўшы справядлівым і не хацеўшы зняславіць Яе, намерыўся ўпотай адпусціць Яе.

20        Калі ж ён падумаў гэта, вось прыйшоў у сне да яго Анёл Гасподні, кажучы: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыняць Марыю, сваю жонку; бо зароджанае ў ёй ёсць ад Святога Духа.

21        Народзіць жа Яна Сына, і дасі Яму імя: Ісус; бо Ён збавіць Свой народ ад яго грахоў. Лук. 1, 31. Дзеян. 4, 12; Іаан. 2, 2. Рым. 3. 24.

22        А ўсё гэта сталася, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23        "Вось Дзяўчына зачне ў лоне і народзіць сына, і дадуць імя Яму Эмануіл, што ў перакладзе азначае: з намі Бог". Іс. 7, 14.

24        Іосіф жа, збудзіўшыся ад сну, зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні, і прыняў ён жонку сваю;

25        Ды не збліжаўся з Ёю, аж пакуль нарадзіла Яна Свайго Сына першароднага; і ён даў імя Яму: Ісус. Лук. 2, 21.

 

 

--------------------------------

Пра чалавека, імя якога стаіць у назве гэтага Евангелля, вядома няшмат. Ён быў палесцінскі яўрэй. Як некаторыя іудзеі, меў яшчэ і другое імя-Левій. Працаваў зборшчыкам пошлін, за што яго і ненавідзелі людзі.

Расказваецца: калі Хрыстос паклікаў Мацвея, што быў пры зборы пошлін, той як сядзеў, так устаў і з радасцю пайшоў за Хрыстом, пакінуўшы ўсё, апроч свайго пяра. Мацвей быў глыбока адукаваным чалавекам-сама служба мытніка вымагала гэтага. I сярод Ісусавых вучняў-дванаццаці апосталаў (большасць якіх былі простымі рыбакамі),- вылучаўся тым, што добра валодаў пісьмовым словам і запісаў вучэнне Хрыста. I калі, скажам, з Евангелля паводле Марка перад намі найбольш разгортваюцца жыццёвыя дарогі Ісусавы, то з Дабравесця паводле Мацвея найперш паўстае сутнасць Хрыстовага вучэння, узаемаповязь Старога і Новага Запаветаў.

«Кніга радаводу» Хрыста складзена евангелістам на ўзор старазапаветных радаводаў і паказвае, што Ісус-сын цара Давіда. Такім чынам падкрэсліваецца пераемнасць між двума Запаветамі і месіянства Ісуса. Як было абяцана Богам, Месія павінен быў быць «сынам», г. зн. нашчадкам Давідавым. I тут была не такою важнаю крэўнасць, як прававы статус: тое, што Ісус прыняты да Давідава га роду.

У грэцкім тэксце замест прынятага тут у перакладзе «ад (каго) нарадзіўся» скрозь ужыты семітычны выраз «эгэннэсэ» (нарадзіў), які абазначае паходжанне па непасрэднай лініі: «Аўраам нарадзіў Ісаака, Ісаак нарадзіў Якава» і г. д.

У радаводзе выразна выступаюць імёны жанчын, што не ў традыцыях іудзейскіх радаслоўных, бо на жанчыну глядзелі не як на чалавека, а як на рэч. У штодзённай ранішняй малітве іудзей дзякаваў Богу за тое, што не стварыў яго язычнікам, рабом ці жанчынаю. Да таго ж, Руф не яўрэйка, а маавіцянка, Рахава- хананеянка, паводле Старога Запавету, ды яшчэ і блудніца. Такі радавод як бы падкрэслівае, што для ўсеагульнай любові Божай няма ні іудзея, ні эліна, Бог можа заклікаць не толькі праведніка, а і грэшніка.

1, 16. Ісус-гэта грэцкі пераклад пашыранага іудзейскага імя Ешуа, якое азначае: Госпад-яго збавенне. Хрыстос-грэцкае слова, якое абазначае тое самае, што і яўрэйскае Месія, г. зн. Памазаннік, асвечаны святым алейным памазаннем. Так называлі людзей, пасвечаных на служэнне Богу (прарокаў, цароў), а таксама абяцанага ў Старым Запавеце збаўцу. Ісус-чалавечае імя Госпада. Хрыстос-афіцыйнае. ІІамазаны Святым Духам, Ісус зрабіўся ХрыстомПамазаннікам.

1, 18. Заручыны, якія цягнуліся год, у іудзеяў нельга было так проста, без разводу, спыніць: пара разглядалася як муж і жонка, хоць і без шлюбных правоў. Для шлюбу Іосіфу заставалася Прывесці Марыю ў свой дом.

1, 19. Іосіф у сваёй справядлівасці зусім не падазраваў віны Марыі, таму і хацеў «употай адпусціць Яе», каб не была пакарана паводле Майсеевага закону.

1. 20. Стары Запавет крытычна ставіўся да сноў. У Новым Запавеце сны адрозніваюцца тым, што яны не алегарычныя, а павучальныя: прыходзіць Бог, анёл ці чалавек і дае наказ, што трэба рабіць.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст