Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Марка


 

 

Эвангельле паводле Марка

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16

 

13

Прамова пра збурэньне Ерузаліму і прыйсьце Хрыста

Зьнішчэньне сьвятыні

1. І, калі Езус выходзіў са сьвятыні, адазваўся да Яго адзін з вучняў Ягоных: "Вучыцель, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!"

2. У адказ кажа яму Езус: "Бачыш усе гэтыя вялізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б ня быў развалены".

3. І калі Езус сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, пыталіся Яго асобна Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4. "Скажы нам, калі гэта станецца, ды што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?"

Пачатак мукаў

5. Адказваючы, Езус пачаў ім казаць: "Глядзіце, каб вас хто ня зьвёў.

6. Бо многа прыйдзе ў імя Маё, каторыя будуць казаць: "Гэта я", і яны многіх зьвядуць.

7. А калі пачуеце пра войны і пра весткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але на гэтым не канец.

8. Бо паўстане народ на народ, ды каралеўства на каралеўства, ды будуць месцамі землятрусы і голад. Гэта пачатак цярпеньня.

Перасьледаваньне вучняў

9. Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сынагогах, і будуць вас стаўляць перад намесьнікамі і каралямі дзеля Мяне на сьведчаньне.

10. І трэба, каб перш было абвешчана Эвангельле ўсім народам.

11. І калі вас цягаць будуць на асуджэньне, ня думайце раней, што маеце гаварыць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.

12. І будзе выдаваць на сьмерць брат брата і бацька сына; і дзеці збунтуюцца супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.

13. І будзеце вы ў ненавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрымае да канца, будзе збаўлены.

Знакі блізкага збурэньня Ерузаліма

14. Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пашыраную там, дзе ня мела быць, - хто чытае, хай разумее, - тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

15. а хто на даху, хай не зыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дому свайго,

16. і хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць вопратку сваю.

17. Гора будзе цяжарным ды кормячым у тыя дні.

18. Дзеля таго маліцеся, каб не сталася гэта ў зіму.

19. Бо ў тыя дні будзе такая туга, якой не было ад стварэньня сьвету, які Бог стварыў, аж дасюль.

20. І калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ацалеў бы ніхто, але (Госпад) скараціў дні дзеля сваіх выбраных, якіх Ён выбраў.

21. І калі б хто вам тады сказаў: "Вось тут Хрыстос, або там", ня верце.

22. Бо паявяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі ды цуды, каб зьвесьці, калі гэта магчыма, нават выбраных.

23. Дык глядзіце: Я вам усё прадказаў.

Прыйсьце Сына Чалавечага

24. А па тузе ў тыя дні зацьмее сонца, ды месяц ня дасьць сьвятла свайго,

25. і зоркі нябесныя падаць будуць, ды магуцьці, што на небе, стануць хістацца.

26. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаку з вялікай магутнасьцю і славаю.

27. І тады пашле анёлаў сваіх і сабярэ з чатырох вятроў ад краю зямлі да краю неба выбраных сваіх.

Прыклад дрэва фігавага

28. З фіговага дрэва бярыце прыклад. Калі ўжо яго галінка робіцца мяккай і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.

29. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, у дзьвярах.

30. Сапраўды кажу вам: не праміне род гэты, аж гэта ўсё станецца.

31. Неба і зямля счэзнуць, але словы Мае трываць будуць.

32. А дня тога і хвіліны ніхто ня ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

Патрэба чуваньня

33. Глядзіце, чувайце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі гэты час надыйдзе.

34. Як чалавек, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзьвернаму пільнаваць.

35. Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень засьпявае, ці раніцай,

36. каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас сьпячымі.

37. А што вам кажу, усім кажу: чувайце!"


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст