01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40
12 I сказаў СПАДАР Масею а Аарону ў зямлі Ягіпецкай, кажучы: 2 „Месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым хай будзе ў вас месяцам году. 3 Гукайце ўсяму збору Ізраелцаў, кажучы: „Дзясятага гэтага месяца няхай возьмуць сабе кажны ягнё на дамову бацькоў, ягнё на дамову. 4 I калі малая дамова, каб мець ягнё, то няхай возьме ён і сусед найбліжшы да дамовы ягонае, подле ліку душаў; подле тога, колькі кажны ізьесьць, разьлічыце на ягнё. 5 Ягнё дасканальнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авец альбо з козаў возьмеце. 6 I будзе вам на назіраньне да чатырнанцатага дня гэтага месяца; і зарэжа яго ўся грамада збору Ізраельскага адвячоркам. 7 I возьмуць із крыві, і дадуць на абодва вушакі і на абсаду ў дамох, у каторых будуць есьці яго. 8 Няхай зьядуць мяса ягонае гэтае ночы, сьпечанае на агню, і праснакі, з гаркімі травамі няхай зьядуць яго. 9 Ня ежча зь яго сырога або сусім зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агню, галаву з каленямі а патрыхамі. 10 I не пакідайце зь яго да раньня; але засталае зь яго да раньня на агню спаліце. 11 I гэтак ежча яго: няхай будуць сьцёгны вашы паперазаныя, вобуй ваш на нагах вашых і пасахі вашы ў руках вашых, і ежча яго хапліва; гэта Пасха СПАДАРУ. 12 I Я прайду па зямлі Ягіпецкай гэтае самае ночы, і паб'ю кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і над усімі багамі Ягіпецкімі ўчыню суды. Я СПАДАР. 13 I будзе ў вас кроў знакам на дамох, ідзе вы там, і абачу кроў, і абміну вас, і ня будзе меж вас мору нішчачага, як буду біць у зямлі Ягіпецкай.
14 I будзе гэты дзень вам на памятку, і будзеце яго сьвяціць, як сьвята СПАДАРУ ў родах сваіх; уставаю вечнай сьвяціце яго. 15 Сем дзён ежча праснакі; і першага ўжо дня няхай перастане кіслае ў дамох вашых; бо кажны, хто будзе есьці няпрэснае зь першага дня да сёмага дня, дык душа таго выгублена будзе з памеж Ізраеля. 16 I на першы дзень сьвяты сход, і на сёмы дзень сьвяты сход будзе ў вас, ніякае работы ня маеце рабіць у іх; толькі што есьці кажнаму, адно тое можна рабіць вам. 17 I дзяржыце праснакі, бо ў гэты самы дзень я вывеў войска вашае ізь зямлі Ягіпецкае; і дзяржыце гэты дзень у родах сваіх уставаю вечнай. 18 Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца зь вечара ежча праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца. 19 Сем дзён кісьля хай ня знойдзецца ў дамох вашых; бо хто будзе есьці няпрэснае, дык выгублена будзе душа тая із збору Ізраелцаў, ці гэта будзе чужаземец, ці тубылец зямлі. 20 Нічога няпрэснага ня ежча; у вусіх мясцох жыцьця вашага ежча праснакі".
21 I згукаў Масей усіх старцоў Ізраельскіх, і сказаў ім: „Выбярыце й вазьміце сабе баранчыка подле радзімаў сваіх і зарэжча Пасху. 22 I вазьміце пучок гізопу, і занурыце ў кроў, каторая ў судзіне, і дакраніцеся з крыві, што ў судзіне, да абсады а да абодвых вушакоў, і вы ня выходзьце ніхто з уходу дому свайго аж да раньня. 23 I пройдзе СПАДАР губіць Яґіпет, і абача кроў на абсадзе а на абодвых вушакох, і абмінець СПАДАР ля ўходу, і ня дасьць загубцу ўвыйсьці ў дамы вашыя губіць. 24 I будзеце дзяржаць гэта, як уставу сабе і сыном сваім на векі. 25 I будзе, што, як увыйдзеце ў зямлю, каторую дасьць СПАДАР вам, як Ён казаў, дык дзяржыце службу гэтую. 26 I як скажуць вам дзеці вашы: ,Што гэта за служба ў вас?' 27 Дык скажыце: ,Пасхальны аброк гэта СПАДАРУ, Каторы абмінуў дамовы сыноў Ізраельскіх у Ягіпце, як губіў Ягіпет, і дамовы нашыя вывальніў'." I нахінуўся люд і пакланіўся. 28 I пайшлі, і зрабілі сынове Ізраелявы; як расказаў СПАДАР Масею а Аарону, так і зрабілі.
29 I было а поўначы: I СПАДАР забіў кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад першака Фараонавага, сядзячага на пасадзе сваім, аж да першака палоненага, што ў вязьніцы, і кажнага першака із жывёлы. 30 I ўстаў Фараон ночы сам, і ўсі слугі ягоныя, і ўвесь Ягіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Ягіпце, бо ня было дамовы, ідзе ня было б мерцьвяка. 31 I гукнуў Масея а Аарона ночы, і сказаў: „Устаньце, выйдзіце з памеж люду майго, таксама вы, таксама сынове Ізраелявы, і йдзіце служыце СПАДАРУ, як вы казалі. 32 Таксама драбны, таксама буйны статак ваш вазьміце, як вы казалі, і пайдзіце, і дабраслаўце таксама мяне". 33 I павялічылі Ягіпцяне барзьдзіць люд, каб выслаць яго ізь зямлі тае, бо казалі яны: ,,Вось мы ўсі мерцьвякі". 34 I панёс люд цеста свае ўперад, чымся яно ськісла; дзежы свае, завязаныя ў вадзежах сваіх, на плячох сваіх. 35 I сынове Ізраелявы зрабілі подле слова Масеявага, і прасілі ў Ягіпцян судзьдзя срэбнага а судзьдзя залатога і адзежаў. 36 I СПАДАР даў ласку народу ў вачох Ягіпцян, і яны захочавалі іх прасіць; і спустошылі яны Ягіпет.
37 I крануліся сынове Ізраелявы з Рамсэса да Сукоф да шасьцьсот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзецянят. 38 I вялікая мешанка ўзышла зь імі, і драбны й буйны статак, стада надта вялікая. 39 I сьпяклі яны зь цеста, што вынесьлі зь Ягіпту, прэсныя перапечкі, бо яно яшчэ ня ськісла, бо яны выгнаны былі зь Ягіпту і не маглі адвалакаць, і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.
40 I часу аселасьці сыноў Ізраелявых, каторага жылі ў Ягіпце, было чатырыста а трыццаць год. 41 I было пры канцу чатырыста трыццацёх год, што ў гэтым самы дзень вышла ўсе войска СПАДАРОВА ізь зямлі Яґіпецкае. 42 Ноч чукавасьці яна СПАДАРУ за вывядзеньне іх ізь зямлі Ягіпецкае, яна, гэта ноч СПАДАРУ чукавасьці яна сыном Ізраелявым у родах іхных.
43 I сказаў СПАДАР Масею а Аарону: „Во ўстава Пасхі: кажны чужы няхай ня есьць яе. 44 А кажны слуга - чалавек, куплены за срэбла, і як абрэжаш яго, тады можа есьці зь яе. 45 Прыходны а найміт ня мае есьці зь яе. 46 У вадным доме маеце есьці яе, ня выносьце мяса вонкі з дому, і косьцяў яе не ламіце. 47 Уся грамада Ізраельская мае прыгатаваць яе. 48 I калі чужнік будзе жыць із табою, і зробе Пасху СПАДАРУ, абрэж у яго ўсіх мужчынскага стану, і тады няхай дабліжыцца рабіць яе, і будзе як тубылец у зямлі; а ніякі неабрэзаны ня мае есьці зь яе. 49 Адно права будзе тубыльцу й чужніку, што будзе памеж вас". 50 I ўчынілі гэтак усі сынове Ізраелявы; як СПАДАР расказаў Масею а Аарону, так і ўчынілі.
51 I было таго самага дня, СПАДАР вывеў сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае войскамі іхнымі.
|