01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40
2 I пайшоў чалавек із дому Левага, і ўзяў сабе дачку Леваву. 2 I зачала тая жонка, і нарадзіла сына, і бачыла яго, што ён харошы, і хавала яго тры месяцы. 3 Але не магла даўжэй хаваць яго, узяла каробку з трысьціны і асмаліла яе асфальтам а смалою; і палажыла ў яе дзецянё, і пастанавіла ў трысьніку ля берагу ракі. 4 I стаяла сястра ягоная воддаль, каб ведаць, што станецца яму.
5 I зышла дачка Фараонава мыцца ў раццэ, а дзеўкі ейныя хадзілі ля ракі. I яна абачыла каробку сярод трысьніку, і паслала служэбку сваю ўзяць яе. 6 I адчыніла, і абачыла яго - гэта дзецянё; і вось, хлопчык плача; і зжалілася над ім, і сказала: „Зь дзяцей гэбрэйскіх гэта". 7 I сказала сястра ягоная дачцэ Фараонавай: „Ці не схадзіць імне і ці ня гукнуць да цябе жонку - мамку з Гэбрэяк, каб яна мамчыла гэтае дзецянё". 8 I сказала ёй дачка Фараонава: „Схадзі".
I пайшла дзявушчая дзеўка, і пагукала маці дзецяняці. 9 I сказала ёй дачка Фараонава: „Панясі сабе дзецянё гэтае і мамч яго імне; я дам табе тваю плату". Жонка ўзяла дзецянё і мамчыла яго.
10 I вырасла дзецянё, і яна прывяла яго да дачкі Фараонавае, і ён быў у яе за сына, і назвала імя ягонае: Масей, і казала яна, „Бо з вады я выцягнула яго".
11 I было тых дзён: і вырас Масей, і вышаў да братоў сваіх, і абачыў цяжкія работы іхныя; і абачыў, што Егіпцянін б'ець аднаго Гэбрэя з братоў ягоных. 12 I абярнуўся туды-сюды, і бачачы, што нікога няма, і ён забіў Ягіпцяніна, і схаваў яго ў пяску.
13 I вышаў ён назаўтрае, і во, два Гэбрэі вадзяцца; I сказаў ён ліхому: „Нашто ты б'еш бліжняга свайго?" 14 I тый сказаў: „Хто пастанавіў цябе начэльнікам а судзьдзёй над намі? Ці не забіць мяне манішся ты, як забіў Егіпцяніна ?" I зьлякаўся Масей, і сказаў: „Пэўне стала ведама гэта". 15 I пачуў Фараон праз гэтую справу, і глядзеў забіць Масея.
I ўцёк Масей ад Фараона, і жыў у зямлі Мідзянскай, і сеў ля студні. 16 У сьвятара Мідзянскага сем дачок. I яны прышлі, і насілялі, і напоўнілі карыты, напаіць драбны статак айца свайго. 17 I прышлі пастухі, і адагналі іх. I ўстаў Масей, і памог ім, і напаіў драбны статак іхны. 18 I прышлі яны да Рагуеля, айца свайго, і ён сказаў ім: „Што вы так борзда прышлі сядні?" 19 Яны сказалі: „Егіпцянін уратаваў нас ад пастухоў і нават насіляў нам вады, і напаіў драбны статак". 20 Ён сказаў дачкам сваім: „Ідзе ж ён? Чаму вы пакінулі таго чалавека? Гукніце яго, і няхай есьць хлеб".
21 I ўпадабаў Масей жыць у гэтага чалавека, і ён выдаў за Масея дачку сваю Цыпору. 22 I яна нарадзіла сына, і назваў яго імя Ґіршон; бо, казаў ён, „Я стаў чужніком у чужой зямлі".
23 I было за шмат дзён тых: і памер кароль ягіпецкі. I ўздыхалі дзеці Ізраелявы ад работы, і крычэлі, і ўзышоў крык іхны да Бога з прычыны работы. 24 I пачуў Бог стагнаньні іхныя, і ўспомнеў Бог змову сваю з Абрагамам, Ісаком а Якавам. 25 I глянуў Бог на дзеці Ізраелявы, і пазнаў Бог.
|